У капцюрох ГПУ
Шрифт:
У Менску быу суд. Падсудных было шмат. Двох прысудзiлi на кару сьмерцi, iншых у вастрог, пераважна на 10 год, а галоўнаму гэрою працэсу, бяручы на ўвагу ягонае «шчырае прызнаньне и пакаяньне» — далi наймякчэйшую кару — пяць гадоў вастрогу.
Але-ж ведама, што судовая пастанова для ГПУ не абавязковая. Засуджаны добра ведаў, што сяньня, маючы прысуд на 5 год вастрогу, заўтра, паводле пастановы колегii ГПУ, можа быць расстраляны. Дык жыў у заусёднай няпэўнасьцi [8] .
8
Пасьля 5
Часта, калi памочнiк каманданта Вавiлаў, якi ў Менскiм ГПУ выконваў таксама й абавязкi ката, заглядваў да нашае камары, таварыш мой, скрываючы свой нутраны непакой, пытаўся вясёлым тонам:
— Ну, як думаеш, Вавiлаў, расстраляюць мяне цi не?
— Э, выдумаў!.. — адказваў нявыразна Вавiлаў.
Наагул, Вавiлаў быў даволi дабрадушны i стараўся падтрымлiваць сярод вязьняў добры настрой. Зусiм магчыма, што вязучы сваю ахвяру на месца расстрэлу, ён i тут стараўся суцешыць вязьня:
— Ты, браток, не маркоцься… Гэта ня страшна… Гэтак толькi здаецца… Гэта накшталт таго, як-бы ты ехаў вырываць сабе зуб… Спачатку страшна, а там — адзiн мамэнцiк, а пасьля нiчога… добра…
Гэтакi быў наш Вавiлаў.
Ведама, я расказаў таварышу ўсю сваю справу. Усю, з усiмi дэталямi. Тут нiчога не хаваў. Казаў пра ўсе гутаркi ў ГПУ, пра банкет, пра сваё савецкае грамадзянства. Мне тады здавалася, што «совершенно секретно» на волi, за вастрожнымi мурамi перастае ўжо быць сакрэтам.
Я пытаўся, што ён думае, як усё гэта скончыцца?
Мой таварыш глядзеў на маю будучыню вельмi пэсымiстычна.
— Найменш, што вам могуць даць — гэта пяць гадоў высылкi ўва Ўсходнюю Сiбiр, або пяць гадоў Саловак… Менш не даюць… Сяджу тут ужо другi год… Праз маю камару прайшло шмат народу… Менш не даставалi… А бальшыня мела дзесяць год або расстрэл.
Значыцца, найменш — 5 год! Пяць даўгiх год быць паз-баўленым волi, быць адарваным ад жыцьця, ад сваiх блiзкiх!.. Пяць год — найменш… А можа — дзесяць?.. А можа… расстр…
Брр! Лепш аб гэтым ня думаць!..
Але-ж не! «Грамада» выручыць! Ульянаў выручыць! Каб толькi яны даведалiся! Яны там нiчога яшчэ ня ведаюць. Але з часам даведаюцца, — а тады прыйдзе вызваленьне… Адчыняцца вастрожныя дзьверы i — хто ведае — можа, ГПУ будзе «извиняться за причиненное беспокойство».
Але калi-ж высьвятлiцца гэтае непаразуменьне?
— Таварыш! Калi мне дазволяць паслаць лiст на волю?
— Як вас паклiчуць на першыя допыты, тады прасеце ў свайго «уполномоченного»… Можа, дазволiць.
На Камароўку
Часта няма аб чым гутарыць, асаблiва калi людзi прымушаны быць з сабой неразлучна цэлыя днi i ночы. Усё ўжо, здаецца, сказана, усё перагаворана.
Як ня было аб чым гаварыць, мы гулялi ў шахматы. Аднаго разу мой таварыш быў неяк дзiўна няўважлiвы, раз за разам прайграваў. Як пачаў наблiжацца вечар, пачаў агортваць яго нейкi несупакой. Я спытаўся, што з iм?
— Сяньня панядзелак, — адказаў ён.
— Ну дык што? Такi самы дзень, як iншыя.
— Сяньня панядзелак… Ужо два тыднi, як нiкога не ўзялi… Думаю, што сяньня…
— Куды?
Ён глянуў на мяне працяжна й адказаў:
— На Камароўку.
— Што
— Лес. У Камароўскiм лесе расстрэльваюць. Цi-ж ня ведаеце?
Я нiчога ня ведаў. Цяпер толькi даведаўся…
У нядзелю звычайна вяртаўся кур'ер з Масквы з прысудамi калегii ОГПУ, а ў панядзелак пачыналiся расстрэлы.
Зьмяркалася. Ужо хутка запаляць электрыку.
Але яшчэ вiдаць. Можна распачаць новую партыю шахматаў.
Раптам мой партнёр сарваўся з месца i пачаў нэрвова хадзiць па камары.
— Чаго вы?.. — пытаюся.
— Цiха…
— Чаму?..
— Няўжо ня чуеце?
На падворку гудзеў матор аўтамабiля-грузавiка. Мой таварыш кiнуўся да дзьвярэй i, прытулiўшыся да iх, пачаў прыслухоўвацца. Я з дзiвам глядзеў на ўсё гэта, не адчуваючы трагэдыi, якая ў той час разыгрывалася ў падвале ГПУ, а ў душы майго таварыша асаблiва. Раптам ён адскочыў ад дзьвярэй i кiнуўся да вакна.
— Бяруць… — прахрыпеў.
Перад нашым вакном хутка мiгнулi нейкiя сьценi. Было чуваць, як ад'яжджаў аўтамабiль. Я глянуў на свайго камрата. Стаяў ён непарушна каля вакна, а сьлёзы капалi з вачэй.
У гэты вечар павезьлi на Камароўку двох зраджаных iм ягоных таварышоў.
Аднаго прозьвiшча — Iвашка. Другога — не памятаю.
Юдава работа
Хаця справа майго вастрожнага камрата ўжо была закончана i ўжо яму не заставалася нiчога iншага, як адседжваць свой тэрмiн або чакаць магчымасьцi расстрэлу, час ад часу клiкалi яго наверх, дзе былi канцылярыi сьледчых. Як ён вяртаўся, я часта чуў ад яго пах гарэлкi. Ён расказваў мне, што клiкалi яго ў справе перасылкi лiстоў ягонай жонцы, якая засталася за гранiцай i да г. п. казкi. Тады я верыў гэтым гутаркам. Цяпер, багаты дасьведчаньнем, якое мне далi сем год вастрожнага жыцьця, ведаю, з якой мэтай клiкалi яго туды «наверх». Ён там даваў справаздачу з таго, аб чым я казаў i што я рабiў. Даведзены тэрорам да поўнага маральнага заняпаду, ён далей iшоў дарогаю зрады, думаючы, што гэткiм чынам выратуецца ад сьмерцi…
Наша камара мела сваю гiсторыю. Казалi, што ў ёй прабыў два днi пасьля свайго арышту Савiнкаў. Тут сядзеў ксёндз Усас, якога пасьля абмянялi ў Польшчу, ды iншыя «славутасьцi». Запраўды, нашая камара была аднэй iз лепшых. 3 вакна было вiдаць падворак. Дзякуючы гэтаму мы часам маглi бачыць вязьняў з iншых камар, калi iх выводзiлi «на прагулку».
Першыя допыты
Гэтак прайшло два тыднi.
Я сядзеў у двох з латвiйскiм афiцэрам, гутарылi, сушылi сухары на трубах калёрыфэра, гулялi ў шахматы:
Дзень да дня падобныя, як дзьве каплi вады,
Чырвонаармеец адчынiў дзьверы i клiкнуў:
— Аляхновiч! На дапрос!
Ужо было каля поўначы. Я гэтага не спадзяваўся. Я шчэ ня думаў, што допыты вязьняў бываюць толькi ўночы.
Я схапiў каўнерык. Шпiнка не хацела папасьцi ў дзiрачку, рукi дрыжэлi, а салдат падганяў:
— Ня трэба!.. Хутчэй!.. Пробкой вылетай!
Пайшлi.
Iшоў я з добрай надзеяй. Нарэшце буду магчы шчыра пагаварыць. Скажу ўсё. Дык-жа я ня маю чаго хаваць. Ну, i ведама, выслухаўшы мяне, зараз звольняць, ну калi ня зараз, дык заўтра, дык за колькi дзён пасьля выкананьня ўсiх зьвязаных з гэтым канцылярскiх фармальнасьцяў.