Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Дзве душы

Гарэцкі Максім

Шрифт:

Так ташнавала дзяўчына аж да вечара, то ляжала, то бегала, спакою сабе не знаходзіла. А калі ўсё паснула ў ціхім сяле і маркотны месяц паплыў па сінім небе, а нейкія адзінотныя трывожныя ваблокі абміналі яго і трывожным ветрыкам варушылі спячы сад, Іра выйшла з хаты і глядзела на чорна-крывавы мак яа градох, дыхала паветрам ад красуючай табакі і слухала тую цішу. А пастаяўшы, хадзіла па садзе, варочалась у хату, хадзіла па сваім пакою, ішла ў парожні кляс, хадзіла там, гледзячы праз тускла-бліскучае шкло на ясны месяц і ўзноў ішла ў свой пакой, дзе вакно было адчынена, а праз яго цягнуў свежы халадок.

Школа яе дзялілась вузкім калідорчыкам на дзве палавіны: у аднэй быў кляс, а ў другой жыла настаўніца. Другая палавіна была шмат меншая за першай; гэта быў адзін невялікі пакой з адгароджаным тонкаю драўлянаю пераборкаю кутом, у якім настаўніца спала. Ля адной сцяны стаяў даўгі, вялікі стол, увесь закладзены кніжкамі, нотамі, рознымі паперамі і грамафоннымі

кружэлкамі. Паміж столам і вакном стаяла пляцёнае з ракітніку крэсла, з высокаю адкінутаю спінкаю, надта добрае для сядзення зморанаму ці летуцённаму чалавеку. Ля другой сцяны — шырокая, мяккая канапа, а на ёй — гітара з чырвонаю стужкаю, а з двух канцоў канапы — крэслы ў беларускім стылю, з рэзьбаю, вялікія, цвёрдыя і простыя. На сценах — без шпалераў — вісела невялічкая карта Беларусі, а над ёю, абвіты беларускім паяском, вісеў маленькі партрэт у рамцы Янкі Купалы. На другой сцяне быў Тургенеў і колькі выразаных з ілюстраваных часопісаў і проста налепленых на паперу фатаграфій беларускіх літаратараў і дзеячоў. Два вакны былі ў сад. Адно — усё загароджанае хатнімі краскамі; другое ўдзень паказвала праз сябе клумбы з прыгожымі, буйнымі краскамі, некалькі градак з гароднінаю і далей — невялікі садок, некалькі яблынак і слівак, кусты шуры і парэчак. На градох было дужа многа цвітучага добрага маку з густа-чырвонымі вялікімі ляпёсткамі і ўжо некалькімі досыць буйнымі мачынкамі. Тут жа блутаўся вусаты, кручаны гарох, звісаў з высокіх, уваткнутых сукаватых кійкоў сваімі кволымі кручастымі вусікамі, пачынаў цвіцець бела-фіялетавымі дробнымі красачкамі. На клумбах расла табака, леўкоі, пахнючы гарошак і яшчэ колькі розных красак. І клумбы й грады разрасліся густа і багата, навет дзіка, не ведалі штодзеннага пільнага дагляду і буялі самадумам.

І ўзноў маркотны месяц і ціхі сонны сад цягнулі дзяўчыну з яе цеснага пакойчыка туды, гдзе ў цямноце буяў гарох і чарнеўся добры мак. А ці надоўга? Пастаяўшы безнадзейна сярод прыгожых, ды невясёлых моўчак ночы сярод тае пакутнае начы, зараз бегла назад у цясноту свайго пакойчыка.

Ідучы па вузкай тропцы, што зарасла нізкай, стаптанаю травіцай, перапечкаю і безыменнаю мураўкаю, Іра сашчыпнула чырвоны, выгнуты, з чорным плямам пасярод, маковы ляпёстак і неўпрыцям ірвала яго ручкаю, падносячы да вуснаў. Прыйшла, накруціла грамафон, паставіла «Веснавую казку», а сама села ў пляцёнае крэсла, прыхінулася спінаю і заплюшчыла вочкі. З грамафоннай трубы ляцелі свежыя і звонкія, як вясна, гукі скрыпкі, а дзяўчына наперакор ім дэкламавала з Канстанцыі Буйло:

Я каханне маё пахаваю ў душы, Спакой сфінкса на твар налажу, І хоць сэрца ад болю сканае ў грудзях, Я нічога табе не скажу…

Астанаўляла грамафон, ішла да вакна, садзілася і глядзела ў заліты бліскам месяца сад, аблёгшыся падбародкам на пастаўленыя ручкі.

XVIII

Сухавея і Міколу Канцавога арыштавалі і адаслалі ў N-скую «чразвычайку» — гэткія навінкі прывёз настаўніцы Хаім-перакупшчык цераз некалькі дзён. Дзяўчына надта ўразілася, але ўцяміла, што марудзіць тут няможна, і паспяшыла ў Горкі. Яна была пэўна, што пісьмо таксама папала ў «чразвычайку», і хаця не ведала, што з гэтага можа быць, але баялася, каб за яго не абвінавацілі арыштаваных у шпігоўстве. Гарэцкія хлопцы стараліся супакоіць яе, але і самі зусім страцілі пэўнасць настрою, бо не ведалі, за што схапілі іх сяброў, і баяліся, каб іх без віны не расстрэлілі. Пасля нарады даручылі Іраідзе Аўгенаўне, як дзяўчыне і найменш падазрыванай, ехаць у N., даведацца, у чым іх вінавацяць, і прасіць, каб іх аддалі на парукі школьнай рады і вучыцельскага хаўрусу.

Ніхто не падняў цяпер старога пытання, каб яна перагаварыла з Абдзіраловічам таксама аб пісьме і аб грашох.

Калі Іра раненька прыехала ў N., ужо й там чулася другая палавіна лета. Іра адвыкла ад места, але чўла прыемнасць ад клуму, люднасці й культуры. Пільна ўглядалася яна ў знаёмае, даўна бачанае, але ёй замінала думка, як то пашчасціць вызваліць арыштаваных?

Наняўшы номер ў гатэлі, скоранька справіўшысь, яна з нейкім тамаваннем у сэрцы выйшла на вуліцу і шыбка пайшла ў «чразвычайку», каб за адзін дзень паспець зрабіць усё, што там трэба.

Дом, гдзе змяшчалася страшная бальшавіцкая ўстанова, быў добра знаёмы дзяўчыне: да вайны ў ім была епархіяльная школа, Іра хадзіла туды на вечарынкі, на скокі. Толькі цяпер мала хто хадзіў міма таго дома, і то — сярод вуліцы, бо дом з каменнаю сценкаю і тратуарам быў высака абгароджан і абвіт калючым дротам. Калі настаўніца падышла, ля варот стаяла вялізазная фура, поўная, з салдацкімі булкамі белага хлеба, і салдаты кідалі хлеб з яе на зямлю, на падсцеленыя коўдры. Іра не пайшла туды, а на ганак, з бакоў якога стаялі два чырвонагвардзейцы з карабінамі. Яны запыталіся ў яе перапуск, а як

паказала свае дакументы, дык старшы салдат сказаў, што гэтыя дакументы для іх «пляваць», а трэба перапустку ад мястовага каменданта. Падзякавала і пабегла шукаць каменданта места. Шмат каго пыталася, гдзе ён жывець, ды ніхто не ведаў, каго яна шукае, і казалі, каб ішла ў «савет», і салдаты не ведалі. Адылі нейкі хлопчык-газетнік, у якога купіла газету, сказаў, што ўпраўленне каменданта за мастом, ля вагзалу. Скора падышоў трамвай, яна села і паехала. І там, ля каменданцкага дома, на вуліцы шмат было салдатаў і розных людзей. Упускалі туды толькі тых, хто быў савецкі служачы ці знаёмы салдатам, а іншых — не. Іра доўга не магла ўразумець, у чым справа, што яе, і яшчэ нейкіх сялян, і яшчэ нейкіх людзей з места не пускаюць, і ніхто нічога не ведаў, каго яна толькі не пыталася. Прыдзверныя салдаты крычалі: «Паспееце, паспееце, чаго лезеце?», а «хвост» інтарасантаў усё павялічваўся, і ўжо за спінаю ў Іры стала блізка дзесятка чалавек. Усё тое не вешчавала ёй нічога добрага, але цвёрда хацела быць для справы незвычайна спакойнай і цярплівай. Аж выйшаў, як відаць, пісар і пачаў раздаваць чаканнікам белыя білецікі, ды не ўсім, бо іншыя панайшлі з бакоў і тыркалі яму прад вочы сінія білецікі, і тым нічога не даваў. Пакуль Іра разгледзела, што на яе белым білеціку стаіць ля пячаткі абы-як наскрабаная дата заўтрашняга дня, пісар крыкнуў: «Сінія — прыём… пачынаецца!» — і схаваўся. Сінія рынуліся ў дзверы, тузаючысь і не гледзячы на салдатаў з стрэльбамі, а белыя, быццам вінныя ў чым, недаўменна адышліся і аглядалісь. Іра станула ля абгрызенай канём ліпкі, каб абдумацца, што рабіць, і да яе падлез нейкі мястовы чалавечак, з нямытым тварам, сярод канцоў пастаўленага каўняра, чорны, як жыд, але з добрай вымовай, і сказаў ёй зусім нячутна, што ён можа памяняцца білетамі. Іра была рада, бо ўжо поўдзень мінуўся і мог прапасці адзін дзень зусім. І хацела памяняцца, ды пачула на сабе нечы пільны пагляд, зірнула туды і ўвідзела нейкага тоўстага, з зялёным, хворым тварам чалавека ў шабадраным чыноўніцкім пальце, каторы паглядам гаманіў з ёй аб тым самым, што й чорны. Іра занепакоілася, каб з гэтай менкі не трапілась абы-якой прыкрасці, — няхай лепей прападзе цэлы дзень. Тагды чорны пайшоў да сялян, а шабадраны чыноўнік зблізіўся да яе, заплюскаў губячымі сорам вачмі і сказаў, дастаючы з рукава сіні білецік:

— Не карыце згаладнялага й дайце што ласка ваша…

Іра памянялась на білецікі і дала чыноўніку тры царскія рублі, а каб не відзець, як ён кланяецца і як па зялёным твары паўзець слязіна, шыбчэй пайшла міма людзей і салдатаў у канцылярыю. Сабраўшы ўсе дакументы ў жменю, яна стала ў невялікую чараду перад пісарскім столікам і з жахам убачыла канец другой чарады, што цягнулась у нейкі калідорчык да дзвярэй зачыненага пакоя з дошчачкай над імі: «Камендант». Ужо пайшла першая гадзіна папоўдні, і Іра надта каялась, што не зрабіла менкі білетаў троху раней. Яна паказала свае паперы пісару. Той не ўзяў іх і сказаў, каб прыхадзіла заўтра, бо сянні камендант усё роўна не паспеець прыняць. Іра быццам нясмелым, адылі настойлівым голасам запытала: «А ці няможна дастаць перапуску без каменданта?» І потым цвярдзей дадала: «У мяне ўсе дакументы ў парадку, вот…» Яна ўжо адна толькі стаяла перад пісарам, і ён доўга чытаў і разглядаў яе паперы, а тады сказаў ёй:

— Дык чаго вы ад нас хочаце, таварыш? Мы перапустак у чразвычайку не выдаём. Выдаець савет. Калі вы хочаце купіць бацінкі, то напэўна не шукаеце іх у аптэцы… Я вас проста не разумею, чаго вы хочаце…

— Даруйце! Мяне да вас паслалі за перапускам з «чразвычайкі», не сама ж я выдумала…

— Таварыш, не спірайцеся!! Не маглі вас паслаць да нас, бо перапускі ў чразвычайку мы не выдаем ужо блізка месяца, разумееце вы ай не?

