Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Той асенні дзень быў цёплы і пахмурны. Лісце ляжала пад нагамі тоўстым стракатым дываном, і нам з сябрам добра было хадзіць па ім, варушыць лістоўныя сумёты нагамі і адчуваць сябе бязбожна шчаслівымі, нягледзячы на лёгкі сум. Таму што мы былі ў Залессі, былым маёнтку славутага Міхала Кляофаса Агінскага, "паўночных Афінах", як называлі гэты кут сучаснікі.

Залессе — адна з самых паэтычных мясцін нашай радзімы, а восень надавала ўсяму, што мы бачылі вакол, лёгкую паціну чысціні, празрыстасці і журбы.

Магутныя прысады клёнаў і ліп ішлі да Віллі, туліўся ў зарасніках старажытны цёплы дом са свечкамі калон, ртутна свяціліся ставы, ручай імкнуў праз

грэблю. I ва ўсім, што вакол, была музычнасць, ціхая песня: у плёску вады, у шолаху лісця, у парывах ветру, які гайдаў палын на мяжы.

Ёсць мелодыі, якія чуеш так часта, што пачынаеш грэбаваць імі. Ад частага паўтарэння можа абрыднуць (думаецца мне) нават "Легенда" Вяняўскага. Але колькі б ты ні слухаў паланезы Агінскага, а асабліва вялікі паланез ля-мінор ("Развітанне з радзімай") — ён застанецца блізкі і дарагі твайму сэрцу, будзе закранаць у ім самыя глыбінныя, самыя свае струны. I тады добра робіцца ад думкі, што вось нарадзіўся недзе ля Варшавы дзвесце год таму чалавек, жыў, ваяваў, быў дыпламатам і паўстанцам, пісаў між іншым музыку і, дзякуючы гэтай музыцы, стаў табе і ўсім іншым блізкі і родны. Яшчэ адзін прыклад магутнай повязі, што яднае ўсіх чыста на свеце добрых людзей.

Агінскія — стары апалячаны беларускі род, традыцыйныя гетманы літоўскія. Бацька паэта быў троцкі ваявода, а пасля літоўскі мечнік. I, аднак, наш творца, пан, арыстакрат, магнат, нобіль, адмовіўся ад свайго княскага герба, называў сябе "грамадзянінам" і хацеў вызваліць дванаццаць тысяч сваіх сялян, каб узняць іх на паўстанне. I за гэтае чалавекалюбства, дэмакратызм, гуманнасць — ён яшчэ бліжэйшы нам. Продкі ягоныя выдавалі беларускія кнігі, для польскай ягонай душы блізкія былі нашы беларускія напевы. I гэта беларускія ліпы Залесся, іхні вечны напеў навеялі кампазітару мелодыю паланеза ля-мінор і ўвогуле большай часткі ягоных паланезаў.

Ды і хіба толькі гэтыя, залескія, ліпы і дубы "англійскага" парку?! Хіба тыя трынаццаць год, што ён правёў тут?! А што казаць аб Слоніме, дзе ён жыў, аб яго наваколлі, якое, раз пабачыўшы тут, ніколі не забудзеш? А кручы Дняпра? А сінія віцебскія азёры? А Браслаў? Паўсюль хадзілі ягоныя ногі, паўсюль насіў яго баявы конь, паўсюль чуў ён беларускую песню, празрыстасці і меладыйнасці якой можа пазайздросціць любая песня зямлі.

I таму, калі стаіш ля гэтага залескага дома, сэрцу ўвесь час здаецца (А можа, і не здаецца? Хіба памяць сэрца не самая найвялікшая рэальнасць?), што з палёў ляціць неўміручае беларускае "Жніво", а з палаца адказваюць яму клавішы клавесіна. Гукі клавесіна такія слабыя, такія нямоцныя ў параўнанні з гукамі раяля, такія "несучасныя", але тут яны здаюцца моцнымі, бо вытаргаюць іх пяшчотныя і адначасова сталёвыя рукі паэта і воіна. Гучаць гэтай пераклічцы між песняй і клавесінам тысячы вякоў, аж да сканчэння зямных дзён, якога, трэба думаць, і не будзе.

