Добры дзень, мая Шыпшына
Шрифт:
Віктар наўпрост, цераз парк, кіраваўся да прыпынку. Падталая за дзень сцежка падшэрхла і прыемна храбусцела пад нагамі рассыпчастым снегам.
Заўтра за працу... Ён усміхнуўся ад светлага святочнага пачуцця. Больш за ўсё на свеце любіў ён па выхадных заставацца ў хатнім зацішку сам-насам з хвалюючай нерушшу ватману...
Спачатку ён праскочыў міма. Але праз некалькі крокаў малюнак, які вока проста механічна схапіла, быццам фотаапарат, праявіўся, і Віктар убачыў на пакінутай за спіной лаўцы дзяўчыну ў белым з жоўтымі паскамі футэрку, убачыў, што яна адна, што яна плача.
Ён паволі вярнуўся, падняў з долу яе выстылыя пальчаткі і прысеў поруч. Дзяўчына не зварухнулася. Яна скамянела пазірала некуды ў хвоі,
У аўтобусе дзяўчына пачала пакрысе ажываць. Прыгожыя карыя вочы, якія дасюль абыякава і невідушча глядзелі ў нікуды, сагрэла кволая цікавасць. Нібы ачуўшыся ад цяжкага сну, дзяўчына правяла прзіркам па аўтобусе, спынілася на Віктары, і ў наступнае імгненне ён зразумеў, што ўсцешыўся перамене дарэмна: тонкія рысы нервовага твару зблажыла грымаса болю, і плечы дзяўчыны затрэсліся ад плачу.
— Ну, супакойцеся, супакойцеся...— разгублена гаварыў Віктар.
Усхліпы і сапраўды сталі радзейшыя. Гэта кранула Віктара, і ён паабяцаў сабе, што з рук на рукі здасць свой нечаканы клопат яе маме.
— Нам на наступным выходзіць,— ціха прамовіла дзяўчына.
«А мая румза на вачах робіць поспехі. Брава-бра-ва!» — Ні ў чым, пачынаючы з жыццёвых дробязяў, ён не любіў сааўтараў.
На вуліцы дзяўчына ўзяла яго пад руку, і Віктару падалося, што прыгода мае ўсе шанцы закончыцца зусім не перадачай румзы яе дарагой мамачцы. Але ў руцэ, якая моцна трымалася за ягоную, было штосьці базабароннае, і ён адпрэчыў здагадкі.
У перадвыхадны дзень вокны дамоў здаваліся больш светлымі і цёплымі, чым звычайна. За імі людзі чакалі некага, вячэралі ці глядзелі тэлевізар, і не верылася, што там можа адбывацца нешта благое. Хтосьці чакаў і яе — каб супакоіць, развесці бяду, напаіць ад прастуды гарачай гарбатай з малінавым варэннем. А ён сёння раней заваліцца спаць, каб заўтра на свежую галаву аддацца працы. У думках Віктар быў ужо на той дарозе сярод гонкіх бароў і ўзараных спадзістых пагоркаў, падобных увесну да вялізных самавітых боханаў хлеба. Там, дзе за павароткаю лес знячэўку расхінаецца, адкрываючы воку зялёныя асмужаныя разлогі, ён паставіць драўляную скульптуру Сейбіта...
Яны падымаліся ў ліфце. Дзяўчына дастала ключы, і Віктар занепакоіўся: яе рука дрыжала. У рэшце рэшт, ён зрабіў усё, што ад яго залежала. Аднак падумалася гэта неяк няўпэўнена.
— Ну вось... Да пабачэння...— Голас прагучаў нечакана лагодна, нібы ў нечым пераконваў яе.
— Не! Не! Не пакідайце мяне! — Дзяўчына сутаргава схапілася за яго; карыя вочы поўніліся страхам і маленнем.
Віктар паціснуў плячыма.
Па той бок дзвярэй ён не знайшоў ніякага тлумачэння яе страху. Утульная аднапакаёвая кватэра. Шпалеры пад цэглу. Сценка са сціплаю калекцыяй самавараў, букетам сівых круглагаловых дзьмухаўцоў і кнігамі, кнігамі... Цёмна-зялёны рад акадэмічнага выдання літаратурных помнікаў, Мантэнь, якога даўно хацелася перачытаць. Абцёртыя, цісненыя золатам пераплёты мінулага стагоддзя. Вялікае мяккае крэсла, патануўшы ў якім так добра гартаць старую кнігу, удыхаць яе непараўнаны таемны пах і чакаць кавы, што гатуе на кухні гэтая дзіўная дзяўчына.
Віктар павярнуўся на крокі. Цяпер ён мог як след разгледзець гаспадыню, і зрабіць гэта было, далібог, варта. Сапсуты
— Прабачце, кіпіць.— Яна, збянтэжаная ягоным доўгім позіркам, зноў знікла на кухні.
У яе аказалася рэдкае і прыгожае імя — Віта, і яно пасавала агульнай загадкавасці іх сустрэчы. Віта ўмела гатаваць надзвычай смачную духмяную каву, і ён папрасіў яшчэ філіжанку, з апетытам напкусваючы другі бутэрброд.
— Ой, у мяне ж настойка ёсць. Вішнёвы сок.
На засланым ільняной сурвэтай століку з'явілася паўпляшкі абяцанага пітва.
Зрабіўшы маленькі глыток, Віктар адкінуўся ў крэсла. У гэтай неакрэсленасці хавалася нешта зваблівае, што не хацелася парушаць роспытамі — дый ці мае ён права лезці ў чужую душу?
— Вашай бібліятэцы можна пазайздросціць...
Не-не, яе заслугі тут амаль няма. Гэта мама, яна проста такі ўлюбёная ў кнігі.
Заняты кавай, ён думаў, што пакінуць знаёмства без працягу будзе велізарным глупствам. Чаго вартая адна бібліятэка! Аднак праз хвіліну яго не пазбаўлены летуценнасці настрой выпетраўся, як першыя кроплі дажджу на гарачым асфальце.
Віта, нібы раптам нешта ўспомніўшы, здрыганулася. З яе шчок збег нясмелы румянец, на твар лягла знаёмая ўжо адлучанасць, і ў памяці Віктара ўсплыла брыдкая гісторыя з часоў студэнцтва, калі аднаго разу ў парку маладая жанчына, якую ён упершыню бачыў, прапанавала яму «Майстра і Маргарыту», і ён пайшоў за ёю, нібы малы, якому паказалі цукерку, а потым...
Віктар ненавідзеў ролю цацкі ў чужых руках, і з успамінам прыйшла халодная зласлівасць. Не дапіўшы кавы, ён шматзначна зірнуў на гадзіннік і падняўся.
Віта ўздрыгнула і ледзь не выпусціла з тонкіх пальцаў філіжанкі.
— Прашу вас, застаньцеся... Калі ласка... Я баюся...— Яна ўмольна прыціснула рукі да грудзей, і Віктар, зразумеўшы, што памыляецца, апусціўся ў крэсла,
Але што тут усё-ткі, чорт на яго, робіцца? Са сцяны, якая на момант і сапраўды здалася старадаўняю муроўкай, не раўнуючы дзе-небудзь у Мірскім замку, змрочна і кпліва вырачыла на яго пустыя вачніцы вясёленькая, крывавага колеру маска накшталт тых, што накладаюць перад рытуальнымі танцамі дзікуны. Нечакана палез у голаў прачытаны нядаўна дэтэктыў з сярэднявечным скарбам і таямнічымі забойствамі. Віктар у думках зарагатаў: «Ну, малойча, хутка на прыём да псіхіятра. Маскі спалохаўся! Ды на Камароўцы і такіх — па дзве штукі на душу насельніцтва». Аднак загадкавасць, якая спярша забаўляла, пачынала ўсё больш раздражняць.
— Вы каго-небудзь чакаеце?
— Не... Праўдзівей чакаю... так-так, чакаю...— прамовіла Віта і, намагаючыся ўсміхнуцца, хутка спытала:
— А дзе вы працуеце?
Ён рэстаўратар?! О, ёй так цікава! Ён абавязкова павінен расказаць пра сваю работу.
— Калі ласка...— цяпер усмешка была натуральнай.
Віктар згадзіўся адно з ветлівасці, бо і ў пытанні і ў просьбе чулася няшчырасць, але, як звычайна з ім здаралася, неўпрыкмет захапіўся і ўжо на хвалі своеасаблівага натхнення гаварыў пра замак, што рэстаўруецца паводле яго праекта, пра будучы музей, чытаў міні-лекцыю аб беларускай готыцы і беларускім рэнесансе, наракаў, што бракуе дахоўкі і яе даводзіцца збіраць па старых будынках... На люстраных баках самавараў, энергічна жэстыкулюючы і пабліскваючы бялкамі вачэй, пахаджваў туды-сюды смешны чорнабароды чалавек з выцягнутай, бы груша, галавой і кароценькімі спічастымі ножкамі. I раптам ліліпут застыў на месцы. Віктар адчуў, што яго словы — гэта тыя славутыя цвікі, якія забіваюць у вату. Ён асекся з цяжкай прыкрасцю і крыўдай ад таго, што адкрыў запаветнае раўнадушнаму чалавеку, які проста знайшоў элементарны сродак чорт ведае навошта затрымаць яго.