Клубок гадзюк (на белорусском языке)
Шрифт:
У вераснi 1885 года, калi мы вярнулiся з Венецыi, твае бацькi не захацелi запрасiць нас да сябе ў маёнтак Сенон. А нам тлумачылi, што туды нiбыта з'ехалiся iх знаёмыя, сваякi, а таксама сябры барона Фiлiпо i занялi "ўсе пакоi". I тады мы вырашылi часова спынiцца ў маёй мамы. Мы забылiся пра нашу бесцырымоннасць i жорсткасць у адносiнах да мамы i як быццам зрабiлi ёй ласку, што згадзiлiся пажыць у яе доме да таго часу, пакуль нам не надакучыць.
А мама i не збiралася радавацца.
– Усё, што ёсць у гэтым доме, - ваша, - стрымана гаварыла яна.
– Можаце запрашаць сюды каго захочаце. Замiнаць я вам не буду. Ды я i дома рэдка бываю...
Так яно i было. Увесь час мацi некуды спяшалася: то на вiнаграднiкi, то ў вiнныя скляпы, то на птушнiк, то ў пральню. Пасля абеду яна iшла ў свой пакойчык, каб трохi адпачыць. Калi яна часам заставала нас у гасцiнай,
Помню, з якiм замiлаваннем глядзела яна на цябе, калi ты малявала цi iграла на пiянiна "Песню без слоў" Мендэльсона, абавязкова спатыкаючыся ў адным i тым жа месцы.
Бывала, да цябе прыязджалi сяброўкi. Ты нiколi не забывалася папярэдзiць iх:
– Зараз убачыце маю свякроў. Цiкавы экземпляр... Сапраўдная сельская арыстакратка. Раю паглядзець i запомнiць: больш такiх нiдзе ўжо не сустрэнеш...
Ты лiчыла, што ў мамы ёсць свае арыгiнальныя манеры i многа такту. Яна ўмела гаварыць са слугамi на мясцовым дыялекце, i ты паблажлiва адзначала, што яна цудоўна трымаецца з "простымi людзьмi". Па прывычцы ты паказвала сяброўкам стары дагератып, дзе мама ў пятнаццаць гадоў насiла яшчэ хустку. Ты нават вывучыла старадаўнюю народную песеньку пра дабрачыннасць сялянскiх сем'яў i выконвала яе перад сваiмi гасцямi. Якая ж ты была тады згаворлiвая, памяркоўная! Але мацярынства адкрыла тваю сапраўдную натуру...
Я ўсё збiваюся i нiяк не магу расказаць пра тую ноч. Было тады так душна, што мы нават не зачынялi акна, хоць ты i баялася кажаноў. На дварэ шапацела старая лiпа, а нам усё здавалася, што нехта дыхае ў кутку пакоя. Часам ад подыху ветру лiсце пачынала шумець так, нiбы iшоў моцны лiвень. У акне красаваўся маладзiк. Яго халоднае святло падала на падлогу, на крэслы, дзе ляжала наша адзенне. Нечакана ўсё сцiхла, i ты сказала: "Давай спаць. Трэба заснуць..." Але i ў сне не знаходзiлi мы спакою: прывiд невядомага мне Рудольфа блукаў па пакоi. Варта мне было толькi абняць цябе, як у тваiм сэрцы ўваскрасаў яго вобраз... Ты вызвалялася з маiх абдымкаў, але прывiд не знiкаў... Не хацеў я, баяўся пакутаваць. Так, мусiць, ужо створаны чалавек: бяда, гора, смерць - нiшто не перашкодзiць яму баранiць сваё шчасце... Я ведаў, што не трэба ў цябе нiчога распытвацца. Няхай яго iмя будзе вадзяной бурбалкай: мiльгне i лопне на паверхнi нашага жыцця... Забыцца... Забыцца, выкiнуць з памяцi гэтае iмя, бо гэта першы знак нашай бяды, гэта яд, i ад яго паратунку не будзе... I я маўчаў. Але ты, няшчасная, ты не магла насiць у сабе гэты ўспамiн пра няспраўджанае каханне, пра ашуканую, неспатоленую страсць... I дастаткова было, каб у мяне вырвалася пытанне: ды хто ж ён такi, гэты Рудольф?
– як ты адразу загаварыла:
– Дарагi, мне варта было б сказаць табе сёе-тое яшчэ перад вяселлем... О, нiчога асаблiвага, супакойся!..
Ты гаварыла шэптам. Спяшалася. Табе трэба было выгаварыцца. I цемру пранiзвалi словы-стрэлы... Твая галава ўжо не ляжала ў мяне на плячы. Мы заставалiся ў пасцелi зусiм побач, а памiж намi ўжо была непраходная бездань.
Рудольф... Мацi яго была аўстрыйка, а бацька - француз, багаты фабрыкант... З Рудольфам ты пазнаёмiлася ў Эксе. Ты ездзiла туды з бабуляй. Было гэта якраз за год да нашай з табой сустрэчы ў Люшоне. Ён прыехаў з Кембрыджа. Якi ён быў з выгляду, ты не гаварыла, але я адразу намаляваў сабе яго партрэт: там былi ўсе прывабныя спакушальныя рысы, якiх сам я быў пазбаўлены... Месяц высвечваў маю вялiкую мужыцкую руку з нязграбнымi пальцамi i кароткiмi пазногцямi. Калi табе верыць, то нiчога благога вы тады не зрабiлi, хоць паводзiў ён сябе нiбыта не так далiкатна, як я. Не памятаю я дакладна тваiх прызнанняў. Дый навошта яны мне? Справа не ў гэтым. О, калi б ты яго не
Яшчэ мiгцелi апошнiя перадсвiтальныя зоркi. Недзе ў садзе прачнуўся дрозд. Праз адчыненае акно павеяў ветрык, i мы адчулi яго прыемную свежасць. Здаецца, усё было, як i раней, у пару майго шчасця... Усяго якiх дзесяць хвiлiн назад яно яшчэ было са мной, шчасце, а цяпер я ўжо гавару: "У пару майго шчасця..." Я запытаўся:
– Ён не захацеў цябе браць замуж?
Гэта быў удар па тваiм самалюбстве. О, як ты пакрыўдзiлася, як зашыпела... Я, безумоўна, памыляўся. Усё было якраз наадварот. Рудольф вельмi кахаў цябе i палiчыў бы за вялiкi гонар мець жонку з сям'i Фандадэжаў. Але яго бацькi даведалiся, што абодва твае браты памерлi ў дзяцiнстве ад сухотаў. А паколькi ў Рудольфа здароўе было слабое, то яго бацькi i слухаць не хацелi пра такi шлюб.
Ты расказвала i расказвала i нават не падазравала, што губiш сваё i маё шчасце:
– Вось бачыш, дарагi, - такая ўжо мая доля: кахаць аднаго, а выйсцi замуж за другога. Ты ж ведаеш, мае бацькi страшэнна ганарлiвыя, i яны моцна пакрыўдзiлiся, калi шлюб мой з Рудольфам разладзiўся. Вось гэта i прынесла нам з табой шчасце. У такiх сем'ях, як наша, усе надаюць неверагоднае значэнне здароўю, асаблiва калi справа датычыць шлюбу. Мама перапалохалася, што ўвесь горад ведае, чаму Рудольф пакiнуў мяне, i цяпер нiхто не захоча мяне ўзяць. Кожны дзень яна толькi i паўтарала, што кукаваць мне да смерцi старой дзеўкай. Некалькi месяцаў не было мне жыцця ад маёй мацi. Як быццам мала сваёй бяды... Скончылася тым, што яна i бацьку ўгаварыла...
Я трымаўся спакойна i маўчаў, каб не перапыняць цябе. А ты ўсё даказвала мне, што наша каханне было наканавана самым Богам.
– Я пакахала цябе з першага позiрку. Я многа малiлася ў Лурдзе i, калi ўбачыла цябе - адразу зразумела: Бог пачуў мае малiтвы...
Ты i не здагадвалася, якiм болем аддавалiся ўва мне гэтыя словы. Нават бязбожнiкi маюць больш узвышанае ўяўленне пра рэлiгiю, чым ты - веруючая. Кожны бязбожнiк абурыцца, калi давядзецца, з якiмi нiзкiмi, карыслiвымi просьбамi звярталася ты да Бога, да свайго бацькi нябеснага. Але што мне да таго? З тваiх слоў выходзiла, што твая мацi i ты накiнулiся на першага стрэчнага жанiха i падлавiлi яго на кручок.
Вось тады я i зразумеў, якiм недарэчным быў наш шлюб. Адбыўся ён толькi таму, што на тваю паважаную мацi найшло нейкае вар'яцтва, якiм яна заразiла i бацьку, i цябе... Ты мне расказала, што барон Фiлiпо нават пагражаў адрачыся ад цябе, калi ты выйдзеш за мяне замуж. Атрымлiваецца так, што ў той час, калi мы пасмейвалiся з барона ў Люшоне, гэты чалавек рабiў усё магчымае, каб схiлiць Фандадэжаў да разрыву са мной.
– Ды толькi дарэмна ён стараўся. Я пакахала цябе, рашэнне маё было цвёрдае, i я не шкадую пра гэта...
Я маўчаў, слухаў i не перабiваў цябе. А ты ўсё пераконвала мяне, што не было б табе шчасця з гэтым Рудольфам. Занадта ён быў прыгожы, ды i кахаць не ўмеў, а толькi паблажлiва дазваляў, каб кахалi яго. Любая жанчына магла адабраць яго ў цябе. I ты не заўважала, што нават голас твой мяняўся, калi ты вымаўляла яго iмя: звычайна голас у цябе трохi сухаваты, а тут раптам з'яўлялiся такiя пяшчотныя, трапяткiя ноткi, нiбы з тваiх грудзей iрвалiся на волю ўсхваляваныя любоўныя ўздыхi.
Выходзiць, не ашчаслiвiў бы цябе твой Рудольф, таму што быў прыгожы, абаяльны i падабаўся жанчынам. Iнакш кажучы, ты вырашыла шукаць шчасця са мною, бо са мною табе было прасцей, спакайней: хто паквапiцца на такога панурага, нецiкавага тыпа. "У Рудольфа былi, - казала ты, - нязносныя звычкi, як i ў многiх маладых гуляк, што вучылiся ў Кембрыджы i нахапалiся ангельскiх манер". Дык няўжо ты аддала перавагу мужыку, якi не можа выбраць тканiны на касцюм, завязаць гальштука, не займаецца спортам, не ўмее далiкатна i дыпламатычна размаўляць, не ведае, як жыць прыгожа i весела? Не, ты выбрала гэтага няшчаснага маладога чалавека толькi таму, што ён трапiў табе на вочы якраз тады, калi мацi ўбiла сабе i табе ў галаву, што "немагчыма выдаць замуж гэтую дачку", i так вымучыла цябе, што ты не магла больш чакаць... Да таго ж у жанiха было дастаткова грошай, каб апраўдаць гэты шлюб у вачах "прыстойных людзей".