1984
Шрифт:
Галоўнае дзеянне ў вайне — гэта знішчэнне, не абавязкова людзей, але прадуктаў чалавечае працы. Вайна — гэта сродак знішчыць, распыліць у стратасферы, патапіць на дне мора матэрыяльныя багацці, якія ў іншым выпадку маглі б быць выкарыстаныя на тое, каб зрабіць масы занадта заможнымі, а значыць, урэшце, занадта разумнымі. Нават калі зброя і не знішчаецца ў вайне, яе вытворчасць ужо сама па сабе з'яўляецца лёгкім сродкам такога выкарыстання працоўнае сілы, каб не выраблялася нічога, што можна было б спажыць. Напрыклад, працоўнае сілы, выкарыстанае на пабудову адной Плывучай Крэпасці, хапіла б на тое, каб вырабіць некалькі сотняў грузавых суднаў. Пасля, не прынёсшы нікому ніякай матэрыяльнай карысці, яна спісвалася на пераплаўку. І тады, з яшчэ большымі працоўнымі выдаткамі, будавалася новая Плывучая Крэпасць. У прынцыпе ўсе ваенныя дзеянні скіроўваліся на тое, каб знішчыць дадатковы прадукт, які мог застацца пасля таго, як самыя пільныя патрэбы насельніцтва былі задаволеныя. На практыцы пільныя жыццёвыя патрэбы насельніцтва заўсёды недаацэньваюцца. У выніку адбываецца так, што хранічна не стае нават паловы таго, што неабходна для жыцця. Але гэта разглядаецца як дадатны факт. Шляхам свядомае палітыкі ўсё насельніцтва, у тым ліку і ўпрывілеяваныя яго групы, трымаецца на мяжы галечы. Усеагульная нястача сапраўды павышае важнасць дробных прывілеяў і тым самым павялічвае розніцу паміж адной групай і другой. Паводле стандартаў пачатку дваццатага стагоддзя, нават сябры Ўнутранай Партыі цяпер працуюць цяжка і жывуць, абмяжоўваючы сябе ва ўсім. Тым не меней тая кропля камфорту, што яны маюць, іх вялікія і добра мэбляваныя кватэры, іх адзенне з лепшае тканіны, добрая якасць іх ежы, пітва,
Вайна, як мы далей пабачым, не толькі прыносіць неабходныя разбурэнні, але і робіць гэтыя разбурэнні псіхалагічна прымальнымі. У прынцыпе было б вельмі проста затраціць збыткоўную працу на пабудову святыняў і пірамід, на раскопванне і закопванне ямаў ці нават на вытворчасць вялізнае колькасці тавараў, якія пасля б спальваліся. Але гэта прыдалося б для стварэння эканамічных, а не псіхалагічных падстаў іерархічнага грамадства. Тут маецца на ўвазе не мараль масаў, думка якіх не мае ніякага значэння, пакуль яны будуць моцна прыкутыя да сваёй працы, а мараль самой Партыі. Нават ад самага простага сябры Партыі патрабуецца, каб ён быў у пэўных вузкіх межах здольны, старанны і нават разумны. Разам з тым неабходна, каб ён быў даверлівым фанатыкам, галоўнымі пачуццямі якога былі б страх, нянавісць, ліслівасць і злараднасць. Інакш кажучы, ён мусіць мець лад думак, характэрны для стану вайны. Зусім няважна, была сапраўды абвешчана вайна або не, няважна, ідзе яна паспяхова або не, бо ніякая канчатковая перамога немагчымая. Важна толькі, каб існавала ваеннае становішча. Спецыялізацыя разумовае скіраванасці, якой патрабуе Партыя ад сваіх сябраў і якая найлягчэй дасягаецца ў атмасферы вайны, цяпер сталася амаль усеагульнаю, але чым вышэйшы ранг, тым адметнейшая гэтая спецыялізацыя. Якраз ва Ўнутранай Партыі ваенная істэрыя і нянавісць да ворага выяўляюцца найбольш яскрава. Пры выкананні сваёй кіраўнічай ролі сябру Ўнутранае Партыі часам неабходна ведаць, што той або іншы пункт ваенных навінаў сфальшаваны, часам яму выпадае даведацца, што ўся вайна — фальшыўка і яе або ўвогуле няма, або прычыны яе абвешчання зусім не тыя, што паведамляліся раней. Але гэтае веданне нейтралізуецца прыёмамі двухдумства. Тым часам ніводзін сябра Ўнутранае Партыі ні хвіліны не вагаецца ў сваім містычным перакананні, што вайна ідзе, што яна мусіць скончыцца перамогаю Акіяніі і што Акіянія стане неаспрэчнай уладаркаю ўсяго свету.
Усе сябры Ўнутранае Партыі вераць у непазбежнасць гэтае заваёвы, як у рэлігійны догмат. Яна адбудзецца або праз паступовы захоп новых тэрыторый, што дазволіць пабудаваць магутную неадольную супердзяржаву, або праз вынаходку новае зброі, супраць якой не знойдзецца абарончых сродкаў. Пошук новых відаў зброі працягваецца няспынна. Гэта адна з апошніх ацалелых галін разумовае дзейнасці, дзе дух вынаходніцтва і даследніцтва мае нейкі ўжытак. Сёння ў Акіяніі навука, у старым сэнсе гэтага слова, амаль перастала існаваць. У навамоўі нават няма слова для паняцця «навука». Эмпірычны метад мыслення, на якім грунтаваліся ўсе навуковыя дасягненні мінуўшчыны, пярэчыць найгалоўнейшым прынцыпам Ангсоцу. І нават тэхнічны прагрэс адбываецца толькі там, дзе ён можа нейкім чынам паспрыяць абмежаванню чалавечае свабоды. Ва ўсіх відах рамёстваў свет стаіць на месцы або адступае назад. Палі ўрабляюцца конным плугам, а кніжкі друкуюцца на машынцы. Але ў жыццёва важных галінах — гэта значыць у ваеннай справе і ў паліцэйскім наглядзе — эмпірычны падыход заахвочваецца або, прынамсі, церпіцца. Партыя ставіць перад сабою дзве мэты — заваяваць усю зямную паверхню і знішчыць раз і назаўсёды ўсялякую незалежную думку. З гэтага аынікаюць дзве задачы, якія Партыя мусіць вырашыць: як выявіць, супраць волі чалавека, пра што ён думае, і як за некалькі секундаў знішчыць без папярэджання сотні мільёнаў чалавек. Вось галоўныя мэты Партыі, у меру таго як працягваюцца навуковыя даследаванні. Сённяшні навуковец — гэта або гібрыд псіхолага з інквізітарам, які з незвычайнай стараннасцю вывучае значэнні выразу твару, рухаў, інтанацый голасу і даследуе вынікі ўздзеяння на чалавека наркотыкаў, тэрапеўтычнага шоку, гіпнозу, фізічных катаванняў з мэтаю дамагчыся паказанняў; або гэта фізік, хімік ці біёлаг, зацікаўлены толькі тымі галінамі сваёй спецыяльнасці, якія маюць дачыненне да адабрання жыцця. У вялізных лабараторыях Міністэрства Міру і ў даследчых цэнтрах, схаваных у бразільскіх лясах, ці ў аўстралійскай пустыні, ці на выспах, што губляюцца ў Антарктыцы, нястомна працуюць групы экспертаў. Адны займаюцца распрацоўкаю планаў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння будучых войнаў, другія вынаходзяць усё большыя ракетныя бомбы, усё магутнейшыя выбуховыя рэчывы, усё больш непрабівальную браню; іншыя вышукваюць новыя, больш смяротныя газы або растваральныя атруты, якія можна было б вырабіць у колькасці, дастатковай, каб знішчыць расліннасць цэлых кантынентаў, або віды вірусаў, адпорных на любыя вакцыны; іншыя працуюць над стварэннем механізму, які б мог перасоўвацца пад зямлёю, як падводная лодка пад вадой, або над пабудоваю самалёта, гэтак жа незалежнага ад сваёй базы, як пярусны карабель; іншыя ж даследуюць нават самыя далёкія магчымасці, як, напрыклад, канцэнтраванне сонечных промняў лінзамі, падвешанымі за тысячы кіламетраў над зямлёю, або выкліканне штучных землятрусаў ці прыліваў і адліваў праз уздзеянне на тэмпературу ў цэнтры зямлі.
Але ніводзін з гэтых праектаў ніколі не набліжаецца да ажыццяўлення, і ніводная з трох звышдзяржаваў не можа істотна апярэдзіць астатнія. Самае важнае тое, што ўсе тры дзяржавы ўжо маюць атамную бомбу — зброю значна магутнейшую за ўсё, што можна вынансці ў выніку цяперашніх даследаванняў. І хоць Партыя, як звычайна, запісвае гэтую вынаходку на свой рахунак, атамныя бомбы з'явіліся яшчэ ў 40-я гады і былі першы раз шырока ўжытыя праз дзесяць гадоў. Каля сотні бомбаў было тады скінута на прамысловыя цэнтры, асабліва ў Эўрапейскай частцы Расеі, Заходняй Эўропе і Паўночнай Амерыцы. Гэтыя акцыі мелі на мэце пераканаць кіраўнічыя колы ўсіх краінаў, што яшчэ некалькі бомбаў паставілі б крэс існаванню чалавецтва, а разам з тым і іх уладзе. У выніку, хоць і не было ніякіх спецыяльных пагадненняў ці нават прапановаў, болей бомбы не ўжываліся. Усе тры дзяржавы проста працягваюць вырабляць атамныя бомбы і назапашваць іх, чакаючы вырашальнага моманту, які, як думаюць усе яны, надарыцца рана ці позна. Тым часам ваенная тэорыя на працягу трыццаці або сарака гадоў не развівалася. Верталёты ўжываюцца больш, чым раней, бамбавікі ў большасці заменены на самарушныя снарады, а рухомыя і нетрывалыя крэйсеры саступілі месца амаль непатопным Плывучым Крэпасцям. Апроч гэтага, ніякіх удасканаленняў не адбылося. Танкі, падводныя лодкі, тарпеды, кулямёты і нават вінтоўкі і ручныя гранаты ўсё яшчэ ўжываюцца. І нягледзячы на бясконцыя паведамленні прэсы і тэлеглядаў аб жорсткіх баях, зацятыя бітвы мінулых войнаў, пад час якіх за пару тыдняў гінулі сотні тысяч ці нават мільёны людзей, ніколі ўжо не паўтараліся.
Ніводная з трох звышдзяржаў не рызыкуе рабіць такіх крокаў, якія маглі б прывесці да сур'ёзных стратаў. Калі і праводзяцца шырокамаштабныя аперацыі, дык часцей за ўсё гэта нечаканыя напады на саюзніка. Усе тры дзяржавы прытрымліваюцца ці ўдаюць, што прытрымліваюцца, аднолькавае стратэгіі. План палягае ў тым, каб, спалучаючы баявыя аперацыі, маршы і добра запланаваныя здрады, замкнуць кола сваіх баз вакол адной ці другой дзяржавы-суперніцы, а пасля заключыць з ёю пакт аб дружбе і захоўваць з ёю мір даволі доўга, каб падмануць пільнасць. За гэты час ракеты з атамнымі зарадамі размесцяцца ва ўсіх стратэгічных пунктах. Калі ўсе іх адначасова запусцяць, разбуральны эфект будзе такі моцны, што адпор будзе немагчымы. Тады настане час заключыць пакт аб дружбе з другой сусветнай дзяржаваю для падрыхтоўкі другога нападу. Не трэба, бадай, і казаць, што план гэты — нездзяйсняльная мара. Да таго ж баі вядуцца выключна на спрэчных тэрыторыях вакол экватара і полюса. Ніякія ўварванні на тэрыторыю супраціўніка не прадпрымаюцца. Гэтым тлумачыцца факт, што на некаторых адцінках межы паміж звышдзяржавамі
За ўсім гэтым хаваецца факт, ніколі не выказаны ўголас, але зразумелы ўсім, які абумоўлівае паводзіны кожнага, — умовы жыцця ва ўсіх трох звышдзяржавах прыблізна аднолькавыя. У Акіяніі пануючая філасофія называецца Ангсоц, у Эўразіі — неабальшавізм, ва Ўсходазіі яна азначаецца кітайскім словам, якое звычайна перакладаецца як Культ смерці, але дакладней было б перадаць яго як «забыццё самога сябе». Грамадзяніну Акіяніі не дазваляецца ведаць што б там ні было пра два іншыя філасофскія вучэнні, але яго вучаць ненавідзець іх і лічыць іх дзікунскай абразаю маралі і здаровага сэнсу. Папраўдзе, усе тры філасофіі мала адрозніваюцца адна ад адной, а грамадскія сістэмы, на іх пабудаваныя, не адрозніваюцца ўвогуле. Паўсюль — тая самая пірамідальная структура, той самы культ кіраўніка-паўбога, тая самая эканамічная сістэма, што існуе праз пастаянную вайну і дзеля яе. З гэтага вынікае, што ўсе тры звышдзяржавы не толькі не могуць заваяваць адна адну, але і не мелі б з гэтае заваёвы ніякае карысці. Наадварот, варагуючы паміж сабою, яны падтрымліваюць адна адну, як тры пшанічныя снапы. Звычайна кіраўнічыя групоўкі трох дзяржаў усведамляюць і адначасова не ўсведамляюць тое, што яны робяць. Яны прысвячаюць свае жыцці заваёве свету, але разам з тым яны ведаюць, што неабходна, каб вайна працягвалася без канца і без перамогі. Тым часам адсутнасць небяспекі заваявання робіць магчымым адмаўленне рэальнасці — адмысловую рысу Ангсоцу і дзвюх астатніх філасофскіх сістэм. Тут неабходна паўтарыць сказанае вышэй — з-за таго, што вайна стала перманентнаю, істотна змяніўся сам яе характар.
