Крыніцы
Шрифт:
— Як я рада, што ты прыехала. Каб ты ведала, як я рада.
— А я цябе лаяць буду.
— Лай, я ведаю, што мяне варта лаяць. Ты паможаш мне.
Яны селі насупраць Лемяшэвіча. Сяргей сеў у другім канцы стала, каля Валатовіча. Наталлі Пятроўне налілі віна.
— Я з Задуб'я ехала на санях. Дарогу перамяло. Я гарэлкі вып'ю. — Яна падняла маленькі кілішак. — За нашага сакратара. — Яна сказала «нашага» з той добрай цеплынёй, якую могуць надаваць звычайным словам толькі жанчыны.
Яна не дапіла свой кілішак, i яе ніхто не прымушаў, як Сяргея. Лемяшэвіч не зводзіў з яе вачэй. Яиа адчувала
Лемяшэвіч быў з тых нямногіх людзей, у якіх пасля чаркі рэдка развязваецца язык i з'яўляецца красамоўнасць, а часцей наадварот — наступае маўклівасць i нязграбнасць. Адчуўшы, што залішне любуецца Наталляй Пятроўнай, i спалохаўшыся, што на гэта ўрэшце могуць звярнуць увагу, ён памкнуўся прыняць удзел у агульнай размове, але ўсё гаварыў неўпапад i зноў мімаволі пазіраў на яе — ці не смяецца яна часам з яго? Не, Наталля Пятроўна шагіталася з Дашай.
Жураўскі сказаў тост за жанчын, яму апладзіравалі. Лемяшэвіч працягнуў чарку да Наталлі Пятроўны i падтрымаў тост:
— За вас!
— А за мяне? — пажартавала Дар'я Сцяпанаўна.
— І за вас, за ўсіх, — сумеўся ён. Наталля Пятроўна таксама пачырванела.
Гутарка за сталом рабілася ўсё больш шумнай.
— Не, Раман Карпавіч, гэта зверху здаецца, што інакш быць не можа… Я таксама думаў, будучы ў райвыканкоме…
— Адам Макаравіч, дай, браце, грыбкі!
— Схадзі, Сцяпанка, прынясі яшчэ…
— Не, вы паслухайце, вы станьце на месца старшыні, у адзін тыдзень зразумееце, што гэта такое — планаванне зверху…
— Не вырашайце дзяржаўных праблем за чаркай!
Але да слыху, да свядомасці Лемяшэвіча даходзілі не
гэтыя гучныя выказванні мужчын, a ціхі шэпт дзвюх жанчын. Ён стараўся не слухаць, стараўся скіраваць сваю ўвагу на другі край стала, запярэчыць каму-небудзь, каб пачаць спрачацца, — i не мог.
— Не прыкідвайся, Наташа… Ты чыніш гвалт над сабой… над пачуццямі…
— Лена… Ёй трынаццаць год…
— Мы не ўмеем лічыць грошы. Што робяць нашы эканамісты? Я не разумею, навошта рамантаваць ламачча, якое мы рамантуем. Мы больш затрачваем…
— Даводзьце. Вы — гаспадары.
— У нас на паперы вялікія правы, а на справе — план i ніякіх размоў.
— Вось… Toe ж, што з планаваннем пасеваў…
— Табе страшна слова айчым. Ды хіба ж Сяргей такі чалавек? Хіба ў вас такое будзе жыццё?
— Госці дарагія, давайце яшчэ па маленькай. Чуеце, што робіцца на дварэ, пад такі свіст толькі i выпіць. Налівай, Сяргей!
— Але, злуе зіма.
— Няхай, больш снегу — больш хлеба. A які яшчэ клопат у хлебароба?
— Толькі з ім ты будзеш шчаслівай. Я не таму, што… сястра яго…
— Божа мой! Я паважаю яго, але…
— А ты снегазатрыманне зрабіў? А то змахне з поля.
— Ого! Снегазатрыманне ў нас у гэтым годзе, як ніколі! Налі там жанчынам, Кірылавіч!
Лемяшэвіч наліў у чаркі жанчын густой вішнёвай настойкі, але яны нават не глянулі.
— Не, ты не ведала яго, сапраўднага жаночага шчасця, — Дар'я Сцяпанаўна, захапіўшыся, сказала ўголас.
Наталля Пятроўна сціснула яе рукі, аглянулася, i позірк яе сустрэўся з яго позіркам.
Адзін міг глядзелі яны адно аднаму ў вочы. Але як глядзелі!
— Дык што ж, за ўраджай гэтага года? — прапанаваў Валатовіч.
— Вып'ем за ўраджай, Наташа, — сказала Дар'я Сцяпанаўна, падымаючы сваю чарку.
— Будзе ўраджай, Павел Іванавіч! Будзе! Я паўвека зямлю ару i ведаю, калі ён будзе, a калі не! — казаў, крыху ап'янелы, Сцяпан Яўменавіч.
— Па зіме?
— Не па зіме — па людзях. Як людзі працуюць!
— Правільна, бацька! Добра сказаў!..
— Хочаш, я пагавару з Ленай?
— Не, не…
Уліта Антонаўна, якая бясконца падносіла закускі i прысаджвалася на адну хвіліначку то каля аднаго, то каля другога, відаць, здагадалася, пра што шэпчуцца старэйшая дачка з доктаркай. Падышла, села каля Наталлі Пятроўны, сказала проста, сардэчна:
— Наташачка, не мучай ты яго i сябе… Сохне ён па табе, свету не бачыць.
Лемяшэвіч хмыкнуў i кінуў недарэчны i нават бестактоўны жарт:
— Не мучце людзей, доктар.
Жанчыны паглядзелі на яго здзіўлена, але кожная здзівілася па-свойму, бо па-рознаму зразумелі яго.
Лемяшэвіч схадзіў на кухню — проста так, вярнуўся i сеў побач з Сяргеем.
Гадзін у адзінаццаць, калі ўжо спявалі песні i танцавалі, Наталлю Пятроўну запрасілі да хворага.
Чалавек, з галавы да ног аблеплены снегам, з пугай у руках, выклікаў яе на кухню. Яна выслухала яго, вярнулася i з парога вінавата ўсміхнулася, як бы просячы прабачэння.
— Дазвольце падзякаваць вам, дарагія гаспадары…
— Куды? — спытала Дар'я Сцяпанаўна.
— У Топаль.
Топаль — самы дальні пасёлак сельсавета, кіламетраў за сем ад Крыніц.
— Ой-ёй, сур'ёзнае што?
— Дзіця.
— Машына не пройдзе? — спытаўся Жураўскі.
— Дзе там! — азваўся з кухні чалавек. — Да нас i да завірухі гэтай не было дарогі. А цяпер — не ведаю, як на кані дабрацца.
Усе з маўклівым спачуваннем глядзелі на Наталлю Пятроўну. А яна ў душы радавалася, што вырываецца адгэтуль: упартае сватанне Дашы ўсхвалявала яе; акрамя таго, яна ўвесь час баялася, што, падпіўшы, могуць пачаць размову пра гэта ўголас, уцягнуць Сяргея, будуць прымушаць яе дань адказ.
— Вазьмі кажух, Наташа, — клапатліва прапанавала Уліта Антонаўна.
— Кажух у мяне ёсць, — азваўся чалавек з Топаля.
— У такую пагоду не зашкодзіць лішні, ногі лепш хутай, — як роднай, наказвала старая.
Наталля Пятроўна не пярэчыла. Яна хутка апранула паліто, накінула на плечы кажух, доўгі, да самай падлогі, па-дзявочаму шпарка павярнулася, падмёўшы кажухом паўхаты, i выбегла.
33
Дзіця — дзяўчынка чатырох год, худзенькая, з тонкімі ножкамі, з шырокімі блакітнымі вочкамі, задыхалася. Маці, жанчына пажылая ўжо, насіла яе на руках па хаце i не прыгаворвала, не суцяшала, a роспачліва етагнала. Калі Наталля Пятроўна загадала ёй пакласці малую на ложак, маці, паслухмяна выканаўшы загад, кінулася ёй на шыю i загаласіла: