Яўхім Карскі

Шрифт:
Уводзіны
1 студзеня сёлета мінулі 100-я ўгодкі ад нараджэньня заснавальніка беларускае моваведы Яўхіма Карскага. Сёлета-ж, 29 красавіка, мінула й 30 гадоў ад ягонай сьмерці. 30 гадоў — часу ня мала, каб пробваць з гістарычнае ўжо пэрспэктывы зірнуць на вельмі плодную навуковую дзейнасьць Карскага, на ягоную багатую навуковую спадчыну дый усьведаміць сабе яе актуальнае навуковае значэньне.
Заданьне гэтае, аднак-жа, ня простае й ня лёгкае дзеля колькі прычынаў. Калі ходзіць аб жыцьцяпіс Яўхіма Карскага — дадзеныя да яго ўсё яшчэ вельмі скупыя. За галоўную крыніцу вестак і па сяньня застаецца нэкралёг, кароткі нарыс жыцьця й навуковае дзейнасьці Карскага, напісаны на аснове аўтабіяграфічных зацемак акадэмікам Б. М. Ляпуновым.
Блізу нічога новага да біяграфіі Карскага ня прыносяць артыкулы аб ім, памешчаныя ў перавыдадзеным у 1955-56 гадох АН БССР 2-м томе Карскага «Беларусаў», а напісаныя В.І. Баркоўскім. Няшмат новага й у кароценькіх успамінах таго-ж Баркоўскага, дый ягонай жонкі, а Карскага дачкі, Н. Баркоўскай, што былі друкаваныя ў № 1 менскага часапісу «Полымя» 1961 году.
Калі-ж ходзе аб агляд навуковае спадчыны Яўхіма Карскага — тут паяўляюцца іншыя цяжкасьці. Найперш Карскі быў вучоным і надзвычайна працавітым, і пладавітым. Бібліяграфія ягоных працаў, артыкулаў, зацемак, рэцэнзыяў абыймае больш 800 пазыцыяў. А між імі ёсьць і больш дзесятка кнігаў, каля поўтысячы, ці нават і больш, бачынаў друку. Дык самыя вялікія памеры навуковае спадчыны Карскага заданьне яе агляду робяць ня лёгкім.
З другога боку, Яўхім Карскі па сваёй натуры й зацікаўленьнях быў вучоным, што не зачыняўся ў сваей спэцыяльнасьці, моваведзе, а выходзіў і за межы мовы ў сумежныя галіны фальклёру, этнаграфіі, літаратуры, палеаграфіі, а нават — і палітыкі. Пры тым, хоць праз усё жыцьцё галоўнае навуковае зацікаўленьне Карскага было накіраванае на беларусаведныя пытаньні, даў ён, усё-ж, і колькі важных дый арыгінальных працаў і ў галіне расейскае моваведы, літаратуры дый палеаграфіі, дый крануў і падобныя пытаньні польскія, украінскія дый паўдзённаславянскія.
Гэткая шматкірунковасьць зацікаўленьняў дзейнасьці Карскага накідала-б патрэбу падыходзіць да агляду ягонае навуковае працы з розных гледзішчаў: і як моваведа, і як этнографафальклёрысты, і як палеаграфа дый гісторыка літаратуры. Гэтак і пробвалі падыйсьці да агляду дзейнасьці Карскага беларускія аўтары ў Менску ў 1951 г., калі адзначалася 20-годзьдзе ад сьмерці Карскага. Тады паказаліся ў друку адпаведныя артыкулы М. Жыдовіча, Ю. Мацкевіча, В. Вольскага, М. Грынблята, В. Баркоўскага. Гэтыя артыкулы, публікаваныя ў Менску яшчэ ў пару строгае Сталінскае ізаляцыі нацыянальных культураў і навукі народаў Савецкае імпэрыі ня то што ад сувязяў, але й ад самога вока Захаду, засталіся ня ведамымі на Захадзе й па сяньня. Дзеля гэтага немагчыма нешта сказаць пра іх зьмест ды навуковую вартасьць.
Трэцяя перашкода ў дасьледаваньні навуковае спадчыны Карскага, гэта тое, што некаторыя вельмі важныя працы Карскага знайсьці на Захадзе або вельмі цяжка, або й наагул немагчыма, бо іх зусім нямашака.
Вось у выніку гэтых прычынаў, а таксама дзеля самое велічыні навуковае спадчыны Карскага дый яе размаітасьці, у рамах аднаго рэфэрату даводзіцца рабіць агляд яе толькі вельмі агульны, што заўсёды ёсьць адзіным выхадам, у выпадках, калі ў кароткім нарысе даводзіцца ахапіць гэткае шырокае й багатае поле навуковае дзейнасьці, як маем у выпадку Яўхіма Карскага, працаваць навукова якому жыцьцё выдзеліла ледзь не паўстагодзьдзя часу, бо цэлых 48 гадоў.
Жыцьцяпіс
Радзіўся Яўхім Карскі ў сям'і настаўніка пачатковае школы вёскі Лаша, Горадзенскага павету. Год ягонага нараджэньня ў біяграфічных даведках даецца як 1860 або 1861. Два розныя гады паўстаюць у залежнасьці ад каляндарнага стылю, паводле якога азначаецца дзень нараджэнытя Карскага. Па старым юльянскім каляндары радзіўся ён у 1860 годзе, 20 сьнежня. Па новым-жа дата нараджэньня прыпадае на 1 студзеня 1861 году.
