У капцюрох ГПУ
Шрифт:
«Баня»
He забылiся на чысьцiню й гiгiену. Аднойчы пагналi нас у лазьню. Там далi нам па дзьве ражкi цёплае вады, адну морскай, другую — рачной, i па малюсенькiм кавалачку мыла. Гэтага мусiла быць даволi.
Жудасны абразок гэтая лазьня.
Варушацца нейкiя сьценi. Топчамся адзiн пры адным, ня ведаючы, дзе прытулiцца, дзе паставiць сваю ражку. Аб тым, каб прысесьцi на лаўцы, няма й гутаркi. Нехта пасьлiзнуўся на сьлiзкiм памосьце. Вылiў сваю й чужую ваду.
Крык, лаянка, сакавiтая расейская лаянка!
А
Бо трэба было звольнiць месца для наступная партыi, што чакала ўжо на панадворку.
Тыя, хто ня ведаў аб абмежаванай колькасьцi вады, ня былi ашчаднымi зь ёю. Пакiнулi «баню» вымазаныя мылам, якога ня было чым спаласкаць.
Госьцi
Аднойчы я даведаўся, што мяне нехта шукае.
— Дзе тут Аляхновiч? Хто тут Аляхновiч?..
— Вось ён там, iдзеце сюды… — iнфармаваў камандант.
— Гэта я. У чым рэч?
— А! Здароў! Гэта вы? А, якая-ж вялiзная ў вас барада!.. He пазнаяцё? Беларусы зь Менску. Калiсьцi з вамi сустракалiся… Пры немцах у Менску… Даведалiся, што вы тут… Курыць маеце? Не, не! Мы хацелi вам даць, думалi, што, можа, ня маеце махоркi… Ну, ня трацьце надзеi!.. Усё неяк наладзiцца. Пастараемся ўладзiць вас у канцылярыi… Мы ўжо тут даўно, мы маем «блат»… Яшчэ прыдзецца вам тут пасядзець са два тыднi, а пасьля…
— О Божа мой! Яшчэ два тыднi?!
Ну, не маркоцьцеся, можа, удасца хутчэй… Будзем старацца…
— О, як я вам удзячны, што вы прыйшлi сюды, знайшлi мяне… Дзякую вам, другi мае!..
— Што? Кажуць на дзесяць гадоў?..
— Але. На дзесяць.
— За што-ж вас гэтак?
— Ну, ведаеце, жыў я ў Заходняй Беларусi, у Вiльнi… А тут «сацыялiстычнае будаўнiцтва» i гэтак далей. Разумееце? Дык i зманiўся…
— Эх, Аляхновiч! Лучылi вы ў бяду, i са свае вiны! Ну, нам няма дзiва. Мы людзi савецкiя… Але вы! Самi прыехалi з-за гранiцы!.. Ужо гэтага не направiш… Як вас тут будуць пытацца, якая ў вас прафэсiя, кажэце: «канцелярский служащий»… Акурат цяпер патрэбны людзi ў канцэлярыю… Ну, бывайце здаровы! Даужэй нельга… Трэба ўжо йсьцi… Ня сумуйце!
— Дзякую вам, даражэнькiя, за ваш спогад i дапамогу… Пастарайцеся…
У гэты самы дзень быў яшчэ адзiн вiзыт.
Знайшоў мяне мой былы вучань зь вiленскай гiмназii Фр. П-вiч.
Яго, таксама як мяне, спакусiла «савецкае будаўнiцтва». Прыехаў у Менск з Прагi, дзе вучыўся на мэдыцынскiм факультэце. Яму далi мала. Толькi тры гады концлягеру, якiя праседзеў ужо на Салоўках.
Цяпер перавялi яго ў нашую карантынную роту, дзе чакаў на пастанову маскоўскае калегii датычна далейшае свае долi.
Сядзеў у другiм бараку. Даведаўшыся, шо й я тут, прыйшоў да мяне пагутарыць. Яму, як чалавеку, якi адбыў ужо сваю кару, можна было вольна хадзiць з бараку ў барак.
