Яўхім Карскі
Шрифт:
Вынікам гэтае працы яшчэ ў 1893 г. ў «Журнале Министерства Народного просвещения» друкуецца «Два памятника старого западнорусского наречия», дзе разгледжаныя Лютэранскі катэхізыс Сымона Буднага з 1562 году і Каталіцкі катэхізыс з 1585 году. За год, у 1894 г., у «Варшавские Университетские Известия», а посьле і асобнаю адбіткаю, друкуецца новая праца «О языке так называемых литовских летописей», дзе разглядаецца падрабязна мова трох літоўскіх летапісаў, паводле прынятае ў моваведных досьледах Карскага сыстэмы: перш даецца палеаграфічнае апісаньне памятніка, посьле ідзе яго аналіза з фанэтычнага, марфалягічнага, сынтаксычнага ды лексычнага
Яшчэ ў 1893 г., адразу пасьля здабыцьця магістэрскае ступені, Карскі пачынае грамаджэньне матар'ялаў і да вялікае працы «Западнорусские псалтыри в XV–XVI вв.». У ей разгледжаная мова 8-мі старабеларускіх рукапісных і 10-ці друкаваных псалтыроў. Праца гэтая была ягонаю дакторскаю дысэртацыяй і друкам паказалася ў 1896 г. велічынёю 444 бач. друку. Адначасна, у тым-жа годзе публікуе ён і свае разгляды двох старабеларускіх рукапісных зборнікаў з XV і XVI ст.
Калі пералічаць важнейшыя меншыя працы Карскага ў галіне беларускае моваведы, адцеміць гэта трэба «Особенности письма и языка рукописного сборника XV в. именуемого Летописью Авраамки» з 1899 г.; «Западнорусские сказания о Сивилл-пророчице по рукописи XVI в.» (з 1898 г.). З пазьнейшых працаў у галіне вывучэньня старабеларускай літаратурнай мовы трэба адцеміць «Западнорусский ярлык хана Золотой Орды Тахтамыша к польскому королю Ягайлу 1392–1393 г.» РФВ 1916 ды «К истории белорусского языка в XVI ст.», публікаваная ў «Известия Отделения Русского языка и Словесности АН СССР», т. III, кн. 1, 1930 г., у якім разгледжаная мова «Триоди цветной» XVII ст. паходжаньня з Чарнігаўскага Палесься.
Даў Карскі працы й у галіне беларускае дыялекталёгіі. Гэтак у 1895 г. друкуе працу «Белорусское оў на месте ал — ав» (казоў, доў). У наступным 1896 г. працу «Некоторые редкие особенности белорусского наречия в Сокольском уезде Гродненской губернии».
У 1897 г. з даручэньня Отделения Русского языка и Словесности Расейскай Акадэміі Навук Карскім была складзеная «Программа мя собирания особенностей говоров белорусского наречия». Праграма гэтая была перапрацаваная й нанава выдадзеная ў 1916 г. Колькі дзесяткоў прысланых адказаў на гэтую праграму былі пазьней друкаваныя ў выданьнях Расейскай АН і розных іншых публікацыях дый далі значную колькасьць важнага фактычнага матар'ялу для вывучэньня беларускае мовы й яе гаворак. На аснове часткова іх Карскі ў 1901 г. у РФВ публікуе свае «Заметки по белорусским говорам».
Разам з далейшым вывучэньнем беларускае мовы перад Карскім паўстае заданьне азначэньня прастору ды межаў беларускае мовы, да чаго першы раз ён падыходзіць у сваім артыкуле з 1902 г. «К вопросу об этнографической карте белорусского племени». А ў наступным годзе, пасьля аб'езду беларускае тэрыторыі ды галоўна яе памежных прастораў, у першым томе сваіх «Беларусаў» публікуе дзьве карты: «Этнографическая карта белорусского племени» і карту дыялектаў беларускае мовы. Ягоная этнаграфічная карта «белорусского племени» з дробнымі зьменамі перавыдаецца ў гадох 1917, 1919 і 1920-х (пры «Курсе Белорусоведения», зборніку лекцыяў, выдадзеных пад рэдакцыяй Карскага).
