Вялікі Шан Ян
Шрифт:
— Ты вучоны, — здзекліва, хутчэй ад незразумелай боязні, чым па ахвоце, сказаў Шан Ян. — І ты не можаш знайсці на ўсё гэта адно паняцце, адзін іерогліф — цзыр?
Жун Лун пахітаў галавою:
— Я ведаю гэты цзыр. Але табе гэта не дапаможа, бо сутнасць гэтага цзыра табе незразумелая. Ты душыў гэтую сутнасць, як мог, але яна незнішчальная. Але затое і табе засталося пазнаваць гэтую сутнасць ну месяц, ну два, як пашанцуе, год.
Ён перасунуўся з лужынкі крыві на сухое.
— Бывай, Шан Ян. Я зрабіў што мог. Ты таксама. А адплата — яна не пачакае. Існуе Хуэй-ван. Ведаеш прыказку: "Той, хто накапіў тысячу залатых, не будзе сядзець на ганку" [29] .
29
У сэнсе: пабаіцца, што з даху на галаву яму ўпадзе чарапіца і заб'е, будзе асабліва цаніць жыццё.
Філосаф пачаў мармытаць нешта незразумелае. І раптам сказаў ясным, крынічна-чыстым голасам:
— О, які далёкі шлях! Ідзі. Цяпер я засну. Навекі. Свабода.
Калі ўдалечыні сціхнулі крокі, ён скурчыўся, каб не так дрыжэць. Яго буйна калаціла: не грэлі рэшткі крыві. Паступова дрыжыкі сціхалі. Ён яшчэ мацней падцягнуў калені да падбароддзя, як ва ўлонні маці.
І заціхнуў.
…Шан Ян ішоў і думаў над гэтай яраснай слоўнай сечай, над гэтым чалавекам, які рыхтаваўся паміраць, як загнаная ў хмызы хворая, канаючая жывёла, — так, ва ўсякім разе, яму здавалася. Ён узважыў слабыя цені першых сваіх сумненняў і разумеў, што не апусціў мяча толькі праз іх.
Ён не ведаў яшчэ, чым кончыцца гэты запеклы вечны бой.
Палыхала заранка. Травы былі нібыта залітыя крывёй. І цягнуліся з-за далягляду, веерам, тонкія чырвоныя аблокі.
Збіралася ўставаць сонца.
Праз месяц ён быў выдадзены галавою Хуэй-вану суседнім правіцелем, сваім вучнем.
— Я кепска б засвоіў твае ўрокі, каб не зрабіў з іх вываду, Шан Ян, — нібы просячы прабачэння, з нявіннаю ўсмешкай сказаў "вучань".
І амаль тое самае паўтарыў пры сустрэчы ўладар царства Цінь Хуэй-ван, сын чалавека, які любіў і шанаваў Шан Яна вышэй за ўсякую меру, слухаў яго, як самога духа Неба і, як духа, у кепскія для дзяржавы часы, нават крыху пабойваўся. Сын чалавека, пры якім вялікі Шан Ян быў другім — а часам нават і першым — кіраўніком дзяржавы.
Ён ведаў Хуэй-вана і ведаў, чаго ад яго чакаць. Гэты хацеў правіць адзін і не пацярпеў бы сведкаў свайго другараднага пры бацьку становішча. Чым мог дапамагчы яму вялікі Шан Ян? Усё, што ён мог сказаць, было ўжо сказана ім у ягоным трактаце. І лепей трымаць побач з сабою мёртвы трактат, чым жывога чалавека.
Шан Ян не спадзяваўся. Ён ведаў фізіялагічны жах цара перад небяспекай. Заўсёды, калі быў набег на чужыя землі або ўварванне ворагаў, калі рыхтавалася і выбухала змова або, наадварот, секлі галовы — гэты стараўся быць не ў цэнтры землятруса, дзе дрэвы ўзлятаюць угору, а на краёчку яго, дзе ледзь варушыцца сітняг. Ён заўсёды адседжваўся. А пасля прыходзіў і зноў сядаў на сваё законнае месца і выжываў інтрыгамі тых, што насмельваліся дзейнічаць, весці войска, прымаць законы, і адсюль у яго і была жорсткасць. І рэдкая нават для старажытнага азіята крывадушнасць.
І, аднак, Шан, як кожны чалавек, спадзяваўся на нешта. Хіба не яго дбаннем было створана магутнае царства на дзесяць тысяч калясніц? Хіба не ён кіраваў паходамі і распрацоўваў тактыку? Хіба не ягоным дбаннем жыхары Цінь лічылі, што адзіны вялікі занятак — вайна? Ну і земляробства, як грунт для вядзення вайны. Аб усім гэтым ён думаў, калі чжун вэй, камендант сталіцы з соценнай вартай, на чале якой стаяў той самы паршывец дзінлін, які ледзь не спаймаў яго тады, вялі яго ў палац Сына Неба.