— Было мне не найгорш, — казаў. — Дзякуючы маёй праскай мэдыцыне, удалося мне ўладзiцца за лекпома…
— Што гэта?
— Памагаты лекара — фэльчар. Дзякуючы гэтаму не давялося працаваць
— Цiшэй! He кажэце гэтак!
— Дык-жа нiхто ня чуе. Уцяку. Буду ў Вiльнi. Даю вам слова, што буду ў Вiльнi! Там раскажу аб вас. 3 Саловак уцячы ня было нiякае магчымасьцi. Прабавалi iншыя — не ўдалося нiкому. Зь Сiбiру ўцяку! Калi трэба будзе камусьцi лоб расшчапiць — расшчаплю, а ўцяку!
— Цiшэй, калi ласка!
— Нiчога. Нiхто ня чуе…
П-вiчу ўдалося выстарацца для мяне перавод у ягоны барак. Там было шмат вальней. Нам удалося разьмясьцiцца на верхнiх нарах. Каля самых нараў цягнулася зялезная труба ад печкi. Тут, на гэтай трубе, П-вiч пёк для мяне «ляпёшкi». Хаця сам жыў толькi на казённым пайку, нiзашто не хацеў узяць ад мяне нi «ляпёшкi», нi кусочка сала.
— Вы павiнны ашчаджаць свае сiлы й грошы… Нiзашто не вазьму! Вас чакае яшчэ шмат гадоў цяжкiх перажываньняў, а я ўжо скончыў… Я ўжо аднэй нагой на волi…
— Ну, на волi!..
— Але! Кажу вам! Як толькi выбяруся з лягера, зараз пачну думаць, як уцякаць загранiцу… I ўцяку!.. [14]
П-вiч быу маiм апякуном. Для мяне, чалавека новага ў лягеры, апека П-вiча як зь неба звалiлася. Ён ня толькi думаў аб тым, каб палепшыць мае фiзычнае палажэньне, але, што галоўнае, заражаў мяне сваiм аптымiзмам, надаваў мне надзеi на вызваленьне.
14
П-вiч дамогся свае мэты. Уцёк з высылкi. Трэба было камусьцi расшчапiць лоб — расшчапiў. Дабраўся да Вiльнi. Скончыў унiверсытэт. Думаў, што ўжо больш не спаткаецца з бальшавiкамi. Спаткаўся аднак У 1940 годзе. Праседзеў у вастрозе адзiнаццаць месяцаў. Вайна яго вызвалiла.
Нядоўга трывала нашае супольнае жыцьцё на нарах у карантыннай роце.
Аднойчы, калi паклiкалi ўсiх на работу, П-вiч не паслухаўся.
— Не пайду! Я ўжо скончыў свой тэрмiн! Ня маеце права браць мяне на работу!
— П-вiч! Што вы робiце! Не пратэстуйце, гэта нiчога не паможа… — стараўся я пераканаць яго.
— Не пайду! Хай робяць, што хочуць… Ня маюць права. Я не пайду!
П-вiча зачынiлi ў iзалятар. Больш я ў концлягеры яго ня бачыў.
Сустрэлiся мы шмат гадоў пасьля ў Вiльнi…
Далейшае падарожжа
Прамiнулi два тыднi гэткага «карантыну» ў бараках iз блышыцамi й вошамi.
Прыйшлi нейкiя людзi й пачалi выклiкаць вязьняў. Прачыталi колькi дзесяткаў прозьвiшчаў. У гэтым лiку быў i я.
Павялi нас у лазьню. Пры дзьверах сеў «днявальны» (стораж), пiльнуючы, каб хто ня выйшаў вонкi.
Падлога й тапчаны былi шчэ мокрыя пасьля апошняй «банi». Hi сесьцi, нi легчы. Часiны несупакою й няпэўнасьцi. Што будзе далей?
Увечары «днявальны» гукнуў: