Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:
І, магчыма, нічога б не было, каб загад аб анафематстваванні прыбыў у вясковую царкву днём пазней і не сустрэўся тут з чалавекам ад Іллюка, які спяшаўся ў Вільню, не ведаючы, што Хрыстос выйшаў з яе, што ён ужо тут і, галоўнае, не адзін.
Выпадковасць, падрыхтаваная голадам, нашэсцем, хцівасцю багатых і моцных, зрабілася раптам заканамернасцю і прынесла праз некаторы час свае страшныя, крывавыя і велічныя плады.
У стане ўжо дагаралі вогнішчы (ночы пасля дажджоў зрабіліся цёплыя, нібы ў ліпені, а гатаваць дужа не было
З цікаўнасці людзі рушылі туды, пачулі страшны, чэраўны рык дыякана, знаёмыя словы аб пракажэнні, удаўленні і імгненнай смерці розных там ворагаў людства, зразумелі, што ідзе анафематстваванне, а пасля ўчулі, што анафему спяваюць чалавеку, які пабіў татар (аб ягоных выбрыках у Наваградку яны, вядома ж, не ведалі, а каб і ведалі, то не паверылі), разагнаў гандляроў і вось толькі зараз даў ім грошай, чалавеку, які стаіць сярод іх і нават з цікавасцю слухае страшныя, глухія, закасцянелыя словы праклёнаў.
Натоўп застыў.
Яны б, вядома, менш былі ўражаны, каб даведаліся, што анафему спяваюць паўсюль, куды дасягне лапа святой службы і гародзенскіх папоў.
Але яны ў той час не думалі пра гэта. Для іх менавіта ў гэтай вось драўлянай царкве, што тырчала перед вачыма, увасобілася зараз галоўнае зло.
— Чуеш? — спытаў ваўкавыскі мужык.
— Гэта яны за тваё дабро, Хрыстос, — сказаў сівавусы.
Натоўп маўчаў, але яшчэ не ведаў, што рабіць. Нейкі шэры чалавек, увесь гнуткі, нібы бяскосты, пачуўшы імя, названае сівавусым, праштурхаўся праз натоўп і стаў, гледзячы Юрасю ў рот цьмянымі, нібы ў крата, вачыма. Чакаў.
— Плюнь, — сказаў Раввуні. — Быў злодзей — быў якраз. Стаў Хрыстом — значыцца, анафема. Закон.
Шэры, нібы пачуўшы пацверджанне, пачаў непрыкметна заходзіць у бок Юрасю, дзе шчыльней за ўсё стаяў натоўп. Твар ягоны быў нібы сляпы і не выклікаў ніякіх падазрэнняў. Доўгія рукавы хавалі рукі.
Невядома, чым бы скончылася маўчанне, каб шэры раптам не кінуўся наперад. Гэта было зроблена бліскавічна, ніхто нават не паспеў зразумець, што такое. На імгненне ён як бы прыліпнуў да Хрыста, вокамгненна выхапіў руку з чымсьці бліскучым, прыціснутым да запясця і перадплечча, і зверху ўніз нанёс слізготны, страшны, на волас ад цела, майстэрскі ўдар.
Пасля ён вытаргнуў бліскучае (сляпое аблічча ягонае ззяла нечуваным, фанатычным захапленнем) і прарыдаў у трыумфе і самазабыцці:
— Лотр!… Царква святая! Прымі ворага!
Хрыстос павярнуўся і, хістаючыся, глядзеў на яго. Усё гэта здарылася так хутка, што не мог бы мінуць час нават між адным мірганнем веяў і другім. Шэры разлічана перахапіў нож (ніхто не заўважыў як) і ўдарыў на гэты раз знізу. Але на гэты раз ён не паспеў: Юрась стукнуў яго нагою па руцэ, выбіў бліскучае і ўдарам у твар зваліў на апосталаў. Шэрага схапілі.
