Вялікі Шан Ян
Шрифт:
— Раю сядзець, — сказаў ван. — Гэта істота двума пальцамі ламае чалавеку ключыцу і шчаўчком прабівае чэрап. Будзеш і далей так — за кожную тваю ўспышку я вазьму лішнюю сотню людзей твайго рода.
"Чаму я не ўвёў у розум гуну, каб ён страціў цябе, — падумаў Шан Ян. — Я ж мог пераканаць яго нават забіць сына. Мог!"
Ван нібыта адгадаў ягоныя думкі.
— Што з таго? Знайшоўся б нехта іншы. Усе мы днямі і начамі думалі над "Шан-цзюнь шу". Але тут ты маеш рацыю. Ты мог. І ты зрабіў маленькую памылку, што пакінуў мяне ў жывых. Так што не толькі царства, але і я тваё стварэнне. Няўжо не пазнаеш, Шан Ян?
І сказаў шэптам:
— Я ненавіджу
Твар вана плыў і дваіўся ў вачах, а на плошчы дзесяткі людзей рабілі сваю занадта зразумелую справу. І ўжо раздаваліся стогны, і ўжо секлі галовы сваякам, і наложніцам, і паплечнікам, і сын Су, улюбёнкі, торгаў ножкамі перад плахай. Сын улюбёнкі і сам улюбёны.
— Ты чуеш гукі барабанаў і спевы і можаш спытаць, няўжо я дазволіў музыку, — далятаў аднекуль злавесны шэпт. — Няхай паспяваюць гады два. У канцы іх я вельмі добра буду ведаць самых заўзятых пеюноў. Я — увесь ад цябе. Я ўмею палоць пустазелле. На дабрабыт гэтага вашывага народа, не воля адной асобы і мурашніка з гэтых асоб. Мая воля і сіла. І закон пераможа народ! Ты казаў, Шан Ян.
Яго адлівалі вадой, і ён зноў атупела глядзеў на тое, што рабілася ўнізе.
— Не бойся. Гэты спектакль будзем бачыць толькі мы трох. Ты, я, дзінлін. Ён маўчыць. Ты хутка будзеш маўчаць. Я так вырашыў: народ таксама не любіць празмернай, як ён кажа, "жорсткасці", — мы ж з табой ведаем, што гэта толькі паняцце — не любіць, калі забіваюць дзяцей. Не трэба яго хваляваць. Ён убачыць адно відовішча, страту цябе. І ён будзе рад. Усе лічаць, што вінаваты ты, і ненавідзяць цябе, і лічаць мяне збаўцам.
Ён ужо амаль не слухаў, і толькі словы пра род бацькі, род маткі і род жонкі, якія вырашыў знішчыць, разам з ім ван — вывелі яго з абыякавасці.
— На гэты раз усё гэта даткнецца не іншых, а цябе.
— Але ж гэта некалькі тысяч! — з безнадзейным адчаем сказаў ён.
— Бу-удзе. Што жыццё некалькіх тысяч перад мільёнамі? Сам казаў. Шкада, што многія твае сваякі ў Вэй. Але да іх дабяруцца. Не я, дык наследнікі. Ім запаветана. Калі мы захопім Вэй. Тваімі планамі.
Ён амаль паміраў і знайшоў толькі адно слова. Простае і чалавечнае:
— За што?
І тут жа ягонымі словамі адказаў ван. У напаўпрытомнасці здалося, што нават ягоным голасам:
— А няма ж ніякай сувязі між мерай стрымання і цяжкасцю зробленага злачынства. Дзе мякка караюць людзей за дробныя ўчынкі, нельга будзе не толькі стрымаць цяжкія злачынствы, але не прадухіліш і дробных. А яны? Ты ж сам прапаноўваў кругавую паруку ўсіх сваякоў і ўсіх, занятых адной справай, — ён усміхнуўся. — З наложніцамі ты ж таксама займаўся адной справай.
