Званы Віцебска
Шрифт:
Багуся. I гэта ўсё мне? За якія такія паслугі? I якая мне радасць ад суседзяў-Бонічаў?
Кунцэвіч. Табе. У памяць бацькі. Замуж выходзь ды жыві ў багацці і шчасці. Калі нават Палікар і нашкодзіў, у што я не веру, то ў выкупленне яго граху ці за тое, што кепска на яго падумала.
Багуся. Замуж я пайду. Але не так. Абразілі вы мяне, айцец. Імя стаптаць задумалі.
Кунцэвіч. Ды што ты, дурное дзяўчо.
Багуся. Уначы прыведзена. Пасля замуж выходжу з багатым пасагам. I пасаг той – былое ваша майно. I смех і грэх. Як жа так?
Кунцэвіч.
Багуся (прысаромлена). Прабачце, айцец. Але пры чым тут Бонічы?
Кунцэвіч. А пры тым, што землі вашы аб’яднаюцца. I будзеце вы самай... другой па багацці сям’ёй гарадской на Віцебшчыне. Тым болей, што даю яшчэ тры вадзяныя млыны на Віцьбе, пільню і тры тысячы злотых. А Радзімір Боніч – арол.
Багуся (сумна). Дзякуй. Але гэта называюць: без мяне мяне жанілі, я на млын авёс павёз. У мяне ж не спыталі? За добрае сэрца дзякуй, нават не чакала, але...
Кунцэвіч. Дык за каго ж ты пойдзеш, дурнічка? За Вольху, за... Ропата? Не кажу, гожыя хлопцы. Але ж галадранцы. Што ж, голая за голага? Дзеці ж пойдуць.
Багуся. Пракормім. Рукі ёсць. Але ісці без сэрца? Чаму вы гэтага так хочаце?
Кунцэвіч. Таму што я так хачу. Таму што м н е патрэбны ў сябры два самыя сільныя роды места Віцебскага. Таму што хачу шчасця для чатырох людзей.
Багуся (ціха, без рэзкасці). Хочаце вы, а замуж за нялюбага ісці мне?
Кунцэвіч. Першы крок – і адразу ж перашкода. На пачатку шляху конь упаў. Дрэнная прыкмета. I аб што спатыкнуўся? Аб гэтую выжлачку. (Голасна.) Слухай, я з табою па-добраму. Дык слухай і ты мяне!
Багуся. Не вашая гэта, прабачце, ойча, справа, за каго я пайду. Тут віцебскія, дый не толькі віцебскія, а і ўсе нашы дзеўкі – самі сабе гаспадыні. Тут вам не іншыя мясціны, дзе па церамах сядзяць і прадыхнуць не смеюць, дзе жанчыны – “сасуд скудзельны”. Вось так. Захачу за Ропата, захачу – за Вольху. А і захачу, то хоць за гіцля і шкурадзёра Яшку або за Хведзьку-дурачка.
Кунцэвіч. Не смей на маім шляху стаяць. Не будзь перапонай. Знішчу!
Багуся. А я была, дурная, першы раз падумала, што Віцебск памыліўся.
Кунцэвіч. Узяць. Каб падумала. А наконт смерці ў ерасі твайго бацькі, брата і іншых, то... нахабствам і дзёрзкасцю сваёй вы мяне прымусілі і змусілі на гэта. Тое, што ў Вільні, тое будзе цяпер і ў Віцебску. I не толькі ў ім. Клянуся.
Паўза.
Палікар, загадай, калі яна не адумаецца, на Заручаўскіх і на Завіць-Фенскіх могілках усіх схізматаў трупы выкапаць.
Палікар. I што?
Кунцэвіч. I кіньце гэтае падла на сметнік псам! Псы яны ёсць, песяй смерцю здохлі, хай не паганяць святой зямлі. Што ж ты не падаеш? Непахаваным ім ляжаць.
Багуся. Іх пахаваюць. Мо цішком, а мо і пры святле дня, пры ўсіх. А вось хто пахавае вас?
Кунцэвіч. Палікар! Па варту! Усіх магільшчыкаў збіць у купы. З паходнямі. Зараз жа, ноччу.
Палікар
Багуся. Прадалі нас паны, прадалі сільныя. Адны мы засталіся, просты народ. Сяляне, мяшчане, бедныя папы, бедныя гандляры. Прыбітыя, святлом пісьма мала адзначаныя. Але мы – народ. Гэтым усё сказана. Мы – народ.
Яе вывалаклі за дзверы. Кунцэвіч стаіць, учапіўшыся рукамі ў валасы. За акном, дзе агні, зноў тупат і песня.
Гэй, казачэйку, пане ж мой. Я ўпадабала жывот твой. Люба ж табе гараваці, дай мне з табой паехаці, Душа мая, я ўжо твая. Ручку дай, а ўсядай. Я твая. Ты мая, Куліна.Кунцэвіч. Іхняя песня. Будзьце вы клятыя, горды народ жалезам калёным... Палікар!
Палікар. Я.
Кунцэвіч. Не забудзьце, што гаварылі пра казакаў. Ідзі жалезам. Жалезам. А што, калі не толькі яна кахае? Што я тады рыхтую сабе? Ды не, не. Даб’юся. Пераканаю. Ніхто не адбіваецца, калі яму голымі рукамі сонца з неба здымаюць... Што ж, тады не сын Боніча. Тады дачка войта Завішы. I хай з горада мяса ляціць. За гардзёлку. Хто супраць нас?
Чуваць песня.
Гэй, казачэйку, пане ж мой. Вельмі ж то благі ёсць скарб твой. Казак шчасліў, хоць нябогат. Ніц нікому невіноват. Ён гаруе. Ён чатуе [2] . Дзе паеду – здабуду. У баяраў. Татараў. Куліна.Заварушылася нешта ў цёмным кутку. З’явіўся твар Касінскага.
Езуіт. Вось хто супраць нас.
2
Чатаваць – вартаваць, старажыць (стараж.).
Кунцэвіч. Ты, айцец? I, як заўжды, патаемнымі дзверцамі.
Езуіт. Звычка...
Кунцэвіч. Даўно тут? Шмат чуў?
Езуіт. Чуў няшмат. Тое, што патрэбна. Т-та-ак. Ці не збіраешся, пад уплывам апошніх няпэўных чутак, кінуць нас ды сам сабе старацца?
Кунцэвіч. Гэта толькі мая справа.
Езуіт. Ну не! Гэта ўжо не толькі твая справа. Далёка зайшло. Памятаеш, як Масальскі ў цябе страляў? Каб не паклаў яго Палікар – ляжаць бы табе на сырой зямлі. Або як цябе тапіць хацелі? Ці як у Магілёве сказалі, каб убіраўся ад муроў, калі не хочаш атрымаць у азадак дзесяціфунтовае ядро. Ты, відаць, тады асаблівай патрэбы ў такім набытку не адчуваў, бо жыва ўбраўся. Позна, Іасафат.