150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі
Шрифт:
Экспансіянісцкая палітыка Вялікага Княства, уваходжанне ў яго склад велізарных абшараў Усходняй Эўропы надавала нашай дзяржаве характар імперыі. Асабліва гэта датычыць часоў Вітаўта, калі ўлада манарха была неабмежаванаю, межы гаспадарства сягалі Балтыйскага і Чорнага мораў, а пад яго пратэктаратам знаходзіліся Ноўгарад Вялікі, Пскоў і Разань.
Дый пазней Княства абвяшчала свае прэтэнзіі на першынства ў славянскім свеце і не толькі ў ім, напрыклад у перыяд княжання Сцяпана Батуры, калі нават паўстаў план крыжовага паходу «праз Маскву на Турэччыну». Але сказанае, вядома, менш за ўсё датычыць другой
У залежнасці ад дзяржаўна-палітычных межаў краіны ўдакладняўся і яе афіцыйны назоў. У ХІІІ-ХІV стагоддзях яна называлася Вялікае Княства Літоўскае, а часцей за ўсё проста Літва, пасля далучэння ўкраінскіх земляў гаспадарства атрымала найменне Вялікае Княства Літоўскае і Рускае. Затым, з уваходжаннем у яго склад Жамойці, а пазней Інфлянтаў ды іншых тэрыторыяў яго пачалі менаваць Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае, Інфлянцкае ды інш. Гэтакім чынам, назоў дзяржавы адлюстроўваў не федэратыўную будову, як гэта часта сцвярджаюць, а тэрытарыяльныя валоданні вялікага князя.
Палітычны лад Вялікага Княства Літоўскага — тыповая абмежаваная феадальная манархія на чале з вялікім князем. Ролю найвышэйшага заканадаўчага органа выконваў Галоўны з'езд (Сойм) шляхты, на які дэпутатаў абіралі праз дэмакратычныя выбары.
Паводле прынцыпаў дзяржаўнага і адміністрацыйнага ўпарадкавання Вялікае Княства з'яўлялася ўнітарнай краінай. Усялякія сепаратныя памкненні земляў, ваяводстваў, паветаў ці проста асобных моцных феадалаў расцэньваліся як парушэнне закону, дзяржаўнае злачынства і таму жорстка пераследваліся. Своеасаблівы феадальны «федэралізм» меў месца толькі на пачатку ўваходжання новых земляў у склад гаспадарства, у пэўны «пераходны перыяд», калі далучаныя абшары «асвойваліся». Але ён, як правіла, з часам разбураўся пад націскам агульнай унітарнай тэндэнцыі, што панавала ў Беларускай дзяржаве, асабліва з канца ХІV стагоддзя, калі Вітаўт на працягу 1392–1396 гадоў дарэшты зліквідаваў сістэму мясцовага (удзельнага) княжання. З другой паловы ХV стагоддзя цэнтралізацыйныя працэсы яшчэ больш паскорыліся, бо набылі вагу агульнагаспадарскія законы.
Такім чынам, Вялікае Княства Літоўскае — гэта спецыфічнае дзяржаўнае ўтварэнне, што існавала ў ХІІІ-ХVІІІ стагоддзях у геаграфічным цэнтры Эўропы, пераемніцай якога — пасля працяглага знаходжання нашых земляў у складзе Расейскай імперыі — была Беларуская Народная Рэспубліка, абвешчаная 25 сакавіка 1918 года, у пэўнай меры ўтвораная ў 1919–1920 гадах Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, і, нарэшце, сёння пераемніцай гістарычных і культурных традыцый Вялікага Княства Літоўскага з'яўляецца суверэнная Рэспубліка Беларусь.
46. Чаму ў Беларусі маскоўскага цара Івана ІV называюць Жахлівым?
Маскоўскі цар Іван ІV (1530–1584) увайшоў у беларускую гісторыю як захопнік і кат: распачаўшы вайну супраць Вялікага Княства, у 1563 годзе захапіў Полацак, у якім чыніў жудасныя забойствы, дзесяткі тысяч людзей выводзіў у няволю, рассылаў па Беларусі карныя аддзелы для расправы над простым людам. За 16 гадоў панавання ягоных
Не менш крыві ліў Іван ІV і ў сваёй дзяржаве, дзе гады апрычніны сталіся сапраўднай вакханаліяй садызму. Прыкладам, у Ноўгарадзе Вялікім узімку 1570 года апрычнікі больш за месяц забівалі па 500-1000 чалавек штодзённа. Ды вось жа дзіва: у памяць свайго народа каранаваны маньяк увайшоў як жорсткі, але справядлівы суддзя, «грозный царь Иван Васильевич». Спрыялі гэтаму асаблівасці расейскага нацыянальнага характару, у прыватнасці манархісцкія ілюзіі. Адсюль — апалогія тыранства, ідэалізацыя гэтага цара ў расейскай гістарычнай літаратуры.
У Беларусі ж успрыманне Івана ІV адпавядала ягоным чорным справам. Тут, як і ў іншых эўрапейскіх краінах, дзе хадзілі жудасныя чуткі пра яго неверагодную лютасць, маскоўскі цар быў не «грозны», а жахлівы. У ангельскую мову ён так і ўвайшоў як John Terrible, у нямецкую — як Iwan der Schrekliche. І ў беларускай гісторыі гэта Іван Жахлівы.
47. З кім біліся нашыя продкі на Іван-полі?
Захапіўшы ў 1563 годзе, пад час Лівонскай (або Інфлянцкай) вайны беларускае Прыдзвінне, маскоўцы ўвялі жорсткія акупацыйныя парадкі. Сялянаў і гараджан гналі ў Масковію або змушалі цалаваць крыж на вернасць цару і ваяваць супроць братоў.
Паслам вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, якія прыехалі ў Маскву падпісаць замірэнне, Іван ІV паставіў загадзя невыканальную ўмову — аддаць яму Інфлянты і Полацкую зямлю. Між тым у часе перамоваў царскія палкі ўжо збіраліся ў Вязьме, Дарагабужы і Смаленску ў новы паход. Царскаму намесніку ў Полацку Шуйскаму было загадана сустрэцца паблізу Воршы з ваяводамі, і, выпальваючы «Літву», ісці на Менск і Наваградак.
У студзені 1564 года Шуйскі з 25-тысячным войскам выступіў з Полацка. Ён ішоў, быццам па сваёй зямлі, - дазоры наперад не пасылаў, панцыры і зброю вёз на санях.
Даведаўшыся пра перамяшчэнне акупантаў, найвышэйшы гетман Мікалай Радзівіл Руды, што стаяў у Лукомлі, узяў з сабою адборных коннікаў і 26 студзеня 1564 года на беразе Вулы каля вёскі Іванск (цяпер у Чашніцкім раёне) раптоўна ўдарыў па ворагу. Стральцы не паспелі ні надзець панцыры, ні стаць у шыхты. Сеча доўжылася пяць гадзін, а пад вечар маскоўцы, кінуўшы абоз, пабеглі. Ваяры Вялікага Княства да глыбокае ночы ў месяцавым святле пераследвалі і дабівалі захопнікаў. Радзівілу чынна дапамагалі тамтэйшыя жыхары. Просты селянін з Іванска забіў сякераю самога ваяводу Пятра Шуйскага.
Ад куляў, шабляў і дзідаў на Іван-полі палегла блізу дзевяці тысяч маскоўцаў і прыкладна столькі ж патанула. Як сведчыў краніст Мацей Стрыйкоўскі, мноства чалавечых касцей на месцы бітвы можна было ўбачыць яшчэ і праз дваццаць гадоў. Пераможцы захапілі дванаццаць ваяводаў і абоз з трох тысяч вазоў.
Бліскучая перамога на Вуле сарвала планы царскіх ваяводаў, змусіўшы іх павярнуць свае палкі ад Воршы назад.
48. Што такое «валочная памера»?