Добры дзень, мая Шыпшына
Шрифт:
— Твой? — спытаў міліцыянер.
— Мо-ой...— разгублена працягнуў Эдзік.— Стары... А адкуль ён у вас узяўся?
— Не здагадваешся?
— Не-а,— з відавочнай шчырасцю адказаў Эдзік.
— Дык у чым, уласна, справа? — не вытрымала дырэктар.— Зноў бульбіну на акно падвесіў?
Міліцыянер узяў з папкі паперу і стаў уголас чытаць:
— У чыгуначнае аддзяленне міліцыі...
Эдзік страпянуўся.
—...дастаўлены чамадан, чорны, сярэдняй зношанасці. Выявіць уладальніка чамадана на вакзале не ўдалося. Пасля ўскрыцця ў чамадане знойдзена: часопіс «Человек и закон», адзін, цэгла сілікатная, адна, бляшанкі
— Мыш...— паўтарыла дырэктар, хітаючы галавой.:— Божа-божа.
—...ранец школьны, вялікай зношанасці, адзін. У ранцы выяўлены сшытак на імя вучня трэцяй школы Верабейчыка Эдуарда.
Эдзік унурыўся ў зялёную дарожку, але на яго тварыку не было нават ценю сораму і раскаяння.
— Ты падкінуў чамадан? — добра пастаўленым голасам парушыла цішыню дырэктар.
— Я не падкінуў, а паставіў.— У Эдзікавых вачах была зацятасць.
— Зразумела,— задаволена сказаў міліцыянер.— А навошта, ты нам можаш растлумачыць?
На Эдзікавым твары мільгануў водбліск надзеі.
— Да нас дзядзя Коля ў госці прыехаў. Ну, мамін брат,— паспешліва пачаў апавядаць Эдзік, зіркаючы то на дырэктара, то на міліцыянера,— Прыехаў, а ў яго на вакзале сетку свіснулі. Ён тады і гаворыць: «Ну і жызня пайшла, толькі пакінь што, адразу ногі прыставяць». А я гавару: «А вось і няпраўда». Мне вунь планёр у лагеры за футбол далі — я на варотах стаяў,— законны такі планёр, у скрынцы, лятае, як сапраўдны. А я яго ўзяў і на вакзале забыўся, калі марожанае купляў. Ну, калі дамоў ехаў. Прыехаў і думаю: чаго гэта не хапае? А тады ўспомніў, што планёра. Як ірвануў на вакзал, і ніхто яго не свіснуў...
Міліцыянер перабіраў у папцы паперы. Дырэктар пастуквала па паліраваным стале пальцамі з малінавым манікюрам.
...Я яму гавару: «А давайце на сто марожаных закладзёмся і эксперымент зробім». А ён не стаў, гаворыць, што я жыцця не знаю. Ну, а я ўсё роўна... Ну, як быццам заклаліся.
Эдзік трошкі перадыхнуў. Міліцыянер, адарваўшыся ад папер, запытальна ўзняў вочы.
— Цэлыя паўдня ніхто не ўкраў. I ў міліцыю аднеслі! — пераможна закончыў Эдзік і з надзеяй у шчырых вачанятах паглядзеў на міліцыянера.
— Так...— прамовіла дырэктар, часцей барабанячы пальцамі.
— А што дзядзя Коля сказаў? — пасля паўзы з сумневам спытаў міліцыянер.
— Што сказаў... Не паверыў...— Голас Эдзіка адразу звяў і прагучаў так непрыхавана сумна, што, здалося, нават менш сталі тырчаць яго попельныя кудлы.
— А вы ж знаеце, што ўсё праўда. У міліцыю аднеслі.— Эдзік крыху паарлеў.
— У міліцыю аднеслі...— неакрэслена сказаў міліцыянер.
— У міліцыю! — дырэктар нібы падкрэсліла гэтае слова чырвоным алоўкам.
— А калі б чамадан хто-небудзь забраў? — пашчыкваючы вусікі, пацікавіўся міліцыянер.
Эдзік ні на каліва не сумеўся.
— Ну глядзіце. Вось ён украў. Так? Прыносіць дамоў, раз-раз — адчыняе, а там розная дрэнь. Так? Ён думае: «Ага, гэта нехта знарок паставіў, а сам сачыў». I ён ад страху тады як затрасецца...— Эдзік старанна, ажно да ляскання зубамі, паказаў, як той затрасецца, і пераканана скончыў: — А так яму і трэба.
— Я-а-сна,— сказаў міліцыянер.— А «Человек и закон» навошта палажыў?
— Каб яму міліцыя прыснілася! — выпаліў Эдзік.
— Во дае! — вырвалася ў міліцыянера ледзь не з захапленнем.
Дырэктар кінула на яго няўхвальны позірк.
—
— Усё, Верабейчык? — роўна спыталася дырэктар.
— Усё,— азваўся Эдзік, зноў натапырваючыся, як верабей на марозе.
— Чужы хто дык і паверыць можа,— гэтаксама роўна працягвала дырэктар. I раптам яна стукнула па стале алоўкам і ўзвысіла голас: — Столькі гурткоў, секцый! Усё, бачыце, не пад густ! Цікавей на акно бульбіну з вяровачкай падвесіць! Паўночы спаць не даваць чалавеку!..
— А чаго ён цёцю Люду прагнаў? — адгіркнуўся Эдзік.— Яна харошая была.
—...Цікавей цэглы ў чамадан налажыць і з людзей здзекавацца! Гэта ж да-ду-мацца трэба... I пад усё базу падвядзе, пад усё!
Эдзік зацята маўчаў.
— Ты знаеш, дзе я ў твае гады была?
— Знаю,— буркнуў Эдзік,— вы ўжо гаварылі, у дзетдоме.
— У дзетдоме. Вайна ішла. Нам хлеб сніўся. Можаш ты гэта зразумець? — Дырэктар дастала і паднесла да вачэй насоўку.— Вось як жылі. I ўсе людзьмі сталі. А ў вас усё ёсць, усё, чаго душа жадае. Певень смажаны толькі ў адно месца не кляваў. А што ты робіш? Што-о ты робіш?
Дырэктар яшчэ доўга гаварыла. Спярша седзячы, потым падняўшыся і часта-часта барабанячы алоўкам.
Міліцыянер заглыбіўся ў нейкую паперу.
Эдзік пазіраў у акно. Маленькая самотная слязінка збегла па яго шчацэ і, бліснуўшы на сонцы, капнула на зялёную дарожку.
Хаподны вецер
У пярэдняй ажывае тэлефон.
Тэлефон маці паставілі даўно, але яна ніяк не агойтаецца: кожны раз уздрыгвае на траскотны званок, марудзіць, як і цяпер, браць трубку, а ўзяўшы — губляецца, бо не бачыць таго, з кім размаўляе. Маці пабойваецца гэтага прыгожага белага апарата; ён неяк сам па сабе звоніць тады, калі яму захочацца, і маці часам здаецца, што ў кватэры з'явіўся нехта чужы, які ведае, што яна чыніць і гамоніць у сваіх чатырох сценах, і можа ўмяшацца ў любую яе справу. Маці спрабавала адмовіцца ад яго яшчэ тады, як Барыс, сынаў сябра, прынёс навіыу, што да Новага года ёй у падарунак вырашылі правесці тэлефон. I потым, калі прыйшлі два хлопцы-манцёры, маці таксама прасіла: «Бярыце вы, дзетухны, яго сабе», але тыя адно смяяліся: «Вам, мамаша, па штаце паложана».
Тэлефон зноў сыпле сухім трэскам, і маці нарэшце асцярожна здымае трубку. Мужчынскі голас прадстаўляецца карэспандэнтам. Будзе пісаць пра іх малады горад і абавязкова пра яе Васіля. Ці дазволіць яна завітаць?
Маці нават трошкі радуецца госцю. Перабраўшыся гады тры таму з вёскі, яна па-ранейшаму не можа сядзець склаўшы рукі і глядзіць суседскага хлопчыка. Але цяпер суседзі з малым у адпачынку, і яна почасту чуе ў душы непрыкаянасць і сваю непатрэбнасць.
Маці пачынае пакрысе рыхтавацца. Яна абводзіць позіркам па-сялянску проста абстаўлены пакой. У ім, як зазвычай, прыбрана, але вонкавы парадак і чысціня не могуць схаваць адбітку нейкай няўтульнасці, якая заўсёды бывае ў хаце, чые гаспадары не маюць аб кім клапаціцца. Маці перасцілае стол, ставіць на свежы абрус талерку з жоўтымі антонаўкамі. Прычэсвае грабянцом сівыя рэдкія валасы, павязвае цёмную ў белыя разводы хустку і сядае на старую канапу пад фотапартрэтам круглатварага хлопца з адкрытым паглядам і харошаю ўсмешкай.