150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі
Шрифт:
Палякі гэтаксама здаўна карысталіся тэрмінам «рэч паспалітая» («rzecz pospolita») і да Люблінскага Сойму ўжывалі яго выключна як сінонім свайго гаспадарства, сваёй дзяржавы — Польскага Каралеўства. Аднак у 1569 годзе, у цяжкі для нашай Бацькаўшчыны момант, яны абвясцілі, што Вялікае Княства Літоўскае зліквідоўваецца як самастойная дзяржава, улучаецца ў склад Польшчы і, такім чынам, утвараецца адна «рэч паспалітая» (дзяржава) — Польскае Каралеўства, што й было зафіксавана імі ў Заключным Акце Люблінскага Сойму. З таго моманту яны заўсёды пачалі гэтак гаварыць і пісаць, прызнаючы толькі адну «рэч паспалітую» — Польскую
Нашыя продкі так ніколі не лічылі. І так сапраўды ніколі не было. А тое, што Вялікае Княства Літоўскае заставалася юрыдычна незалежнай дзяржавай — Беларускай рэчай паспалітай да 3 траўня 1791 года і нават пазней, — доказ тэндэнцыйнасці польскай гістарычнай навукі. Да канца ХVІІІ стагоддзя ў Вялікім Княстве Літоўскім дзейнічаў свабодны, выбарны заканадаўчы орган — Галоўны З'езд (Вальны Сойм); працаваў юрыдычна незалежны ўрад і мясцовая адміністрацыя; была свая ўстанова замежных справаў — Дзяржаўная Канцылярыя; існавала самастойная фінансавая і эканамічная палітыка; уласны дзяржаўны скарб; асобныя карныя структуры і вайсковыя фармаванні; свая сістэма ганаровых званняў і пасадаў. А галоўнае, тут дзейнічалі ўласныя законы, сабраныя ў Статуце, якія якраз былі юрыдычным падмуркам незалежнага Беларускага гаспадарства.
Такім чынам, аніякага новага дзяржаўнага ўтварэння, што нібыта ўзнікла ў 1569 годзе і праіснавала да канца ХVІІІ стагоддзя, уключаючы беларускія й польскія землі, не было. І да 1569 года і пасля яго існавалі дзве незалежныя дзяржавы — Польскае Каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае, якія сапраўды мелі шчыльныя палітычныя кантакты, што выяўлялася пераважна ў дзвюх сферах: па-першае, спалучэнне ў адной асобе гаспадара Беларускай дзяржавы, які тытулаваўся «вялікім князем», і гаспадара Польшчы, які тытулаваўся «каралём»; па-другое, правядзенне агульных вальных Соймаў, паслы на якія выбіраліся асобна (на агульназемскіх Соймах Вялікага Княства і Польшчы), па чарзе то ў адным, то ў другім гаспадарстве.
Вялікае Княства Літоўскае і Польшча нярэдка аб'ядноўвалі свае намаганні з мэтай супольных ваенных дзеянняў — абароны ад варожых нападаў ці здзяйснення буйнамаштабных кампаніяў, як, да прыкладу, паходаў на Маскоўшчыну ў 1609–1611 і 1617–1618 гадах.
Часам дзве суседнія дзяржавы ўзгаднялі і свае замежнапалітычныя дзеянні, развязвалі агульныя дыпламатычныя задачы.
Але палітычныя, вайсковыя і дыпламатычныя хаўрусы зусім не азначаюць, што нейкае з гаспадарстваў у выніку перастае існаваць. На працягу доўгага часу блізкія ўзаемныя стасункі былі ў аднолькавай ступені вельмі выгадныя абедзвюм дзяржавам.
Менавіта вайскова-палітычны хаўрус «абодвух народаў», іх «агульныя справы» ў ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях сапраўды называліся «рэчай паспалітай абодвух народаў», што і дало падставы пазнейшым гісторыкам гаварыць пра існаванне нібыта адзінай дзяржавы. Але гэтае сцверджанне не адпавядае гістарычным рэаліям. Што ж да магчымасці ўжывання словазлучэння «рэч паспалітая» (у сэнсе «дзяржава», «гаспадарства») сёння, то, каб пазбегнуць тэрміналагічнай блытаніны і, нарэшце, захаваць навуковы падыход да гістарычных з'яваў, варта было б пісаць: Польская рэч паспалітая як сінонім Польскага Каралеўства і Беларуская рэч паспалітая як сінонім Вялікага Княства Літоўскага.
51. Якое
Сцяпан Батура (1533–1586) увайшоў у беларускую гісторыю як адзін з сама моцных і дзейных вялікіх князёў. Паходзіў ён з роду Баторыяў Шомлё і быў сынам трансільванскага (ці, як казалі тады, сямігародскага) ваяводы. Вучыўся ў Італіі, у Падуанскім універсітэце. Трапіўшы ў палон да немцаў, не марнаваў там часу, а вывучаў працы рымскіх гісторыкаў, удасканальваў сваю адукацыю. У 1571 годзе Батуру абралі князем Трансільваніі (цяпер тэрыторыя Румыніі).
У 1576 годзе Сцяпан Батура каранаваўся ў Вільні на вялікага князя. Ён пісьмова гарантаваў самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага, раўнапраўнасць у хаўрусе з Польшчай (што фактычна касавала пастановы Люблінскага Сойму 1569 года), абавязваўся пашыраць межы нашай дзяржавы, не прызначаць военачальнікамі палякаў.
У нашай гісторыі Сцяпан Батура ўславіўся перадусім як палкаводзец. Войска пад яго кіраўніцтвам правяло шэраг паспяховых аперацый па вызваленні земляў Беларусі, захопленых Маскоўшчынай на пачатку Інфлянцкай вайны. У 1579 годзе быў вызвалены Полацак, які 16 гадоў знаходзіўся пад акупацыяй, а затым Вяліж, Усвят, Невель, Вялікія Лукі, Старая Руса ды іншыя гарады, узяты ў аблогу Пскоў. Усё гэта прыспешыла сканчэнне спусташальнай для нашай краіны вайны і падпісанне ў 1582 годзе 10-гадовага замірэння з Масквою.
Вядомы Сцяпан Батура і як рэфарматар, тонкі дыпламат ды мецэнат навукі. Яго дбаннем у 1581 годзе быў утвораны, а з 1582 года пачаў дзейнічаць так званы Галоўны Трыбунал — найвышэйшы апеляцыйны суд Вялікага Княства Літоўскага. Пад час княжання Сцяпана Батуры, у 1579 годзе, была заснаваная Віленская акадэмія, першая вышэйшая навучальная ўстанова на беларускай зямлі, а праз год — Полацкі калегіум.
Галоўнай і ўлюбёнай рэзідэнцыяй Сцяпана Батуры была Горадня. Замак, які захаваўся яшчэ з часу Вітаўта Вялікага, быў перабудаваны ў новы раскошны палац у стылі рэнесансу.
Пасля смерці Івана ІV Жахлівага Сцяпан Батура выношваў планы авалодання Маскоўскай дзяржавай і рыхтаваў буйны паход «праз Маскву на Турэччыну». Але гэтыя планы засталіся няздзейсненымі. 12 снежня 1586 года ў Гарадзенскім замку вялікі князь памёр.
З імем Сцяпана Батуры звязаная і важная падзея ў гісторыі медыцыны Беларусі. Дзеля разыходжання дыягназаў, пастаўленых рознымі лекарамі і высвятлення праўдзівай прычыны смерці 14 снежня таго года была зробленая секцыя ягонага цела. Гэта было першае паталагаанатамічнае ўскрыццё на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы.
52. Што такое Рэфармацыя?
Рэфармацыя (ад лацінскага reformatio — пераўтварэнне, выпраўленне) — шырокі грамадскі і рэлігійны рух, які пачаўся з дзейнасці Яна Гуса (1371–1415) у Чэхіі і Марціна Лютэра (1483–1546) у Нямеччыне. Ён узнік як пратэст (адсюль яго другі назоў — пратэстанцтва) супраць каталіцкага касцёла, перадусім масавага продажу індульгенцыяў (набыццё якіх нібыта пазбаўляла чалавека ад грахоў), маральнай разбэшчанасці герархаў, неапраўдана жорсткай царкоўнай дысцыпліны, строгай падпарадкаванасці папу рымскаму.