Клубок гадзюк (на белорусском языке)
Шрифт:
Ашукваць самога сябе, што дапамагае жыць большасцi людзей, я так за ўвесь свой век i не навучыўся. А калi мне здаралася рабiць нейкае паскудства, то я першы разумеў сутнасць свайго ўчынку.
Быў вымушаны зрабiць перапынак - чакаў, пакуль прынясуць лямпу i зачыняць аканiцы. Доўга глядзеў у акно i любаваўся прыгожымi танамi чарапiцы на страсе вiннага склада, - адны яркiя, нiбы кветкi, а другiя пералiваюцца, як галубiная шыйка. Дзесьцi ў шатах пiрамiдальнай таполi спяваў дрозд. Яго прыемную бесклапотную песню перабiў грукат пустой бочкi, якую кацiлi па двары. Мне, вiдаць, пашанцавала, што я магу чакаць сваёй смерцi ў гэтым дарагiм майму сэрцу куточку, дзе ўсё засталося такiм, як i ў маленстве. (Праўда, скрып кола водачарпалкi, якое некалi круцiла аслiца, цяпер змянiўся аднастайным тахканнем маторчыка. Ды яшчэ не дае жыцця гэты паштовы самалёт, што кожны надвячорак пралятае над домам i адно брудзiць нябесны блакiт.) Не кожнаму дадзена штодня бачыць проста перад сабой, у рэальным жыццi, той свет свайго мiнулага, якi да большасцi з нас прыходзiць толькi тады, калi ў нас хапае мужнасцi, часу, цярпення аддацца
Мне трэба яшчэ пажыць, каб скончыць гэтую споведзь, каб прымусiць цябе хоць раз выслухаць мяне. Так ужо здарылася, што нам з табою не хапiла на гэта жыцця, бо нават тады, калi я спаў з табой у адной пасцелi i спрабаваў штосьцi сказаць, я заўсёды чуў адно i тое: "Ах, як я стамiлася! Страшэнна хочацца спаць! Я ўжо засынаю, засынаю..." Мае пяшчоты, ласкi ты яшчэ прымала, а вось мае словы... Хоць няшчасце наша парадзiлi менавiта размовы - тыя бясконцыя гутаркi, якiя мы так любiлi пасля вяселля. Мы былi тады такiя маладыя: мне толькi што споўнiлася дваццаць тры, табе - васемнаццаць, i, вiдаць, уцехi плоцi прыносiлi нам менш радасцi, чым нашы адкрытыя шчырыя прызнаннi. Як гэта i бывае ў юнацтве, мы тады паклялiся гаварыць толькi праўду i нiчога не ўтойваць. Мне па сутнасцi не было ў чым спавядацца, i даводзiлася нават упрыгожваць свае нявiнныя юнацкiя авантуры. Я не сумняваўся, што i ў цябе такое ж небагатае мiнулае, i не мог нават уявiць сабе, што да знаёмства са мной ты вымаўляла iмя якога-небудзь другога юнака. Так лiчыў я да таго вечара, калi...
Было гэта ў тым самым пакоi, дзе пiшуцца гэтыя радкi. Шпалеры з таго часу змянiлiся, а мэбля з чырвонага дрэва так i стаiць, як тады. На тым самым месцы графiн з апалавага шкла, чайны сервiз, што выйгралi па латарэi... Свяцiў месяц. Цёплы паўднёвы вецер даносiў да нашага ложка пах гару.
Многа разоў гаварыла ты мне пра нейкага Рудольфа, i чамусьцi заўсёды ноччу, у спальнi, нiбы яго прывiд абавязкова з'яўляўся памiж намi ў самыя iнтымныя нашы хвiлiны... Ты i ў той вечар назвала гэтае iмя - Рудольф, помнiш? Але гэтага табе ўжо было мала:
– Дарагi, мне варта было сказаць табе сёе-тое яшчэ перад вяселлем. Павер, мяне сумленне мучыць, што я тады не прызналася... О, нiчога асаблiвага, супакойся!..