Зь іншых працаў Карскага аб беларускай мове трэба адзначыць «Белорусская речь. Очерк народного языка с историческим освещением» з 1918 г. У 1920 г. гэтая праца перавыдадзеная ў беларускім у Менску. У выніку ягоных курсаў па «рускай» дыялекталёгіі, што Карскі чытаў праз 25 гадоў на ўнівэрсытэце, паўстала пазьней праца, друкаваная ў 1924 г.
Зь міжваеннае пары трэба адцеміць з важнейшых працаў з галіны беларускае моваведы яшчэ працу з 1924 г. «Культурные завоевания русского языка в старину на западной окраине его области». Тутка даецца агляд уплываў беларускае мовы на мовы суседніх балтаў — летувісаў ды латышоў — ды на мовы пражываючых на прасторы Беларусі — жыдоў ды татараў. Праца мала арыгінальная, у форме рэфэратнай перадае вынікі досьледаў у гэтай галіне іншых аўтараў. Друкавалася яна ў «Известия ОРЯС» РАН, т. XXIX, 1924.
І апошняю яго працаю, што кранала галіну беларускае дыялекталёгіі, быў нарыс «Червенский говор», друкаваны ў «Известия по Русскому языку и Словесности АН СССР», III, кн. 1, 1930. У ей разгляд кнігі Шатэрніка «Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны», што выйшаў у 1929 г. у Менску.
Сумуючы ды абагульняючы характер мелі тры кнігі II-га тому ягоных «Беларусаў», прысьвечаныя апісаньню мовы беларускага народу. Ды пра «Беларусаў» будзе гаварыцца далей асобна.
Адзначыць трэба, што ўсе працы друкаваліся парасейску, за выняткам аднае, якая выйшла і пабеларуску ў Менску — «Беларуская мова», перакладзеная, здаецца, Лёсікам.
2. Працы ў галіне беларускага фальклёру й этнаграфіі
Яшчэ будучы студэнтам Нежынскага Інстытуту, Карскі ў 1884 г. у РФВ надрукаваў беларускі фальклёрны матар'ял свайго запісу пад назваю «Белорусские песни села Берёзовца Новогрудского уезда Минской губернии». Тутка 59 народных песьняў у поўфанэтычным запісе, з адзначэньнем акцэнтаў словаў, з разглядам зьместу песьняў, ды з шматлікімі заўвагамі аб фанэтыцы, марфалёги, сынтаксысе й лексыцы беларускіх гаворак Наваградзкага павету.
У падобны спосаб, з асабліваю ўвагаю зьвернутаю да мовы, былі пяць гадоў пазьней апублікаваныя ім «Белорусские песни деревни Новосёлок-Затрокских Виленской губернии Трокского уезда», друкаваныя таксама ў РФВ з 1889 г. У іх, як Карскі сам зазначае, ён «рупіўся найперш пра дакладную передачу самое гаворкі дадзенае мясцовасьці». Пазьней Карскі яшчэ ня раз публікаваў свае драбнейшыя запісы беларускага фальклёру, якія ён рабіў пераважна падчас сваіх летніх выездаў у паасобныя мясцовасьці Беларусі, а пабываў ён у многіх паветах пераважна заходняе й цэнтральнае Беларусі.
У 1903 годзе, з даручэньня Расейскага Геаграфічнага Таварыства, а на грошы дадзеныя віленскім генэрал-губэрнатарам князем СьвятаполкМірскім, Карскі аб'яжджае, пачынаючы з паўночнага ўсходу, усе памежныя палосы беларускага моўнага прастору з мэтаю дакладней азначыць этнаграфічныя межы беларускага народу й ягонай мовы ды ўстанавіць граніцы беларускіх гаворак, а адначасна парабіць ізноў-жа назіраньні над народным бытам ды сабраць і праверыць новыя й старыя матар'ялы ў галіне беларускага фальклёру. Сваю справаздачу з гэтага аб'езду беларускае тэрыторыі ён надрукаваў у тым-жа 1903 годзе ў «Известиях Русского Географического Общества». Вынікам гэтага аб'езду паўсталі ягоныя дзьве карты: «Этнографическая карта белорусского племени» і карта дыялектаў беларускае мовы.