150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі
Шрифт:
57. Хто такі Астафей Валовіч?
Астафей Валовіч (каля 1520–1587) — выдатны палітычны дзяяч эпохі Адраджэння, які нарадзіўся на Гарадзеншчыне. Ён адыграў выключную ролю ў гісторыі нашага гаспадарства. На працягу жыцця Валовіч займаў галоўныя пасады ва ўрадзе Вялікага Княства: найвышэйшага пісара, маршалка дворнага, земскага падскарбія (1561–1566), падканцлера (1566–1579), канцлера (1579–1584), троцкага кашталяна (1569–1579), віленскага кашталяна (з 1579) і, нарэшце, віленскага ваяводы (1584–1587).
Неардынарны талент Астафея Валовіча выявіўся ў часе падрыхтоўкі і рэдагавання другога Статута Вялікага Княства 1566 года. Ён прыклаў неверагодна шмат сілаў, каб і ў законах, і ў жыцці адстаяць незалежнасць Беларусі пасля падпісання ганебнай Люблінскай вуніі 1569 года. Як земскі падскарбі Валовіч кіраваў найскладанейшай, але надзвычай неабходнай гаспадарству зямельнай рэформай сярэдзіны ХVІ стагоддзя, якая атрымала назоў «валочная памера». Узначальваючы Дзяржаўную Канцылярыю, ён праявіў выдатныя дыпламатычныя здольнасці, праводзячы замежную палітыку, накіраваную на ўмацаванне Беларускага гаспадарства.
А.Валовіч вызначаўся асабістай мужнасцю. Ён быў сярод тых людзей, хто пад сваімі харугвамі вёў беларускае рыцарства да перамогі над Масковіяй у часы надзвычай цяжкай Інфлянцкай вайны.
Да таго ж А.Валовіч быў шчодрым мецэнатам. Усведамляючы ролю асветы, пашырэння навукі, ён увесь час дбаў пра развіццё друкарняў, ахвяраваў шмат сродкаў на выданне кніг, утрыманне школаў і навучанне дзяцей. Высокаадукаваны чалавек, А.Валовіч выдатна ўсведамляў, што без асветы, без клопату пра моладзь нацыя не мае будучыні.
58. Хто такі Леў Сапега?
Леў Сапега (1557–1633) — зорка першай велічыні на небасхіле палітычнай гісторыі Беларусі. Ён нарадзіўся ў маёнтку Астроўна на Віцебшчыне ў шляхоцкай сям'і. Л.Сапега атрымаў бліскучую адукацыю — спачатку ў Нясвіжскай пратэстанцкай школе, а затым у Ляйпцыгскім універсітэце; свабодна валодаў пяццю мовамі.
Па вяртанні з Нямеччыны Л.Сапега быў заўважаны Сцяпанам Батурам і прыняты на службу да вялікага князя. У 1579–1582 гадах на чале харугвы ён ваяваў супраць маскоўцаў.
У 1584 годзе Л.Сапега ўзначаліў надзвычай адказнае пасольства ў Маскву, у часе якога выявіў неардынарныя дыпламатычныя здольнасці, дамогшыся падпісання вельмі выгаднага для Беларусі «вечнага міру», за што і быў у 1585 годзе прызначаны на пасаду падканцлера.
Як падканцлер, а з 1589 года як канцлер Л.Сапега кіраваў замежнай палітыкай Беларускага гаспадарства і прыкметна ўплываў на нутраное жыццё краіны. Першарадная заслуга Л.Сапегі ў тым, што ён падрыхтаваў і дамогся зацверджання Статута 1588 года, які гарантаваў эканамічную і палітычную незалежнасць Вялікага Княства ад суседніх Польшчы і Масковіі. Істотна й тое, што ён ужо тады быў прыхільнікам не абагоўленай манархіі, а моцнай дэмакратычнай, прававой дзяржавы, дзе, паводле яго словаў, «павінны панаваць законы, а не асобы».
Л.Сапега адыграў вызначальную ролю ў часе буйных ваенных кампаніяў на ўсходзе ў 1609–1611 і 1617–1618 гадах. Дзякуючы ягонай асабістай мужнасці і палітычнаму таленту Беларускае гаспадарства тады прыкметна пашырыла межы, вярнуўшы свае старадаўнія землі. Так, паводле ўмоваў Дзявулінскага замірэння ад 1 снежня 1618 года Вялікаму Княству вярталіся Смаленск, Дарагабуж, Белы, Старадуб,
Пра незвычайнасць асобы Л.Сапегі, яго глыбокі патрыятызм асабліва сведчыць той факт, што ў часе вайны Вялікага Княства са Швецыяй, у 1625–1629 гадах, ён ахвяраваў амаль усю сваю маёмасць на ўтрыманне войскаў, зрабіўшы ўсё магчымае дзеля выратавання Бацькаўшчыны ў тую чорную часіну.
Дзякуючы чыннасці Л.Сапегі нашае гаспадарства не толькі здолела захаваць сваю незалежнасць у складаны гістарычны момант, але й перажыло новы перыяд эканамічнага ды культурнага росквіту, які поўным правам можна назваць «эпохаю Лева Сапегі».
59. Калі была выдадзеная першая беларуская граматыка?
На ХV-ХVІІ стагоддзі прыпадае перыяд росквіту старабеларускай літаратурнай мовы. У тагачаснай Эўропе, як сведчыць гісторык Ё.Первольф, валоданне чэшскай і беларускай мовамі было адзнакай вышэйшага тону. Напачатку нават польская арыстакратыя, выхаваная на ўзорах чэшскага этыкету, з вялікай пашанай ставілася да ўсяго беларускага. Невыпадкова дзеячы польскай культуры разглядалі нашу мову як крыніцу ўзбагачэння сваёй. Так, Гжэгаж Кнапскі, вядомы складальнік польска-грэцкага слоўніка (1621), які быў гарачым прыхільнікам чысціні роднае мовы, тым не менш увёў у свой слоўнік шмат беларускай лексікі.
Варта падкрэсліць таксама плённы ўплыў беларускай кніжнасці ХV-ХVІІ стагоддзяў на станаўленне літаратурнай мовы нашых усходніх суседзяў, пра што сёння яны неахвотна ўспамінаюць. Неўпарадкаванасць тагачаснай пісьмовай мовы Масковіі выклікала імкненне да актыўных кантактаў з нашай філалагічнай культурай, вымушала маскоўскіх кніжнікаў звяртацца да вопыту старабеларускай мовы, якая дасягнула ў тым часе высокай ступені дасканаласці, даволі арганічна спалучыўшы і сабе кніжную і размоўную плыні.
Менавіта ў гэтым часе нашымі кніжнікамі было створана пяць граматык, розных паводле свайго характару і прызначэння: ананімная граматыка з друкарні Мамонічаў, граматыка-буквар Івана Фёдарава, граматыка Лаўрэна Зізанія, граматыка Мялета Сматрыцкага і граматыка Івана Ўжэвіча.
Першая з іх пад назовам «Кграматыка словеньска языка» пабачыла свет у Вільні, у славутай друкарні Кузьмы і Лукаша Мамонічаў 8 кастрычніка 1586 года. Як адзначана ў пасляслоўі, яна выдадзеная па просьбе жыхароў сталіцы Вялікага Княства Літоўскага.
Сярод папярэднікаў гэтага падручніка варта адзначыць буквар-граматыку Івана Фёдарава, надрукаваную ў Альбове ў 1574 годзе і перавыдадзеную ў сярэдзіне 90-х гадоў у Вільні братамі Мамонічамі.
Выданнем больш дасканалым, класічнай граматыкай уласна беларускай мовы з'яўляецца падручнік Лаўрэна Зізанія (выдадзены ў друкарні Віленскага брацтва ў 1596 годзе), які побач з ягонымі «Азбукай» і «Лексісам» годна прадстаўляе ранне беларускай філалогіі.
Вяршыняй жа славянскай лінгвістычнай думкі эпохі Сярэднявечча лічыцца «Граматіки Словенския правилное синтагма» Мялета Сматрыцкага (выдрукавана ў 1619 годзе ў Еўі, пад Вільняй). Гэтую граматыку поруч з «Псалтырам рыфматворным» С.Полацкага М.Ламаносаў назваў «вратами своей учености». Граматыка М.Сматрыцкага сапраўды была «брамаю вучонасці» — і не толькі для расейскага, а для ўсіх славянскіх народаў — да з'яўлення граматык новага часу.