Ciвая легенда
Шрифт:
На іх было навалена нейкае дзіўнае рыжае сена, і яны паўзлі лугам, а людзі, якія штурхалі іх, хаваліся за гэтым сенам.
Я доўга не разумеў, у чым справа, аж датуль, пакуль яны не падзяліліся на два патокі. І гэтыя дзве змяі павольна паўзлі да драўляных брам у нашым вале.
– Бі па вазах! – крыкнуў я.
Мур расцвіў клубамі парахавога дыму. Але было позна ўжо. Вазы паспелі ўпрытык падваліць да абедзвюх брам, і раптам, амаль адначасова, да неба ўзняліся вялізныя, рудыя, як хвост лісіцы, палаючыя языкі агню. Палала сена, аблітае нечым гаручым, палала сама зямля вакол. Пад
Цяпер мне стала ясна, чаму Ракутовіч спусціўся з узгорка, чаму адзін з мужыцкіх атрадаў пайшоў за ім: яны рыхтаваліся бараніць вазы, калі б нам уздумалася зрабіць вылазку.
У нас не было сілы на абарону вала: занадта нечакана ўстала пагроза. Мы свядома абмежавалі сябе мурамі замка. Але ўсё адно гэты пажар быў непрыемны. Вал перастаў існаваць як перашкода. Цяпер ужо нішто не перашкаджала паднесці да муроў лесвіцы або падкаціць таран, каб ён у іх быў.
Мы зрабілі першую памылку.
Затое тыя, што рыхтаваліся абараняць вазы, і сам Раман былі цяпер амаль у нашых руках. Я паставіў на мур сотню сваіх хлопцаў з мушкетамі і стаў падаваць каманду:
– Ступі! Стой! Мушкет да бока! Фіціль – з курка! Фіціль – на месца! Мушкет да рота! З брамкі здзьмухай! Набой бяры! Мушкет уніз! Порах на брамку – сып! Утрасі! Брамку зачыні! Страсі! Здзьмухай! Мушкет да левага бока! Порах і кульку – у мушкет! Клак – на брамку! Забойнік бяры! Кульку і клак дабі! Забойнік на месца ўсунь! Правай рукой мушкет падымі! Левай падсошак рыхтуй! Мушкет на вілкі! Гатоўся!
Я ведаў гэтыя каманды на памяць ужо дваццаць восем год. А мае хлопцы былі лепшыя стралкі з усіх, якіх я ведаў. Не мінула і дзесятай часткі гадзіны, як мур ашчацініўся гатовымі да стральбы ручніцамі.
– Палі! – крыкнуў я.
Зубцы завалакло едкім парахавым дымам. Я праз яго бачыў, як падалі, круціліся ў віхуры, мітусіліся людзі ў белай вопратцы.
І яшчэ бачыў я чалавека ў барвяным плашчы. Ён крычаў нешта жахлівым голасам, узнімаючы адной рукою старадаўні двухручны меч.
Сашчэраны рот і грыва валасоў, што ўстала дыбарам, – ад іх нельга было адарваць вачэй. Калі дым разышоўся, на траве засталося дзесяткі тры нерухомых белых цел.
І яшчэ я пабачыў, што на лініі ўзгоркаў стаіць надзіва роўны строй мужыкоў. Я не ведаў, нашто ім спатрэбілася стаяць там. За іхнімі спінамі былі толькі вазы. Другі атрад – іначай не назавеш, бо гэта было войска, а не бязладны мужыцкі натоўп – набліжаўся здалёк строем у тры плутонгі. Ён стаў значна лявей Жабінай вежы. І пад маўклівай аховай гэтых людзей натоўп мужыкоў, узброеных чым папала, цягнуў ад пагоркаў дзесятак доўгіх асадных лесвіц.
Чорт бы пабраў гэтага мужыцкага караля! Ён ваяваў зусім не па правілах. Праўдзівей, не па тых правілах, па якіх ваююць ва ўсім свеце. І незразумела па якіх. Я глядзеў на яго вялізную постаць, што махала мячом. Мы далі другі залп па натоўпе з лесвіцамі і па ім. Але ён быў цэлы і здаровы, быццам і агонь яго літаваў.
Я ўбачыў перакошаны твар Кізгайлы. Ён кідаўся па забралу, лаяў пушкароў самымі чорнымі словамі. Схапіў ядро, паляпаў, быццам кавун, па крутых баках і заштурхнуў у жарало “Маркабруна”, гарматы французскага ліцця, самай вялікай з тых, што стаялі
– Палі!!!
“Маркабрун” раўнуў. І зноў, як заварожаны, стаяў на месцы чалавек у плашчы. Ядро вырвала з рук хлапчыны, што стаяў поруч з ім, прапар і ў трэскі разбіла адну з лесвіц.
Астатнія лесвіцы паўзлі далей у атачэнні кос, сякер і віл. Кізгайла і я адначасова зразумелі, што, калі лесвіцы ўкрыюць за валам, паблізу ад спаленай брамы (ад яе засталіся ўжо толькі вуголлі і палаючыя бэлькі), наша справа пагоршыцца. Тады атрад маўклівых вартаўнікоў кінецца да іх, і ніхто не ўратуе муроў ад штурму.
Унізе, ля брамы, стаяла напагатове кірасірская сотня.
– Капітан, – крыкнуў Кізгайла, – падрыхтуйся! Зламі іх, знішчы лесвіцы, пастарайся ўзяць Рамана.
– Добра, – глухім голасам адказаў з-пад забрала капітан.
Форткі брамы разышліся з цяжкім рыпам, упаў пад’ёмны мост, і адразу ўсё запаланіў трывожны нарастаючы грукат капытоў па жалезе моста.
Кірасіры рынуліся ў атаку.
Усе на вараных конях, усе ў чорных латах і шаломах, увянчаных чорнымі пер’ямі, яны імчалі выцягнутым клінам, і я не ведаю, што здолела б устаяць перад іхнім імклівым ударам. Сам Аляксандр не адмовіўся б камандаваць такой сотняй.
Абаронцы на мурах праводзілі іх лямантам захаплення, і нават мая халодная кроў ускіпела, як у першым баі, калі мне было пятнаццаць год.
– Сячы іх! Хапай!
Мужыччо каля лесвіц замітусілася, але не стала ўцякаць. Яны, праўда, кінулі лесвіцы, але не ўцякалі, а адступалі. І апошнімі падаваліся задам людзі з косамі ў руках.
Капітан, яка скакаў наперадзе, падаў знак рукою ў жалезнай пальчатцы. І адразу, як зладжаны хітравумны механізм, жалезны клін пачаў мяняць строй: дваццаць ці трыццаць латнікаў аддзяліліся ад лятучага атрада і паскакалі да тых маўклівых, што стаялі на схіле строем у тры плутонгі.
Астатнія на хаду ператварылі кінутыя лесвіцы ў кучу ашчэпкаў. Яны падазрона лёгка ламаліся, і я ўжо ў той момант западозрыў няладнае. Але думаць не было калі. Я наогул не ведаў, на каго глядзець, на тых, што ляцелі да маўклівай аховы, ці на тых, што спасцігалі атрад уцекачоў.
Я паспеў толькі заўважыць, што першая плутонга мужыцкага атрада раптоўна апусцілася на калені, выставіўшы наперад доўгія дзіды, а другая, стоячы, пачала весці беглы агонь паўзверх яе галоў. Адзін коннік пакаціўся цераз галаву каня, другі, трэці. Гэта было жахліва! Трапнасць стральбы можна было растлумачыць толькі так: Ракутовіч паставіў у гэты атрад паляўнічых. Але як ён мог за тыдзень навучыць людзей так спрытна арудаваць дзідамі?
Поўны трыумфу лямант перарваў мае думкі. Я ўбачыў, што кірасіры дагналі ўцекачоў і ўрэзаліся ў іх усім цяжарам сямідзесяці закутых у жалеза коннікаў, усім цяжарам сямідзесяці конскіх цел. Мужыкі яшчэ спрабавалі супраціўляцца, яны з размахам секлі косамі ля самай зямлі, спадзеючыся падрэзаць коням сухажыллі ля бабак. Але гэта была безнадзейная справа.
Ракутовічу – краем вока заўважыў гэта – падвялі каня, і ён памчаў да тых, каго забівалі: толькі барвяніца запаласкалася на ветры. Ён, напэўна, хацеў біцца разам з гэтымі асуджанымі на смерць.