Крыніцы
Шрифт:
— Але, гісторыя. Як у песні. Сяргею нялёгка будзе, я ведаю яго характар. Але кажуць — сэрца не прымусіш… Хадзем да Дар'і Сцяпанаўны. Яна больш спрактыкаваная ў гэтых пытаннях.
— Не пайду.
— Баішся? — засмяяўся Жураўскі.— Як цябе, такога баязліўца, пакахала такая жанчына?
— Не, не таму, што баюся. А ведаеце, па-мужчынску, не хочацца ў такі час многа гаварыць на гэтую тэму.
— Разумею.
— Паеду да Наташы. А вас прашу, Раман Карпавіч… І Дар'ю Сцяпанаўну… Сяргей, відаць, заедзе да вас, поезд позна прыходзіць… Скажыце яму, пагутарце… падрыхтуйце… Каб не было для яго знянацку… А то ляпне якінебудзь дурань… Каб не так балюча было яму.
— Ну, сілу болю яго нам не ўведаць. Будзем спадзявацца на яго светлы розум.
36
Ніколі — ні нават у дзіцячыя гады, ні ў гады поўнай сталасці — у характеры, псіхіцы чалавека не адбываецца такіх раптоўных змен, паваротаў, не мяняюцца так хутка густы i погляды, як у юнацтве. A калі ўлічыць, што кожны юнак i дзяўчына, як правіла, лічаць сябе цалкам сталымі людзьмі i цвёрда вераць у непахіснасць сваіх поглядаў, то можна зразумець, як хваравіта, цяжка перажываюць яны гэтыя нечаканыя змены.
Так здарылася з Раісай. Яна ўвесь час лічыла сябе самай сталай у класе, лічыла, што яна ўсё разумее i ўсё ведае — усе таямніцы жыцця, i што яе аднакласнікі, нават такія, як разумнік Лявон i працаўнік Алёша, — дзеці ў параўнанні з ёй. Яна лічыла, што поўнасцю падрыхтавана, каб уступіць у вялікае i прыгожае самастойнае жыццё, а таму i мае права на дружбу з настаўнікамі.
Не ўмеючы адрозніць паказное ад сапраўднага, яна ўсё ў жыцці i паводзінах Арэшкіна прымала за праявы высакароднасці i інтэлігентнасці. І раптам гэты інтэлігент чытаў чужыя пісьмы. Яна не ведала, якім чынам Аляксеевы пісьмы, большасць з якіх яна адразу ж, прачытаўшы, знішчала, траплялі да яго, але сам факт яе моцна ўразіў. Дагэтуль яе больш хвалявала нелюбоў вучняў да Віктара Паўлавіча, чым яго прыдзіркі да Аляксея: так яму i трэба, няхай не вельмі задзірае нос! І апошняе здарэнне ў класе яе ўсхвалявала толькі ў сувязі з пісьмом, ды яшчэ той адкрытай варожасцю, якую праявілі да яе аднакласнікі. У тое, што Алёша не вернецца ў школу, яна не верыла i мала калі ўспамінала яго;
І раптам гэтыя провады. Усё нарабілі яны. У яе надоўга засталося ў памяці: цішыня, непрыемнае шарканне па падлозе чаравіка кульгавай Ніны; разгублены, спалоханы, непрыгожы, варты жалю Віктар Паўлавіч… Як ён ікнуў i выскачыў! Чаго яна заплакала? Ёй раптам стала шкада сябе. Не, спачатку ёй стала шкада Алёшы, які пайшоў невядома куды сярод зімы, а потым ужо сябе. Таму яна заплакала. А потым гэтая манашка Ніна са словамі (хто яе прасіў лезці не ў сваю справу!): «Я ж ведала, што ты яго кахаеш. Ты проста сама сябе падманьвала. Алёшу нельга не кахаць».
Вось з таго часу i засталіся ў яе душы незразумелы жаль, адчуванне сваёй віны i гэтыя недарэчныя словы, што сказала Ніна. Тады яна пайшла дадому, доўга плакала адна ў хаце i ўвесь час думала пра Алёшу. Уначы таксама думала. А пасля на ўроках, забыўшыся, часта азіралася — ці не сядзіць ён на задняй парце?
Яна пачала пазбягаць Віктара Паўлавіча. Амаль заўсёды, выдумаўшы тую ці іншую прычыну, уцякала з дому, калі да ix прыходзіла Ядвіга Казіміраўна. Ішла на другі канец вёскі да гэтай жа самай кульгавай Ніны, якую не любіла. Але да каго іншага з сябровак ісці не адважвалася. Зрэдку заходзіла да Данілы Платонавіча, калі там не было ні дырэктара, ні доктаркі i калі ўдавалася выдумаць, што ей абавязкова трэба пачытаць тэрмінова якую-небудзь кнігу па літаратуры, гісторыі ці геаграфіі. Аднойчы, калі яна сядзела ў Данілы Платонавіча i чытала крытычны артыкул, стары нечакана спытаў:
— Рая, ты ведаеш, дзе Алёша?
Яна спалохалася i адказала не сваім голасам:
— Не. Я не ведаю.
Рая чакала, што сам Даніла Платонавіч скажа, дзе Алёша. Ён не сказаў. Ёй увесь вечар хацелася спытаць — дзе ж ён? — але яна не адважылася.
А пасля ёй зрабілася яшчэ больш пакутліва. Чаму яна не ведае, дзе Алёша? Так нельга, яна павінна ведаць, бо ўсё гэта здарылася з-за яе. Яна перамагла свой гонар, хоць гэта было
— Каму? Снегірысе? Нізавошта! І не думай! — у адзін голас адказалі яны. Дарэмна яна спрабавала даказаць гэтым «чорствым мужчынам», што Рая змянілася i шчыра хоча ведаць, дзе Алёша.
— Гарбатага магіла выправіць, — адрэзаў на яе довады Валодзя Полаз. — Ведаем мы яе. Адразу Арэшку ўсё раскажа.
A Віктар Паўлавіч сапраўды хадзіў вакол дзяўчыны, як ліс, па-ранейшаму хітры, далікатны, чулы, — заглядваў у шчыліны i імкнуўся заглянуць у душу, але дарэмна — Рая замкнулася надзейна i больш не давярала яму.
У гэты час у яе жыцці здарылася яшчэ адна падзея, якая спусціла яе з вышыні ўзнёслых мар да цвярозага зямнога роздуму над сваім талентам, пра які так многа гаварыў Віктар Паўлавіч.
Пастаноўка «Паўлінкі» драматычным гуртком, якім кіравалі Даніла Платонавіч i Бушыла, атрымала высокую ацэнку на раённым аглядзе школьнай самадзейнасці. Калектыў накіроўваўся на абласную алімпіяду. Але нечакана захварэла выканаўца ролі Паўлінкі — вучаніца дзевятага класа Маша Леванчук. Да алімпіяды Маша, вядома, магла ачуняць, але Даніла Платонавіч, каб не рызыкаваць, вырашыў мець на ўсякі выпадак дублёра, тым больш што спектаклі прыходзілася даваць часта. І ён прапанаваў гэтую ролю Раі. Прапанаваў наўмысля. Рая з радасцю згадзілася, бо адразу падумала, што гэта паможа ёй зноў зблізіцца з сябрамі па школе, па класу. Два дні да рэпетыцыі з натхненнем i ўздымам вучыла яна ролю. Чытаючы п'есу, яна па-новаму асэнсоўвала яе змест, глыбей i больш усеабдымна, не так павярхоўна, як тады, калі вучылі па праграме. Ёй раптам здалося, што шмат якія пачуцці Паўлінкі нагадваюць яе ўласныя, дарма што ўсё іншае не такое. І яшчэ яна з усмешкай падумала, што Быкоўскі крыху нагадвае Арэшку. Яна так i падумала, наадварот: не жывы чалавек падобны да літаратурнага героя, а герой — да жывога чалавека.
Дні да рэпетыцыі прынеслі ёй многа ўцехі, радасці, прыемнага хвалявання i ранейшую самаўпэўненасць. Рэпёціруючыся перад люстрам, яна нават аднойчы падумала з гонарам:
«Я вам пакажу, як трэба іграць».
Але ўсё атрымалася інакш: яна правалілася на першай жа рэпетыцыі. Чакаючы Якіма, яна заспявала «Ой, ляцелі ryci дый з-пад Беларусі», i ўсе — Даніла Платонавіч i выканаўцы — неяк устрапянуліся, i на тварах ix засвяціліся цёплыя ўсмешкі: яна хораша заспявала! Потым з'явіўся Якім — Павел Варанед, той ціхі непрыкметны Пашка, з якога ў класе ўвесь час кпілі, што ён ходзіць на спатканне за васемнаццаць кіламетраў. Ён сказаў першыя словы, сказаў так проста, звычайна, што Рая, ведаючы на памяць сваю ролю, разгубілася i не магла яму адказаць. Суфлёр падказаў, яна паўтарыла за ім без ігры, потым паўтарыла так, як іграла дома, перад люстрам. Даніла Платонавіч узняў рукі, каб спыніліся, i растлумачыў спакойна, як на ўроку:
— Рая, ты кахаеш гэтага чалавека. Ты модна кахаеш Якіма. Успомні: «Такі ён міленькі, такі прыгожанькі, такі паслухмяны». Ты з трывогай чакала яго… Не дэкламуй… Гавары так, як ты сказала б каханаму ў жыцці. Забудзь, што ты на сцэне.
Яна засаромелася ад гэтых слоў, але ўбачыла, што іншыя выканаўцы прынялі ix як зусім звычайнае рэжысёрскае тлумачэнне.
Яна паспрабавала выканаць гэтую параду. Не, не так, не тое. Якім яе кахае, а яна — не, у яе словах няма кахання, хоць яна i паўтарае ix даволі ўзнёсла.