Лісце каштанаў
Шрифт:
І тут перад самымі нашымі ўцёкамі, калі мы ўрэшце расслабіліся, і зірнулі вакол, і ўбачылі, якая прыгажосць у сумных, ціхіх дворыках, і ва ўвяданні каштанаў, і ў зорных, ужо амаль па-асенняму зорных, начах над Дняпром, звалілася на нашу кампанію новая бяда, новае злашчасце, новая напасць.
Усе нібы пашалелі на глебе дружбы. Не той, вядома, дружбы, якая вязала, скажам, мяне з Ролікам ці Карлам, а дружбы зусім у іншым сэнсе.
Не ведаю, ці так гэта зараз, але тады ва ўсіх падлеткаў існаваў на такі выпадак цалкам дурацкі моўны зварот. Замест таго каб сказаць дзяўчыне "я
Дык вось, мы як быццам адурэлі, страцілі галовы, ачумелі з гэтай "дружбай". Быццам толькі зараз заўважылі, што дзяўчаты - ну, хаця б тая ж Нонка - гэта зусім не тое і што даць ёй дыхту зусім не так лёгка, як, скажам, Карлу ці мне.
Гэта было цалкам не тое, што потым. Пасля мы, хто дажыў, шмат чаго разумелі, а тады гэта было так, як быццам перад чалавекам, які дагэтуль бачыў толькі ноч, заднела, засвяцілася зусім яшчэ невядомая яму, незразумелая, але ад гэтага яшчэ больш прывабная заранка.
Божа мой, якія мы былі маладыя, якія да святасці дурныя і якія бязглузда, па-боску чыстыя!
Годам пазней, напярэдадні той злашчаснай сутычкі з бандай Боўбута (памятаеце, я расказваў вам пра хлопца і яго вавёрку) я, лежачы без сну ў палатцы, выпадкова падслухаў ціхую начную размову двух хлопцаў з майго аддзялення. Мужных хлопцаў, добрых ваякаў, на рахунку якіх ужо было па некалькі заўзятых бандзюг.
– Дык ты што, так Агнешку кахаеш?
– Ага. Дужа. Толькі ўсё гэта дзіўна неяк.
– А як дзіўна? Ну вось, што ты, напрыклад, адчуваеш, калі бачыш яе ці на мосце з ёй сядзіш?
У нас існаваў дзіўны звычай. Калі нам хацелася пагаварыць з дзяўчынай з вока на вока, мы ішлі гуляць па маршруце, канчатковай кропкай якога быў мост. Там дзяўчына сядала на парэнчы, а хлопец, абхапіўшы і нібы трымаючы яе, вёў размовы пра што хочаш, абы не пра тое, дзеля чаго яны выбраліся на гэтую прагулянку. Гаварылі, злёгку пагойдваючыся, а ўнізе шумела, бегла вада, і ўрэшце пачынала здавацца, што пагойдваецца ўвесь мост, увесь сусвет, разам з зорамі, што ты сам плывеш некуды, бязмежна заспакоены і бессаромна шчаслівы.
– Разумееш, мне яе заўсёды шкада. Хаця б як ёй добра ні было, а мне ўсё здаецца, што нехта яе крыўдзіць. І мне хочацца яе абараніць, супакоіць, суцешыць. Ты толькі не смейся, мне часам нават легчы з ёй хочацца, прыціснуць да сябе, шчыльна-шчыльна. І па галаве гладзіць. Каб ніколі не плакала. Толькі...
– Што?
– Толькі, разумееш, адно мяне бянтэжыць і нібы хвалюе, і сорамна мне і няёмка. Перашкаджае мне, калі яе грудзі між ёй і мною. Няёмка, разумееш. Лепей бы не трэба гэтага. Ну, як гэта на самай справе?
– Та-ак, браце, гэта і сапраўды ўжо неяк ні да чаго.
Назаўтра абодва загінулі. І я, між іншым, дагэтуль больш за ўсё не магу дараваць усяму, што свядома сее варожасць, усёй хлусні і подласці свету, - той ціхай начной размовы.
Але
Прыблізна такое ж адбывалася з намі і тады. І калі дагэтуль мы былі занятыя "вайной", то цяпер, з такой самай нястрыманасцю, як на скрут галавы, заняліся "каханнем".
Грэх і сорам прызнацца, але паклаў пачатак гэтаму вельмі пахвальнаму занятку я. Стаў, так бы мовіць, "дзядулем ніжнядворскай закаханасці".
Здарылася так, што мы з Нонкай выпадкова сустрэліся недзе ў раёне "Арсенала". Яна ішла ад сваякоў, я проста брындаў па горадзе і цяпер збіраўся ісці дадому. Агульная наша дарога была доўгая, і я раптам да сардэчнага замірання ўзрадаваўся гэтаму, узяў у Нонкі яе лёгенькі, вельмі пацёрты і нават сям-там дзіравы пляцак, закінуў яго на плечы, і мы пайшлі, зрэдку беручы адзін аднаго за рукі.
Яна ўзрадавалася спадарожніку, я гатовы быў паклясціся ў гэтым. І я не думаў, што для гэтай радасці могуць быць і іншыя прычыны. Скажам, тое, што не так страшна будзе ісці адной па начным пустым горадзе або што дарога пад размову пройдзе весялей і хутчэй. Я не хацеў думаць пра гэта.
Таму што я раптам зразумеў, што кахаю гэтае дзяўчо. Подаўна ўжо і вельмі моцна кахаю. Кахаю гэтыя цыганскія вясёлыя і дзёрзкія вочы, кахаю тонкія моцныя рукі, цяжкія валасы, вечна падрапаныя каленкі. І - хаця я яшчэ нічога такога толкам не разумеў - кахаю ўсю яе пад гэтай чырвонай у чорныя гарохі, ужо трохі вылінялай, паркалёвай сукенкай.
Кахаю яе, калі яна смяецца, калі яна гаворыць, калі задуменна маўчыць.
І кахаў заўсёды. Кахаў, калі яна, прытанцоўваючы, спявала нахабныя куплеты пра нас. І калі ўцякала, як лань, робячы вялізныя скачкі. І калі скакала з быкоў моста, бліскуча-шакаладная пад час лёту ў паветры, серабрыста-блакітная, як рыбка, пад вадой. Кахаў тады, калі яна, пад час бойкі, верашчала, і лупіла, і брыкалася гэтымі доўгімі нагамі. Заўсёды.
На горад спускалася сутонне. Апошнія залацістыя адбіткі клаліся на муры дамоў. Вокны таямніча міргалі насустрач захаду: нібы тлелі, згасалі і зноў тлелі ў гусцеючым прысмерку тысячы жаўтавата-зялёных кашэчых зрэнак. 3 паркаў па правым баку пачало павяваць вільготнай прахалодай. Танюткі галасок нейкай птушкі далятаў адтуль, нібы настойліва і журботна скардзіўся на нешта.
– Ціў-ціў-ціў-ці-і-іуў.
Я даткнуўся да яе рукі і адчуў, што яна пайшла гусінай скурай, адчуў нават, што валосікі ля лакцявых сугібаў натапырыліся ад холаду. І страшэннае шкадаванне ахапіла мяне (як я потым разумеў таго хлопца ў палатцы!). Я зняў з сябе футболку.
– Чакай.
Калі яна ўзняла рукі, нібы здаючыся, а я пачаў надзяваць на яе маю выгаралую, мабыць, здорава прапыленую транціну, калі я міжволі кранаўся яе рук і, прасоўваючы галаву, правёў рукамі па чорна-бурых цяжкіх валасах, па плячах, па спіне - пачуццё найглыбейшага замілавання і шчасця ахапіла мяне з такою сілай, што я ледзь не заплакаў. Рукі ў мяне дрыжалі, глотка перасохла. Каб мне ў той момант сказалі: "памры за яе" - я памёр бы, не думаючы аніводнага імгнення, і не лічыў бы гэта ахвярай, а лічыў бы, наадварот, найвялікшым на свеце шчасцем. Бо я нічога не баяўся.