Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Ну, верыў я! Верыў! Паверыў! Мы былі фанатыкамі рэвалюцыі — маё пакаленне. Маё слаўнае пакаленне! Толькі вось бяссонне начамі… Не, я захапляюся сваім пакаленнем, захапляюся яго фанатызмам. Хто можа памерці? Толькі той, хто гатовы памерці. І калі б не было нашага фанатызму, ці вытрымалі б мы? Стоп! Зрэдзь часу я лаўлю сябе на думцы, што не размаўляю з самім сабой, а пастаянна перад кімсьці выступаю, тады ціха сабе шапчу: «А ну, злезь з трыбуны!» Пэўна, мне цяпер таксама трэба злезці з трыбуны? Трэба?!

Не вымагайце ад мяне логікі. Я любіў рэвалюцыю. Якая захапляльная ідэя: усе будуць браты, усе будуць роўныя. Будзем разам працаваць, усё пароўну падзелім. Вечная ідэя! Несмяротная! Лепшага нічога ў свеце не прыдумана, як чалавек вылез са шкуры. Тое, што цяпер бэсцяць як сацыялізм,

ніякіх адносін да сацыялістычнай ідэі не мае. Але людзі да яе не гатовы, яны яшчэ не дасягнулі дасканаласці. А мы былі ідэалістамі. Маё бяссонне… Задрамаў пад раніцу… Сон… Дзіця ўжо вялікае, цяжкае… Я нясу яго на руках… І мне добра… Гляджу яму ў твар блізка-блізка, як багародзіцы глядзяць на абразах у вочы сваім дзецям: я дзядзьку Сымона нясу… Здаецца, закрычаў… У сне заўсёды крычыш нема, як у баі… Перад боем… Сам сябе не чуеш… Я яшчэ шабляй ваяваў, у казака мёртвага забраў. А сёння — касмічны век, пра «зоркавыя войны» пішуць. І вы хочаце мяне зразумець? Калісьці Леў Мікалаевіч Талстой задумаў напісаць раман пра эпоху Пятра I. Але кінуў. І вытлумачыў гэта тым, што не можа зразумець душы людзей таго часу.

Можа, маё жыццё набудзе сэнс пасля смерці? Калі партрэт будзе закончаны?!

Вы думаеце, што я вось так адразу — рамень на шыю… У пятлю… Не, я спрабаваў жыць. Я падаваўся ў Дом ветэранаў партыі, як кажуць, уцякаў у свой час. Там і праўда час спыніўся, там усе жывуць мінулым, нічога іншага ні ў кога няма. У мяне выраслі ўнукі, а ў многіх там іх няма. Асабліва шмат там жанчын. Мяне ажаніць хацелі… (Смяецца.) Калі б у кватэры зноў запахла пірагамі, хтосьці сядзеў бы ля тэлевізара і вязаў, я мог бы ажаніцца. Але там (гэта тужліва) няма ніводнай жанчыны, якая б любіла пячы пірагі. Яны служылі рэвалюцыі, краіне, ім не было калі раджаць дзяцей, варыць капусту, пячы пірагі. Чаму мне смешна? Я і сам такі. Мне цяжка быць старым, я нічога не люблю, нічым не захапляюся. Схадзіў разы са два на рыбалку — кінуў. Шахматы з юнацтва люблю, бо Ленін любіў гуляць у шахматы. Мне няма з кім гуляць у шахматы. Можа, трэба было б застацца там — там усе гулялі ў шахматы. Я ўцёк… Хацеў памерці дома… Магу я сабе дазволіць за ўсё жыцце адну-адзіную раскошу — памерці дома?!

— Спачатку я быў ленінцам, пасля сталінцам. Да трыццаць сёмага года я быў сталінцам. Я Сталіну верыў, верыў усяму, што гаварыў і рабіў Сталін. Так, найвялікшы, геніяльны… Правадыр усіх часоў і народаў… Цяпер і сам не разумею — чаму я ў гэта верыў? Сталін — невытлумачальная з'ява, яшчэ ніхто яго не зразумеў. Ні вы, ні мы. Сталін загадаў бы: ідзі, страляй! І я пайшоў бы. Сказаў: ідзі, арыштоўвай! І я пайшоў бы. Тады, у той час, я зрабіў бы ўсё, што б ён ні сказаў. Катаваў, забіваў, даносіў… Гэта невытлумачальная з'ява — Сталін. Шаман! Вядзьмак! Я і сам цяпер у недаўменні: няўжо б арыштоўваў, даносіў?! Выходзіць, што каты і ахвяры атрымліваліся з адных і тых жа людзей. Хтосьці нас выбіраў, тасаваў… Недзе там, наверсе…

