Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:
Лотр хіснуўся. Вочы адусюль глядзелі на яго. Страшныя вочы. Упершыню ён бачыў вочы, якія глядзелі наскрозь. І твары былі незвычайныя. Такія ён бачыў у гэтых, што ўбаку, і яшчэ… аднойчы… а мо і неаднойчы… у таго, які падыходзіў да муроў. І, зрэшты, ён хрыпата сказаў:
— Гэтыя веды — яны не ад Бога, мніх. Трэба быць сціплейшым і ў ведах. Блажэнны простыя духам…
— Брэшаш, — са страшнаю ўсмешкай сказаў Крыштофіч. — У нас зараз блажэнны начныя грамілы, гандляры жаночым гонарам, ханжы, забойцы, атрутнікі чыстых, п'яныя каты, зацямніцелі, душыцелі праўды.
Ён панізіў голас, але чулі яго ўсе:
— Калі я памру ў цвеце год, калі мяне заб'юць ворагі, схізматы, рабаўнікі або п'яныя, калі конь перакуліць мяне на вуліцы або чарапіца ўпадзе на мяне з даху — ведайце, людзі, гэта іхняя рука, іхнія кіпцюры. Гэта яны забілі мяне, баючыся праўды. Калі спіхнуць смерць маю на татар, ведайце, гэта яны.
— Ведаем, — голасна сказаў нехта. — Мы любім цябе, брат. Мы будзем ведаць. Хай насмеляцца.
— І ведайце, нават пасля смерці выклічу я іх на Божы суд. Не пазней чым праз месяц памруць і яны.
— Пастараемся, — сказаў той самы голас.
І тады Альбін пайшоў на Лотра. Пайшоў, гледзячы ў вочы.
— І ўсё ж скінь свой ланцуг, сатана, — ціха сказаў ён.
Кардынал ірвануў з шыі ланцуг. Страшэнна збялелы, паставіў дыбам каня, павярнуў яго і ўнамёт кінуўся прэч.
РАЗДЗЕЛ ХХХІХ «УЗНЯСІСЯ, АЗАЛАЦІМ»
Вароты былі моцныя, іх нельга было разбіць, але каля іх была маленькая фортка. І вось праз яе я аднойчы загнаў у горад гружанага золатам асла.
Піліп Македонскі
Трохі слоў перадайце ад Катула, злых і апошніх.
Катул
Натоўп ішоў ад цемры да цемры. Спяшаўся. З усіх дарог, сцежак, гасцінцаў плылі групы людзей і далучаліся да яго. Нібы сам Вялікі Мужык зразумеў, што рана яшчэ ператварацца ў касу ятагану, знятаму з забітага крымчака.
Мялы, бязмены, косы, доўбні, пешні, падобныя на кароткія дзіды, татарскія шаблі, лукі, кісцяні на ржавых ланцугах, мячы і цапы, твары, грудзі пад рыззём, чорныя рукі, калматыя сілуэты коней — усё калыхалася ў зарыве: палілі ўсе сустрэчныя цэрквы і касцёлы, усе багатыя маёнткі і замкі. Вакол усё палала.
Край пусцеў перад імі. Край тых, хто ўцякаў. Край пусцеў за імі. Край тых, хто далучаўся. Падзеленыя Хрыстом на дзесяткі, сотні і тысячы, людзі ішлі ў адносным парадку, кожная сотня пад сваім сцягам (у цэрквах бралі толькі харугвы з Маткай і Хрыстом, а астатняе раздавалі або знішчалі агнём і лязамі сякер). Асобныя конныя атрады баранілі «твар» войска, «бакі» і «спіну» яго. Коннікі з ахвотнікаў ішлі на некалькі гадзін дарогі наперадзе.
Вечарам перадапошняга дня здарылася кепскае з Магдалінай. Яна ехала ў галаве войска, побач з Хрыстом. За імі на тры вярсты калыхалася коннікамі і пешымі дарога. Як
Хрыстос раз-пораз касіўся на яе. Сядзела ў сядле лёгка і звыкла. На вопратку накінуты грубы плашч, як у соцень і соцень тут. Толькі капюшон адкінуты з прыгожай галавы. Замест яго на бліскучых валасах — карункавая іспанская мантылья. Дзіўна, прыгажосць яе сёння зусім не смертаносная, а мяккая, уся нібы абмытая чымсьці нябачным. Велікавокі рахманы твар. Нібы ведае нешта страшнае, але ўсё ж прымірылася з гэтым і едзе.
Яна маўчала. І раптам ён убачыў, што вочы яе з жахам глядзяць некуды ўгору. Ён таксама ўзняў вочы.
На прыдарожным вялізным крыжы вісеў, прыбіты нагамі вышэй за дзіды, драўляны распяты. У мігатлівым святле твар Ісуса здаваўся рухомым, перакрыўленым, дзіўна жывым. Распяты крычаў зорнаму небу, і ад смаласкопаў драўлянае цела ягонае было нібыта залітае крывёй.
— Слухай, — пасля паўзы сказала яна. — Я была прыстаўленая да цябе. Я сачыла за табой.
— Я ведаў, — таксама пасля паўзы сказаў ён і, убачыўшы, што яна спалохана, паправіўся: — Я здагадваўся. Галубы. Потым галубоў не было. Я ведаў, што ты калі-небудзь загаворыш.
— Ты? Ведаў?
— Я ведаў. Не так гэта складана, каб не адчуць простых думак.
— Калі ты здагадаўся?
— Я ведаў. Галубоў не стала.
Яна шумна ўцягнула паветра.
— Кінь, — сказаў ён. — Я ведаю, што спачатку яны ўсё пра мяне зналі.
Працягнуў руку і дакрануўся да яе валасоў:
— Няма правіны. Ні тваёй, ні маёй і нічыёй іншай. Яны аблыталі тут усё. І ўсё трымалі пад сякерай. І ўсім на гэтай зямлі зламалі жыццё. І знявечылі хлуснёю цябе.
Памаўчаў. Гарэла ў небе, проста над іхняй дарогаю, наперадзе, зорка. То белая, то сіняя, то вясёлкавая. Ішлі да яе коні.
— Не ведаю, — ціха сказаў ён. — Часам мне здаецца, што ўсе яны — шпіёны і віжы… аднекуль яшчэ. Такія яны… нялюдскія.
— Гэта я ўгаварыла цябе пайсці, калі ты мог і… за глотку.
— Не хочацца мне нешта нікога… за глотку.
— Забі мяне, — ціха сказала яна. — Калі ласка, забі мяне.
— Нашто? Я ж сказаў, я зразумеў нядаўна: ні на кім простым на гэтай зямлі няма віны. Таму я і тут.
— Што ж мне цяпер рабіць? — амаль шэптам сказала яна. — Не ведаю. Дый хіба не ўсё адно? Можа, Ратма? Можа, яшчэ нехта? Нікога няма. Распяццяў гэтых панатыркана на дарозе… Унь яшчэ адно… Божа, гэта ж як лёс. Ты, значыцца, туды? Царства Божае ўладкоўваць?
— Паспрабую, — глуха сказаў ён.
— І за ёю?
— Калі яна жывая — і за ёю.
— Аслеплены, — змежыла яна вочы. — Святы дурань. Юрась, ты што, вось гэтага захацеў? — яна паказала на распяцце. — Прэнга? Плахі? Ты ведаеш, чым гэта канчаецца?
— Ведаю. Але не пайду. У першы раз бачу, што яны вартыя. Вераць у нешта лепшае, чым самі яны сёння. Не магу падмануць гэтую веру.
— Прападзеш. Яе не аддадуць. І царства твайго не будзе.
— Так.
— І ідзеш бяскрылы, бяззбройны, як матыль на агонь.