Вялікі Шан Ян
Шрифт:
"Не, не, досыць ужо гэтага! Досыць!" Але галасы ўрываліся ў вушы:
Хто з намі выйсці рызыкне на бой, Гнілую печань не пакажа сонцу, Не захрыпіць пад нашаю нагой.Ён матляў галавой, але не мог прагнаць
І ён быў амаль удзячны, калі гэты матыў прагнаў народ, пачаўшы крычаць і кідаць гразь.
"Слабыя бараны, — думаў ён. — І гэта я прыдумаў і запісаў чорнай тушшу раздзел дваццаты "Як аслабіць народ".
"Баявыя калясніцы. Веліч. Якая веліч? Вось такая веліч? Каму яна патрэбная, тая веліч? Хіба што веліч сапраўднага, праўдзівага, добрага і сумленнага, таленавітага ў сваёй справе чалавека. Але тады гэта ўжо не веліч — хіба праз стагоддзе — а годнасць. Я забіў тую годнасць".
Яго яшчэ сяк-так абаранялi, але нешматлiкiх паплечнiкаў, якiя яшчэ засталiся пакуль што ў жывых i якiх вялi за iм, бiлi бамбукавымi кiямi па галовах, дзерлi на iх валасы, i жанчыны драпалi iм твары кiпцюрамi.
"Адно суцяшае, — успомніў ён словы Жун Луна, — што ўсё гэта немінуча рухне, што той маленькі язычок агню, ля якога мы сядзім уначы, разальецца ў пажар і злучыцца з іншымі, што подласць, і дурасць, і цемра, і ненажэрства нявечныя. Толькі калі?"
Іхні агеньчык згаснуў. Ці ёсць іншыя?
— Здохні, сабака Шан Ян!
— Вялікі Шан Ян!
— Вораг вана! Вораг Цінь! Сабака!
Яны мелі рацыю. Вораг.
Ён ішоў да плошчы, над якой вісеў васьміхвосты сцяг з васьмю чорнымі бунчукамі і знакам, які дужа шанавалі інды, сюнну і Паднябесная.
Крыжаабразны старадаўні прыбор для здабывання агню, якім і зараз карысталіся паўдзённыя дзікуны і жыхары глухіх вёсак Цінь. Крыжаабразны сімвал агню, сонца і пладароддзя.
Ён ведаў, што ідзе да яго.
І плыло, плыло перад ім мудрае, жоўтае, як лімон, і змаршчакаватае, як печаны яблык, аблічча Жун Луна.
"О, каб тады замест яго, Шан Яна, прыйшоў да цара Жун. Або каб да яго, Шана, прыйшоў ён. Урэшце, не, стары толькі зганьбіў бы сябе. Хто паслухаўся б яго на вяршыні славы і кар'еры. Мудрых слухаюць толькі ў няшчасці, калі нехта залье сала за скуру. Тады не царства, а радзіма, родная зямля, калыска. Тады ўсе не падданыя, не рабы, а браты, настаўнікі, сёстры. Усё скончана,
Жоўтае аблічча. Чалавек, які перамог, нават паміраючы ў брыдкай яміне, як жывёліна. Перамог. Перамог".
Ён спыніўся на скрыжаванні вулак, каб крыкнуць:
— Я буду жыць!!! [33]
Гэта быў не гераізм. Ён быў даўно ўжо зломлены маральна і фізічна пасля катаванняў і страшных роздумаў. Усяго толькі традыцыйная формула для асуджаных на пакаранне смерцю. Формула надзеі.
Але каб толькі ён ведаў, як ён не памыляецца, якую страшную рацыю маюць ягоныя словы — ён хутчэй адкусіў бы свой язык і пракляў бы сябе [34] .
33
"Я не памру", "Я ўваскрэсну" — рэлігійная, традыцыйная формула надзеі на тое, што душа можа пераўвасобіцца ў душу нейкай іншай істоты.
34
Май Мэнхуа (1871 — 1916) — навачасны філосаф, пісаў у сваёй кнізе "Шэсць найвялікшых палітычных дзеячаў Кітая": "Шан Ян найвялікшы прадстаўнік юрыдычнай навукі і мужны палітычны дзеяч". Т. 1. С. 33. Легізм Шан Яна быў пазней узнесены на шчыт ідэолагамі Чан Кайшы (Чэнь Ціцянь і інш.).
— Вял-лікае сонца Шан Ян!!!
Здзек спадабаўся, і вось усё мацней, заглушаючы лаянку, паляцелі, побач са жменямі гразі і гною, непамерныя славаслоўі:
— О, Шан Ян! Вялікі ўладар зямлі Шан! Вялікі правіцель! Нахмур, як раней, бровы! Каб, як раней, дрыжала Паднябесная! Загадай — жывыя палезем у зямлю! Самі! О, самая багатая зямля, Шан Ян! Самае светлае небачка, Шан Ян!
Яму было ўсё адно. Ён ішоў. Сонца згасала над вялікай сталіцай. Стаяў над рыклівым потным натоўпам пыл, і наперадзе чакала ўсё, што адбылося ўжо з яго магутным родам, а над яго схіленай галавой увесь час узляталі камякі гразі і вісклівае:
— О, Шан Ян! О, вялікі Шан Ян!
І тады, якраз калі ён прыспешыў крокі, каб толькі хутчэй канец гэтаму ўсведамленню, паражэнню і горкаму адчаю за жыццё, адкрылася плошча, дзе пад сонечным крыжам і, нібы па канцах сонечнага крыжа, стаялі чатыры баявыя калясніцы і звісалі да зямлі чорныя, страшныя грывы коней, якія касавурылі крывавымі вачыма. І ўздымаліся над імі вазніцы. І звісалі ў пыл зробленыя са шкуры насарога рамяні, прывязаныя да дышляў баявых калясніц.