Я перастаў верыць Сталіну, калі ворагамі народа аб'явілі Тухачэўскага і Бухарына. Я гэтых людзей бачыў. І запомніў іх твары. У ворагаў такіх твараў не магло быць. Так я думаў тады. Гэта былі твары людзей, якіх не трэба было сартаваць, паляпшаць, ад якіх не трэба было пазбаўляцца, каб застаўся чысты чалавечы матэрыял, як адборнае зерне для дзівосна чароўнай будучыні. Уначы, калі мы заставаліся адны, жонка мая, яна была інжынерам, гаварыла: «Штосьці незразумелае творыцца. У нас на заводзе не засталося нікога са старых спецаў. Усіх пасадзілі. Гэта нейкая здрада». «Вось мы з табой не вінаватыя, і нас не бяруць», — адказваў я.

Потым арыштавалі маю жонку. Пайшла ў тэатр і дадому не вярнулася. Прыходжу: сын разам з катом спіць на дыванку ў вітальні. Чакаў-чакаў маму і заснуў…

Праз некалькі дзён арыштавалі і мяне. Тры месяцы праседзеў у адзіночцы — такі каменны мех: два крокі ўдоўжкі і паўтара ўшыркі. Крумкача да свайго ваконца прывучыў, ячневымі крупамі з поліўкі карміў. З таго часу крумкач — мой любімы птах. На вайне, памятаю, кончыцца бой… Іншых птушак няма, а крумкач лятае… Не верце, калі вам кажуць, што можна вытрываць катаванні. Ножку венскага крэсла ў задні

праход?! Любую паперку прынясуць, і вы яе падпішаце. Ножку венскага крэсла ў задні праход альбо шылам у машонку… Нікога не судзіце… Мікалай Вярхоўцаў, я яго там напаткаў, мой сябрук з грамадзянскай, сябра партыі з тысяча дзевяцьсот дваццаць чацвёртага года. Разумнік! Адукаванейшы чалавек, да рэвалюцыі ўніверсітэт скончыў. І вось — усе знаёмыя. Цеснае кола. Нехта чытаў уголас газету, і там паведамленне, што на бюро цэка вырашалася пытанне пра апладненне кабыл. Ён вазьмі ды пажартуй: маўляў, у цэка іншага клопату няма, як займацца апладненнем кабыл… Удзень ён гэта сказаў, а ўвечары яго ўжо забралі. Ён вяртаўся з допытаў са скалечанымі рукамі. Пальцы заганялі ў праём дзвярэй і дзверы зачынялі. Усе пальцы яму, як алоўкі, паламалі. Мяне білі галавой аб сцяну…

Праз паўгода — новы следчы. Маю справу аддалі на перагляд. І мяне выпускаюць. Як ў латарэі: сто прайгралі, адзін выйграў, і ўсе гуляюць далей. Але тады я думаў інакш: я ж вось не вінаваты, і мяне вызвалілі…

— А я адсюль не выйду, — развітваўся са мной Мікалай Вярхоўцаў, — нават і калі мяне апраўдаюць. Хто мяне выпусціць такога? Без пальцаў… Куды я свае рукі схаваю?

Яго апраўдалі і расстралялі. Быццам памылкова.

Сына я знайшоў у чужых людзей, ён заікаўся, баяўся цемнаты. Мы сталі жыць удвух. Я спрабаваў выведаць што-небудзь пра жонку і дамагаўся аднаўлення ў партыі. Тое, што здарылася са мной, я лічыў памылкай, і з маёй жонкай… Партыя ў гэтым не вінаватая. Гэта ж наша вера, гэта ж наша Біблія! Бог не можа быць вінаваты, Бог мудры. Я шукаў сэнсу ў тым, што рабілася наўкол, у гэтым моры крыві. У верніка памірае дзіця… Ён шукае сэнс сваіх пакут… І знаходзіць… Ён жа не кляне Бога?..

Пачалася вайна… У дзеючую армію мяне спачатку не бралі, бо жонка — вораг народа, недзе ў лагеры. Я не меў права абараняць Радзіму, мне не давяралі. Гэтае прыніжэнне таксама трэба было перажыць. Але я дабіўся — паехаў на фронт. Годнасць мне вярнулі ў сорак пятым, калі я вярнуўся з вайны, ад самага Берліна. З ордэнамі, паранены. Мяне выклікалі ў райкам партыі і ўручылі мой партбілет са словамі:

— На жаль, жонку вам вярнуць мы не можам. Жонка загінула. Але годнасць мы вам вяртаем…

І ўяўляеце: я быў шчаслівы. Пэўна, сёння нельга ў гэтым прызнавацца, але гэта былі самыя шчаслівыя хвіліны майго жыцця. Партыя для нас была вышэй за ўсё — вышэй нашага кахання, нашых жыццяў. Лічылася шчасцем — прынесці сябе ў ахвяру, кожны быў да яе гатовы. Будучыня, якая павінна быць цудоўнай, заўсёды жыла пад знакам смерці, ахвяры, якая ад любога з нас магла быць запатрабавана ў любую хвіліну. Вакол увесь час гінулі людзі, шмат людзей. Мы да гэтага прывыклі. Загінула мая жонка. Я мог загінуць…

Так, мая жонка… Яна таксама была сябрам партыі… Мог бы я ажаніцца не з бальшавічкай? Здагадваюся, чаму вы пра гэта пытаецеся. Павінен вас расчараваць: я кахаў сваю жонку, мая першая жонка была прыгажуня. Але калі б яна верыла ў Бога, не ўступіла ў камсамол? Само сабою, я не мог бы яе пакахаць. Як я мог быць шчаслівым, калі яна загінула? Не трэба прасіць прабачэння, мяне не крыўдзяць вашы пытанні. Яны толькі яшчэ адзін доказ таго, што я з іншага жыцця, з іншай планеты, калі хочаце, яе ўжо няма. Там кіравалі свае законы. Тое, што вы лічыце ненармальным, там было нармальным. А тое, што для вас нармальна, тады мог сказаць і нават падумаць толькі вар'ят.

Калі я наважыўся памерці… Не, я не баязлівец, я проста стаміўся… Я рваў старыя фотакарткі… Толькі фатаграфію сваёй першай жонкі парваць не мог… Мы там удваіх — маладыя, смяемся… Я ўспомніў сонца… Нейкая лясная палянка, мая галава ляжыць на жончыных каленях… Люляецца ў яе на руках… Я ўспомніў сонца…

Партыі здрадзілі, ідэі здрадзілі. Знікла ўсё, чаму я аддаў сябе, сваё жыццё. На плошчы пануе новая рэлігія — рынак: «Грошы! Грошы! Грошы!» Ну станеце заможна, сытна жыць, але ж каб не забыліся — дзеля чаго? Няўжо чалавеку жыццё дадзена дзеля самога жыцця, як дрэву, як рыбе? Не, яно даецца дзеля нечага большага, чым проста жыццё. Сасіскі і «Мерседэс» ніколі не стануць вышэйшай мэтаю, зіхоткай нябеснаю мараю. Напэўна, таму і любілі мы смерць. Але, мы яе любілі! Я гэта зразумеў нядаўна. Адной бяссоннай ноччу…

Поделиться:
Популярные книги

Возвращение Безумного Бога

Тесленок Кирилл Геннадьевич
1. Возвращение Безумного Бога
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвращение Безумного Бога

Кодекс Охотника. Книга VIII

Винокуров Юрий
8. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга VIII

70 Рублей - 2. Здравствуй S-T-I-K-S

Кожевников Павел
Вселенная S-T-I-K-S
Фантастика:
боевая фантастика
постапокалипсис
5.00
рейтинг книги
70 Рублей - 2. Здравствуй S-T-I-K-S

Служанка. Второй шанс для дракона

Шёпот Светлана
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Служанка. Второй шанс для дракона

Сын Тишайшего

Яманов Александр
1. Царь Федя
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.20
рейтинг книги
Сын Тишайшего

Последний реанорец. Том I и Том II

Павлов Вел
1. Высшая Речь
Фантастика:
фэнтези
7.62
рейтинг книги
Последний реанорец. Том I и Том II

Новик

Ланцов Михаил Алексеевич
2. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
6.67
рейтинг книги
Новик

Измена. Право на сына

Арская Арина
4. Измены
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Право на сына

Ну, здравствуй, перестройка!

Иванов Дмитрий
4. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.83
рейтинг книги
Ну, здравствуй, перестройка!

На границе империй. Том 9. Часть 5

INDIGO
18. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 9. Часть 5

Кодекс Крови. Книга III

Борзых М.
3. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга III

Сотник

Ланцов Михаил Алексеевич
4. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Сотник

Переиграть войну! Пенталогия

Рыбаков Артем Олегович
Переиграть войну!
Фантастика:
героическая фантастика
альтернативная история
8.25
рейтинг книги
Переиграть войну! Пенталогия

Вечный. Книга V

Рокотов Алексей
5. Вечный
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Вечный. Книга V