Званы Віцебска
Шрифт:
Еўга. Язваў, як гронак! Язваў, як гронак! А там яго прыпякуць, прыпякуць! Галава рассядзецца, на азадак будзе падобная!
Ланцуг служак, так званая біскупская “гвардыя”, цясніць народ. Наперадзе тысячнік Палікар Абрагімовіч, здаравенны змрочны грак у варанёных даспехах.
Палікар. Кідай каласы! Кідай арабіну гэтую паганскую!
Зуліся. Палікар Абрагімовіч! Крумкач ты!
Iля. Татарын
Вальгіна. Б’юцца! У імя бога б’юць!
I тут на дарозе “гвардыі” паўстае другі ланцуг: Марцыян Ропат, поп Іля, Навум Воўк, Сымон Неша, Неўсця Ярамяшэвіч-Скверша, Васка Матыс, іншыя. Спынілі.
Навум Воўк. Ану, хто супраць бога і Віцебска?!
Неўсця (тысячніку). Адыдзі, галубачка, адыдзі, ластавачка ты наша. Ты што ж гэта віцьбічаў зачапіў? Гэта ты – дарэмна... Ану, гець з дарогі, маць тваю не займаць, бацькі не чапаць!
Матыс. Яно... Што ж гэта... людзі... Яно... хаця і ў скарботным падпіцці, бо – успенне, а... крыўдна...
Неша. Хай скажа Сцяпан Пасіёра! Лепей не скажаш.
Пасіёра. Ціха, людзі. Не трэба пакуль. Час яшчэ не прыйшоў. Патрывайце.
Галасы. Не-не. Сцяпана на рукі!
Сцяпана Пасіёру падымаюць на рукі, даюць яму жардзіну, каб ёю абапіраўся на зямлю. Пасля людзі ставяць яго сабе на плечы.
Зуліся. Бач ты, пышны які! А гожы. Галоўка – проста як макаўка... пустая.
Вальгіна. Ды што ты яго вечна зневажаеш?
Зуліся. А так, балбатун. Адно словы гаворыць.
Пасіёра. Людзі слаўнага места Віцебскага! Каменем мураванага! Дубам чорным апаясанага! Упрыгожанага безліччу званіц і палацаў! Багатага разумнымі дзядамі, магутнымі мужамі, жонкамі, што як вясёлкі. Чыстага водамі, зялёнага садамі, працавітага і кніжнага... Ды не. Раней багатага, раней кніжнага. Уніты прыйшлі. Хай рассыпецца слава наша – жарам. Ім – усё адно.
З’яўляецца Багуся Данель з Прузынай Трапашкавай, сваёй “мамкай”.
Мамка. Хадзем, сонейка, хадзем, пяшчотка, у царкву. Сам арцыбіскуп там. Ён – святы. Ён нават спавядае часам проста так, на вуліцы.
Багуся. I п’яных таксама?
Мамка. Ну, гэтага не ведаю. Можа, часам і п’яных. Ды што п’яны? Не ўвесь жа час п’яны? Затое ж гаворыць!
Багуся. Па мне дык гэты лепей гаворыць. Унь вочы якія! I побач... унь Антоні Вольха.
Пасіёра. Плач коціцца ад Узгорскага пасада і да Задунаўскага, і ўсёй вуліцай Вялікай, ад канца да канца. Воўк драпежны прыйшоў у
Iля. I нужнікі ў алтарах.
Пасіёра. Каб мір зберагчы, мы згадзіліся былі і на унію. Хай будуць два народы, польскі брат ды наш, пад адным началам папы. Хай бы пакінулі нам абрады нашы і мову...
Палікар. Уга! Мы – па-лацінску. Вы – па-славянску! I тое, і тое незразумелае.
Пасіёра. ...I родную нам мову ў к'aзанях. Тую, з якой нас бог у свет пусціў. Але пастыры-ваўкі загадваюць адарваць сэрца ад родных нам крыніц і мову сваю – забыць, стаўшы лацінянамі. А ў першым пасланні карынфянам сказана: “Бо калі я малюся на незнаёмай мове, то хаця дух мой і моліцца, але розум мой застаецца без плода”. Што ты на гэта, убоіска бязмозглае? Што нам з католікамі дзяліць? Людзі як людзі.
Галасы. За вунію роўных мы стаялі б.
Зуліся. А тое за вушы цягнуць! Хто да папы, хто да іншых чужынцаў? Як ні назаві ярмо, яно – ярмо.
Пасіёра. Цяпер яны, сыраядцы, захацелі пазбавіць нас апошняга, беднага, але нашага свята. Спакон вякоў на прачыстую свяцілі нашы людзі каласы. І вось яны захацелі, каб Маці, паміраючы, не блаславіла іх на ўваскрасенне.
Галасы. На кавалкі іх раздзерці! У Дзвіну іх!
Iля. Ды кіньце вы іх. Хай сваім смуродам дыхаюць. Бо яны ні палякі, ні русіны.
Зуліся. Ні мужчыны, ні жанчыны. Так, невядома хто. Пасярэдзіне.
Пасіёра. Ну чаго ты ўстраеш? Чаго?
Зуліся. А не лезь ты на ражон перад усімі. Ды хоць бы справай, а то... Гаворыш добра. Дзеўкі аж млеюць.
Пасіёра. Толькі ўжо я й на словах?
Зуліся. Не да той ты, сокал, са справай лезеш.
Бярозанька пасячона, Добра дзеўка пазычона. Ой, няпраўда твая, Заўжды лепшая свая.Пасіёра. Чаго ты чэпішся, чаго чэпішся, язва?
Вальгіна (з дакорам). Зуліся!
Зуліся. А, хадзем! Бабздыр! (Палікару.) Чаго вылупіўся?
Палікар. Я такіх, як ты, сто бачыў.
Зуліся.
Ой, хойна, хойна, З сотняй дзевак война. Сотня дзевак ялавіцы, Адна толькі дойна.Палікар Абрагімовіч махнуў рукою і пайшоў, на чале сваіх, прэч. Да Вольхі падыходзіць Пасіёра са сваімі людзьмі.