Вялікі горад Сяньян — народу ў ім было столькі і штурханіна была
Крычалі вярблюды, і тураваў ім віск свінні, якую калолі ля крамы мясніка. Над кішкамі другой свінні ўжо віліся буйныя зялёныя мухі.
Пранізліва крычалі ваданосы. На плошчах бегалі, пускаючы змея, дзеці з бруднымі голенымі галовамі. Людзі гулялі ў "шэсць фігур" [30] або падбівалі мяч нагой.
У трох месцах яны бачылі баі пеўняў і ў двох — сабачыя бягі. І тут і там людзі вішчалі, вохкалі, рагаталі да слёз і ляскалі сябе далонямі па сцёгнах. Толькі што ў адным выпадку над пляцоўкай узлятала пер'е і часам пырскалі цэўкі крыві, а ў другіх, у клубах пылу, сцяліліся над зямлёй, сціснуўшыся ў клубок і заносячы заднія ногі за пярэднія, бегавыя сабакі.
30
Гульня тыпу шахмат.
Колца гурманаў ля харчэўнi збiралася есцi пiтона. Шан Ян успомнiў, як i ён сам, калi яшчэ не быў вярхоўным сянам, рабiў гэта. Пiтона марылi голадам. Пасля марозiлi на лёдзе i напiхвалi рысам. Кожны з тых, што ўваходзiў у складчыну, купляў мерны кавалак, i ўсе збiралiся ў пэўны час для трапезы. Пiтона клалi ў ваду, ён ажываў, а пасля ў той жа вадзе варыўся. Кожны атрымоўваў заказаны кавалак, па даўжынi, i адпаведную колькасць — гэта ўжо ад гаспадара — кубачкаў прасяной гарэлкi. I ўсё гэта было смачна i нядорага. Пад простую добрую бяседу.
На хвіліну варухнулася ў ім шкадаванне: а якога чорта было яму лезці да Сяо-гуна? Але тут жа і знікла. Місію сваю ён выканаў. Што зробіш, калі лёсам яму загадана патрасаць царствамі?
А горад жыў, і над усім пераклікаліся гукі жалеек і лютняў.
…Наступнага дня быў знаёмы яму палац і тыя ж саноўнікі, што асцерагаліся пакуль што радавацца, і цыноўка на ўзвышшы, і заслоны, затканыя аленямі, чаплямі і драконамі.
На яго глядзела шафраннае, азызлае аблічча Хуэй-вана. Сядзеў, як бажок хіндаў. І толькі вузкія прыпухлыя вочы выдавалі трыумфуючую радасць чалавека, які задоўга чакаў свайго часу. Два пучкі валасоў пад носам, два, доўгія, на падбароддзі, а між іх вялікі, жорстка прыкушаны рот.
— Ты пазбавіўся свайго аленя, Шан Ян [31] .
— Я ведаю. І не разумею, чаму гэта так. Чаму ты раптам узняў руку гневу? Я стварыў табе магутнае царства, якое пераможа свет. Магутнае царства на дзесяць тысяч калясніц.
— Я яшчэ раз спаўзу да цябе з цыноўкі. Хадзем сюды, вялікі Шан Ян. Вы… заставайцеся на месцах. Адзін сотнік са мной…
Ён адторгнуў заслону, і з галерэі стала відаць плошчу. На ёй былі расстаўлены ў нейкім невядомым парадку некалькі соцень людзей. Другія, узброеныя, хадзілі між іх. І Шан Ян спачатку не зразумеў, што яны там робяць, гэтыя людзі.
31
У сэнсе: страціў уладу, трон, уплыў.
— Ты разумееш, чаму я прыняў цябе ў самым далёкім, "Зялёным флігелі"?
— Так, — пасля паўзы сказаў Шан Ян, — за ім Плошча Слёз.
— І унь там выкапаны ямы. А там слупы. А унь каты з падручнымі, і ў руках іхніх мячы і кліны і іншае. І клешчы… Так, магутнае царства на дзесяць тысяч калясніц, — ван відавочна здзекаваўся. — Вось жа яно. Няўжо не пазнаеш? Яно ж тваё стварэнне.
Шан Ян хацеў ускочыць, але рукі дзінліна ляглі на ягоныя плечы і сціснулі так, што ён на імгненне страціў прытомнасць.