Добры дзень, мая Шыпшына
Шрифт:
Арганічна ўпісваючыся ў нацыянальную традыцыю, творчасць Арлова разам з гэтым падключана да пошукаў сучаснай савецкай прозы. Аднак і там і тут яна не эксплуатуе знойдзенага папярэднікамі, а народжана жыццём, станам неспакойнай душы маладога чалавека апошніх дзесяцігоддзяў XX стагоддзя.
Аўтар імкнецца пазбягаць апісальнасці і бытавізму, якія вельмі часта шкодзяць нашай прозе, стараецца пісаць ёміста і лаканічна, з падтэкстам. У яго апавяданнях значную ролю адыгрывае настрой, які дапамагае кампенсаваць пэўную недагаворанасць у раскрыцці ўзаемаадносін і характараў
У імкненні бачыць і паказваць чалавека ў тонкіх, захаваных ад чужога вока перажываннях заўважаецца ўнутраная роднасць з творчасцю М. Стральцова, а ў тым, што герой, высаджваючы пасажыра, «выкідвае коніка», пэўны ўплыў В. Шукшына, героі якога таксама дзейнічаюць амаль заўсёды стыхійна і незапраграмавана, быццам знарок насуперак звыклым жыццёвым нормам і правілам. Гаворка ідзе пра апавяданне «Водсвет валошак», якое ўяўляе сабой не спалучэнне дзвюх розных манер, а арганічны сплаў, у якім пераважае не запазычанае, а арганічна сваё па мастацкіх характарах, думках і настроях.
Гэта ж можна сказаць і пра апавяданне «Певень». Аўтар, ідучы ў рэчышчы шукшынскай традыцыі, не эксплуатуе адкрытыя выдатным рускім празаікам характары, сітуацыі і праблемы, а ідзе ад канкрэтнага беларускага жыцця. Адзначым тое, што пры ўсёй парадаксальнасці і камічнасці абмалёванага выпадку не дзеля смеху напісаны гэты твор. Пісьменнік не камізуе знарок характар вясковай бабулькі, а пераканаўча раскрывае душу жывога чалавека ад зямлі, па кантрасце з якім адмалёвана сучаснае гарадское мяшчанства. Ды справа не ў знароклівым супрацьпастаўленні вясковага чалавека гарадскому, а ў сцверджанні чуласці, дабрыні, душэўнай шчодрасці і спагады, якія павінны запанаваць паўсюль, як у горадзе, так і ў вёсцы. Празаік у апавяданні здолеў перадаць саму атмасферу нібы вулей растрывожанага будынка, намаляваць масавыя сцэны. Твор гэты драматургічны, ён можа быць асновай невялікага радыётэлеспектакля, з поспехам чытацца са сцэны.
Праграмным уяўляецца апавяданне «Добры дзень, мая Шыпшына», якое дало назву кнізе. Расказваецца ў ім пра знаёмства беларускага хлопца, гісторыка па прафесіі і прызванні, з літоўскай дзяўчынай, паміж якімі ўзнікае пачуццё кахання.
«Аднойчы ты сказала:
— Каханне — найвышэйшае з усяго, што народжана жыццём.
— Не,— сказаў я.— Любоў да роднай зямлі вышэй». Думка пра грамадскае прызначэнне чалавека, пра яго вернасць высокім ідэалам пранізвае таксама аповесць «I вярталіся мы...», якая, безумоўна, заслугоўвае і патрабуе асобнай разгорнутай гаворкі.
Празаік прамаўляе да нас голасам шчырай любові да чалавека, да зямлі, на якой мы жывём і пра якую ўсе павінны дбаць і клапаціцца.
