Ciвая легенда
Шрифт:
– Не таму ты турбуешся, – холадна сказаў Лаўр. – Надта ўжо ты, дзядзька, сэрцам да аксамітнікаў прырос.
Ракутовіч доўга маўчаў. Потым уздыхнуў:
– І тут твая праўда. Душа разрываецца. Крычаў сёння, што мужык – хрыбет усяму. І ведаю, што гэта так. І ведаю, што ягоная праўда, таму што ніхто так не пакутуе. А сэрца ліпне і ліпне да гэтых. З імі ўздзіць вучыўся, сокалаў пушчаў, з імі скакаў, з імі ўпершыню напіўся.
– Дурыш, – непачціва сказаў Лаўр, – а яны табе на кожным кроку бязлітасна здраджвалі. Яны спяць і ў сне бачаць выспацца
– Ведаю. І ўсё ж, каб не былі яны павей-ветрамі, каб не перкінулася ўся гэтая зграя да Варшавы і Рыма, – не пайшоў бы я з вамі. Дабром бы іх упрошваў добрымі быць з людзьмі.
– Іх упро-сіш, – працягнуў Лаўр. – Хіба сякерай толькі...
– Ведаю, – сказаў Раман. – Ды з гэтым скончана. І хопіць балакаць.
– А Ірына? – не сунімаўся Лаўр. – З ёю яны што зрабілі? Ці, можа, і яе забудзеш? Закруціш з багатай?
– Не магу забыць. Верны ёй. І няма мне забыцця. Ідзі, Лаўр. Ідзі...
Лаўр моўчкі прайшоў паўз мяне ў пакой насупраць.
Некаторы час я чуў і бібліятэцы толькі гулкія крокі. Потым убачыў праз шчыліну гаспадара, які падышоў да стала і адкрыў кнігу не кнігу – аркушы былі занадта розныя, – а хутчэй нейкія пасланні ды граматы, пераплеценыя ў агульную цялячую вокладку.
Ён чытаў, варушачы вуснамі, і раптам я пачуў знаёмыя мне словы, словы васьмігадовай даўнасці, словы з прашэння беларускага народа на сейм. Усе ведалі, хто яго склаў.
І гэтыя словы шмат у каго былі на вуснах. Ведаў іх і я.
– “Усяму свету вядома, – чытаў гаспадар, – у якім быў стане слаўны старажытны народ за некалькі перад сім год, аныня оный, падобна ўлюбёнаму богам народу ізраільскаму, з плачам аб стане сваім вапіе: се мы днесь унічыжэнны, пачэ ўсіх жывучых на зямлі, не імамы князя, ні правадыра, ні прарока...”
Гаспадар скалануў грывай валасоў. Заплюшчыў вочы і чытаў, можа, па памяці:
– “Не даволі, што славуты народ рускі даведзены да такой вялікай бяды і толь цяжкага ўцяснення, будучы бог весць за што ганімы... пазбавілі нас яшчэ і бясцэннага скарбу – златой волі, нахабным чынам прысвоіўшы оную”.
Голас Рамана сарваўся. Ён бясшумна закрыў кодэкс і ціха сказаў:
– Такія словы сказаўшы, адрачыся ад іх. Эх, людзі...
І яшчэ цішэй, з нейкім жаласным дзіцячым непаразуменнем спытаў:
– Як жа гэта ты, Леў?..
Паглынуты гэтай споведдзю, я здрыгануўся ад нечаканасці, калі вузкая жаночая рука апусцілася на маё плячо. Перада мною стаяла пані Любка, накінуўшы на плечы белую – на знак жалобы – хустку.
– Можна да яго?
– Ідзіце, пані.
Яна ўвайшла і зачыніла за сабою дзверы. Нейкі час я нічога не чуў, але гэтыя дзверы былі з норавам: спачатку з’явілася вузкая шчыліна, пасля шырэйшая, потым такая, як раней. Я не стаў іх зачыняць – няхай сабе стаяць, як ім падабаецца.
І я пачуў мяккі, зусім не такі, як раней голас жанчыны:
– ... і бяздзетных выганяюць з маёнтка другія сваякі. Хто абароніць, калі абаронцы забітыя?
– Чаму ж раней не было?
Дзверы адчыніліся яшчэ крыху шырэй. Праз
І гэтая галава ціха сказала:
– Ты нічога не ведаеш. Праз паўтара месяца пасля вяселля яны ішлі граміць цябе, і страла пазбавіла яго мужнасці.
Я сам сабе свіснуў. Так, нявесела было Кізгайле. Вось чаму ён быў такі кіслы, калі Ірына праклінала яго.
– Ну што ж, – сказаў Ракутовіч, і я ўбачыў яго вялізныя шалёныя вочы, – вы ж і мяне пазбавілі кахання, пазбавілі роду. Ён гадзюка. Няхай згасне яго род!
– Ты сам разумееш, як гэта страшна, гаспадар, – ціха сказала яна.
– А што ты зрабіла для мяне добрага? – нахіліўся ён. – Забойства Якуба? Упартасць? Стрэл у брата? Яд? Другі вас бы з зямлі сцёр.
Жанчына, здавалася, вось-вось заплача. І я не чуў больш кранаючага голасу, чым той, якім яна загаварыла:
– А ты памятаеш, як мы збіралі пярэсны і лотаць? Мне было трынаццаць, ты – трохі старэйшы. Ты прывёз мяне ў лес на сваім кані. І я адчувала спіной руку, якой ты мяне трымаў, такую цвёрдую руку... Або калі ты прынёс мне крылы сіваваронкі, каб я магла ўбрацца мятлушкай [13] .
– Ты была мне, як сястра... Але я не дарую вам, што вы пад замком Ірыну трымалі.
– Тады забі мяне. Не трымала я. Гэта ён.
– Я не ваюю з жонкамі, – сказаў ён, – я нобіль, і нас тры, чый род застаўся.
13
Лясное стварэнне ў старажытнай беларускай народнай паэзіі. Дзяўчына з крыльцамі матыля або птушкі – тое самае, што віла ў сербаў і фея ў старажытных брэтонцаў
І раптам я пачуў яго крокі.
– Цхакен, – сказаў ён, з’явіўшыся на парозе (я стаяў, павярнуўшыся спіною да дзвярэй), – пакліч Лаўра.
Насуплены Лаўр прайшоў у бібліятэку, і хутка там загучаў голас Ракутовіча:
– Бачыш гэтага хлопца? Падабаецца ён табе?
– Так, ён вельмі падобны да цябе, Раман.
– А яна табе падабаецца?
– Так, гаспадыня вельмі прыгожая.
– Дык вырашай, калі хочаш, я зараз, тут, зраблю яго дваранінам. Гэта будзе апошні дваранін.
– Не хочаш выслухаць мяне, Раман, – з дакорам сказала яна.
– А ты бяры яе ў жонкі. Будзеш трымаць гэты замак маёю рукой на выпадак, калі трэба будзе адседзецца.
Я бачыў упартую спіну Лаўра. Потым блазнюк падкінуў падбародак і з папрокам, відаць, жадаючы ўкалоць, сказаў:
– Не, гаспадар. Куды ўжо вароне... Ды і не хачу я дваранінам быць.
І Раман зразумеў укол.
– Тады ідзі, – сказаў ён сурова, – і чакай майго загаду.
Яны засталіся адны. І дзверы зноў былі прачынены. Не надта тыя клапаціліся аб таемнасці.
Цяпер гаварыла пані Любка: