Клубок гадзюк (на белорусском языке)
Шрифт:
– Добра, - сказаў Рабэр, - дапусцiм, Буру спалiць маю заяву, i тады я аддам яму той дакумент, якi i трымае яго ў нашых руках. Але дзе гарантыя, што гэты чалавек пасля не пойдзе да вашых спадчыннiкаў i не скажа: "Я ведаю, дзе схавана ваша спадчына. Прашу выдаць мне дзесяць тысяч за тое, што я прадам вам сакрэт, i столькi ж пасля таго, як скарб будзе ў вашых руках". Да таго ж ён можа ўсё ўладзiць так, каб яго iмя нiдзе не фiгуравала. I тады ён ужо нiчым не рызыкуе. Пачнецца расследаванне, зробяць дазнанне, пераканаюцца, што я - ваш сын, што жывём мы з мацi раскошна, а не так, як да вашай смерцi... I тады адно з двух: або плацiць
На гэты раз гаварыў ён ясна i дакладна. Розум яго выйшаў са здранцвення. Мазгi нарэшце запрацавалi... Я быў прыемна здзiўлены, што ў гэтага прыказчыка моцна развiты сялянскiя рысы: прадбачлiвасць, недавер, страх перад рызыкай, жаданне нiчога не пакiдаць на волю выпадку. Яму, безумоўна, лепш было б атрымаць з рук у рукi сто тысяч, чым хаваць такое велiзарнае багацце.
Я пачакаў, пакуль супакоiцца сэрца...
– У тым, што ты тут нагаварыў, ёсць доля праўды. Я згодзен з табою. Што ж, не падпiсвай заявы. Я цалкам давяраю табе з мацi. Зрэшты, калi спатрэбiцца, я дакажу як двойчы два, што гэтыя грошы мае. Але гэта ўжо нiякага значэння не мае: праз паўгода, ад сiлы праз год я памру...
У адказ - нi слова спагады, суцяшэння, удзячнасцi, якiя ў такiх выпадках гавораць нават чужыя людзi. Не думаю, каб ён быў такi жорсткi, - проста ён быў зусiм нявыхаваны.
– Ну, калi так, - сказаў ён, - можна паспрабаваць...
Падумаў трохi i дадаў:
– Трэба будзе хоць зрэдку наведвацца ў банк, пакуль вы жывыя. Няхай прывыкаюць да майго твару. Я буду хадзiць туды па грошы вам.
– Паслухай, Рабэр, - сказаў я, - ёсць у мяне яшчэ некалькi сейфаў за гранiцай. I калi ты хочаш, калi ты думаеш, што больш надзейнае...
– Што вы?! Пакiнуць Парыж? Не, нiколi!
Я растлумачыў, што ён мог бы жыць у Парыжы i толькi час ад часу выязджаць за гранiцу. Тады ён спытаўся, у якiм выглядзе маё багацце - у грашах цi ў працэнтных паперах, i дадаў:
– А ўсё ж такi добра было б, каб вы мне напiсалi пiсьмо... Ну, нешта такое, што вы пры ясным розуме i поўнай свядомасцi завяшчаеце мне без нiякага прымусу сваю маёмасць... Гэта можа мне вельмi спатрэбiцца... Хто ведае... Дый на душы ў мяне было б лягчэй... А то, ведаеце, раптам усё раскрыецца - мяне ж вашыя дзецi ў крадзяжы абвiнавацяць...
Ён змоўк, купiў сабе кiтайскiх арэхаў i накiнуўся на iх так, нiбы цэлы тыдзень нiчога не еў. I раптам спытаўся:
– Вось цiкава мне, а што яны вам зрабiлi?
– Бяры, пакуль даюць, i не задавай больш пытанняў, - суха адказаў я.
Яго мяккiя шчокi пачырванелi. На твары з'явiлася пакрыўджаная нацягнутая ўсмешка, якой, мусiць, ён адказвае на папрокi свайго гаспадара, - i тады блiснулi яго здаровыя белыя вострыя зубы - адзiнае, што ўпрыгожвае гэтага няўклюду.
Ён зноў змоўк i ўзяўся за арэхi. Не скажу, каб ён выглядаў надта шчаслiвым. Вiдаць, фантазiя ўжо малявала яму ўсялякiя непаразуменнi з палiцыяй, з маiмi дзецьмi... I трэба ж было мне трапiць на такога! Усюды бачыць толькi небяспеку... Мне захацелася трохi развесялiць яго.
– У цябе ёсць сяброўка?
– у лоб спытаўся я.
– Можаш цяпер ажанiцца, будзеш жыць з ёю, як багаты буржуа.
Ён зрабiў нейкi няпэўны жэст i заклапочана пакiваў галавой. А я спакушаў далей:
– Ды цяпер ты можаш ажанiцца з кiм захочаш. I калi ёсць у цябе на прыкмеце жанчына i здаецца табе непрыступнай...
Рабэр
– Няўжо я змагу ажанiцца з мадмуазэль Бружэр?
– А хто яна, гэтая мадмуазэль Бружэр?
– Ды не... Я пажартаваў. Гэта старшая прыказчыца ў нашай краме. Такая жанчына! Але што я для яе... Пустое месца... Яна i ў мой бок не глядзiць...
Я запэўнiў яго, што нават з дваццатай часткай таго багацця, якое я даю яму, ён зможа ўзяць замуж самую лепшую "старшую прыказчыцу" ў Парыжы.
– Ах, мадмуазэль Бружэр!
– паўтарыў ён.
– Не, куды там!..
Боль у сэрцы не праходзiў. Я паклiкаў афiцыянта i хацеў разлiчыцца, але Рабэр апярэдзiў мяне:
– Не, не. Што вы! Я сам.
Я з задавальненнем паклаў свае грошы назад у кiшэню. Мы ўсталi. Музыканты ўжо складалi свае iнструменты. Патухлi гiрлянды электрычных лямпачак. Рабэру не трэба было асцерагацца, што яго ўбачаць разам са мной.
– Я правяду вас, - сказаў ён.
Сэрца ныла. Я папрасiў Рабэра не iсцi так хутка i сказаў яму, што мне спадабалася, што ён не спяшаецца дарвацца да грошай.
– Толькi вось калi сёння ноччу я памру, - дадаў я, - ты страцiш вялiкае багацце.
Ён пацiснуў плячыма i даволi абыякава аднёсся да такой бяды. Хоць у цэлым я, вядома, парушыў спакой гэтага маладога чалавека. Ростам ён быў ужо роўны са мной. А цi набудзе ён калi-небудзь арыстакратычныя замашкi? Вельмi ўжо нiкчэмны выгляд меў гэты прыказчык, мой сын, мой спадчыннiк... Я паспрабаваў надаць нашай размове душэўны характар, пачаў гаварыць яму, што страшэнна каюся, перажываю, пакутую, што пакiнуў без дапамогi яго з мацi. Ён, мусiць, здзiвiўся: ён лiчыў, што я абышоўся з iмi "па-людску". Як-нiяк хоць грошы пасылаў... Ёсць такiя, хто й гэтага не зрабiў бы. I дадаў страшныя словы: "Тым больш што не вы першы ў яе былi..."
Сынок, вiдаць, не меў нiякай спагады i лiтасцi да сваёй мацi... Падышлi да майго дома, i ён нечакана сказаў:
– Можа, мне памяняць прафесiю... Заняцца чым-небудзь такiм, каб бываць на бiржы... Тады прасцей было б растлумачыць, адкуль у мяне такiя грошы.
– I не думай, Рабэр! Ты што?! Звяжашся з бiржай - загiнеш!
Ён заклапочана глядзеў на тратуар.
– Я ўсё пра гэтыя падаткi думаю. А раптам iнспектар пачне дапытвацца...
– Зразумей жа ты нарэшце, што твае грошы будуць ляжаць у сейфе, i нiхто на свеце, акрамя цябе, не мае права адмыкаць сейф...
– Яно-то так. Але, ведаеце...
Я не вытрымаў i ляснуў дзвярыма перад яго носам.
XV
Калез.
У акно б'ецца муха. Перада мной бязлюдныя палеткi. Завывае вецер. Гонiць цяжкiя хмары. Iх цень плыве па раўнiне. Нечакана ўсё сцiхла. Мёртвая цiшыня... Так заўсёды бывае перад навальнiцай. "Тата, i вiнаграднiкi грому баяцца..." вось у такi самы дзень гадоў трыццаць таму назад так сказала наша Мары.
I зноў я ўзяў у рукi свой сшытак. Прыглядаюся да свайго почырку. Вось ён якi цяпер стаў... Я ўсё ж такi давяду да канца мой расказ. Цяпер я ведаю, каму прызначана гэтая споведзь. Давядзецца толькi знiшчыць тыя старонкi, ад якiх iм стане страшна. Я i сам сёе-тое не магу тут спакойна чытаць. Спыняюся на кожным радку, думаю, успамiнаю. Вось такi я чалавек, чалавек сярод людзей, такi я... Вас, можа, нудзiць ад такiх, як я, - а я тым не менш ёсць, я iсную...