Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Гронкі гневу

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

— Шчасце, што хоць гэта з сабой узялі, — сказаў бацька. — У мяне ногі як драўляныя, ледзь ступаю. А вада дзе?

— Хіба не ў вас там? — устрывожылася маці. — Я цэлы галонавы збан наліла.

Бацька палез на борт грузавіка і зазірнуў пад брызент.

— Тут няма. Мусіць, забыліся.

Усіх імгненна апанавала прага. Уінфілд захныкаў:

— Піць хачу. Хачу піць.

Мужчыны аблізнулі губы — ім раптам страшэнна захацелася вады. Усчалася лёгкая паніка.

— Вады на першай заправачнай дастанем, — заспакойліва сказаў Эл. — Нам і гаручае трэба.

Тыя, што ехалі наверсе, зноў палезлі на свае месцы; маці пасадзіла бабку ў кабіну і сама села побач. Эл запусціў матор, і ўся грамада паехала далей.

Ад Касла да Падэна — дваццаць пяць міль, а сонца толькі-толькі прайшло зеніт і пачало хіліцца на захад. Каўпачок радыятара бразгацеў, пара

з шыпеннем выбівалася з-пад яго. Непадалёк ад Падэна спыніліся каля заправачнай станцыі; перад хацінай дзве бензінавыя калонкі, ля агароджы — водаправодны кран з доўгім шлангам. Эл падвёў носам да яго свой «гудзон». З крэсла ззаду калонак падняўся таўстун з загарэлым да чырвані тварам і такімі ж рукамі і пайшоў насустрач. На ім былі карычневыя вельветавыя штаны на падцяжках і спартовая кашуля з кароткімі рукавамі, на галаве — серабрыстага колеру кардонны шлем ад сонца. Пот пацеркамі выступіў у яго на носе і пад вачамі і струменьчыкамі сцякаў па складках шыі. Ён перавальваючыся падышоў да грузавіка з непрыязным, суровым выразам на твары.

— Што-небудзь купляць будзеце? — запытаўся ён. — Бензін ці дэталі?

Эл ужо вылез на падножку і кончыкамі пальцаў пачаў адвінчваць каўпачок радыятара, раз-пораз адхопліваючы руку, каб не апячыся.

— Нам патрэбен бензін, містэр.

— Грошы ёсць?

— А то ж. Вы што думалі, мы пабіраемся?

Твар таўстуна адразу палагаднеў.

— Ну, тады парадак, хлопцы. Налівайце вады. — І таўстун паспяшаўся растлумачыць: — А то цяпер столькі рознага народу тут праязджае — нальюць вады, набрудзяць у прыбіральні, ды яшчэ сцягнуць што-небудзь, а купіць нічога не купляюць. Клянчаць, дай ім хоць галон бензіну, каб з месца зрушыць.

Том гнеўна саскочыў з машыны і падышоў да таўстуна.

— Мы на свае грошы едзем, — са злосцю сказаў ён. — Ты што гэта нас з галавы да ног азіраеш? Мы задарма ў цябе нічога не просім.

— Я ж нічога такога, — паспешліва адказаў таўстун. Праз кашулю ў яго праступіў пот. — Налівайце вады, а прыбіральня — вунь яна, каму трэба.

Уінфілд схапіў шланг, напіўся, потым падставіў пад струмень галаву і твар і адскочыў убок увесь мокры.

— Зусім не халодная, — сказаў ён.

— Што ў нас у краіне робіцца, проста розуму не дабяру, — загаварыў таўстун. Ён ужо знайшоў іншую тэму для скаргаў і пакінуў Джоўдаў у спакоі. — Кожны дзень па пяцьдзесят — шэсцьдзесят машын праязджае, народ падаўся на захад з малымі, з усім сваім скарбам. Куды ўсе яны едуць? Што там будуць рабіць?

— Туды ж, куды і мы, — адказаў Том. — Едуць на новыя месцы. Трэба ж неяк жыць. Толькі і ўсяго.

— Ну, не ведаю, што ў нас у краіне творыцца. Проста не магу зразумець. Вось і я таксама стараюся неяк жыць. Думаеш, новыя вялікія машыны тут спыняюцца? Не, сэр! Яны ідуць далей, у горад, да жоўценькіх заправачных станцый, што належаць кампаніі. Шыкоўныя машыны праязджаюць міма такіх халуп, як мая. Сюды большай часткай адна голь пад'язджае.

Эл адкруціў каўпачок радыятара, і струмень пары падкінуў каўпачок угору, а ў радыятары пачулася ціхае бульканне. На версе грузавіка змардаваны сабака падпоўз да самага краю паклажы і заскавытаў, пазіраючы ўніз на ваду. Дзядзька Джон палез на борт і зняў яго адтуль за загрывак. Спачатку сабака няўпэўнена пераступіў здранцвелымі нагамі, потым падышоў да лужыны пад водаправодным кранам і пачаў хлябтаць з яе. Па шашы, пабліскваючы на яркім сонцы, з шумам праносіліся аўтамашыны, і падняты імі гарачы вецер далятаў да двара заправачнай станцыі. Эл наліў са шланга вады ў радыятар.

— Не тое каб я стараўся зарабіць на багатых кліентах, — гаварыў сваё таўстун. — Я проста хачу, каб справа ішла. Але тыя, што заязджаюць, альбо клянчаць бензін, альбо выменьваюць яго на што-небудзь. Хочаце, гляньце там, у заднім пакоі, колькі ў мяне назбіралася непатрэбшчыны, якую мне ўпёрлі за бензін і масла, — ложкі, дзіцячыя каляскі, рондалі, патэльні… Адна сям'я дык ляльку дала за галон бензіну — у дачкі забралі. А што мне з усім гэтым хламам рабіць? Старызнікам стаць? Адзін чалавек за галон бензіну чаравікі з сябе гатовы быў зняць. І каб я быў, як некаторыя, дык мог бы… — Ён зірнуў на маці і не дагаварыў.

Джым Кейсі змачыў сабе валасы, і па яго высокім ілбе ўсё яшчэ беглі кропелькі вады, жылістая яго шыя была мокрая, кашуля мокрая. Ён падышоў і стаў каля Тома.

— Людзі не вінаватыя, — сказаў ён. — Табе самому было б прыемна абмяняць ложак, на якім ты спіш, на бензін?

— Ведаю, што не вінаватыя. З кім ні пагаворыш, без дай прычыны з месца ніхто не знімаецца.

Але ж куды ідзе краіна? Вось што я хачу ведаць. Куды яна ідзе? Цяпер чалавек не можа сябе пракарміць. Зямля людзей таксама не корміць. І я ў вас пытаюся: куды мы ўсе ідзём? Нічога не разумею! І ў каго ні спытайся, ніхто нічога не разумее. Чалавек гатовы чаравікі з ног зняць, абы праехаць лішнюю сотню міль. Розуму не дабяру! — Ён зняў свой серабрысты трапічны шлем і выцер лоб далонню. Том таксама зняў з галавы кепку і выцер ёю лоб. Тады падышоў да шланга, намачыў кепку, адціснуў яе і зноў надзеў. Маці прасунула руку між планак борта, дастала алавяную конаўку, наліла ў яе вады і панесла да грузавіка. Напаіла бабку ў кабіне і пайшла да дзеда, які ляжаў на грузавіку. Стаўшы на ніжнюю планку, яна падала конаўку старому, той толькі змачыў губы і пакруціў галавой — не захацеў піць. Ён недаўменна паглядзеў на нявестку тужлівымі старэчымі вачамі і праз момант зноў упаў у забыццё.

Эл запусціў матор і заднім ходам пад'ехаў да бензакалонкі.

— Налівай, — сказаў ён. — Наогул у яе ідзе каля сямі галонаў, але больш як шэсць не трэба, а то выплюхвацца будзе.

Таўстун уставіў бензінавы шланг у адтуліну бака.

— Не, сэр, — сказаў ён. — Проста не ведаю, куды ідзе краіна. Дапамога па беспрацоўю і ўсё такое іншае.

Кейсі сказаў:

— Я шмат пахадзіў па краіне. Усе задаюць такое пытанне. Куды мы ідзём? Куды коцімся, спыніцца не можам? Чаму б людзям сур'ёзна не падумаць пра гэта? Усё ў руху. Людзі едуць і едуць. Мы ведаем, чаму яны едуць і як едуць. Едуць, бо інакш нельга. Даводзіцца ехаць. Так заўсёды бывае, калі людзі шукаюць лепшага. Седзячы на месцы, нічога не даб'ешся. Людзі цягнуцца да лепшага жыцця, шукаюць яго і знойдуць. Крыўда прымушае людзей змагацца за свае правы. Я многа пахадзіў па краіне, мне часта даводзілася чуць тое, што вы гаварылі.

Таўстун пампаваў бензін, стрэлка на лічыльніку круцілася.

— Дык усё ж такі, куды мы ідзём? Вось што я хачу ведаць.

Том сярдзіта перабіў яго:

— Ну і ніколі не даведаешся. Кейсі стараецца табе растлумачыць, а ты дзяўбеш адно і тое. Я такіх не першы раз сустракаю. Нічога цябе не цікавіць. Заладзіў адну і тую песеньку. «Куды мы ідзём?» А ты і ведаць не жадаеш. Уся краіна на колах, людзі едуць кудысьці. А колькі іх памірае навокал? Можа, і ты хутка канцы аддасі, а нічога толкам не дазнаешся. Шмат мне такіх траплялася. Нічога і ведаць не хочуць. Закалыхваеце сябе песенькай «Куды мы ідзём?». — Том паглядзеў на бензінавую помпу, старую, іржавую, і на халупу, збітую з ужываных дошак з дзіркамі ад старых цвікоў, што праступалі праз фарбу, — некалі бадзёрую жоўтую фарбу, якая храбра намагалася падрабіць сваю заправачную пад выгляд вялікіх фірменных заправачных станцый у горадзе. Але фарба не змагла схаваць ні старых дзірак ад цвікоў, ні трэшчын у дошках, а зноў фарбаваць халупу гаспадару ўжо не давядзецца. Падробка не ўдалася, і гаспадар гэта добра ведаў. Праз расчыненыя дзверы халупы Том убачыў бляшанкі са змазачным маслам — усяго дзве — і прылавак з заляжалымі цукеркамі, пацямнелымі ад часу лакрычнымі ледзянцамі і пачкамі цыгарэт. Убачыў зламанае крэсла і сетку ад мух з дзіркай пасярэдзіне, абведзенай іржой. Ён паглядзеў на гразкі дворык, які трэба было б пасыпаць жвірам, на кукурузнае поле ззаду яго, якое высыхала і памірала пад сонцам. Каля хаціны — горка езджаных і падноўленых шын. І толькі цяпер ён заўважыў на таўстуну старыя, замытыя штаны, танную спартовую кашулю і кардонны шлем. Том сказаў: — Я не хацеў вас пакрыўдзіць, містэр. Гэта ўсё ад спёкі. У вас таксама небагата. Хутка і вы апыняцеся на дарозе. Толькі выганяць вас не трактары. Вас выганяць жоўценькія станцыі ў горадзе. Людзі здымаюцца з месцаў, —ціха дадаў ён, — і вы таксама, містэр, падасцеся ўслед за імі.

Таўстун слухаў Тома, і рука яго ўсё марудней круціла ручку помпы, пакуль зусім не замерла. Ён з трывогай пазіраў на Тома.

— Адкуль ты ведаеш? — разгублена запытаўся ён. — Адкуль табе вядома, што мы пагаворваем ужо пра гэта — хочам сабраць усе пажыткі і падацца на Захад?

Яму адказаў Кейсі:

— Так усе робяць. Я зацята змагаўся з д'яблам, бо ў д'ябле мне ўяўляўся наш агульны вораг. Але цяпер нашай краінай завалодаў яшчэ горшы вораг, і ён не адступіцца, пакуль яго не пасякуць на кавалкі. Вы бачылі, як яшчарка-ядазуб трымае здабычу, містэр? Учэпіцца, ты рассячэш яе напалам, а яна зубоў не расціскае. Адсячэш галаву, яна ўсё трымае. Даводзіцца адвёрткай расшчапляць ёй сківіцы, толькі тады адпусціць. А пакуль трымае сваю здабычу, атрута прасочваецца праз рану кропля за кропляй. — Ён змоўк і скоса глянуў на Тома.

Поделиться:
Популярные книги

Неудержимый. Книга III

Боярский Андрей
3. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга III

Отборная бабушка

Мягкова Нинель
Фантастика:
фэнтези
юмористическая фантастика
7.74
рейтинг книги
Отборная бабушка

Неудержимый. Книга II

Боярский Андрей
2. Неудержимый
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга II

Возвышение Меркурия. Книга 14

Кронос Александр
14. Меркурий
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 14

Око воды. Том 2

Зелинская Ляна
6. Чёрная королева
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.57
рейтинг книги
Око воды. Том 2

Измена. Право на счастье

Вирго Софи
1. Чем закончится измена
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Право на счастье

Хозяйка покинутой усадьбы

Нова Юлия
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Хозяйка покинутой усадьбы

Если твой босс... монстр!

Райская Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.50
рейтинг книги
Если твой босс... монстр!

Цеховик. Книга 1. Отрицание

Ромов Дмитрий
1. Цеховик
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.75
рейтинг книги
Цеховик. Книга 1. Отрицание

Дочь моего друга

Тоцка Тала
2. Айдаровы
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Дочь моего друга

Восход. Солнцев. Книга I

Скабер Артемий
1. Голос Бога
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Восход. Солнцев. Книга I

Кровь на эполетах

Дроздов Анатолий Федорович
3. Штуцер и тесак
Фантастика:
альтернативная история
7.60
рейтинг книги
Кровь на эполетах

Не грози Дубровскому!

Панарин Антон
1. РОС: Не грози Дубровскому!
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Не грози Дубровскому!

Весь цикл «Десантник на престоле». Шесть книг

Ланцов Михаил Алексеевич
Десантник на престоле
Фантастика:
альтернативная история
8.38
рейтинг книги
Весь цикл «Десантник на престоле». Шесть книг