Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Оруэлл Джордж

Шрифт:

З нейкім пажадлівым хрустам у суставах ён падняўся па сходах у пакойчык над крамай пана Чэрынгтана. Ён быў стомлены, але спаць ужо не хацелася. Ён расчыніў акно, запаліў маленькі брудны керагаз і паставіў вады на каву. Хутка павінна была прыйсці Джулія, а пакуль што перад ім была Кніга. Ён сеў у стары праседжаны фатэль і расшпіліў раменьчыкі партфеля. Гэта быў цяжкі чорны том, пераплецены саматужна, без імя аўтара і тытула на вокладцы. Друк таксама выглядаў трохі няроўным. Старонкі з краёў абтрапаліся і гарталіся лёгка, быццам кніга прайшла ўжо праз мноства рук. На першай старонцы стаяў такі надпіс:

ЭМАНУІЛ ГОЛЬДШТЭЙН
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА АЛІГАРХІЧНАГА КАЛЕКТЫВІЗМУ

Ўінстан прачытаў далей:

Раздзел першы

Няведанне — гэта сіла

На працягу ўсіх гістарычных эпох, па ўсёй верагоднасці з канца неаліту, у свеце існавала тры катэгорыі людзей: Вышэйшыя, Сярэднія і Ніжэйшыя. Яны ў сваю чаргу дзяліліся на розныя драбнейшыя групы, насілі незлічоную колькасць розных найменняў, іх лічбавыя прапорцыі, а таксама ўзаемныя дачыненні мяняліся ад стагоддзя да стагоддзя.

Аднак фундаментальная будова чалавечага грамадства не мянялася ніколі. Нават пасля вялізных зрухаў і нібыта незваротных перамен заўсёды сама па сабе ўсталёўвалася тая самая структура, гэтаксама як гіраскоп заўсёды імкнецца да раўнавагі, у які бок яго б ні схілялі.

Мэты гэтых трох груп абсалютна несумяшчальныя паміж сабою…

Ўінстан прыпыніў чытанне, каб адчуць усю асалоду таго, што можна вось так утульна і бяспечна сядзець і чытаць. Ён быў адзін: ні тэлегляда, ні вуха пры дзвярах, ні баязлівага памкнення азірнуцца цераз плячо ці прыкрыць рукою старонку кнігі. Пяшчотнае летняе паветра лашчыла яму твар. Аднекуль здалёк прыглушана чуліся дзіцячыя галасы. У самім пакоі — ані шолаху, толькі, нібы нейкі шашаль, цікаў гадзіннік. Ўінстан залез глыбей у фатэль і паклаў ногі на камінную кратку. То была шчаснасць, то была вечнасць. І раптам, як часам робіш, калі ведаеш, што ўсё роўна прачытаеш і перачытаеш усю кнігу да апошняга слова, ён разгарнуў яе на іншай старонцы, і яму трапіўся Раздзел трэці. Ён чытаў далей:

Раздзел трэці

Вайна — гэта мір

Падзел свету на тры вялікія звышдзяржавы быў падзеяй, якую можна было прадбачыць і якая фактычна была прадказаная да сярэдзіны дваццатага стагоддзя. З далучэннем Эўропы да Расеі і Брытанскай імперыі да Злучаных Штатаў дзве з трох сучасных вялікіх дзяржаў — Эўразія і Акіянія — па сутнасці, склаліся. Трэцяя — Усходазія — вызначылася як выразная адзінка толькі пасля бязладных баёў наступнага дзесяцігоддзя. Граніцы паміж трыма звышдзяржавамі ў некаторых месцах адвольныя, у іншых яны мяняюцца залежна ад ваенных поспехаў, але ў цэлым яны адпавядаюць геаграфічным абрысам. Эўразія ахоплівае ўсю паўночную частку эўрапейскага і азіяцкага кантынентаў, ад Партугаліі да Берынгавага праліва. Акіянія ўключае ў сябе абедзве Амерыкі, выспы Атлантыкі разам з Брытанскімі выспамі, Аўстралазію і Паўднёвую Афрыку. Усходазія, меншая за дзве папярэднія, з менш выразнай заходняй граніцай, уключае Кітай з паўднёвымі прылегласцямі, Японскія выспы і вялікую, але зменлівую частку Манчжурыі, Манголіі і Тыбету.

Згрупаваныя паміж сабою тым або іншым чынам, гэтыя тры звышдзяржавы на працягу дваццаці пяці гадоў бесперапынна знаходзяцца ў стане вайны. Аднак вайна болей не з'яўляецца адчайнай барацьбой, скіраванай на знішчэнне супраціўніка, як гэта было ў першыя дзесяцігоддзі дваццатага стагоддзя. Гэта ўзброеная барацьба з абмежаванымі мэтамі паміж супраціўнікамі, якія не могуць знішчыць адзін аднаго, у якіх няма для вайны ніякіх матэрыяльных прычын і якіх не падзяляюць ніякія істотныя ідэалагічныя супярэчнасці. Гэта, аднак, не значыць, што метады вядзення вайны або агульнае стаўленне да яе сталіся менш крывавыя і больш рыцарскія. Наадварот, ваенная істэрыя лютуе няспынна і паўсюдна ва ўсіх краінах, а гвалт, рабункі, забойства дзяцей, заняволенне цэлых народаў, катаванне палонных, якое даходзіць да таго, што іх вараць і хаваюць жыўцом — усё гэта лічыцца нармальным. Гэтыя злачынствы, учыненыя сваімі салдатамі, а не ворагам, лічацца значнымі заслугамі. Але з матэрыяльнага боку ў вайне занята вельмі мала людзей, пераважна гэта высокакваліфікаваныя спецыялісты, і яна прыносіць параўнаўча мала ахвяр. Барацьба, калі яна ёсць, ідзе недзе на няпэўных граніцах, аб праляганні якіх звычайны чалавек можа толькі здагадвацца, або вакол Плывучых Крэпасцяў, якія ахоўваюць стратэгічныя пункты на марскіх шляхах. У цэнтрах цывілізацыі вайна выяўляецца найперш праз няспынную нястачу прадуктаў спажывання і перыядычнае скіданне ракетных бомбаў, кожная з якіх можа забіць некалькі дзесяткаў чалавек. Змяніўся, па сутнасці, сам характар вайны. Дакладней кажучы, змяніўся іерархічны парадак прычын, якія выклікаюць вайну. Матывы, што ўжо існавалі, хоць і ў меншай меры, пад час вялікіх войнаў пачатку дваццатага стагоддзя, сталіся цяпер асноўнымі і адкрыта прызнанымі.

Каб зразумець сутнасць цяперашняй вайны — бо нягледзячы на частыя перагрупаванні супраціўнікаў гэта заўсёды тая самая вайна, — трэба найперш уявіць сабе, што яна не можа мець вырашальнага характару. Ніводная з трох звышдзяржаў не можа быць канчаткова зваяваная, нават дзвюма астатнімі разам. Занадта роўна падзелены сілы, занадта магутныя іх натуральныя сродкі абароны. Эўразія надзейна абаронена сваімі тэрытарыяльнамі абшарамі, Акіянія — вялікасцю Атлантычнага і Ціхага акіянаў, Усходазія — пладавітасцю і працавітасцю сваіх жыхароў. Па-другое, з матэрыяльнага пункту гледжання болей няма за што ваяваць. З усталяваннем самадастатковых эканамічных сістэм, пры якіх вытворчасць і спажыванне цесна счэплены між сабою, барацьба за рынкі збыту, адна з асноўных прычын колішніх войнаў, сталася непатрэбная. Разам з тым змаганне за сыравіну перастала быць пытаннем жыцця і смерці. Ва ўсялякім разе, кожная з трох звышдзяржаў дастаткова вялікая, каб здабыць у сваіх межах амаль усе патрэбныя матэрыялы. Калі толькі вайна і мае нейкія непасрэдныя эканамічныя мэты, дык гэта вайна за рэсурсы працоўнае сілы. Паміж граніцамі трох звышдзяржаў ляжыць тэрыторыя, якою ніводная з іх не валодае пастаянна. Гэта чатырохкутнік з вяршынямі ў Танжэры, Бразавілі, Дарвіне і Ганконгу, у якім жыве прыблізна пятая частка насельніцтва Зямлі. Якраз за валоданне гэтымі густанаселенымі раёнамі, а таксама за паўночны полюс, і ідзе няспынная барацьба паміж трыма звышдзяржавамі. Практычна, ніводная з іх ніколі не валодае ўсёй гэтай спрэчнай тэрыторыяй. Асобныя часткі яе пераходзяць з рук у рукі, і жаданне завалодаць тым або іншым рэгіёнам праз раптоўную здраду свайму саюзніку і прыводзіць да бясконцых перагрупаванняў.

