Бiльярд а палове дзесятай
Шрифт:
Ён, накульгваючы, выйшаў з-за бар'ера i падышоў да Шрэлы, якому служка ўжо быў адчынiў дзверы.
— Пане Шрэла, — сказаў ён, — я зраблю ўсё, каб даведацца, дзе можна знайсцi пана доктара Фэмеля; сёе-тое я ўжо высветлiў у Кронэравай кавярнi; а сёмай там адбудзецца сямейная ўрачыстасць у гонар старога пана Фэмеля; там вы яго напэўна ўбачыце.
— Дзякуй, — адказаў Шрэла, — вялiкi дзякуй.
Ён ведаў, што даваць на чай тут было б не да месца; усмiхнуўшыся старому, ён выйшаў праз дзверы; яны крутанулiся i неўзабаве сталi на месца, у абабiтыя лямцам пазы.
8
Аўтабан па ўсёй яго шырынi быў перагароджаны цяжкiмi шчытамi; мост, якi некалi злучаў у гэтым месцы абодва берагi ракi,
На гэтай мёртвай дарозе руплiвыя вучнi аўташкол вучылiся пераключаць хуткасцi, прывыкалi да iмклiвай язды, мучылi каробку перадач, даючы заднi ход, рабiлi павароты ўлева i ўправа, прывыкаючы да гэтых паваротаў; па тым насыпе, што цягнуўся ўздоўж пляцовак для гольфу памiж невялiкiмi гародчыкамi, шпацыравалi таксама добра ўбраныя жанчыны i мужчыны, выраз твараў якiх сведчыў, што працоўны дзень скончыўся; яны iшлi наўпрост да берага, да пагрозлiвых шыльдаў, за якiмi хавалiся i, здавалася, пасмiхалiся са смерцi сцiплыя баракi будаўнiкоў; з-за слова «СМЕРЦЬ» цягнуўся ўвысь сiнi дым ад пячурак, на якiх начныя вартаўнiкi падагравалi стравы ў рандэлках з вушкамi, падсмажвалi хлеб; ад жару гэтых пячурак яны скручанымi паперкамi прыпальвалi свае пiпкi. Нязграбна-шыкоўныя сходы ацалелi, не былi разбураныя, i цяпер, цёплымi летнiмi вечарамi, iх выкарыстоўвалi пад сядзенне стомленыя падарожнiкi; з дваццацiметровай вышынi яны маглi адсюль назiраць за тым, як iдуць работы: нырцы ў жоўтых камбiнезонах павольна апускалiся ў ваду, падводзiлi петлi кранавых тросаў да бетонных i жалезных абломкаў моста, i краны выцягвалi на паверхню сваю здабычу, з якой абцякала вада, грузiлi гэтую здабычу на баржы. На высокiх рыштаваннях i хiсткiх памостах, высока каля пiлонаў у "бацяновых гнёздах" рабочыя зварвалi блакiтнымi блiскавiцамi зварачных апаратаў трэснутыя сталёвыя бэлькi, пагнутыя нiты, разразалi разбэрсаныя кавалкi тросаў; слупы-быкi з iх бакавымi апорамi стаялi ў паўнаводнай рацэ, нiбы пустыя вароты, утваралi рамку пад гектар блакiтнай пустэчы; сiрэны падавалi сiгнал: "Рэчышча свабоднае", "Рэчышча занятае"; чырвоныя, зялёныя агнi; ланцугi баржаў везлi вугаль i драўнiну адсюль туды i адтуль сюды.
Зялёная рака, весялосць, пакатыя берагi, парослыя лазою, блакiтныя блiскавiцы каля зварачных апаратаў; натрэнiраваныя мужчыны, натрэнiраваныя жанчыны з сур'ёзнымi тварамi, паклаўшы на плечы гольфавыя кii, хадзiлi па бездакорным мурагу ўслед за мячыкамi — васемнаццаць ямак; з гародчыкаў падымаўся дым; лiсцё бабоўнiку, гарозу, старыя слупкi плота ператваралiся ў дым, на небе ён маляваў вясёлыя завiткi, што былi падобныя да эльфаў у мадэрнавым стылi, па-барокаваму скручвалiся, а потым у надвячоркавым небе рвалiся, робячыся знявечанымi фiгурамi — пакуль верхавы вецер не раздзiраў iх на шматкi i не зганяў iх да самага далягляду; дзецi, што гойсалi на самакатах, перакульвалiся на пасыпаных грубым жвiрам паркавых сцежках, разбiвалi сабе да крывi локцi ды каленкi i паказвалi напалоханым матулям свае драпiны i раны, прымушаючы матуляў даваць абяцаннi купiць лiманаду, купiць марожанага; парачкi закаханых, што трымалiся за рукi, цягнула да набярэжных хмызоў, дзе даўно ўжо знiклi сляды паводкi: чарацiны, коркi, бутэлькi i гуталiнавыя бляшанкi; шкiперы сыходзiлi па хiсткiх трапах на бераг, у жанчын у руках былi гаспадарчыя торбы, а ў вачах — упэўненасць; бялiзна лапатала над вышараванымi баржамi ад вячэрняга вятрыскi; зялёныя нагавiцы, чырвоныя блузкi, асляпляльна-белыя прасцiрадлы па-над густою чарнатой свежай смалы, што блiшчала, нiбы японскi лак; кавалкi
— …Ёсць толькi яшчэ пясочныя… не, марожанага таксама болей няма.
