Блізкае і далёкае
Шрифт:
— Гаспадар, відаць-такі, трэба раскашэліцца, — сказала Алена. — Заслужылі!
«Заслужылі… заслужылі, Алена», — падумаў Марцін, але, хаваючы ўсмешку, каб жартам паспрачацца са жнеямі, сказаў абыякава:
— Трэба як-небудзь, казакі мае, падумаць пра гэта…
У гэты момант Малання, непрыкметна падкраўчыся ззаду, перахапіла яго, нібы поясам, перавяслам:
— Цяпер, рыбка, не адгаворышся!
— Прыдзецца-такі капітуліраваць, — Марцін адразу падняў рукі. — Здаюся!
Жанчыны задаволена зашумелі.
— Дажынкі згуляем… на тым тыдні ў нядзелю.
Узрушаным, гаманкім
— Скончылі! — уздыхнуўшы, выказала Алена ўголас пачуццё, што яе хвалявала. Ёй раптам успомніліся трывогі апошніх дзён, калі яна баялася, што спозніцца ca жнівом, i сэрца яе цяпер зайшлося ціхай, глыбокай радасцю: Алена ўсё блізка брала да душы — i боль i радасць. Якое шчасце пасля неспакойных дзён упартай працы, пасля ўсіх трывог, удач i няўдач, адчуць, нарэшце, радасць заслужанай перамогі! Сэрца Алены было ўсё напоўнена гэтай радасцю. Нават стома, што скавала цела, была салодкай i хмельнай, нібы радасць.
— Ну, хопіць любавацца! — неспадзявана пачула Алена Марцінаў голас.
Яна здрыганулася, збянтэжана агледзелася. Ззаду непадалёк стаяў Марцін. Ён з дакорам, усміхаючыся, паківаў галавою. Як яна не заўважыла, што ён стаіць амаль поруч i слухае! Марцін, не перастаючы дакорліва ўсміхацца, падышоў, узяў яе за руку.
— Ну, колькі-ж можна ўздыхаць! Як малая. Хадзем.
— Пачакай! Яшчэ трошкі…
«Чаму так добра, калі ён бярэ сваёй рукой маю руку?» — праплывае мімаволі ў галаве Алены думка. Ад яго поціску радасць Алены шырыцца, мацнее.
Раней таксама хораша было з ім, асабліва тады, калі яна не ведала гэтай непатрэбнай спрэчкі i крыўднага падазрэння. Цяпер сяброўскі поціск Алена прымае як узнагароду.
«У Андрэя таксама былі такія харошыя рукі…»
I раптам, нібы подых вячэрняга ветру, перапоўненае радасцю сэрца Алены крануў ціхі даўкі сум. Не той вядомы сум па Андрэю, a іншы. Яна сама не ведае, што гэта за пачуццё, нібы чагосьці не хапае. Вельмі неабходнага…
— Стамілася я! Здаецца-б, села тут на месцы i нікуды не пайшла-б.
— То давай сядзем, — сказаў Марцін. У голасе яго Алена пачула нейкія нязвыклыя хвалюючыя гукі, i сэрца яе сціснула няяснае шчымлівае прадчуванне. Гэта было такое харошае i такое нечаканае пачуццё, што яна збянтэжылася.
— Не, нельга, — таропка, амаль спалохана сказала яна i хутка пайшла: — Што… людзі скажуць?
Ён падаўся поруч, не выпускаючы яе рукі ca сваей.
— «Стамілася»… Нічога, Алена, хутка лепш стане. Які-небудзь год, i тут зноў пусцім машыны, больш, як да вайны. Электрастанцыю на Тур’і пабудуем… Добрае жыццё, Алена, будзе!
Некалькі хвілін абое ішлі моўчкі, напоўненыя адчуваннем нязнанай раней між імі блізкасці.
— Ноч якая!.. Дзіва, а не ноч! — прашаптала Алена. Яна ўзрушана стала. Следам за ёй спыніўся Марцін. Стоячы поруч, яны дзівіліся хараству навакольнага
«Не, не такая, — запярэчыла сэрца. — Тая ноч была іншая…»
— Алена, — сказаў Марцін, калі яны пайшлі, — а ведаеш, яна сама надумала паслаць табе помач?
— Насця?
— Насця. Прыйшла ўвечар да мяне, кажа: заўтра пашлю брыгаду Алене. I больш нічога не гаворыць — ганарлівая. А я акурат на тое збіраўся зрабіць нараду, паслаць усіх свабодных людзей у тваю брыгаду. — Марцін засмяяўся. — Я ўсё роўна паслаў-бы. Але яна апярэдзіла мяне, — ну я гэтаму i рад, добра, думаю, прыйшла — значыцца, шура-бура сціхла… Толькі яна… не ведаю ці казаць табе? — пасур’ёзнеў зноў Марцін.
— Кажы.
— Яна нібы прачытала, што ў мяне ў галаве, кажа: ты не думай, што я для Алены пайду, я для калгаса раблю, а не для Алены. A ў тым, кажа, што не Аленіны людзі нашкодзілі, я яшчэ сумняваюся…
— Сумняваецца? А ты таксама?
— Не, Алена. Я i тады не верыў у тое.
— Не верыў?! — узрадавана сказала Алена i ўдзячнымі цёплымі вачыма паглядзела на Марціна. — Не верыў… — сказала яна цішэй, апусціўшы вочы. — Гэта добра, што ты ў тую дарэмшчыну не паверыў, а мне… верыў… Хоць i не ведаў дакладна, а верыў… што я не магла зрабіць такую шкоду…
— Мне здаецца, — адказаў старшыня, — у сям’і так i павінна быць, каб усе адзін аднаму верылі. A інакш i сям’і добрай не можа быць. Якая-ж гэта сям’я — дзе адзін аднаму не давяраюць?
— Я ведаю, што пройдзе час — i ўсё выйдзе наверх. Але мне крыўдна, што яна можа, Марцін, думаць пра мяне такое…
Старшыня ўбачыў наперадзе цёмную статную постаць Насці, што стаяла на дарозе і, відаць, чакала ix, i выпусціў Аленіну руку.
— Заўтра пачнем малаціць, — перавёў на другое гаворку Марцін. — Твая брыгада, Алена, пойдзе першая. Апавясці людзей на заўтра.
Насця падалася насустрач ім i пайшла поруч.
Уперадзе нейчы ласкавы голас журботна, цягуча заспяваў:
Вецер вее, ой, вецер вее, ды вецер па-а-вява-ае, Ой, вецер вее, вецер павявае!.. Ма-аці ў до-оні дый пра долю пыта-а-е.Некалькі жаночых i мужчынскіх галасоў падхапілі дружна, суладна.
— Прыходзь сягоння ўвечары да мяне, — сказала Насця Алене. — Толькі не баўся вельмі дома. Павел прыехаў. I ты, Марцін, не спазніся…
— Я ўжо чула, што прыехаў… —Алена схапіла Насцю за руку. — Які ён цяпер?
— Усё такі-ж… — спакойна адказала Насця. — Учора, позна ўвечары, прыйшоў. Спазніўся на пасажырскі, дык ён да таварнага прычапіўся!
— Прыехаў!.. радуешся?
Сказала i падумала: якое глупства пытацца пра гэта. Вядома, радуецца. I раптам радасць Алены патухла. Сэрца апаліў боль. Павел прызываўся ў армію разам з Андрэем, у адзін дзень, на адной машыне ехалі яны ў горад. I служылі поўгода ў адной часці, пакуль не раніла Андрэя на фінскай вайне. Ca шпіталя ён вярнуўся ў другую часць, — i з той пары таварышы не бачыліся.