Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
I матам на яе. Рускім матам. I ёй з пісталета ў лоб. I пайшоў далей.
Навутра прыехалі немцы, сабралі тых, што былі імі выпушчаныя, і заставілі капаць магілу і ўсіх звезці ў яму і засыпаць зямлёю.
А вот хутары ў нас былі, то год раней яны там людзей не расстрэльвалі, а зганялі адну-дзве сям'і ў памяшканне і паджыгалі. Жглі жыўцом. Колькі было хутароў, дык яны ўсіх і папалілі. Па ўсіх хутарах адначасова.
У нас гэта было дваццаць другога снежня сорак другога, а хутары палілі зімой сорак першага…»
Пра
«…Ну, рана ўсталі — бачым: акружаны, няма куды ўцякаць. Сядзім у хаце, пачалі яны хадзіць па хатах, выганяць на сабранне. Зайшлі і сказалі:
— З малюткамі! Усе з малюткамі!
Ну што ж, мы сабіраемося і ідзем на тое сабранне. I нас ставяць тутака во, дзе цяпер магіла, усіх у рад. I праходзіць і пытаецца:
— Дзе монж?
Ну, каторыя гавораць: «Вот, стаіць». Дайшло да мяне, а ён, мой Антон, пайшоў да сястры, за сем кіламетраў, пайшоў малаціць жыта. А ў мяне чатыры месяцы было рабёнку. Я так і кажу.
— Калі? — пытаецца, гэта, па-польску.
— Учора, — кажу я (ён пайшоў тры дні раней, а я кажу ўчора).
Але не, не выкінулі мяне з гэтага раду.
А потым выклікалі актывістаў, каторыя за Савецкую ўласць былі. Актывістаў — з сям'ёю, усіх.
— Пераходзьце на той бок! Дайшла да мяне вочарадзь.
— Актывіст Кулак Антон Раманавіч! З радзінаю перахадзі!
Пераходжу я туды з тым дзіцем. Стаю. Да партызанскіх сем'яў нас усіх далучаюць. А кулямёты так стаяць усе! Тыя людзі — як заплакалі! Усялякімі галаскамі, як пчолы. Яны — як касанулі! Усё…
Як касанулі па нас, я ўспела накланіцца. А на мне такі ватовік быў тоўсты. Парвала мне куляй ватовік і так мяса закаціла, што рукою не накрыць. Каб яшчэ чуць, дык яна б у мяне сюды выйшла, куля. Я ляжу жывая, і дзіця жывое. А я так жму яго ліцом, а яно крычыць. Чуствую, што задушваю, сэрца баліць. I я жывая, і дзіця жывое… Пушчу вальней, яно закрычыць.
А потым пастралялі трэцюю групу.
Што ж, ходзіць, падымае, каторыя, можа, яшчэ не кончыліся…
А яны ходзяць з пісталетамі і дабіваюць. Дайшоў да мяне, чуе, што дзіця крычыць, а на мяне ён не падумаў, што я жывая: валасы ў мяне панясло і хустку, і тутака кроў… У тое дзіця бахнуў і мне пальцы прастрэліў. Як дзяржала я яго за лічыка, так і ў мяне пальцы ён прастрэліў. I дзіця сціхла, кроў на мяне, чую, свішча на твар…
А каля мяне ляжала яго, Антонава, сястра. Яшчэ храпла. Ён яе паднімаў. Яна села, і так ён яе дастрэліў. I пайшоў ад мяне — далей і далей, і ўсё дастрэльваў.
Ляжу я, ляжу, а тут ужо дыхаць
Ну, устала я. Сталі людзі падыходзіць тыя, староннія, не пастраляныя. Глядзяць — ляжаць людзі пастраляныя: сталі плакаць каторыя. Тады Я давай падымацца. Паднімаюся, і не вылезці: уся завалена, уся ў крыві…
I маму маю забілі, і сястру забілі, усіх, усю маю радню. А на ранак што? Пераначавалі — як карчэ. А я зайшла ў адну хату, мне троха закрылі гэтую рану, перавязалі ды кажуць:
— Ідзі, Мар'я, а то праз цябе і нас немцы паб'юць.
Ну, то я з гэтай хаты ў другую іду нанач. Ноч пераначую, кажуць:
— Ідзі ўжо ў трэцюю хату, бо, кажа, мы баімося.
Так я тры ночы прахадзіла, а на чацвёртую ён прыйшоў, і ўжо я гэта… I завёз ён мяне ў бальніцу, у Слонім.
Завязлі мяне. Што ж гаварыць тым немцам у бальніцы?
Але завязлі гэтакі во кусок сала, збанок мёду, дык яны р-а-д-ы, і палажылі. Як толькі прыехала, а яны мяне, раз-два, раздзелі, руку забінтавалі, плячо ўбінтавалі і — у бальніцу.
Ляжу адзін тыдзень, другі тыдзень ляжу, і ўсё прыязджаюць у бальніцу, і ўсё дапытваюць, хто які.
Ноччу забіраюць і расстрэльваюць. Страшна, страшна!..
Страх мяне ўзяў, і наказваю: «Прыязджай, забірай!»
Бо прыдзе, думаю, вочарадзь і да мяне ўжо.
Ён прыехаў.
Яшчэ проціў той ночы, што я начавала, прывязлі дзеўчыну з Галынкі. I ў бальніцу прыехалі яе браць — расстрэльваць. Але як-та ёй связь сказала, і яна ўцякла з бальніцы. Ой, як паднялася тая бальніца ўжо! На тую дзяжурную!.. Хацелі яе павесіць або застрэліць, што яна прапусціла, каб тая ўцякла.
А потым, на другую ноч, ляжаў ваенны ранены, наш ваенны. Ён усё да мяне прыходзіў, распытваўся, распытваўся. А я баюся гаварыць. Але ён ані шагу ад мяне. Усё: «Цётка, так як там партызаны?» А я яму гавару, але і баюся, бо хто яго знае…
А потым я прыехала дадому, і ён прыходзіць: уцёк таксама. Далі яму ўсё — і боты пад бальніцу прынеслі, і пайшоў з бальніцы. Праз дзве нядзелі прыходзіць ён.
— Ну вот, а я, — кажа, — ужо ў партызанах!
Прыехала я з той бальніцы — ні паліць, ні варыць, ні адзецца.
Завёз мяне Антон да сястры, за сем кіламетраў, і была я там да самага апрэля месяца, там ляжала.
Разам са мной тады забілі восемдзесят шэсць чалавек…»
Вёска Васілевічы. Партызан тут не было. Іх стаянкі былі на правым, лясістым, беразе Шчары, а сюды, на густа заселенае левабярэжжа, яны прыходзілі толькі начамі, як у зону дзеяння і забеспячэння. Дабрацца да партызан і ўступіць з імі ў бой акупанты не квапіліся. Тут, як і ў іншых мясцінах, яны пусцілі ў ход д'ябальскую тактыку: абвінаваціць у існаванні партызан насельніцтва, убіць клін паміж мірнымі жыхарамі і партызанамі.