Па нацыянальнасьці бацькі былі беларусамі, што відаць з пазьнейшай зацемкі самога Карскага пра тое, што ён «прыродны беларус». Гадаваўся Яўхім Карскі ў вельмі вялікай сям'і, у якой самых дзяцей было васьмёра. Пачатковую навуку атрымаў у Ятранскай народнай школе ў Наваградзкім
У тым-жа 1881 годзе Яўхім Карскі паступае на Нежынскі гістарычна-філялягічны Інстытут у Чарнігаўшчыне. Студыюе тамка філялёгію пад кіраўніцтвам славісты-моваведа прафэсара Р. Ф. Брандта. Канчае Інстытут вясною 1885 году й на 8 гадоў пераяжджае ў Вільно на пасаду настаўніка царкоўнаславянскае й расейскае мовы ў тамашняй гімназіі.
Першую крытычную зацемку Карскі друкаваў яшчэ ў 1889 г. будучы студэнтам. Першыя фальклёрныя запісы «Белорусские песни села Берёзовца Новогрудского уезда Минской губернии» публікуе ён у наступным годзе. А яшчэ за год, у 1885 годзе, друкуецца й ягоная першая арыгінальная навуковая праца «Обзор звуков и форм белорусской речи». Гэта кніжка значнага памеру, 170 бачынаў друку. У ей у завязцы тая тэма, над якою Карскі праз усё сваё жыцьцё працаваў, дый зь якое пазьней вырасьлі ягоныя манумэнтальныя «Беларусы». Зьвярнуць трэба ўвагу на факт, што ў часе публікацыі першае навуковае працы Карскаму было ўсяго 24 гады дый ён толькі канчаў свае вышэйшыя студыі. Сьветчыць гэта аб не малых здольнасьцях маладога вучонага, ягонай працавітасьці, дый таксама добрай філялягічнай школе прафэсара Брандта.
Пачатае навуковае працы Карскі не спыняе й у гады настаўніцтва ў віленскай гімназіі. У 1890 г. у «Русском филологическом вестнике» пачынае друкавацца праца Карскага «К истории звуков и форм белорусской речи». 17.9.1891 г. пры гістарычна-філялягічным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту ён складае магістэрскі экзамін. На Варшаўскім унівэрсытэце тады былі лекці прафэсараў А.І. Сьмірнова (рэдактара РФВ), ПК. Ульянава, А. С. Будзіловіча (у Будзіловіча Карскі складаў экзаміны па сваёй спэцыяльнасьці), К. Я. Грота й І. Первольфа. Праз два гады 24.10.1893 г. на магістэрскім дыспуце абараняе свае дзьве вышэй успомненыя працы аб беларускай мове дый дастае навуковую ступень магістра ў галіне расейскай мовы й літаратуры.
У тым-жа годзе Карскі пераносіцца ў Варшаву для працы пры тамашнім унівэрсытэце, спачатку ў характары лектара, а ад 26.6.1894 г. экстраардынарным прафэсарам расейскай дый царкоўнаславянскай моваў і расейскай літаратуры, ад 1897 ардынарны прафэсар (пасьля дактарату).
Зразу-ж ён рыхтуе й сваю дакторскую дысэртацыю, таксама ў галіне беларускае мовы. Гэта праца значных памераў — 444 бачынаў друку — пад назовам «Западнорусские переводы псалтыри XV–XVI веков», Варшава 1896 г. Дактарат ён робіць пры Маскоўскім унівэрсытэце, на якім 9.11.1896 г. адбываецца дакторскі дыспут Карскага, у выніку якога 14.12.1896 г. яму прызнаецца навуковая ступень доктара.
І па закругленьні дактаратам свае вышэйшае асьветы Карскі ўвесь час працуе шмат навукова й пераважна ў галіне беларусаведы. Зімою, у часе ўнівэрсытэцкіх заняткаў, ён працуе над рукапісамі й старадрукамі па бібліятэках, або вывучае беларускія этнаграфічныя зборнікі й матар'ялы, летам жа звычайна выяжджае ў паасобныя мясцовасьці Беларусі для беспасярэдняга знаямленьня зь беларускаю народнаю мовай дый для запісваньня беларускай народнай творчасьці, звычаяў, абрадаў.
У гадох 1899–1900 яму даюцца навуковыя камандыроўкі ў Горадзенскую, Віленскую дый Менскую губэрніі для вывучэньня дыялектаў. У тым-жа годзе Карскага пасылаюць у Сэрбію, Баўгарыю, Турцыю для студыяў над рукапісамі й старадрукамі ў тамашніх бібліятэках. У 1903 г. з даручэньня Расейскага Імпэратарскага Геаграфічнага Таварыства, а на матар'яльную дапамогу віленскага генэрал-губэрнатара князя Сьвятаполк-Мірскага ў вышыні 500 рублёў, Карскі робе аб'езд усяе беларускае этнаграфічнае тэрыторыі для ўстанаўленьня велічыні дый межаў беларускага моўнага прастору й зьбіраньня моўнага й фальклёрнага матар'ялу. У гэтым-жа годзе выходзіць з друку першы том ягонай капітальнай працы «Беларусы» з этнаграфічнаю дый дыялектычнаю картамі Беларусі. Дваццаць гадоў часу Карскаму займае напісаньне й друкаваньне далейшых 6 кнігаў гэтае манумэнтальнае беларусаведнае манаграфіі, апошняя кніга якое выйшла з друку ў 1922 годзе.