— Я разумею… Толькі скажэце, будзьце ласкавы, напэўна, хто ж цяпер выдае?

— Савет, разумеецца… Звярніцесь там да каменданта савецкага будынка — вуліца Карла Маркса, быўшая «Беларуская гасцініца», кожны дурань вам пакажа!

— Ага… дзякую!

Іра спацелая выбегла на вуліцу і рада была, што развязалася з гэтым пісаром і што на вуліцы ўсё спакойна, сядзяць пад плотам безуважна-цярплівыя сяляне, а там лузгаюць сланешнікавыя семечкі, седзячы на лавачцы, салдаты, і з абгрузненай канём ліпкі валіцца зжаўцелы ліст на выбіты цагляны тратуар.

Савет быў недалёчка, і Іра спадзявалася яшчэ паспець да другой гадзіны дастаць перапустку для ўваходу ў «чразвычайку», хоць для заўтрашняга дня.

У савеце ёй лёгка далі ля дзвярэй перапуск, і яна шыбка пабегла на гару па лесвіцы да пакоя № 3, гдзе была агульная канцылярыя і прымаў дзяжурны пісар. Аднак ля гэтага пакоя стаяў вялікі груд чаканнікаў, і Іра, змораная і раздражнёная, прыхінулася да сценкі. Яна згубіла надзею зрабіць сянні хоць што-небудзь і шкадавала дарма патрачанага часу. Разгарнула газету, каб за чытаннем супакоіцца і сабраць патрэбныя думкі, пакуль не выгукнуць яе номер. Вочы няўважна бегалі па газетных радкох, а розныя думкі таўпесілісь і не слухалі аднэй, найлепшай: «Чаго ж я так хапаюся? Паспею, паспею — болей цярплівасці…»

Поделиться:
Популярные книги

Блуждающие огни 4

Панченко Андрей Алексеевич
4. Блуждающие огни
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Блуждающие огни 4

Я сделаю это сама

Кальк Салма
1. Магический XVIII век
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Я сделаю это сама

Флеш Рояль

Тоцка Тала
Детективы:
триллеры
7.11
рейтинг книги
Флеш Рояль

Боярышня Дуняша

Меллер Юлия Викторовна
1. Боярышня
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Боярышня Дуняша

Газлайтер. Том 8

Володин Григорий
8. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 8

Леди для короля. Оборотная сторона короны

Воронцова Александра
3. Королевская охота
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Леди для короля. Оборотная сторона короны

На границе империй. Том 10. Часть 1

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 10. Часть 1

Черный Маг Императора 5

Герда Александр
5. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 5

Невест так много. Дилогия

Завойчинская Милена
Невест так много
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.62
рейтинг книги
Невест так много. Дилогия

Идеальный мир для Социопата 3

Сапфир Олег
3. Социопат
Фантастика:
боевая фантастика
6.17
рейтинг книги
Идеальный мир для Социопата 3

Повелитель механического легиона. Том VIII

Лисицин Евгений
8. Повелитель механического легиона
Фантастика:
технофэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Повелитель механического легиона. Том VIII

Наследник павшего дома. Том I

Вайс Александр
1. Расколотый мир
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Наследник павшего дома. Том I

Крещение огнем

Сапковский Анджей
5. Ведьмак
Фантастика:
фэнтези
9.40
рейтинг книги
Крещение огнем

Камень Книга двенадцатая

Минин Станислав
12. Камень
Фантастика:
боевая фантастика
городское фэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Камень Книга двенадцатая