Ёзэф выставiў далонь па дробныя грошы, засунуў манеткi ў кiшэню штаноў, а купюру — у верхнюю кiшэню кашулi; потым ён павярнуўся да Марыяны i расстаўленымi пальцамi правёў па яе цёмных валасах, каб скiнуць з iх рэшткi чарацiнак, пасля гэтага абтрос пясок з яе зялёнага швэдара.
— Ты ж гэтак радаваўся сённяшняй урачыстасцi, — сказала яна, — што такое здарылася?
— Нiчога не здарылася, — адказаў ён.
— Я ж адчуваю: штосьцi змянiлася!
— Змянiлася.
— I ты не хочаш мне пра гэта сказаць?
— Пазней скажу, — адказаў ён, — можа, праз колькi год, а можа, i неўзабаве. Hе ведаю.
— Цi гэта мае дачыненне да нас абаiх?
— Hе.
— Сапраўды не?
— Hе.
— Да цябе аднаго?
— Ага.
— Значыць, да нас абаiх.
Ёзэф усмiхнуўся:
— Натуральна, раз я маю дачыненне да цябе.
— Нешта дрэннае?
— Ага.
— Гэта неяк звязана з тваёй працай?
— Звязана. Дай мне твой грэбень, але не круцi галавою; маленькiх пясчынак рукамi я не павымаю.
Марыяна выцягнула грэбень з сумачкi i падала яго Ёзэфу цераз плячо; ён на хвiлю затрымаў яе руку.
— Я ж заўсёды глядзела, як ты вечарамi, калi рабочых ужо не было, хадзiў уздоўж высокiх штабеляў навюткай цэглы, абмацваў яе, толькi дакранаўся да цаглiн… а ўчора i пазаўчора, бачыла, ты не рабiў гэтага; я ж ведаю твае рукi; i сёння ўраннi ты гэтак рана ад'ехаў.
— Я купляў падарунак дзядулю.
— Ты паехаў не дзеля падарунка; дзе ты быў?
— У горадзе, — сказаў ён, — рама пад фота ўсё яшчэ не была гатовая; i я мусiў чакаць; ты ж памятаеш гэты здымак, дзе мацi трымае мяне за руку, на другой руцэ сядзiць Рут, а дзядуля стаiць за намi? Я папрасiў яго павялiчыць i ведаю, што дзядуля вельмi ўсцешыцца.
А потым я пайшоў на Модэстгасэ i дачакаўся, калi бацька — высокi i выпрастаны — выйшаў з канторы, i я пайшоў услед за iм да самага гатэля; паўгадзiны я прастаяў каля гатэля, але ён так i не выйшаў; а заходзiць i пытацца пра яго мне не хацелася; я хацеў адно бачыць яго — i ўбачыў: элегантнага пана ў росквiтным узросце.
Ён адпусцiў Марыяну, схаваў грэбень сабе ў кiшэнь, паклаў рукi дзяўчыне на плечы i сказаў:
— Калi ласка, не абарочвайся; гэтак мне зручней гаварыць.
— Зручней манiць?
— Магчыма, — адказаў ён, — ды лепш сказаць: замоўчваць.
Над яе вухам i цераз тэрасу кавярнi ён мог бачыць сярэдзiну ракi, i ён зайздросцiў рабочаму, якi амаль на шасцiдзесяцiметровай вышынi вiсеў у жалезным кашы каля пiлона i крэслiў зваркаю ў небе блакiтныя блiскавiцы; скавыталi сiрэны; унiзе каля кавярнi ўздоўж адхону хадзiў марожаншчык, выкрыкваючы: "Марожанае! Марожанае!", а потым змаўкаў, накладваючы порцыi ў крохкiя вафлi; за ракою была вiдна шэрая постаць Святога Севярына.
— Гэта мусiць быць нешта вельмi дрэннае, — сказала Марыяна.
— Напэўна, — пацвердзiў ён, — гэта досыць дрэнна, a можа, i не — яшчэ не ведаю.
— Нейкiя ўнутраныя цi знешнiя акалiчнасцi?
— Унутраныя, — адказаў ён. — Ва ўсякiм разе я сёння апоўднi паведамiў Клубрынгеру, што адмаўляюся ад працы ў яго; не абарочвайся, iнакш не скажу больш нiводнага слова.
Ён зняў далонi з Марыянiных плеч, абшчапiў рукамi галаву дзяўчыны i павярнуў яе ў бок моста.
— А што скажа твой дзядуля, калi даведаецца пра тваю адмову? Ён гэтак ганарыўся табою, кожная Клубрынгерава пахвала была яму нiбы мёд да вуснаў; i ён так прывязаны да абацтва; нельга яму сёння казаць пра гэта.