Лісце каштанаў
Шрифт:
Малады голад вечна пакусваў нас вострымі зубамі, часам грыз. Ежы патрабавалі нашы мускулы, нервы, мозг, тое, што мы - будучыя мужчыны. І таму мы почасту елі ўсялякую дрэнь: лопух, гарчычкі, сцябліны травы - маркоўніка. І нічога з намі па гэтай прычыне не здаралася.
Божа мой, каб мне зараз такі воўчы голад! Гэта было б шчасце.
...У адзін з дужа празрыстых, крыштальных дзён позняга лета - ці можа ранняй восені?
– мы і займаліся тым, што смажылі прынесеную рыбу ў заглухлым садзе ля закінутага велатрэка. Збуцвелыя лавы і сухія галіны былі добрым палівам; галіны дрэў заглядалі ў доўгае блюда з асфальтавымі
– Калі ўцякаць, то зараз, - раптам сказаў Ролік.
– Пасля будзе позна. Восень не сёння-заўтра, халады.
– Рацыя, - падхапіў Навум.
– А то мы гэтых гадаў не дагонім.
– Чаго чакаць?
– сказаў разважліва Багдан.
– Бульбу выкапалі, бацькам на гародах падмогі не трэба. І, аднак, не паўсюль жа выкапалі. Будзе прыкормак нейкі. Сёння на адным полі, заўтра на іншым. Ні калгас, ні гаспадар ад якіхсьці там пары карчоў не збяднеюць.
– Паслязаўтра давайце, чаго ката за хвост цягнуць?
– гэта нецярплівы Жэнька ўставіў свае тры грошы.
– Заўтра Ролік вось у "слупы" па зброю завядзе, пашукаем. А паслязаўтра - ф'юць...
– Мы яе за адзін дзень, можа, і не знойдзем многа. Ну, ясна, мой патаемнік. Але там мала. Давядзецца шукаць яшчэ.
– Ролік задумаўся на хвіліну і рашуча ляснуў сябе па каленях.
– А чорты б з імы! Вырашана. Паслязаўтра ці, крайні тэрмін, праз два дні.
І тут мы здзівіліся. Таму што на купе бітай цэглы з'явілася, як чорт з табакеркі, Нонка, якая цягнула за руку Карла.
– Прывітаннечка, змоўнічкі. Бач, сядзяць, нібы кашы аб'еліся. Пышныя гэткія! А сяброў, значыцца, забылі? Кінуць вырашылі?
Я ўбачыў, як у Роліка на імгненне з'явіўся ў вачах бляск. Пасля ён адвярнуў галаву.
– Вы чаго тут?
– Кінь, - умольна сказала Ліза, - яны ж таксама шмат зрабілі. Не крыўдзі іх.
– "Рыбка золотая над подводным гаем", - пацягнула паветра носам Нонка.
– Сядзяць, як нейкія ідалы турэцкія. Нума, Карло, лізь та даставай.
І сама выхапіла ў яго з-за пазухі бутэльку.
– Гэта чаго?
– варожа і непаразумела спытаў Раланд.
– Наліўка вішнёвая. Сама яшчэ тады зрабіла, летам. Думала, перад дарогай, на шчасце. Вы ўсё ж хаця і шкодныя, і злосныя, і высакародства ў вас, прабачце, ніякага, хаця і кепскаватыя, а ўсё ж мужыкамі лічыцеся... будучымі. Што ж, давайце, піндзюры, так зробім: распіваем адвальную, а тады гаршчок аб гаршчок і... вы сваёй дарогай, Карл сваёй, а я - сваёй. Нічога, дарог шмат, кудысьці ды прыйдзем, а рукі паўсюль спатрэбяцца.
Карл зірнуў на яе. Нонка стаяла, прыхіліўшыся спінаю да ствала дзікай вішні, незалежна скрыжаваўшы падрапаныя ногі. Карл уздыхнуў, пайшоў да Раланда і працягнуў яму руку.
– Гэта яшчэ чаго?
– Ролік глядзеў на яго сурова, спадылба.
– Мір, - проста сказаў Карл.
– Мір, бо яна сказала, што дурні тыя, хто сварыцца. Мы з табой дурні... Бо яна...