Мяне гэта не збянтэжыла, i я не спрабаваў нават што-небудзь выпытваць у цябе. Але ты сама так шчодра дзялiлася сваiмi сакрэтамi, што мне спачатку стала няёмка. I зрабiла ты гэта не таму, што цябе сапраўды мучыла сумленне, не таму, што ў табе загаварыла пачуццё шчырасцi i далiкатнасцi, хоць ты мяне i пераконвала ў гэтым... Ты проста не магла больш маўчаць, бо знаходзiла асалоду ў гэтых успамiнах. Можа, ты i адчувала небяспеку, што навiсла ў той вечар над нашым шчасцем, але зрабiць з сабой ужо нiчога не магла. Не ад твайго жадання, не ад тваёй волi залежала, каб прывiд гэтага Рудольфа не лунаў над нашай пасцеллю...
Не падумай толькi, што ля вытокаў нашай бяды стаяла рэўнасць. У тую летнюю ноч 1885 года, калi ты прызналася, што гэты незнаёмы мне юнак быў мiнулым летам тваiм жанiхом, я зусiм не раўнаваў цябе. I толькi намнога пазней прыйшло да мяне гэтая шалёнае пачуццё.
Неверагодна! Толькi праз сорак пяць год атрымаў я магчымасць пагаварыць з табой пра гэта. Толькi цi захочаш ты чытаць далей гэтае пiсьмо? Цябе ж гэта амаль зусiм не цiкавiць. Усё, што звязана са мною, наводзiць на цябе нуду i смутак. Ты ўся растварылася ў дзецях: яны не давалi табе бачыць i чуць мяне. А калi з'явiлiся ўнукi!.. Што ж, тым горш для мяне! Але я вось вырашыў апошнi раз паспытаць шчасця. Магчыма, мёртвы я буду табе цiкавейшы, чым жывы. Можа, пасля смерцi я хоць на некалькi тыдняў займу нейкае месца ў тваiм жыццi, i ты па клiчу апошняга доўгу дачытаеш гэтыя старонкi да канца. Я так хачу ў гэта верыць. I я веру.
II
Сапраўды, я не раўнаваў цябе ў тую ноч, калi ты так шчыра спавядалася. Але як жа табе растлумачыць, што разбурыла гэтая споведзь? Я быў у мацi адзiным сынам. Яна рана аўдавела i адна гадавала мяне. Ты ведала яе цi, правiльней, бачыла, жывучы пад адным дахам столькi гадоў. Нават калi ты i захочаш, то наўрад цi зразумееш тую душэўную блiзкасць, што яднала дзве адзiнокiя iстоты мацi i сына; бо ты вырасла зусiм у iншай сям'i - вялiкай, моцнай, багатай буржуазнай сям'i, дзе панавалi свае правiлы i парадкi. I нiколi ты не зразумееш, з якой пяшчотнай руплiвасцю гадавала
А я клаўся спаць i ўставаў з адной толькi думкай: паступiць у Эколь Нармаль*. У чацвер i нядзелю** мяне амаль немагчыма было выгнаць на двор, ("каб хоць праветрыўся"). Я не з тых дзяцей, якiя хваляцца, што сталi выдатнiкамi без нiякiх намаганняў. Я быў зубрылам i ганарыўся гэтым: "Зубрыла! А што тут такога?!" Не скажу, што ў лiцэi я з вялiкiм задавальненнем вывучаў Вергiлiя цi Расiна. Але што зробiш: задалi - значыць, чытай, зубры i нiчога не думай. Праграма ёсць праграма. Са скарбнiцы чалавечага генiя я вылучаў толькi тыя шэдэўры, што былi пазначаны ў праграме. Толькi яны мелi для мяне значэнне. I я пiсаў пра iх у сваiх сачыненнях тое, што трэба было пiсаць, каб дагадзiць выкладчыкам, - гэта значыць тое, што сотнi разоў гаварылася i пiсалася цэлымi пакаленнямi абiтурыентаў, якiя паступалi ў Эколь Нармаль. Вось такiм я быў iдыётам, i, магчыма, iм бы i застаўся на ўсё жыццё, калi б за два месяцы да ўступных экзаменаў не пачаў харкаць кроўю. Хвароба страшэнна напалохала мацi, i я быў вымушаны ўсё кiнуць.
* Вышэйшая навучальная ўстанова ў Парыжы.
**У французскiх школах чацвер i нядзеля - вольныя ад заняткаў днi.
Гэта была расплата за празмернае зубрэнне ў дзяцiнстве i юнацтве. Калi хлопчык расце, развiваецца, нельга яму ад ранiцы да ночы сядзець за пiсьмовым сталом, згорбiўшыся над кнiгамi i сшыткамi. Трэба даваць яму хоць якую фiзiчную нагрузку.
Табе сумна? Як я гэтага баюся, але прашу цябе: не прапускай нiводнага радка. Павер, я гавару толькi пра самае неабходнае: уся трагедыя нашага сумеснага жыцця пачынаецца з гэтых маленькiх непрыкметных падзей, - ты пра iх не ведала альбо забылася.
Урэшце ты бачыш з гэтых першых старонак, што я не збiраюся шкадаваць i сябе. Ты тут знойдзеш нямала звестак, ад якiх твая нянавiсць толькi парадуецца. Ну, не трэба, не пярэч мне.., бо ты, калi i ўспамiнаеш пра мяне, то толькi з варожасцю.
Магчыма, я залiшне рэзкi i не зусiм справядлiвы да таго кволага падлетка, што ўпарта ўчытваўся ў тоўстыя даведнiкi i слоўнiкi. Калi я гартаю ўспамiны дзяцiнства другiх людзей i бачу, якi светлы рай паўстае перад iх вачыма, я з нудою пытаю ў сябе: "А я? Чаму гэтая пустыня адабрала ў мяне нават дзяцiнства? Можа, я нешта забыўся, а другiя берагуць гэта ў памяцi? Можа, i ў маiм маленстве былi такiя ж радасныя часiны?.." Дзе там... У памяцi толькi бясконцае зубрэнне, упартая барацьба за адзнакi, жорсткае сапернiцтва з Энохам i Радрыгам - маiмi аднакласнiкамi. Сяброў у мяне не было, бо я па прыродзе сваёй не прымаў нiякай дружбы. Поспехi ў вучобе, мая незалежнасць i нават высакамернасць прыцягвалi да мяне некаторых школьнiкаў, але я жорстка адштурхоўваў кожнага, хто лез да мяне са сваёй дружбай. Я цярпець не мог нiякiх "сантыментаў". I калi б нават лёс зрабiў мяне пiсьменнiкам, я ўсё роўна не знайшоў бы ў сваiх дзiцячых успамiнах нiводнай пяшчотнай старонкi. Пачакай... усё ж нейкi водблiск святла прабiваецца... Бацька... Я амаль не памятаў яго i часта пераконваў сябе, што ён не памёр, не, а толькi на нейкi час знiк i хутка вернецца... Пасля заняткаў у лiцэi я бягом iмчаўся дамоў, абмiнаючы экiпажы. На тратуарах заўсёды было многа прахожых, i я бег проста па вулiцы. Стрымгалоў узлятаў я па лесвiцы. Мама сядзела ля акна i цыравала бялiзну. Бацькава фатаграфiя вiсела на сваiм месцы - справа ад ложка. Я дазваляў маме пацалаваць сябе, штосьцi мармытаў у адказ на яе пытаннi i садзiўся за ўрокi.
Як толькi выявiлася мая хвароба, што так крута перавярнула ўсе мае планы, мама адразу перавезла мяне ў Аркашон, дзе на беразе залiва ў маленькай вясковай хатцы я правёў доўгiя месяцы. Што i казаць, настрой у мяне быў самы панылы: падарванае здароўе пад корань падрэзала ўсе мае надзеi на ўнiверсiтэцкую кар'еру. Бедная мама, я злаваўся на яе, бо яна не заўважала маёй трагедыi i, як мне тады здавалася, увогуле не дбала пра маю будучыню. Яна тым i жыла, што з нецярплiвасцю чакала, што пакажа тэрмометр. Раз на тыдзень мяне важылi, i ад маёй вагi цалкам залежалi яе радасць i гора. Шмат гадоў пазней мне давялося спазнаць, як горка i крыўдна ляжаць хвораму, калi нiхто да цябе не падыходзiць i нiхто не цiкавiцца тваiм станам. О, тады я зразумеў: лёс справядлiва карае мяне за маю жорсткасць да мамы, якая так любiла мяне.