— Ваўкі Божыя! — у экстазе, з пенаю на вуснах крычаў шэры. — Ірвіце! Шматайце!
— Лотр? —
— Гляньце на лепшы мой час! — напінаўся фанатык. — На пакуту маю! Гляньце, вось ірвуць мяне, але ўражаны сын Беліяла!
Усе глядзелі на яго і на зямлю. На ёй ртутным, трохі скрыўленым языком ляжаў страшны зарукаўны ікол — паменшаная копія мяча для бою ў цеснаце. Паменшаная і, вядома, разлічаная на ўдар адной рукою.
— Чаго ж ты не падаеш?! — хрыпеў схоплены. — Падай! Падай! Душа твая ўжо ў дарозе.
— Майстра, — нават з некаторай павагаю сказаў Хрыстос. — А падаць мне — чаго ж?
Народ ахнуў толькі тут.
— Бессмяротны? — фанатык абвіснуў.
— Не дзейнічае, — загулі галасы. — Вядома, не дзейнічае. Ведаў бы, на каго руку ўздымаць.
І зноў маўчанне. І зноў людзі пачулі, як дыякан на верхніх нотах, амаль зрываючы голас, узглашае:
«Ан-на-фем-ма-а-а-ы».
— Хлопцы! — залямантаваў раптам малады. — Дык гэта што ж?! Яго гнаць будуць, праклінаць, а мы маўчым? Ён заступаецца, а мы маўчым? На яго нож імем царквы заносяць, а мы маўчым? Ды калі яны Бога клянуць, калі нож на яго заносяць — што дамы іхнія, як не гнёзды д'яблавы?!
— Раскідаць! — падхапілі галасы.
— Па бервяну разнесці!
— Гані іх з пацучынага занорка!
Натоўп рынуў да царквы.
Праз некаторы час уся яна, ад падмурка да званіцы, зырка палала: на сцены вылілі некалькі вядзёрных бутыляў з алеем. Астатнія глуха бухалі ў падклецці. Полымя, знайшоўшы цягу ў званічнай трубе, пачынала лізаць званы. У трубе круцілася і раўло, бы ў пекле, і тромб паветра, увесь час мацнеючы, пачынаў гайдаць званы. Часам яны глуха ўздыхалі.
Шэры глядзеў на агонь ненавідзячымі, нібы сляпымі, вачыма.
— А з гэтым што? — спытаў малады.
— Кінуць! — крычалі адусюль. — У агонь!
Дзесяткі рук схапілі яго і панеслі да пажарышча, узнялі, пачалі разгойдваць.
— Стой, — сказаў Хрыстос.
Дзіўна, яго пачулі адразу.
— А што, кепская з яго будзе смажаніна, хлопцы? — усміхаючыся, сказаў ён.
— Д-ды нельга сказаць, каб самы смак… — вусы сівавусага варушыліся.
— То хай ён трохі яшчэ лою нагуляе, смаркуль, — сказаў Хрыстос. — Будзе ведаць, як са сваімі цацкамі ў сур'ёзную гамонку лезці.
Людзі вызвалена зарагаталі.
— Хай паплачацца ў тых, хто даслаў, дурань няшчасны. Можа, яму цыцу дадуць.
— Няма ў іх.
— А чорт яго ведае. Там у іх адзін Лотраў прычотнік ёсць, рымлянін, то, дальбог, не разбярэш, хто ў іх там мужык, а хто баба.
— Забі, — хрыпеў кінуты. — Забі, сатана.
— Ідзі, — сказаў Хрыстос, — ідзі, пакуль не перадумаў. Бач, з ножыкам яму абысціся, бы ў свайку згуляць. Гэта ж падумаць, руку на чалавека!
Кінуты ляжаў, як мех з анучамі. Усе глядзелі. Пасля ён узняўся і павольна, не сваімі нагамі, пайшоў прэч ад агню, у цямноцце.