150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі
Шрифт:
66. Хто такі Язафат Кунцэвіч?
Язафат Кунцэвіч (1580–1623) — полацкі грэцка-каталіцкі (вуніяцкі) арцыбіскуп, які пасля сваёй пакутніцкай смерці быў залічаны да святых і глыбока шануецца братамі па веры.
Ён нарадзіўся ва Ўладзіміры-Валынскім на Ўкраіне ў сям'і выхадцаў з Беларусі. Пераняўшы ад бацькі-шаўца любасць да кнігаў, юнак прыехаў па навуку ў Вільню, дзе зрабіўся прыхаджанінам вуніяцкай Святатраецкай царквы і спяваў там у хоры. Віленскі мітрапаліт Іпат Пацей адправіў маладога здольнага верніка вучыцца ў Віленскую акадэмію, а потым сам пастрыг яго ў манахі.
Неўзабаве
Уводзячы на беларускіх землях новую веру, уладыка Язафат, як кажуць факты, не шкадаваў ні сябе, ні іншых. Кунцэвічу супрацьстаялі аб'яднаныя ў брацтвы праваслаўныя месцічы, якіх падтрымлівала яшчэ шматлікая праваслаўная шляхта. Гэты канфлікт небяспечна абвастрыў канстанцінопальскі патрыярх, які ў 1620 годзе, вяртаючыся з Масквы праз нашу краіну, паставіў на ўжо занятыя вуніятамі епархіі праваслаўных епіскапаў.
Увосень 1623 года Кунцэвіч прыехаў у Віцебск, каб уціхамірыць места, развярэджанае сваім супернікам, праваслаўным архіепіскапам Мялетам Сматрыцкім, які адлучыў уладыку Язафата ад царквы. Гэта было яго апошняе падарожжа. 12 лістапада ўзброены натоўп змоўшчыкаў напаў на арцыбіскупаў дом каля царквы Багародзіцы. Як сведчаць судовыя дакументы, забойцы двума ўдарамі бердыша рассеклі ўладыку галаву, а потым «доўга нявечылі яго і пасля смерці». Цела Кунцэвіча скінулі з Прачысценскай гары, а затым, прывязаўшы да ног і шыі цяжкія камяні і насыпаўшы камення ў валасяніцу, утапілі ў Дзвіне.
Паданне сцвярджае, што ўладыку знайшлі па снопе святла, якое ішло проста з ракі. Парэшткі арцыбіскупа пасля ўрачыстага адпявання пахавалі ў Полацкім Сафійскім Саборы, але потым іх неаднаразова перазахоўвалі ў Беларусі і за яе межамі.
У 1867 годзе папа Пій ІХ абвясціў уладыку Язафата святым. Ад 1963 года ягоныя мошчы спачываюць у галоўным храме каталікоў свету — рымскім саборы св. Пятра ў алтары Васіля Вялікага.
67. Што такое «Літоўская метрыка»?
Такі назоў мае дзяржаўны архіў канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага. У ім захоўваюцца дакументы з палітычнай і сацыяльна-эканамічнай гісторыі Вялікага Княства, а таксама юрыдычных, царкоўна-рэлігійных і культурных дачыненняў у ХІV-ХVІІІ стагоддзях. Кнігі Метрыкі падзяляюцца на судовыя і публічных спраў, дзе змяшчаюцца вялікакняскія прывілеі, уставы, соймавыя пастановы, перапісы войска ды інш.; кнігі запісаў, у якіх пераважаюць вялікакняскія граматы; пасольскія кнігі, што ўтрымліваюць міждзяржаўныя пагадненні, дыпламатычную перапіску, «навукі» паслам і да т. п.; кнігі перапісаў са звесткамі пра замкі і дзяржаўныя зямельныя ўладанні; кнігі арэндаў; кнігі данін і некаторыя іншыя. Мова дакументаў да пачатку ХVІІІ стагоддзя ў асноўным беларуская, пазней пераважна польская, сустракаецца таксама лаціна.
Фонд «Літоўскай Метрыкі» — гэта энцыклапедыя беларускай мінуўшчыны, без матэрыялаў якой не можа абысціся ніводны яе даследнік. Паводле словаў акадэміка Ўладзіміра Пічэты, «Літоўская Метрыка — збор дакументаў надзвычайнай каштоўнасці, на падставе якіх можна ўзнавіць побыт, культуру беларускага народа, эканамічную і сацыяльную структуру грамадства». На працягу ХІХ-ХХ стагоддзяў частка матэрыялаў Метрыкі была апублікаваная ў зборніках. Архіў канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага напачатку захоўваўся ў Троках, затым у Вільні, Варшаве, а зараз у асноўным у Маскве, у Расейскім дзяржаўным архіве старажытных актаў. Да нашага часу
Летувіскія навукоўцы (яны лічаць Метрыку сваёй гістарычна-культурнай спадчынай) ажыццяўляюць сёння шырокую праграму яе акадэмічнага выдання.
68. Калі быў заснаваны першы ўніверсітэт у Беларусі?
Першаю гуманітарнаю школай універсітэцкага тыпу была яшчэ грэцка-лацінска-славянская акадэмія ў Смаленску, заснаваная блізу 1130 года, і першым яе рэктарам стаў грэк Мануіл. Вышэйшай навучальнай установаю з гуманітарным ухілам была і Віленская катэдральная каталіцкая школа, закладзеная ў 1387–1388 гадах.
Аднак першым сапраўдным універсітэтам у Беларусі сталася Віленская езуіцкая акадэмія. Езуіты, запрошаныя ў Вялікае Княства Літоўскае віленскім біскупам Валяр'янам Пратасевічам у 1569 годзе, праз год адчынілі ў Вільні — старадаўным цэнтры беларускае культуры і дзяржаўнасці — свой калегіум, які ў 1579 годзе прывілеем вялікага князя Сцяпана Батуры быў ператвораны ў акадэмію з усімі правамі эўрапейскага ўніверсітэта.
Кантынгент студэнтаў Віленскае акадэміі складаўся пераважна з беларусаў. Выхадцамі з беларускіх земляў былі і бальшыня выкладчыкаў. Там вучыліся або выкладалі выдатныя дзеячы навукі і культуры: прапаведнік і красамоўца Пётра Скарга, паэт і тэарэтык літаратуры, «хрысціянскі Гарацый» Мацей Казімір Сарбеўскі, гісторык Альберт Віюк Каяловіч, педагог Арон Аляксандар Алізароўскі, лексікограф Гжэгаж Кнапскі, матэматык Освальд Кругер, пісьменнік і філолаг Мялет Сматрыцкі, філосаф Марцін Сміглецкі, выдатны класічны паэт Міхал Карыцкі, архітэктар Лаўрын Гуцэвіч, гонар беларускае барочнае паэзіі Сымон Полацкі ды інш. У розны час вучнямі Акадэміі былі дзеці беларускіх магнатаў ды найбольш знанае шляхты: Радзівілаў, Сапегаў, Пацаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, Завішаў, Валовічаў…
Да сярэдзіны ХVІІ стагоддзя ў езуіцкіх навучальных установах (як, дарэчы, і ў іншых каталіцкіх, а таксама ў вуніяцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх) мовамі навучання былі беларуская і лацінская. Але па меры паланізацыі шляхты з другое паловы ХVІІ стагоддзя адбываўся пераход на польскую мову.
Апрача Акадэміі да сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі не менш як 16 толькі езуіцкіх школаў гуманітарнага профілю, з іх 9 вышэйшых — у Полацку, Пінску, Нясвіжы, Горадні, Амсціславе, Новагародку, Воршы, Віцебску, Берасці — ды 7 поўных сярэдніх — у Менску, Магілеве, Слоніме, Слуцку, Жодзішках, Бабруйску, Мерачы. Прычым вышэйшыя калегіумы адрозніваліся ад акадэміі (універсітэту) не роўнем адукацыі, а толькі адсутнасцю некаторых правоў, напрыклад, не былі аўтаномныя, не вызваляліся ад падаткаў, не маглі надаваць вучоных ступеняў.
Апрача таго, у Беларусі існавалі шматлікія праваслаўныя (як, да прыкладу, вышэйшая Брацкая школа ў Вільні), вуніяцкія, пратэстанцкія навучальныя ўстановы, а таксама школы іншых каталіцкіх ордэнаў — піярскія, дамініканскія, бернардзінскія.
У 1812 годзе ў акадэмію з правамі ўніверсітэту быў ператвораны вышэйшы езуіцкі калегіум у Полацку (заснаваны ў 1580 годзе). Полацкая акадэмія праіснавала да 1820 года і была зачыненая царскім урадам як «неблагонадежная». Следам за ёю быў зліквідаваны Віленскі ўніверсітэт (у 1832 г.) ды іншыя даўныя гуманітарныя ўстановы. У Беларусі не засталося ніводнае вышэйшае школы. Замест пазачыняных навучальных асяродкаў пачалі стварацца расейскія «народные училища» ды іншыя русіфікатарскія ўстановы з даволі нізкім роўнем навучання. Дэструкцыя адукацыйнае сістэмы ішла поруч са спыненнем дзеяння Статута і дэмакратычных інстытуцыяў, заменай адміністрацыі, фальшаваннем гісторыі краю. Беларусь такім чынам ператваралася ў задворкі Расейскае імперыі.