Званы Віцебска
Шрифт:
Кунцэвіч. О божа! Няўжо не разумееце, што я, хай сілаю, вяду вас да спакою, да адзінства? Каб не рэзалі адзін аднаго з-за догматаў, з-за таго, колькі пальцаў складаць для крыжа!
Ропат. Значыць, усім іншым народам набіць морду і пазбавіць усяго, каб была, значыцца, поўная ўжо еднасць.
Кунцэвіч. Адзінства-а, разумееце вы? Справа, аб якой людства марыць.
Пасіёра. Гэта была б харошая справа! Я ў ногі пакланіўся б таму, хто праводзіць такую добрую справу...
Кунцэвіч (стомлена). Ну
Пасіёра. ...каб толькі гэтая справа не была аддадзена ў брудныя рукі.
Вольха. Мы згаджаліся з уніяй. Мы лічылі, што задумай сваёй гэта – вялікая, святая справа, і таму тры гады падпарадкоўваліся табе, Ізахват.
Ропат. Аж пакуль не зразумелі, што ты, айцец святы, і іншыя такія... айцы святую справу зрабілі падманам, брыдотай, забойствам нашай зямлі, нашых людзей і свабоды, пакуль не ўбачылі, што ты – святы воўк, Ізахват.
Пасіёра. I гэта апошняе папярэджанне табе Віцебска. Парушыш спакой і закон – крыўдуй на сябе.
Паўза. Пасля выбухнуў Палікар.
Палікар. Нахабы, віцебскія свінні! Ды... галовы з іх дзерці! Ды аддай жа загад! Гвардыю сюды!
Ропат. Ну, калі ён хоча быці не толькі айчымам, але і сына забойцам і парушалькікам слова, – клічце служак.
Кунцэвіч (дрыжучы ад гневу). Я даў слова. Хай ідуць.
Езуіт. Чакай. Слова? Трымаць? Перад такімі?
Кунцэвіч. Адкасніся. Хай ідуць.
Езуіт. Дрэнна цябе вучылі.
Кунцэвіч. Хай дзякуюць лёсу. Хай ідуць.
Пасланцы ідуць да дзвярэй. I зноў за вокнамі песня.
Гэй, казачэйку, пане ж мой, ці далёка ж будзе домік твой? Ці бары, ці Запарогі – канец нашае дарогі? Тут казакі ўсе юнакі. Здабываюць. Прапіваюць. Што маюць – прайграюць, Куліна.Ропат. Чуеш? Тваю песню спяваюць, Вольха.
Вольха. Яшчэ адзін атрад.
Неша. А чаго гэта ты не спяваў: “Што маюць – прайграюць, Багуся”? Куліна нейкая.
Ропат. Змоўч!
Iля (ціха). Чаму ён вось так адпусціў нас? Ані пагрозы?
Ропат. Не ведаю.
Пайшлі.
Езуіт. Сорам табе, Кунцэвіч. Не толькі я – уся царква ад цябе адварочвае твар.
Палікар. Загадай, загадай –
Езуіт. Нейкія няясныя твае падазрэнні, нейкія здагадкі, домыслы – і вось ужо няма ранейшага воўка божага, а ёсць ануча.
Кунцэвіч. На мяне хочаш навесці смерць гэтых людзей? Не! Яны не панясуць свае галовы пад пахай.
Езуіт. То панясеш ты. (Мякка, але з прытоенай пагрозай.) Ды зразумей, няма ўжо табе шляху назад. Дазволь нагадаць, як ты да нас у Полацк прыйшоў?
Кунцэвіч.Памятаю. Студзень. Дзевятага. Снег сляпучы. Званы.
Езуіт. А хто цябе сустракаў ля самай заставы места?
Кунцэвіч. Усё рымскае духавенства. I на чале вы, езуіты.
Езуіт. Правільна. А калі мы да гэтага бывалі на сустрэчы праваслаўнага біскупа? Ніколі. Ergo – народ адразу зразумеў, чыя аброць дябе вядзе. Падазрэнне было спадарожнікам першага твайго кроку. А спадарожнікам другога была агіда. Бо звараціў ты масу народу.
Кунцэвіч. I мянушка мне за гэта стала “душахват”.
Езуіт. Так. А не паспеў памерці Гедэон Полацкі, як ты адкрыта пачаў “паўсюль усё знішчаць, а нясхільных катаваць пакутамі і прыўлашчываць манастыры воўчым правам”. I спадарожнікам трэцяга твайго кроку была нянавісць. Нават многія уніяты заразіліся ёю і адышлі. Але цябе не абразуміла і нянавісць. Аршанцы цябе ў Дняпры ўтапіць хацелі. Магілёўцы гарматы навялі, а пасля ім галовы секлі і прымусілі заплаціць дваццаць тысяч злотых. Інакі цябе ў Кіеве забілі б, каб не ўцёк. Так, уцёк ад пакутніцкага вянца. Ведаеш, што ён азначаў бы?
Кунцэвіч. Ведаю. Цяпер іду насустрач яму, не апускаючы вачэй. Мне ўсё адно – міне або не міне вуснаў маіх чаша сія... Да нядаўняга часу было ўсё адно... I таму я не аддам табе іхніх галоў.
Езуіт. Няўжо ты яшчэ не бачыш, што спадарожнікам чацвёртага твайго кроку стала ўсеагульная ярасць? I ты не сцяў ёй галавы, адпусціў яе.
Кунцэвіч (злавесна). Змоўч, Станіслаў Касінскі. Іначай я загадаю раздзерці цябе на кавалкі.
Карціна трэцяя
Царква-шалаш у Задзвінні. Над ёю і пералескам пахмурнае лістападаўскае неба. З шалаша далятаюць спевы, але там цесна, і таму частка народу стаіць звонку. Тут, уласна, усе гараджане, што ўдзельнічаюць у дзеянні. Чуваць гамонка, але нейкая прыглушаная, нібы яе гняце самое неба. Крыху ўбаку ад усіх, за дрэвамі, Ропат і Багуся.