Званы Віцебска
Шрифт:
Кунцэвіч. Ну то і на ланцуг бы яе. Ілжэпрароцтва.
Еўга. Жар. Гарачы. Жар памятаю, Іване. У маленькай хатцы ў Вільні, у вулцы ля святадухаўскай царквы. Крык! Яна мела ў чэраве і крычала. Жанчына, адзетая ў сонца. Апакаліпсіс забыў, Іване?
Вольха. Ізахвата мірскае імя было Іван.
Еўга. Яна мела ў чэраве і крычала ад боляў і пакут нараджэння. Памятаеш, ты з ксяндзом Ельяшэвічам на страсную суботу на храм напаў. Дваццаць тры гады таму. Помсту, помсту нарадзіў ты тады... Без галоў усе. Ходзяць... I ты.
Кунцэвіч. Ты што? Ты што гэта гародзіш?
Еўга. У-га,
Кунцэвіч. Варта, ды што ж гэта такое?
Еўга. А я вось на вушка. На вушка нештачка табе шапяну, пакуль вушы маеш.
Біскуп, нібы бязвольна падпарадкоўваючыся вышэйшай сіле, не хочучы, схіляе галаву, і павітуха-юродка шэпча нешта яму на вуха.
Вось так, Іване. Вось так, Ізахват.
Кунцэвіч (спалатнеўшы). Не... Цур табе! Цур, вар’ятка. Не можа быці! Не можа быці!
Чалавек у цёмным падыходзіць да яго. Гэта езуіт Станіслаў Касінскі.
Езуіт. Ідзіце, біскуп. Вам нельга, вы зараз зваліцеся.
Кунцэвіч. Не. Не.
Езуіт (шэптам). Імем настаўнікаў вашых, а маіх братоў па ордэну Ісуса, Валенцыя Фабрыцыя і Гаўрыіла Грушэўскага, – ідзіце. Вазьміце сябе ў рукі.
Палікар. Варта. Узяць юродку і гэтых.
Кунцэвіч (амаль хістаецца). Пакіньце іх. (Нібы падстрэлены, ідзе прэч.)
Ропат. Што ты сказала яму, Еўга?
Еўга. Зведаеш, як людзі без галоў будуць хадзіць.
Дарафей (штурхае Еўгу). Ды я адным голасам цябе, старая шлюндра, да зямлі прыб’ю.
Ропат. Не руш старую. Не руш, кажу.
Дарафей (б’ецца). Я вас за абразу святому!
На яго наваліліся. Бойка ідзе шалёная.
У жалезы вас усіх. На ланцуг. Кляшчамі мяса рваць!
Яго выкінулі прэч.
Вольха. Шалёныя. Апантаныя. Ідзі адсюль, Багуся, ідзі, сонца маё залатое-святое. Яшчэ затопчуць, ірады.
Багуся. Пойдзем, Антоні. Пойдзем, любы.
Пасіёра. А заўтра мы пойдзем прасіць у яго нашых правоў. Прасіць міру. Пакуль што па-добраму прасіць. Я, Ропат, Іля і... ты, Вольха.
Ропат. I хай толькі паспрабуе стаць у нас на дарозе нейкі Палікар. Не будзе права – лезем на ражон.
Багуся. Ропат! Ропат! Вы ж на смерць ідзяце! Вы ж і яго на смерць ведзяце. На агонь. Я не вынесу, калі яму... калі вам – смерць! Злітуйцеся ж вы нада мною!
Палікар (сам сабе). Ну, Ропат, чакай. Сапраўды без галавы пойдзеш. Меч. Меч вам да апошняга.
Карціна
Пакой у доме арцыбіскупа. Скляпенні распісаныя фрэскамі, але на іх, пісаных “па-старому”, вісяць ужо сям-там “новыя”, італьянскія іконы. Стол, завалены рукапісамі і фаліянтамі, крэслы (адно біскупскае). Двое дзвярэй і тры шкляныя акны. За імі перазвон званоў. У пакоі Іасафат Кунцэвіч, езуіт Станіслаў Касінскі і, у крэсле ля дзвярэй, Палікар Абрагімовіч.
Палікар. Яны нават не падумалі пра тое, каб прывесці да ладу ваш палац.
Езуіт. Ну то што?
Палікар. Скупечы. Усё адно як... цара не еўшы спаць пакласці.
Кунцэвіч. Я не збіраюся тут жыць вечна.
Езуіт. Біскуп не збіраецца жыць тут вечна. А скруціць іхнім ерасям галовы – хопіць і месяца.
Кунцэвіч. Што там круціць? Амаль усё ўжо рукою ўлады ўзяў. Замест цэркваў у іх два шалашы. Адзін на Задунаўскім Заручаўі, ля валатовак.
Палікар. А другі – унь ён, за Дзвіною, насупраць прачыстай і гэтага дома.
Езуіт. Яно і добра, што на вачах.
Кунцэвіч. Астатняе ўсё запечатлелі і ўзялі. Так і адпішы. Ты што, Палікар?
Палікар. Страшна.
Кунцэвіч. А падыхаць у ерасі ім не страшна? А жаніцца пад плотам, як, не раўнуючы, псам? А балбатаць, што няма і не трэба ніякай улады Адамавага сына над такім жа сынам Адамавым, што і не трэба лепшых і горшых у дзяржаве, царкве і касцёле? I што не трэба розніцы ў законе, і павінна быць усё дзеля ўсіх, а веруй, як хто хоча – гэта ім сцвярджаць не страшна? Маўляў, мы “асуджаныя праўдай вечнай”. Вось хай і выбіраюць. Або падпарадкоўвайся, або смярдзі ў гнаі, як тое падла. Або ніякіх мараў аб былой славе і што самі яны нешта азначаюць, або... як і раней, будзем вывозіць гэты здохлы смурод толькі праз тую браму, праз якую сапраўдны смурод вывозяць. Той, што ў бочках.
Езуіт. Рацыя. Бо сіла ў адзінстве, пан Палікар, і за тое адзінства ён і ваюе. Каб усім іншым верам, якія хлусня, зламаць хрыбет.
Кунцэвіч. І да гэтага ўжо блізка. Гэта яны крычаць толькі, а на справе пікнуць ніхто не насмеліцца.
У гэты момант за вокнамі, у тупаце капытоў, грымнула песня.
Гэй, казачэйку, пане ж мой, далёк жа маеш домік свой? За Дзвіною пры Думаю там я сваю хату маю. Ліст зялёны, аздаблёны красным світам, густым лістам, – То мой дом, то пакой, Куліна. Гэй, казачэйку, пане ж мой, на чым жа будзе паязд мой? Пасаджу ця за бядрамі, прывяжу ця таракамі. Бог над намі, конь пад намі, ты са мною, я з табою. Пабяжым, паспяшым, Куліна [1] .1
Беларуская песня са зборніка 1604 года.