Усе спрэчныя тэрыторыі маюць каштоўныя мінеральныя багацці, і некаторыя з іх вырабляюць важныя раслінныя прадукты, напрыклад, каўчук, сінтэз якога ў краінах з халаднейшым кліматам абыходзіцца параўнаўча дорага. Але перадусім яны змяшчаюць у сабе невычэрпныя запасы таннай працоўнай сілы. Дзяржава, якая пануе над Экватарыяльнай Афрыкай, або краінамі Сярэдняга Ўсходу,

або Паўднёвай Індыяй, або Інданэзіяй, мае праз гэта ў сваім распараджэнні сотні мільёнаў кулі, якія за сваю знясільную працу атрымліваюць вельмі мала. Насельнікі гэтых краін, больш ці менш адкрыта даведзеныя да стану рабоў, пераходзяць увесь час ад аднаго заваёўніка да другога. Іх выкарыстоўваюць гэтаксама, як вугаль або нафту, у барацьбе за павелічэнне вытворчасці зброі, за пашырэнне заваяваных тэрыторый, за павышэнне колькасці працоўнае сілы, каб тая вырабляла больш зброі, спрыяла заваяванню тэрыторый і гэтак да бясконцасці. Трэба адзначыць, што барацьба ніколі не пераходзіць межаў спрэчных тэрыторый. Граніцы Эўразіі перасоўваюцца то ў адзін бок, то ў другі паміж ракою Конга і паўночным берагам Міжземнага мора. Выспы Індыйскага і Ціхага акіянаў увесь час заваёўваюцца Акіяніяй або Ўсходазіяй. У Манголіі лінія, што аддзяляе Эўразію ад Усходазіі, ніколі не бывае стабільная. Усе тры дзяржавы аспрэчваюць разлеглыя тэрыторыі вакол Полюса, якія фактычна не населеныя і не даследаваныя. Але раўнавага сіл заўсёды прыблізна тая самая, а тэрыторыя, што складае аснову кожнай звышдзяржавы, застаецца заўсёды нязменная. Да таго ж праца зняволеных народаў, што жывуць вакол Экватара, сусветнай эканоміцы, па праўдзе кажучы, непатрэбная. Яна нічога не дадае да сусветнага багацця, бо ўсё вырабленае выкарыстоўваецца на ваенныя патрэбы. Вайна заўсёды вядзецца дзеля таго, каб лепей узброіцца да наступнай вайны. Сваёй працай заняволеныя масы спрыяюць павышэнню інтэнсіўнасці перманентнай вайны. Але калі б іх і не існавала, структура сусветнага грамадства і прынцыпы, паводле якіх яно падтрымлівае сваё існаванне, наўрад ці былі б істотна адрознымі.

