Клубок гадзюк (на белорусском языке)
Шрифт:
Мая нянавiсць да рэлiгii была па сутнасцi шчырай. У нейкай ступенi закранала мяне i iмкненне да сацыяльнай справядлiвасцi. Я прымусiў мацi знесцi глiнабiтныя халупы, дзе жылi нашы арандатары, якiя харчавалiся чорным хлебам ды маiсавай кашай. Упершыню яна паспрабавала запярэчыць мне: "Ты думаеш, яны падзякуюць табе?"
Але больш у гэтым кiрунку я нiчога не зрабiў. Я пакутаваў ад разумення таго, што я аб'яднаны з сваiмi працiўнiкамi адзiнай прагай да грошай i зямлi. Ёсць клас уласнiкаў i ёсць беднякi. I мне стала ясна, што я назаўсёды застануся на баку ўласнiкаў. Капiтал у мяне не меншы, а можа, i большы, чым у гэтых ганарыстых арыстакратаў, якiя, як мне здавалася, адварочвалiся, заўважыўшы мяне, i якiя, напэўна ж, пацiскалi б мне руку, калi б я падаваў яе iм. Дарэчы, i правыя, i левыя не раз на публiчных сходах папракалi мяне за мае дзве тысячы гектараў лесу i вiнаграднiкi...
Даруй мне, што я так маруджу. Але без гэтых падрабязнасцей табе
III
Мне давялося адкласцi пяро, бо пачало цямнець. Да мяне данеслася ваша размова. Не, не, вы не перашкодзiлi мне, бо гаварылi надта цiха. Але якраз ваша шаптанне больш за ўсё мяне турбавала. Раней з гэтага пакоя я мог падслухваць вашы размовы, але цяпер вы пачалi асцерагацца мяне i перайшлi на шэпт. Нядаўна ты сказала мне, што я стаў недачуваць. Пра што ты гаворыш? Я выдатна чую далёкi грукат цягнiка на чыгуначным мосце. Не, я яшчэ не глухi. А вы наўмысна гаворыце шэптам, каб я не пачуў вашых слоў. Што вы хаваеце ад мяне? Дрэнна iдуць справы? Недарэмна вы ўсе згуртавалiся. I штодня да цябе ўсе збягаюцца, высунуўшы языкi, як сабакi. Тут i наш зяць - маклер па продажы рому i вiна, i муж нашай унучкi - адпеты гультай, i сынок наш Хюбэр - банкiр... Грошы ўсёй сям'i сцякаюцца да яго, а ён выплачвае да дваццацi працэнтаў дывiдэндаў. Так што на мяне не разлiчвайце: я са сваiх рук нiчога не выпушчу. Упэўнены, што сёння вечарам ты будзеш мне "падказваць": "Ды гэта ж так проста i выгадна прадаць пад высечку частку лесу". Ты напомнiш мне, што абедзве дочкi Хюбэра жывуць ад самага вяселля ў сваiх мужоў разам з бацькамi, бо не маюць грошай, каб набыць сваё жыллё i абстаноўку. "У нас на гарышчы столькi мэблi, якая адно псуецца ды пакрываецца пылам. Чаму б нам сёе-тое не пазычыць iм?.." Ведаю, што ты будзеш зараз гаварыць. "Нашы ўнучкi зазлавалi на нас i больш не прыязджаюць. А гэта ж такая радасць - бачыць i слухаць iх..." Вось пра што вы цяпер шэпчацеся.
Перачытваю радкi, напiсаныя ўчора. Няўжо я трызнiў? Адкуль столькi злосцi i варожасцi? I, па сутнасцi, я не пiсьмо пiшу, а вяду дзённiк. Зноў бяруся за пяро. Што рабiць? Закрэслiць усё i пачаць зноў? Гэта немагчыма: у мяне мала часу. Што напiсана, няхай i застаецца. Адзiнае, што я хацеў - гэта адкрыцца перад табой поўнасцю, прымусiць цябе ўбачыць мяне такiм, якi я ёсць. Ужо трыццаць год, як я для цябе ўсяго толькi аўтамат, якi выдае банкноты на тысячу франкаў. Аўтамат працуе не зусiм спраўна: увесь час яго трэба трэсцi, пастукваць па iм. I ты з нецярплiвасцю чакаеш таго дня, калi нарэшце можна будзе адкрыць яго i поўнымi прыгаршчамi браць адтуль...
I зноў я ў палоне сваёй злосцi. Трэба лепш вярнуцца да таго месца, дзе я спынiўся ўчора: мне неабходна дайсцi да вытокаў маёй нянавiсцi i жорсткасцi. Прыгадаць тую фатальную ноч... Але спачатку ўспомнi нашу першую сустрэчу.
У жнiўнi 1883 года я быў разам з мацi ў Люшоне. У тыя часы ў "Атэлi Сакарона" было многа мяккiх крэслаў, канап, пуфаў, дываноў, прыгожых чучал пiрэнейскiх сарнаў. А лiпавы водар у алеях Эцiнi!.. Яго нельга забыць. Прайшло столькi гадоў, але заўсёды, калi цвiтуць лiпы, мне ўсё здаецца, што я ўдыхаю ў сябе той чароўны пах! Ранiцай я прачынаўся пад роўнае цоканне вослiкаў, меладычныя гукi званочкаў i ляскат бiзуноў паганятых. Па вулiцах цурчалi срэбразвонныя ручаi горнай вады. Хлопчыкi-падлеткi гандлявалi булачкамi i рагалiкамi. Конна праязджалi праваднiкi; я глядзеў на кавалькады, што выпраўлялiся ў горы.
Увесь другi паверх займала сям'я Фандадэж. Яна жыла ў апартаментах караля Леапольда*. "Ну i транжыры!" - гаварыла мама. Гэта не перашкаджала iм заўсёды плацiць са спазненнем (у Бардо, ля самай прыстанi, яны арандавалi ў нас вялiкi зямельны ўчастак, дзе былi таварныя склады).
* Леапольд (1790-1865) - бельгiйскi кароль.
Мы з мамай абедалi за агульным сталом, а вам заўсёды падавалi асобна. Я добра памятаю ваш круглы стол ля акна. За iм часцей за ўсё сядзела ваша тоўстая бабулька, якая хавала сваю лысую галаву пад чорнымi карункамi, дзе паблiсквалi шкляныя пацеркi. Мне заўсёды здавалася, што яна мне ўсмiхаецца, гэтая iлюзiя стваралася таму, што ў яе былi малюсенькiя прыжмураныя вочкi, а рот - амаль да вушэй. Ёй прыслужвала манашка з напышлiвым адутлаватым тварам, уся ў белым накрухмаленым палатне. Твая мацi... якая ж яна была прыгожая! Заўсёды ў чорным... Пазней я даведаўся, што яна пахавала двух сыноў. I не на цябе, а на яе, тваю мацi, замiлавана паглядаў я спадцiшка. Мяне хвалявалi яе аголеныя рукi i плечы. Яна не насiла нiякiх караляў, пярсцёнкаў, завушнiц, але ўся яе iстота як магнiтам цягнула мяне да сябе. Я мроiў ёю i, як стэндалеўскi Жульен Сарэль, ужо рыхтаваў план яе спакушэння. З чаго пачаць? Можа, загаварыць? А можа, лепш падкiнуць запiску?.. А цябе... я амаль не заўважаў. Я ўбiў
Аднойчы я вярнуўся з казiно i застаў маму за размовай з мадам Фандадэж. Наша госця трымалася i гаварыла падкрэслена ветлiва, ласкава, як добра выхаваны чалавек, якi не можа сабе дазволiць апусцiцца да нiзкага ўзроўню грубаватага субяседнiка. А мая мама не саромелася: "Ты ў мяне ў руках, i я цябе прыцiсну..." Для яе Фандадэжы былi ўсяго толькi неахайнымi плацельшчыкамi. Яна па-сялянску любiла i цанiла толькi зямлю i не вельмi давярала гандлёвым справам i хiсткаму купецкаму багаццю. Я спынiў яе на словах: "Вядома, я магу паверыць подпiсу месьё Фандадэжа, але ведаеце..."
Упершыню я ўмяшаўся ў дзелавую размову. Мадам Фандадэж атрымала жаданую адтэрмiноўку. Потым я не раз думаў, што сялянскi iнстынкт не падводзiў маю мацi: дорага каштавала мне твая сям'я, i калi б я вам паддаўся, вы хутка разбазарылi б усё маё багацце, усё паплыло б у вашу камерцыю. Якая там камерцыя?! Кантора на першым паверсе, тэлефон, машынiстка... Адна паказуха... А грошы як у трубу вылятаюць. Але я адхiлiўся... Мы ўспамiнаем наша знаёмства ў Люшоне ў 1883 годзе.
Цяпер ваша сям'я сустракала мяне з ветлiвай усмешкай. Твая бабуля толькi i ведала, што ўвесь час балбатала за сталом. Слухаць нiкога яна не хацела, бо была глухая. А вось твая мама расчаравала мяне, - некалькi разоў мне ўдалося пагаварыць з ёю пасля абеду, i яна здалася мне даволi нуднай асобай. Так што маiм рамантычным намерам не суджана было збыцца. Не крыўдуй, калi ласка, за такiя ўспамiны, але, праўда, гутарка яе была такая нецiкавая, нiкчэмная; усе думкi круцiлiся вакол нейкiх недарэчных дробязяў, ну а мова проста знiшчала сваiм убоствам... Праз тры хвiлiны мне рабiлася сумна, i я з адчаем думаў, як хоць дзеля прылiку падтрымаць гэтую бяссэнсавую гаворку...
I я зацiкавiўся дачкою. Не адразу ўлавiў я, што нiхто не перашкаджае нашым сустрэчам i размовам. Хiба мог я здагадацца, што Фандадэжы ўбачылi ў маёй асобе выгаднага жанiха? Успамiнаецца наша паездка ў далiну Лiлей. Ехалi мы туды ў адкрытым экiпажы, - бабуля з манашкай на заднiм сядзеннi, а мы з табой спераду. У Люшоне, дзякуй Богу, экiпажаў хапала i наняць iх нiчога не каштавала, але толькi вам - Фандадэжам магло стрэлiць у галаву валачы сюды сямейны экiпаж...
Цiха iшлi конi. Над iмi вiўся рой мух. Манашка драмала. Твар яе блiшчаў ад поту. Бабулька памахвала веерам. На iм быў намаляваны матадор, якi шпагай заколвае чорнага быка. Такiя вееры ў Люшоне прадавалiся на кожнай вулiцы. Стаяла страшэнная гарачыня, а на табе чамусьцi былi доўгiя, да самых локцяў, пальчаткi. Ты была ўся ў белым. "Пасля смерцi двух братоў, - сказала ты, - я дала сабе зарок насiць толькi белае". Тады я не разумеў, што гэта азначае "даць зарок насiць той цi iншы колер". Пазней я даведаўся, што ў вашай сям'i ўсе мелi схiльнасць да дзiвацтваў, але ў той дзень мне гэта здалося нават паэтычным. Як жа табе расказаць пра душэўны стан таго маладога чалавека, што сядзеў з табой побач? Нечакана мне здалося, што я не выклiкаю ў табе непрыемных пачуццяў... Ты з цiкавасцю глядзiш на мяне... А можа, нават я падабаюся табе!.. I на ўсё жыццё запомнiў я той вечар, калi ты сказала: "Гэта ж так рэдка бывае, каб у мужчыны былi такiя доўгiя вейкi!.. Ах, якiя ў вас вейкi!.."
Я старанна хаваў свае адносiны да рэлiгii. Помню, у час гэтай прагулкi мы з табой злезлi з экiпажа i пайшлi пад гару пехатой, каб было лягчэй коням; твая бабуля i манашка тым часам узялiся за ружанцы i пачалi мармытаць малiтвы, а фурман, якi за доўгiя гады службы ў вас ад пачатку да канца вывучыў гэты рытуал, своечасова падхоплiваў: "Амi-iн". Нават у цябе ўсё гэта выклiкала ўсмешку. Але я быў вельмi стрыманы. Кожную нядзелю я амаль з задавальненнем суправаджаў цябе i тваю мацi ў царкву да абеднi, хоць царкоўныя цырымонii не выклiкалi ў мяне нiякiх метафiзiчных думак. Рэлiгiйны культ быў; на маю думку, звычайнай з'явай для таго класа, да якога цяпер далучаўся i я. А буржуазiя любiць традыцыi, паважае рэлiгiю сваiх продкаў, шануе гэтую сiстэму абрадаў, якая, калi i мае якi сэнс, то толькi сацыяльны.
Бывала, у царкве ты крадком кiдала позiркi ў мой бок, i ўспамiн пра гэтыя абеднi звязваецца ў мяне з цудоўным адкрыццём, да якога я тады прыйшоў: я магу зацiкавiць, магу падабацца, магу хваляваць дзявочае сэрца. Маё каханне, як мне здавалася, злiвалася з тваiм каханнем да мяне. Ды што там мае перажываннi!.. Яны, бадай, нiякага значэння не мелi. Самае галоўнае было ў тым, што я верыў у тваё каханне. Як у люстэрку адбiваўся мой вобраз у дзявочай душы, i адбiтак гэты не адштурхоўваў яе ад сябе... Якое шчасце! Якая радасць! Уся мая iстота расцвiла. Нiколi не змагу я забыцца, як пад тваiм цёплым позiркам адтаваў лёд, што скоўваў маю душу, i ў ёй нараджалiся жыватворныя крынiцы трапяткой пяшчоты i чыстага кахання. Самыя звычайныя прыкметы тваёй увагi - поцiск рукi, кветка памiж старонак у кнiзе, - усё захапляла i хвалявала мяне, усё было для мяне новым.