Нясцерпна, нудна звінела ў вушах. А тут яшчэ тым, каго страчвалі ўнізе, сказалі, што яму дадуць жыццё, калі ён згодзіцца на іхнюю смерць. І ён нібыта згадзіўся. І цяпер знізу ляцелі стогны, праклёны і плач. І ўставаў туман у вачах, і ён кожны раз адчуваў у роце пякучую сухасць ад моцнай гарэлкі. Ён уже не ведаў, гаворыць гэта ван ці ён сам успамінае, што, дзякуючы яму, у краіне дакладная сістэма пакаранняў: прабіванне цемя вострым клінам, выломванне рэбраў… жыўцом у зямлю… удушэнне… абезгалоўленне… выстаўленне галавы, рассячэнне на часткі… знішчэнне патраніміі або трох… "Гэта як у
Ён канчаткова ачуўся, толькі калі палілі кнігі. Кідалі сувоі, звязкі бамбуковых пласцінак, скуры. Палілі Шыцзін і Шуцзін і ўсё тое, што ён аддаваў анафеме. І цяпер, пасля таго, як на вачах ягоных курчыліся людзі, сваякі, сябры, таварышы з выламанымі рэбрамі або з прабітай галавой, пасля таго як ён бачыў іх на слупах, — ён ужо не мог не адносіцца і да кніг як да жывых арганізмаў, якія гавораць і адчуваюць боль.
Цягнуўся горкі дым. Стралялі ў агні бамбукавыя пеналы, у якіх захоўваліся світкі.
— Я пакінуў толькі світкі гаданняў, медыцыны, аптэкарскай справы і земляробства. Я думаю, гэта мудра. Астатняе будзе спалена [32] .
Усё было скончана. Чорны кніжны дым цягнуўся над вялікім полем, дзе сям-там варушылася, варушылася, варушылася зямля.
І тады ён устаў. Ён усё зразумеў, яшчэ не ведаючы і не думаючы, што будзе з ім. Ведаў, што ўсё гэта чакае і яго, але чакае стакрот, бо гэта ён запісаў ўсё гэта каліграфічнымі "цзырамі" ў раздзеле "Узнагароды і пакаранні", бо кожную страту ён перажыў на сабе, і гэта яшчэ чакала і яго. Бо найгоршае пакаранне прымяніў бы ван, пусціўшы яго зараз на волю. Толькі ў яго не стане на гэта мазгоў. І толькі б не паказаць яму гэтага, толькі б не даць яму ў рукі яшчэ і гэтую смяротную пакуту.
32
На самай справе тады спалілі толькі большую частку кніг. Усе кнігі былі спалены значна пазней, і канчаткова пакончылі з кнігамі толькі праз сто год. Але спалілі іх усе, згодна з вучэннем Шан Яна. Тады ж страцілі многіх, хто пераказваў змест кніг.
"Выпусціў звера. Якога ж я выпусціў звера! І хто, калі загоніць яго назад, у клетку?! Хто назаўсёды заб'е яго?!"
Ван устаў:
— Можна было б пакрысе зрабіць усё гэта і з табой. Закапаць — і выкапаць… ну і гэтак далей. Але я зраблю з табой справядліва.
Усмешка на яго азызлым твары была як крывая трэшчына ў жоўтым гарбузе.
— Ты ўсё жыццё рупіў пра баявыя калясніцы. Дзеля іх было ўсё, што ты ўбачыў за час вандроўкі і тут… Дык вось.
Шчыліна раскалолася далей.
— Я загадаю ўсяго толькі разарваць цябе на часткі баявымі калясніцамі. Павольна, але ўсё ж гэта літасць.
Шан Ян сплюнуў яму пад ногі. Адкуль узялася сліна, ён не ведаў. Ён убачыў, як закрылася шчыліна, убачыў міжвольную павагу ў вачах дзінліна і сказаў:
— Яны ўжо ўсе мёртвыя. Што ты можаш зрабіць з адным мною? Рабі што хочаш.
Ён разумеў, што гэта толькі адчай, што гэта толькі помста вану, што ўсё застаецца па-ранейшаму, бо жывы трактат і ўсё гэта будзе цягнуцца і цягнуцца, але ён не хацеў, каб сабаку перамог яшчэ горшы сабака.
Таму яго хапіла толькі на гэта. Таму на плошчу між равучых натоўпаў ён ішоў са схіленай галавой і бязвольна абвіслымі рукамі, увесь у бездані свайго чорнага апошняга адчаю, ведаючы, што зныня і давеку ён — сімвалічны сябар усёй сволачы зямлі і люты вораг усіх людзей на ёй. І сволачы будуць, не ведаючы і не памятаючы аб ім, напускаць на Людзей усіх змей, якіх ён вырасціў у сваім гадзючніку. І ніхто, ніводны Чалавек не памяне яго дабром і не даруе. Бо няма за што. Ці з лобнай плошчы, ці проста з неба дакучліва, абрыдліва да нуды, вякала ў вушах ягоных славутая "Песня баявых калясніц":