Галоўная мэта сучаснае вайны (згодна з прынцыпамі двухдумства, кіраўнічыя галовы Ўнутранай Партыі адначасова прызнавалі і не прызнавалі гэтую мэту) палягае ў тым, каб поўнасцю спажываць прадукты прамысловай вытворчасці, не павышаючы пры гэтым агульнага ўзроўню жыцця. Пачынаючы з канца дзевятнаццатага стагоддзя праблема выкарыстання лішкаў прадуктаў спажывання існавала ў прыхаваным выглядзе ў індустрыяльным грамадстве. Цяпер жа, калі вялікая колькасць людзей не забяспечана дастатковым харчаваннем, праблема гэтая, відавочна, не стаіць так востра, дый, відаць, не стане, нават калі не прыбягаць да штучных сродкаў знішчэння. Сённяшні свет — больш убогі, галодны і заняпалы, чым свет, які існаваў да 1914 года, а калі параўнаць яго з той фантастычнай будучыняй, аб якой марылі людзі ў тыя часы, дык адрозненне будзе яшчэ страшнейшае. На пачатку дваццатага стагоддзя карціна будучага грамадства, неверагодна багатага, раскошнага, упарадкаванага і высокапрадукцыйнага — бліскучага здаровага свету са шкла, сталі і снежна-белага бетону — жыла ў свядомасці амаль кожнага адукаванага чалавека. Навука і тэхніка развіваліся так хутка, што дух займала, і было натуральна меркаваць, што гэтае развіццё будзе працягвацца і далей. Аднак гэтага не адбылося, часткова праз збядненне, спрычыненае доўгай чарадою войнаў і рэвалюцый, часткова з-за таго, што навукова-тэхнічны прагрэс залежаў ад эмпірычнага ладу мыслення, а лад гэты не мог захавацца ва ўмовах сцісла рэгламентаванага грамадства. Агулам беручы, сённяшні свет больш прымітыўны, чым пяцьдзесят гадоў таму. Некаторыя адсталыя рэгіёны дасягнулі прагрэсу, былі ўдасканалены некаторыя прыборы, звязаныя з вайною або паліцэйскім наглядам, але навуковыя даследаванні і адкрыцці паступова спыніліся. Да таго ж страты, спрычыненыя атамнай вайною 50-х гадоў, ніколі не былі цалкам кампенсаваныя. І ўсё ж небяспека, што хавалася ў машынах, усё яшчэ існавала. Калі з'явілася першая машына, усім здольным да развагі людзям сталася відавочным, што неабходнасць у цяжкай чалавечай працы, а значыць, у пэўнай меры, і ў чалавечай няроўнасці, знікла. Калі б машыны свядома выкарыстоўвалі з гэтаю мэтай, дык голад, знясільную працу, бруд, непісьменнасць і хваробы можна было б выкараніць на працягу некалькіх пакаленняў. І сапраўды, нават калі яны яшчэ не выкарыстоўваліся з гэтаю мэтай, машыны — вырабляючы столькі прадукту, што яго часам немагчыма было размеркаваць — ўзнялі ўзровень жыцця людзей за нейкія пяцьдзесят гадоў у канцы ХІХ і на пачатку XX стагоддзя.

Але было таксама відавочным, што павелічэнне агульнага багацця пагражала далейшаму існаванню іерархізаванага грамадства, а ў нейкім сэнсе ўжо нават значыла і знішчэнне гэтага грамадства. У свеце, дзе працоўны дзень будзе кароткі, дзе ў кожнага будзе дастаткова ежы, кожны будзе жыць у доме з ваннай і халадзільнікам, будзе мець аўтамабіль ці нават самалёт, найбольш відавочная і найбольш істотная форма няроўнасці знікне. Стаўшы ўсеагульным, багацце перастане быць падставай для няроўнасці. Можна было, без сумнення, уявіць сабе грамадства, у якім багацце ў значэнні прыватнай уласнасці і раскошы будзе падзелена пароўну, тым часам як улада застанецца ў руках малой упрывілеяванай касты. Але ў сапраўднасці такое грамадства не магло б доўга заставацца стабільным. І сапраўды, калі б усе аднолькава жылі ў раскошы і бяспецы, дык вялікая маса людзей, звычайна здзічэлых ад беднасці, магла б атрымаць адукацыю і навучыцца думаць самастойна, і тады б яна раней ці пазней заўважыла, што ўпрывілеяваная меншасць не мае ніякае рацыі існавання, і зрынула б яе. Карацей кажучы, іерархізаванае грамадства магло грунтавацца толькі на беднасці і невуцтве.

Зварот да аграрнае мінуўшчыны, як пра гэта марылі некаторыя мысляры на пачатку дваццатага стагоддзя, не быў бы практычным выйсцем. Ён пярэчыў тэндэнцыі да механізацыі, якая зрабілася ва ўсім свеце амаль інстынктыўнай. Да таго ж індустрыяльна адсталая краіна была б бездапаможная ў ваенных адносінах і хутка падпала б пад панаванне, ускоснае або непасрэднае, сваіх больш індустрыяльна развітых супраціўнікаў.

Трымаць масы ў галечы, скарачаючы вытворчасць — і гэта было б не найлепшае выйсце. Гэты сродак быў ужыты ў шырокім маштабе ў фінальнай фазе капіталізму, прыблізна паміж 1920 і 1940 гадамі. У эканоміцы шмат якіх краін панаваў застой, палі не ўрабляліся, абсталяванне не абнаўлялася і вялікія масы насельніцтва былі пазбаўленыя працы. Дзяржаўныя дабрачынныя арганізацыі не давалі ім памерці з голаду. Але і гэткае вырашэнне цягнула за сабою ваенную слабасць. Усе нягоды і беды былі відавочна неапраўданыя, што непазбежна спараджала апазіцыю. Праблема была ў тым, каб круціць колы прамысловасці, не павышаючы рэальнага багацця свету. Тавары павінны былі вырабляцца, але не размяркоўвацца. На практыцы адзіным сродкам дасягнення гэтае мэты была няспынная, перманентная вайна.

Поделиться:
Популярные книги

Имя нам Легион. Том 10

Дорничев Дмитрий
10. Меж двух миров
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Имя нам Легион. Том 10

Измена. Право на счастье

Вирго Софи
1. Чем закончится измена
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Право на счастье

Офицер империи

Земляной Андрей Борисович
2. Страж [Земляной]
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
6.50
рейтинг книги
Офицер империи

Сын Петра. Том 1. Бесенок

Ланцов Михаил Алексеевич
1. Сын Петра
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.80
рейтинг книги
Сын Петра. Том 1. Бесенок

Доктора вызывали? или Трудовые будни попаданки

Марей Соня
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Доктора вызывали? или Трудовые будни попаданки

Наследник павшего дома. Том II

Вайс Александр
2. Расколотый мир [Вайс]
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Наследник павшего дома. Том II

Бестужев. Служба Государевой Безопасности. Книга 5

Измайлов Сергей
5. Граф Бестужев
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Бестужев. Служба Государевой Безопасности. Книга 5

Барон не играет по правилам

Ренгач Евгений
1. Закон сильного
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Барон не играет по правилам

Эволюционер из трущоб

Панарин Антон
1. Эволюционер из трущоб
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Эволюционер из трущоб

Черный Маг Императора 11

Герда Александр
11. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 11

Идеальный мир для Лекаря 27

Сапфир Олег
27. Лекарь
Фантастика:
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 27

Голодные игры

Коллинз Сьюзен
1. Голодные игры
Фантастика:
социально-философская фантастика
боевая фантастика
9.48
рейтинг книги
Голодные игры

Я князь. Книга XVIII

Дрейк Сириус
18. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я князь. Книга XVIII

Спасение 6-го

Уолш Хлоя
3. Парни из школы Томмен
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Спасение 6-го