Лісце каштанаў
Шрифт:
Праз пару імгненняў два ланцугі перайшлі ўрукапашную. Шчыра кажучы, у некалькі гзтых хвілін нам давялося кепска. Яны, праўда, ужо не кідалі камянёў, баючыся трапіць у сваіх, але кулакамі і кіямі дзейнічалі як маглі. І шмат іх было, вельмі шмат, як на нас. Занадта.
Усё круцілася ў вачах. Як у тумане, як на гіганцкай каруселі, мільгалі твары, ногі, кулакі. Вішчала, кусалася і брыкала нагамі Нонка, якую два ворагі цягнулі ў палон, але не маглі адцягнуць і на пяць крокаў ад месца бойкі. Раланд схапіўся з Гнатам і двума ягонымі целаахоўнікамі.
Мы пачалі задкаваць, а пасля пабеглі з узгорка. 3 дзікім крыкам, цюгаканнем, лямантам і згэлкам павалілі за намі праследавацелі. 3 першабытным рыкам ляцела за намі лава, ламілася праз густы бур'ян. А мы беглі і там, дзе трэба, скакалі. І я ўбачыў, як Жэнька ўпаў, а Гнат, прабягаючы, пхнуў яго наском чаравіка ў рэбры, а Кульба адкаціўся.
І мы таксама адкаціліся. Да самай падэшвы ўзгорка. А пасля павярнуліся. Дзіўнае рабілася вышэй па схіле. Хто ляжаў, хто торгаўся, хто спрабаваў паўзці ўгору, а нешта трымала яго.
Дурні! Кінуліся гнаць, ляцелі, як на злом галавы, дарваліся, лічылі, што авалодалі становішчам, бязмозглыя. І ніхто нават не падумаў, што мы завабілі іх, як неразумных шчанюкоў, што мы яшчэ папярэдняй ноччу прыцягнулі з Батанічнага саду (там такой раскошы была куча, сапраўды куча, якую сабралі адусюль і не паспелі вывезці) некалькі доўгіх кавалкаў супрацьпяхотнай спіралі з калючага дроту, пасеклі яе на камянях, каб не была такой высокай, і замаскавалі ў бур'яне, і скакалі над ёю. А паклалі мы яе не роўнымі палосамі, а нібы хвалямі, і вось яны, ворагі, торгаліся ў дроце, як мухі ў павуцінні.
– Назад, хлопцы!
– крыкнуў Дзмітрэнка.
Я таргануў за шнурок і кінуў выбухпакет проста пад ногі аднаму "заблытанаму". Успышка агню, і досыць гучны ўдар. Вораг таргануўся, упаў і закрыў галаву рукамі. А пасля па ўсім схіле забухала і зараўло, і пачалі ўсплёсквацца ўспышкі агню.
Тыя, хто не заблытаўся, пабеглі, канчаткова дэмаралізаваныя тым, што адбывалася вакол. Але тут пагналіся ўжо за імі мы. Досыць з нас было смешачак, досыць іхняй подлай жорсткасці. Віно, як кажуць, стукнула нам у галаву. Мы даганялі, і валілі, і таўклі; звераняты, выгадаваныя суслам вайны.
Зараз мне сорамна ўспомніць пра гэта. І адначасова нічым я так не ганаруся. Знявечаныя, без пары дарослыя, мы ўсё ж не білі ляжачага ботам у бок і не гулялі ў расстрэл. Так, мы не гулялі ў расстрэл.
Я ўбачыў, як Жэнька, дагэтуль зусім непрыкметны ў пустазеллі, устаў насустрач тым, хто ўцякаў, і кінуў успышку агню і пярун пад ногі таму, хто бег першы. Гнат кульнуўся і ўпаў. Іншыя замітусіліся. Я кінуўся на ляжачага, насеў на яго і, грэшны, у першы і апошні раз сунуў некалькі разоў яму ў грудзі.
...Расправа была толькі над адным. Тут жа на полі пабоішча. Гнату грунтоўна ўсыпалі крапівой, і палонныя павінны былі глядзець на гэта.
Дзмітрэнка лічыў.
– Гэта табе, бандзюга, за "нашы
– Ды я назнарок упаў. Каб ім пасля шлях адрэзаць. І адкаціўся, так што ён мяне не дужа і зачапіў.
– Ну, а каб ты не такі спрытны быў, то зачапіў бы дужа? Ты змоўч, Яўген. Дайце яму яшчэ і за Жэнькаў спрыт.
Падначаленыя глядзелі на ганьбу атамана з нейкім нават зларадным задавальненнем, з іранічнымі ўсмешачкамі. Відаць, і ім ён абрыднуў, як гнілая рыба, ды толькі да гэтай хвіліны яны яго пабойваліся. Ёсць такія гадаўцы, што (хай сабе і на маленькім лапічку, на вуліцы, на двары, у квартале) кулаком, нацкоўваннем хлопцаў адзін на аднаго, плёткамі, подласцю ўстанаўліваюць самы невыносны і тупы тэрор, ператвараюць жыццё равеснікаў у пекла.
– А гэта табе за гульню ў расстрэл. А вось гэта - за тое, што слабенькіх, што дзяўчат між лапатак доўбняй б'еш. Ну, мабыць, пакуль што досыць, - і звярнуўся да разгромленай арміі: - То што, мала вам гэтага? Дабавіць яшчэ ці будзеце разумныя? Вось на атамана зірніце. І калі хочаце, каб вамі і далей камандаваў і ў паняверцы трымаў чалавек з дранай задніцай - давайце. Толькі тады пра гэта ўсе навакольныя вуліцы даведаюцца. Аж да Крашчаціка.
І, памаўчаўшы, сказаў:
– Ідзіце. Бай-бай. І каб ведалі: гэта проста рэпетыцыя. Каб помнілі. А забудзеце - тут ужо куды горай вам будзе.
Яны пайшлі. Гнат ішоў паперадзе ўсіх. Амаль бег.
VIII
Цяпер мы маглі хадзіць паўсюль нават паасобку. Хлопцы з варожых вуліц - хай сабе ты ішоў бы і адзін, а іх было тры - пры сустрэчы рабілі выгляд, што не пазнаюць цябе, і праходзілі, ненатуральна жвава абмяркоўваючы нешта. І гэта было чароўна: ісці, куды хочаш, і нічога не асцерагацца, і ведаць, што ні за рогам, ні ў пад'ездзе, нідзе не чакае цябе ніякая засада. Лета свабоды ўрэшце сапраўды стала летам свабоды. Поўнай.
Ясна, што й мы не чапалі іх, нават калі яны ішлі нашымі завулкамі, нашым дваром. На наш гонар трэба сказаць, што ніхто з нас і не падумаў скарыстацца з гэтага новага становішча.
Гнат тыдні праз два з'ехаў. Казалі, некуды ў Васількоў да ўдовай цёткі. Дабіўся ад маткі. Ясна, няма чаго яму тут было болей рабіць. Штопраўда, на яго месцы я так лёгка не здаўся б, пайшоў бы чорт ведае на што, нават на недазволенае, абы вярнуць сабе хаця крыху павагі. Але ён заўсёды быў тхаром.
Мы толькі плячыма паціснулі. Што ж, хай цяпер, калі здолее дабіцца, мучыць іншых і панявярае чужымі - тут мы нічога не маглі зрабіць. Толькі спадзяваліся ад усяго сэрца, што свет паўсюль не без добрых людзей, што і там знойдуцца вартыя, добрыя хлопцы.