Эсэ
Шрифт:
…Бязмежная пойма Сожа. Пералескі і высокія аблокі над імі. За кіламетр ад Крычаўскага раёна, над Чорнай Натапай, непадалёк ад яе ўпадзення ў Сож, патанае пад высокімі дрэўнымі шатамі вёска Ануфрыева. І яшчэ здалёк відаць над ёю волатаву, стройную і зграбную, як сасновы ствол, пяціярусную званіцу.
Ануфрыеўскі манастыр заснаваны за тры гады да Грунвальда (1407) ягоным героем Лугвенам Сямёнам Мсціслаўскім. З тых часоў тут нічога не засталося. Але званіца і сабор гэта ўзорны класіцызм і ці не пачатак ХІХ стагоддзя. Будынкаў гэтага часу таксама
О, дзіўная і праз меру небам прыўкрашаная мсціслаўская зямля! З далёкімі званіцамі і звонам каласоў, са светлымі рэкамі і светлымі людзьмі, з гарачым блакітам улетку і блякла-шафранавым, з палосамі колеру прускага блакіту, заходам узімку. З трапяткімі і шаўковымі бярозавымі гаямі — і пахмурным заснежаным яловым лесам (на грані прыцемку і ночы), над якім безнадзейна змірылася глухое неба. З залатым россыпам вясновай лотаці і крывавым асеннім лістападам.
Услаўленая будзь і шчаслівая будзь!
Той, хто пакідае цябе, з першага ж моманту ўносіць у сэрцы тугу па табе. Тугу і жаданне калі-небудзь вярнуцца. Да калыскі продкаў сваіх.
…Машыну трасе і кідае. Паволі адступае ад горада навальнічная хмара. Ад яе і ад старых дрэў у старадаўнім доме, што згубіўся ў гэтых дрэвах, цёмна, і нехта няўчасна запаліў там святло.
Хто? Можна ўявіць каго хочаш. Хаця б таго ж Насовіча, які запаўняе картку на чарговае слова для неўміручай сваёй працы.
Якое слова? А хоць бы — давайце на развітанне ўсміхнёмся — і такое:
"Недаська" — насмешлівае названне ўраджэнца горада Мсціслава. Мсціслаўцы недаські. Хітры недаська!
А можа, за гэтым акном гуляе з цацкамі нейкі малы, які праславіць свой горад на ўвесь свет, як праславілі яго ўжо многія.
…Аддаляецца горад, меншаюць сады і званіцы. Але не меншае над ім ліловая хмара і на гэтай хмары вялізная і празрыстая, прамытая вясёлка.
Можа, не ўсім пашанцуе ўбачыць гэты горад такім дыяментавым, якім убачыў яго я, і сказаць яму "бывай" пад такой яскравай вясёлкай.
Можа, нехта гляне на яго і ўбачыць усяго маленькі закінуты ў палях і лясях гарадок, узімку ў гурбах, улетку ў разлівах кветак.
Але мне ён зрабіў ласку, адкрыўся вось такім, зіхотным і вясёлкавым, і такім я й падношу яго вам у гасцінец.
Вазьміце яго, як мой малы вам дар.
Светлай табе раніцы, руплівага табе дня, спакойнага і аранжавага табе вечара пад дыяментавай вясёлкай.
І будуць людзі на зямлі
Калі гэта было — дальбог, не ведаю.
Ва ўсякім разе даўно… Даўно, калі мераць час меркай аднаго жыцця.
Наш дом стаяў на крутаяры над Дняпром, аддзелены ад яго алеяй старадаўніх ялін. За домам быў вялікі сад, увесь зарослы і цяністы. А за садам стаяў вельмі стары, урослы ў зямлю дом, які належаў гаспадарам
У гэтым доме спыняўся Напалеон, калі ішоў у паход, які яго загубіў. I таму дом здаваўся мне прывабным і страшнаватым, не такім, як усе астатнія аршанскія дамы.
У тую ноч над Дняпром раўла страшэнная навальніца. Вецер удзіраўся праз яліны ў сад, глуха шумеў іхнімі лапамі, варушыў парадзелую лістоту дрэў.
Мой бацька, які ўвогуле не вельмі любіў вершы, падышоў да акна, прыціснуўся лбом да чорнай шыбіны і, гледзячы некуды ў змрок, ціха сказаў:
Реве та стогне Днiпр широкий,
Сердитий вітер завива…
Радкі, якія ведаюць усе людзі і якіх тады яшчэ не ведаў я. Самыя, калі можна так сказаць пра вялікае, "збітыя", самыя "зацяганыя" радкі. I яны раптам аддаліся ў сэрцы вялікай праўдай, адпаведнасцю таму, што рабілася за акном.
Я спытаў у маці, хто гэта.
— Шаўчэнка.
Дняпро, па маіх тагачасных пераконаннях, быў нашай, маёй ракой, і я спытаў:
— Ён наш?
— Ён украінец. Яны таксама на Дняпры. Ніжэй па плыні.
"Ніжэй па плыні" азначала тады для мяне "за Ляўкамі", апошняй павароткай ракі, якую я ведаў, Нішто сабе. Блізка. Суседзі. Свае.
Я тады яшчэ не ведаў, да якой ступені я меў рацыю, лічачы гэтага чалавека "сваім". Я проста не мог уявіць, колькі жыццёва важных сустрэч мае адбыцца ў мяне з ім. Розных сустрэч: у горы і ў шчасці, у хмельным ап'яненні юнацтва і сталай задумлівасці.
Першае пачуццё, калі я пачаў чытаць Тараса, было, вядома, не роздум і не суперажыванне. Гэта было хутчэй амаль фізічнае адчуванне заміраючага сэрца. Сэрца замірала ад размаху фантазіі паэта:
Червоною гадюкою Несе Альта [2] вiсти, Шоб летiли крюки з поля Ляшків-панків істи.Уявіш сабе гэтую поўную крыві гадзюку-раку і здрыганешся ад той жудасці, якая ахоплівае ўсю істоту, калі чытаеш сапраўды вялікі, просты твор няпростага мастацтва.
2
Прыток рэчкі Трубеж (Трубайла).
Лёс зрабіў так, што мае шляхі часта праходзілі праз тваю, Вялікі Кабзар, Украіну, перасякалі твае дарогі. Я трапіў туды неўзабаве пасля вызвалення Кіева (Беларусь яшчэ была пад акупантамі), Крашчацік быў разбураны, але ў Крашчаціцкім завулку збярогся дом, дзе ты жыў. I стаяла чырвоная каробка універсітэта, у якім ты выкладаў бы мастацтва, каб цябе не арыштавалі за бунтарскія вершы. Праз некалькі год я пайшоў вучыцца ў той самы корпус. Ва універсітэт, які носіць тваё імя. I твая Украіна на цэлыя сем год стала мне другой радзімай.