Яўген Лецка
Певень
Горад ціхамірна спаў салодкім досвітным сном. Спалі чысценькія двары з аднолькавымі арэлямі, пясочніцамі і столікамі для даміно. Снілі штосьці прыемнае высокія гожыя дамы. I самыя лепшыя сны бачыў новы, зграбны і вясёлы, быццам цацка, дзевяціпавярховік з блакітнымі балконамі. Некалькі дзён па яго лесвіцах людзі клапатліва цягалі гарнітуры, тэлевізары і дываны,
Але тут прычынілася нешта неверагоднае. Па аксамітавай цішыні летняга світанку, што вялікім сонным возерам разлілася над дзевяціпавярховікам, над усім гэтым новым горадам, дзе не было ніводнага драўлянага дома, па гэтай утульнай цішыні раптам дзесьці паміж зямлёй і небам чыста, з першабытнай звонкай радасцю ўцымбаліў певень. Гром з ясных нябёсаў здаўся б, напэўна, меншым дзівам, чым шчырае адвечнае «ку-ка-рэ-ку-у!», якое выбухнула між вышынных гарадскіх камяніц і імгненняў колькі яшчэ неяк здзіўлена звінела, блукаючы сярод іх.
У вокнах новага дома мільганула з дзесятак заспаных неўразуменных твараў, а ў адной з кватэр прачнуўся і сеў у ложку, лыпаючы вачыма, лысаваты мужчына. Ён прыгаломшана і няўцямліва паглядзеў па баках і на жонку, якая варочалася ў сне, і, мабыць, падумаўшы, што прыблюзнілася, супакоіўся і лёг. Але не паспеў заснуць, як, здаецца, над самым яго вухам зноў, яшчэ званчэй і пераможней, з зухаўскімі каленцамі прагарлаў певень.
Мужчына раззлавана сунуў ногі ў пантофлі, накінуў халат і выйшаў на балкон.
На двары, што купаўся ў рэдкім прыцемку, не было ні душы. Мужчына паскроб пальцам нос, прамармытаў нешта пагрозлівае пра «даўгагрывых» і хацеў быў вяртацца, аднак яго ўвагу забралі дзіўнаватыя гукі з суседняга балкона. Мужчына з апаскаю перагнуўся цераз перабой і аслупянеў: па суседстве асвойтана і самавіта, па-гаспадарску выпінаючы грудзі, пахаджаў важнецкі чырвоны певень з доўгай зеленавата-чорнай касой і хвацкім пурпуровым грабянём набакір.
— Чорт ведае што! — ачуўшыся ад гэткага відовішча, уголас сказаў мужчына.— Хутка кракадзілаў на балконах трымаць будзем!
...У той жа дзень па доме разнеслася чутка, што ў першым пад'ездзе жыве без клёпкі ў галаве бабулька, у якой на балконе навязаны певень.
Назаўтра певень зноў устурыў суседзяў.
Увечары ля пад'езда сам сабой сабраўся ладны збой жыхароў. Большасць — відаць было па іранічных тварах — пачулі, аб чым гаворка, і спыніліся проста паслухаць ды пасмяяцца. Але былі і настроеныя менш памяркоўна. Вяла рэй мажная, не першай маладосці хімічная бландзінка з чацвёртага паверха.
— Дзве ночы не сплю! — сакатала бландзінка так часта, што заставалася загадкай, як гэта яна паспявае яшчэ і дыхаць.— На адных таблетках трымаюся! Столькі год пашырэння чакалі, і вось табе! Радуйся! Сёння ў тры гадзіны загарлапаніў. А крычыць як! Быццам узмацняльнік у яго там.
— Трэба пісаць! — сказаў нейкі ўмудроны жыццём чалавек.
— Ды ўжо ж, у зубы глядзець не буду! — паабяцала бландзінка.
— Ну што тут кепскага, таварышы? Прачнуцца з пеўнем — гэта ж цу-доў-на! — прымірэнча сказаў малады мужчына ў жоўтай тэнісцы.— Мне, напрыклад, вёска адразу ўспамінаецца, сена, сырадой... Прывыкнем, таварышы, і радавацца будзем, ганарыцца: ні ў кога няма, а ў нас — свой певень. Яшчэ дзякуй бабулі скажам.
Бландзінка змерыла жоўтую тэніску калючым позіркам.