Не хацелася б тут гаварыць пра агульнавядомыя факты, пра біяграфію, але старонкі гэтага жыцця так адпавядаюць самой музыцы Агінскага, што не зрабіць гэта немагчыма. Улюбёнец шчасця — і выгнаннік. Сын сям'і з велічэзнымі культурнымі традыцыямі, пляменнік паэта і аўтара першай у Польшчы оперы — і дэмакрат. Уладар дзесяткаў маёнткаў — і паўстанец. Арыстакрат — і аўтар памфлета "Папугай", які ядуча і злосна вінаваціць магнатаў за іхнюю абыякавасць да народа і радзімы, за тыя звады іхнія, якія неймінуча вядуць краіну да развалу і пагібелі. Яго паланез фа-мінор ("Падзел Польшчы") — гэта лямант адчаю і гневу, дакумент (так, дакумент!) абвінавачвання. Таму дакумент, што ён сведчыць аб тым цямноцці, у якое гэта "трайное свінства" кінула душы лепшых людзей нацыі. Аб цямноцці, у якім гарэлі, аднак, прамяні надзеі, адзінага, што ніколі не здраджвала чалавеку,

іначай у некаторыя цёмныя эпохі ён проста не мог бы жыць.

Міхал Кляофас быў вялікім скарбнікам літоўскім, дыпламатам, але гэта адышло ў мінулае, нікому цяпер не важліва. А вось тое, што за мяжою яго слухалі Гайдн і Моцарт, тое, што інсургенты Касцюшкі ішлі ў бой і над галовамі іхнімі луналі не толькі сцягі, але і маршы Агінскага, — гэта застанецца. I застанецца тое, што, калі загрымела паўстанне Касцюшкі, дваццацідзевяцігадовы чалавек на свае грошы сфарміраваў атрад амаль з пяцісот чалавек і ўзначаліў яго. Яны добра біліся і, галоўнае, мужна. З пяцісот засталося сорак. Яны ўзялі Валожын, ішлі на Івянец, раздавалі сялянам трафеі. А пасля іх малады начальнік узначаліў усе паўстанцкія войскі, і галава яго была ацэнена на вагу золата (як быццам можа быць нейкае золата, вартае такой галавы, галавы, якая стварала такую музыку).

А пасля паражэння прыйшла эміграцыя. I Агінскі вёў перагаворы з Банапартам. Адвечная трагедыя людзей, якія пакутна любяць затаптаную сваю радзіму і ў якіх выбілі з рук зброю, не далі магчымасці даць адпор гвалтаўніку айчыны. Агінскі, аднак, і тут на галаву вышэй сучаснікаў. Ён вядзе перагаворы з рэвалюцыйным генералам Банапартам, а калі прыйдзе час імператара Напалеона — ён кіне маёнтак і паедзе з адступаючымі.

Нельга быці з моцным, калі ў журбе і крыўдзе твой народ. I калі Напалеон плаціў высакароднай крывёй легіянераў пры Сарагосе, Нёмане, у рускіх снягах, Агінскага з імі не было. Ён спачуваў ім, разумеў іх, але ён ведаў таксама, што гэта памылка, якая не перастае быць памылкай, нават калі яна — трагедыя.

Аляксандр I на пачатку царавання дзейнічаў у духу свайго выхавацеля, русаіста Лагарпа і не заўсёды адмаўляўся ад магчымасці пакакетнічаць з ідэяй лібералізму. Ён даў выгнаннікам амністыю, не схільны быў, як-то завялі пазней, тлумачыць усё на свеце, у тым ліку нават пугачоўшчыну, "польскай інтрыгай" і прызначыў Агінскага сенатарам. У гэтыя гады Міхал Кляофас і атрымаў у падарунак ад Францішака Агінскага Залессе. I вось тады ў Залессі і быў створаны паланез ля-мінор. Гэта была "сустрэча з радзімай", але традыцыя назвала паланез "развітаннем". I, бадай што, гэта было правільна і больш адпавядала тону і настрою музыкі, вялікай яе журбе. Бо і ў радасці сустрэчы быў сум за лёс сваёй зямлі.