Ранейшымі часамі вайна, амаль паводле самой дэфініцыі, была нечым, што рана ці позна канчалася, звычайна бясспрэчнаю перамогай або паражэннем. Ранейшымі часамі вайна была таксама адным з асноўных сродкаў, праз які чалавечае грамадства трымалася ў кантакце з матэрыяльнай рэчаіснасцю. Усе кіраўнікі ва ўсе часы спрабавалі навязаць сваім падначаленым фальшывы светапогляд, але не маглі сабе дазволіць заахвочваць ілюзіі, якія маглі б знізіць баяздольнасць. Калі паражэнне значыла страту незалежнасці ці нейкі іншы непажаданы вынік, трэба было сур'ёзна супрацьставіцца паражэнню. Тут ужо нельга было абысці матэрыяльныя факты. Двойчы два можа значыць пяць у філасофіі, рэлігіі, этыцы або палітыцы, але калі справа ідзе пра гармату або самалёт, двойчы два мусіць раўняцца чатыром. Недзеяздольныя нацыі рана ці позна асуджаны на заваяванне, і барацьба за дзеяздольнасць заўсёды была ворагам усіх ілюзій. Да таго ж, каб быць дзеяздольным, трэба ўмець вучыцца з мінуўшчыны, гэта значыць дакладна ўяўляць сабе тое, што адбывалася раней. У газетах і гістарычных кнігах усё заўсёды прыхарошвалася і падганялася, але фальшаванні накшталт цяперашніх былі немагчымыя. Вайна была гарантам здаровага розуму, а што датычыла кіраўнічых колаў, дык нават самым надзейным гарантам. Пакуль войны можна было выйграваць або прайграваць, ніводзін кіраўнічы клас не мог быць абсалютна безадказны.
Але калі вайна робіцца працяглай, яна перастае быць небяспечнай. Калі вайна перманентная, нічога накшталт ваеннай неабходнасці болей не існуе. Тэхнічны прагрэс можа спыніцца, а самыя відавочныя факты могуць адмаўляцца або ігнаравацца. Як мы ўжо бачылі, даследаванні, якія можна было б назваць навуковымі, усё яшчэ вядуцца ў ваенных мэтах, але па сутнасці ўсё гэта пустыя фантазіі, і тое, што яны не даюць ніякіх вынікаў, нікога не хвалюе. Дзеяздольнасць, нават ваенная, болей нікому не патрэбная. У Акіяніі болей не засталося нічога дзеяздольнага, апроч Паліцыі Думак. З таго часу, як усе тры звышдзяржавы сталіся неадольнымі, кожная з іх існуе як асобны сусвет, унутры якога могуць спакойна адбывацца любыя дэфармацыі думкі. Уплыў рэальнасці выяўляецца толькі ў вымогах штодзённага жыцця — неабходна есці і піць, мець жытло і адзенне, старацца не глытаць атруты і не выходзіць праз акно з апошняга паверха і гэтак далей. Паміж жыццём і смерцю, паміж асалодаю і пакутай яшчэ ёсць адрозненне, але не надта вялікае. Ізаляваны ад знешняга свету і ад мінуўшчыны, грамадзянін Акіяніі падобны да чалавека ў міжзорнай прасторы, які не мае ніякіх пунктаў адліку і не ведае, дзе верх, дзе ніз. Кіраўнікі такой дзяржавы маюць абсалютную ўладу, якой не мелі ні фараоны, ні імператары. Яны мусяць дбаць пра тое, каб не надта шмат іх падуладных памірала з голаду, бо гэта можа быць нязручным, яны мусяць падтрымліваць гэткі самы нізкі ваенна-тэхнічны ўзровень, што і іх супернікі, але як толькі гэты мінімум дасягнуты, яны могуць дэфармаваць рэчаіснасць і надаваць ёй любую форму.
Такім чынам, вайна, калі падыходзіць да яе з меркамі, стасаванымі да мінулых войнаў, — гэта проста падман. Яна нагадвае баі паміж прадстаўнікамі некаторых відаў жвачнай жывёлы, у якіх рогі растуць пад такім вуглом, што яны не могуць пашкодзіць адно аднаму. Але нават будучы нерэальнай, яна ўсё ж мае пэўнае значэнне. Яна знішчае лішкі прадуктаў спажывання і дапамагае захаваць адмысловую духоўную атмасферу, неабходную для існавання іерархічнага грамадства. Такім чынам, як бачым, вайна ёсць справа чыста ўнутрыпалітычная. Раней кіраўнічыя групы ўсіх краін, хоць і яны маглі прызнаць наяўнасць некаторых супольных інтарэсаў і, такім чынам, абмежаваць знішчальныя вынікі вайны, сапраўды ваявалі адна супраць адных, і той, хто перамагаў, заўсёды рабаваў пераможанага. Цяпер яны ўжо не ваююць адны супраць адных. Кожная кіраўнічая група ваюе супраць сваіх падуладных, а мэта вайны — не заваяваць або перашкодзіць заваяванню тэрыторыі, а захаваць некранутай структуру грамадства. Само слова «вайна» перастала адпавядаць свайму зместу. Відаць, дакладней было б сказаць, што, зрабіўшыся перманентнай, вайна перастала існаваць. Тое асаблівае прыгнечанне чалавечых істот, якое было характэрнае ўсім войнам ад неаліту да пачатку дваццатага стагоддзя, замянілася на нешта зусім іншае. Вынік быў бы той самы, калі б усе тры звышдзяржавы замест таго, каб біцца адна з адной, пагадзіліся і жылі ў вечным міры, застаючыся кожная недатыкальнай у сваіх межах. Сапраўды, і ў гэтым выпадку кожная з іх заставалася б замкнёным сусветам, навекі вызваленым ад аблудных уплываў знешняе пагрозы. Сапраўдны перманентны мір быў бы тым самым, што і перманентная вайна. І хоць большасць сябраў Партыі разумее гэта толькі ў павярхоўным сэнсе, у гэтым і хаваецца глыбокае значэнне партыйнага лозунга: ВАЙНА — ГЭТА МІР.
Ўінстан на хвілінку перапыніў чытанне. Недзе далёка выбухнула ракетная бомба. Шчаслівае адчуванне таго, што ён сядзіць сам-насам з забароненай кнігай у пакоі, дзе няма тэлегляда, яшчэ не прайшло. Самотнасць і бяспека былі фізічнымі пачуццямі, якія мяшаліся са стомаю яго цела, з утульнасцю фатэля, з пяшчотным дотыкам ветрыку, які далятаў з акна і лашчыў яму твар. Кніга яго захапляла ці, дакладней кажучы, абнадзейвала. З другога боку, яна не паведамляла нічога новага, але ад гэтага яна была яшчэ больш прывабная. У ёй гаварылася тое, што б сказаў і Ўінстан, калі б здолеў упарадкаваць свае раскіданыя думкі. Кніга была плёнам розуму, падобнага да ягонага, але магутнейшага, больш сістэматычнага, менш апанаванага страхам. «Найлепшыя кнігі, — сказаў ён сам сабе, — гэта тыя, якія гавораць табе пра тое, што ты ўжо сам ведаеш». Ён вярнуўся да раздзела першага, калі пачуў крокі Джуліі па сходах. Ён устаў з фатэля, каб сустрэць яе. Яна паставіла сваю торбу на падлогу і кінулася ў абдымкі Ўінстану. Яны не бачыліся больш за тыдзень.