– Гаваркія вы, мужыкі. Красамоўны вы народ, арлы вы нашы.
Усе сядзелі прыгаломшаныя.
– Ну, то што? Цяпер мір? Няма чаго вам адно на аднаго гыркаць. Мір? Падайце рукі адзін другому.
У Лізкі вочы былі на мокрым месцы. Цяпер - ад радасці.
– Раландзік, даражэнькі, ты ж добры. Кінь злавацца. Карлуша, ты ж такі - ну, самы найлепшы. Ну, няма ж прычыны. Ну, даруйце кожны другому. Ну, рукі... рукі.
– Вочы яе малілі.
– Па-мойму, дык нават... дзеля карысці справы, - буркнуў Багдан.
Лізка кінулася Роліку на шыю. І тут я ўбачыў, што Фінеес часта-часта заміргаў.
– Мірыцеся, басякі, - сказаў ён дзіўным, такога я не чуў ад яго, глухім голасам.
– Мірыцеся. Ну, падумаеш, ну, усім кепска. Каму, пытаюся я, на гэтай круглай зямлі добра?
– І выбухнуў: - Падайце рукі, сволачы! Хаця б дзеля мужычай дружбы, залатаротцы вы.
Яму было нявесела: краёчак рота ўздрыгваў. Мне таксама было пагана.
– Ну, рукі. Усе - рукі, - сказаў я.
Рукі нашы сустрэліся.
– Ну вось, - сказала Нонка.
– І каб ніколі не сварыцца.
Раланд разгроб жар і выкаціў адтуль абвугленыя скруткі. Зняў, здзьмухнуў спачатку голы чорны попел, потым чорную ломкую паперу. Потым карычневую. Потым разгарнуў белую.
Рыбы ляжалі там, нібы ў гняздзе, усе залітыя ўласным тлушчам, бронзава-чырвоныя, ільсняна-белыя на зломе. Парылі. Курэлі.
– Ешце, - сказаў Дзмітрэнка.
– Карл. Нонка.
– Не лавіў, то чаго я есці буду? Не заслужыў.
– А ты горды, Карл. Гэта добра, што ты горды.
– І вызверыўся: - Еш, тварына басурманская ты, а то так адпрасую, што...
Пасля гэтага выбуху яму палегчала. Расплюхаў гнеў. Карл усміхнуўся і ўзяў рыбіну. Бутэльку пусцілі па крузе. Кожны рабіў глыток з рыльца, і хутка ўсім стала весела, захацелася смяяцца і быць добрым да ўсіх. Мы ўпершыню пілі нешта мацнейшае за ваду. І ўсе вакол былі дужа смешныя і родныя.
– Што ж вы, хлопцы, мяне не пытаеце... а з кім я дружыць хачу?
– сціснутьм нейкім голасам спытала Нонка. І раптам развесялілася.
– Ну, хто ён, той... які...
– Хто?
– з поўным ротам спытаў Багдан.
– Ды вы яго добра ведаеце. Ён мяне кахае.
– Дык хто?
– з холадам у душы спытаў я.
– Хто?
– Мне здалося, што яе вочы зусім не такія вясёлыя, што яны не смяюцца, што яны хутчэй... І калі гэта называецца смехам, то што тады такое плач?
– Ды ты. Ты, дурань мой гаротны, небарака мой. Ты.
Здаецца, я страціў прытомнасць. Ад слова - першы і апошні раз у жыцці. Пасля я адчуў, што мяне трымаюць за плечы, што нехта торкае мне ў зубы рыльца... Калі я ўзняў веі, вочы мае сустрэліся з яе вачамі. Позірк гэтых вачэй быў насцярожаны, уважлівы і, нечакана, вельмі сур'ёзны. Глыбокі, дапытлівы, нібы яна ўпершыню бачыла мяне.
– Гэх ты, баба, - сказаў Багдан.
За глыбінёю, за шкадаваннем і дапытлівасцю я падсвядома адчуваў у гэтых вачах боль. Але нават каб гэтыя вочы адкрыта хлусілі - я б паверыў. Мне так хацелася верыць! А яна скаланула галавой, кінулася да агню і засакатала, як заўсёды: