Званы Віцебска
Шрифт:
Зусім заднела. Плошча перад трохступеньчатьм гмахам старой ратушы. Перад намі, крыху лявей, шырокія сходы, што вядуць на парадны ганак. Справа і злева ад яго – гульбішчы, а над імі – вышка з галерэяй і гадзіннікам. На першым паверсе, злева ад сходаў, катоўня, з якой далятае гул полымя. Справа, пад мурам “в'aжні”, уваход у цямніцы. Між ратушай і “важняй” высокі драўляны эшафот. Між ім і “важняй” укапаныя ў зямлю, амаль побач, два слупы. Плошча запоўнена народам. На ганку сталы. Ідзе па сходах, збіраючыся заняць месца за сталамі, высокі трыбунал.
Галасы. –
– А якім правам судзяць?
– Ніякім. Мы ад моцы судоў і трыбуналаў вольныя.
– Ясна: “Ніхто іншы судзіці і ўладзы над імі не мае”. Гэта наша Майдэборскае права.
Дарафей. Сціхніце вы... Дык вось, права таго ў вас ад гэтага часу не будзе. Пакутніка забілі.
Абдзярыха. Пакутнік. Толькі не з таго боку. Ад езуітаў ён пакутнік.
Дарафей. Но-но! Вы што, не чулі? Над месцам забойства – воблака, і ў ім – святло. I святло над Дзвіной паказала месца, куды кінулі.
Абдзярыха. Брахня гэта.
Дарафей. Не брахня, а тое, што святы. Вось і мы маем.
Мамка. Калі ўжо ў нас такія святыя – ясна, што мы за царква.
Варта праводзіць у падзямелле Вольху і Багусю.
Вой! Павялі, павялі! Яны – пакутнікі, яны – святыя, а не ты.
Вольха (праходзячы). Гэта ён святы? Дарэмна тады вы – гэй, Сапега! – дарэмна ты і твой кароль у святыя Нерона не запісалі. Невядома, хто хрысціян больш мучыў.
Іх правялі ў падзямелле.
Корвін (Сапегу). Робіцца нешта дзікае, вялікі канцлер.
Галасы. – Хто гэта з Сапегам гаворыць?
– Рэферэндарый і пісар княства, Аляксандр Корвін-Гансеўскі.
– Гэты, кажуць, нічога.
Сапега (суха). Не пакараць – значыць, кінуць цень на унію.
Корвін. Рэквіемы, панегірыкі, малебны ў Сафіі. I... гэтыя плахі. I ў Рыме пішуць, што труп сам прыплыў у Полацк, супраць плыні. Забылі або і не ведалі, што Полацк ляжыць ніжэй. Конскі каўцюх кінь у ваду – і той прыплыве.
Сапега. Сам ведаю. I ўжо як распісваюць– “велце святога, пабожнага, спакойнага чалавека акрутне на смерць забілі”. Хлусы... Я не любіў яго. Я перасцерагаў. Але ж і яны парушылі закон. I я павінен судзіць іх па ўсёй строгасці закону. I за гэты дзень на мяне стагоддзямі будуць вешаць усіх сабак.
Корвін. А тваё слова?
Сапега. Мы – дзяржава, якая шмат чым рызыкуе, калі свет даведаецца, што мы патураем забойству і ерасі...
Камісія заняла месцы за сталом.
Мамка. Бач, зляцеліся.
Сапега. Камісарскі суд, а ў ім Самуэль Старасельскі, суддзя, Ян Дырмант-Сівіцкі, падсудак, Леў Гурко, пісар; суддзі: Леў Сапега, ваявода віленскі, магілеўскі і іншы стараста, канцлер; вяльможны Хрыстафор з Друцка Сакалінскі, кашталян мсціслаўскі, сурагатар ваяводства Полацкага; Аляксандр Корвін-Гансеўскі, рэферэндарый і дзяржаўны сакратар Вялікага княства; вяльможны яго
Абдзярыха. Катавалі, люцыпары.
Сапега. ...аб такім мяцяжы і яўным нядаўнім злачынстве, вырашылі скончыць гэтую справу без усякай затрымкі і апеляцыі. Разгледзеўшы абвінавачванні капітула, выслухаўшы скаргі тых, што знаходзіліся побач з блажэнныя памяці біскупам, камісарскі суд вінаваціць усіх мяшчан Віцебска і шматлікіх з Оршы, Магілёва, Полацка і Вільні ў тым, што наводзілі на дзяржаўную здраду народ. Што склалі змову супраць уніі яшчэ ў лютым 1621 года. ПІто, не жадаючы падпасці суду, узяліся за камяні і, скінуўшы на знак змовы і мяцяжу шапкі ў адну кучу, абразілі ў асобе войта яго каралеўскую вялікасць.
Мамка. Інстыгатар патрабаваў, каб аддалі катаванням.
Крык з сутарэння.
Што гэта?
Абдзярыха. З Нешы прызнанне выдзіраюць.
Мамка. I што?
Абдзярыха. Як іншыя.
Мамка. Маўчыць?
Абдзярыха.А няўжо ж перад такімі гаварыць, любка?
Сапега. ...забілі. Абклалі саломаю дом біскупа і хацелі былі спаліць. Слуг – каго пабілі, а каго збілі: Дарафея Лейціковіча, архідыякана, Мікалая Акалова, Эмануіла Кантакузіна, грэка, Рыгора Ушацкага, Фаму Сяляву і іншых многіх... Усё разрабавалі, і ўбытку ад таго 3079 злотых... Напала каля тысячы чалавек, і разам з простым народам бурмістры Навум Воўк, Сымон Неша, Сцяпан Пасіёра, і ратманы, і лаўнікі многія. Таму ўсіх іх, колькасцю да ста чалавек, асудзіць завочна на смерць, дзе б толькі ні адшукалі.
Голас. Што ж ты... Ізахвату адно, а мы бачым другое?! Як глядзіш ты нам у вочы?! У сабакі вочы пазычыўшы?!
Сапега. Тых жа, хто ў закаранеласці не ўцёк і каго, папаймаўшы, страж адправуем, у вязеню маючы: Навума Воўка, Сымона Нешу – бурмістраў, Яна Гужнішчава – які біў у ратушны звон, Грышку Скаруту, Гаўрылу Раманавіча, Іермака Гайдука, Фурсу, шапавалавага сына, Багдана Кузняца, Грышку Бібку, Гаўрылу Пушкара, Ісаака Любчына, Івана Аквіна, Рамана Даніловіча, Фёдара Казака, гаршэчніка, Фёдара Цацэку, Якава Шынкара, Сцяпана Труховіча, Васіля Фірса, Пятра Васільевіча, палачаніна, – пакараць смерцю – праз адсячэнне галавы на плошчы перад былой ратушай бясслаўнага места Віцебскага. Прысуд выканаць неадкладна.
Галасы. – Як былой?
– Ды што яны там?
– Яшчэ смуты не бачылі?
Сапега. Маёмасць усіх канфіскаваць.
Абдзярыха. Безгаловага жабрацтвам не настрашыш!
Сапега. Увесь Віцебск прызнаць вінаватым, Майдэборскага права і ўсіх увогуле правоў пазбавіць. Ратушу, у якой склалася змова, разбурыць.
Палікар. Муляраў сюды.
Пасля некаторага замяшання і збянтэжання варта выводзіць двух муляраў, што нясуць насілы з цамянкай.