У тыя гады Залессе і стала "паўночнымі Афінамі", месцам, дзе панаваў культ музыкі, літаратуры і жывапісу. Большая частка музычнай спадчыны кампазітара была напісана тут.

I, аднак, — да чалавека не прыходзіла радасць. Нічога не збылося з таго, аб чым марыў. Нічога, акрамя музыкі. Напалеон не нёс вызвалення. Ён нёс пакуты і кроў. Нельга было ісці за ім. Але нельга было ісці і за царом. Нельга было жыць на радзіме, лёсам якой заставалася рабства.

У геніяў ёсць дзівосная якасць. У некаторых сваіх творах яны "прадказваюць" свой лёс, як быццам гледзячы праз завесу часоў. Містыкай тут і не пахне. Проста яны ведаюць свой час і сябе. Ленскі — прароцтва Пушкіна аб сваім канцы. Адна з аповесцей Чэхава амаль дакладна малюе яго апошнія гады.

Не мінула гэтая горкая чаша, гэты страшны дар прароцтва, і Агінскага. Паланез ля-мінор сапраўды стаў развітаннем. Пасля эпапеі 1812 года аўтар ягоны едзе за мяжу, і на гэты раз назаўсёды. Калі нічым не можаш дапамагчы — лепей не быць сведкам народных пакут.

Фларэнцыя, "пяшчотны касач", стала ягоным апошнім прытулкам, сады Кашын замянілі яму залескія сады, плыткая Арно — глыбокую пясчаную Віллю. Тут ён і памёр. Чалавек, на жаль, памірае… Нават калі ён ствараў неўміручую музыку…

Мы сядзелі ля каменя, пакладзенага ў гонар Касцюшкі сярод залескага парку. Восень звінела лістотай. I ва ўсім была ледзь чутная музыка…

Поделиться:
Популярные книги

Игра Кота 3

Прокофьев Роман Юрьевич
3. ОДИН ИЗ СЕМИ
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
8.03
рейтинг книги
Игра Кота 3

Возвышение Меркурия. Книга 12

Кронос Александр
12. Меркурий
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 12

Николай I Освободитель. Книга 2

Савинков Андрей Николаевич
2. Николай I
Фантастика:
героическая фантастика
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Николай I Освободитель. Книга 2

Попаданка в деле, или Ваш любимый доктор

Марей Соня
1. Попаданка в деле, или Ваш любимый доктор
Фантастика:
фэнтези
5.50
рейтинг книги
Попаданка в деле, или Ваш любимый доктор

Двойник Короля

Скабер Артемий
1. Двойник Короля
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Двойник Короля

Секретарь лорда Демона

Лунёва Мария
Фантастика:
попаданцы
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Секретарь лорда Демона

Пространство

Абрахам Дэниел
Пространство
Фантастика:
космическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Пространство

Божьи воины. Трилогия

Сапковский Анджей
Сага о Рейневане
Фантастика:
фэнтези
8.50
рейтинг книги
Божьи воины. Трилогия

Метатель

Тарасов Ник
1. Метатель
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
фэнтези
фантастика: прочее
постапокалипсис
5.00
рейтинг книги
Метатель

Прометей: владыка моря

Рави Ивар
5. Прометей
Фантастика:
фэнтези
5.97
рейтинг книги
Прометей: владыка моря

Аристократ из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
3. Соприкосновение миров
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Аристократ из прошлого тысячелетия

Инвестиго, из медика в маги

Рэд Илья
1. Инвестиго
Фантастика:
фэнтези
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Инвестиго, из медика в маги

Камень. Книга пятая

Минин Станислав
5. Камень
Фантастика:
боевая фантастика
6.43
рейтинг книги
Камень. Книга пятая

Жена по ошибке

Ардова Алиса
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.71
рейтинг книги
Жена по ошибке