Лісце каштанаў
Шрифт:
Заставалася толькі біць лынды, што я і пачаў рабіць з пераменным поспехам, падлетак, якому быў аддадзены на гэта лета свабоды амаль увесь пусты горад.
Вулка над вулкай - можна з тратуара ступіць на дах дома, - і вузкія жалезныя сходы вядуць з верхняй на ніжнюю, а ў дворыках цвіце акацыя, надзімаецца на ветры латаная бялізна, варыцца на цаглінах убогі абед.
Паўсюль сляды нядаўняга страшнага сну. Вось на доме, адзін над адным, шэсць масіўных тоўстых квадратаў шакаладнага колеру. На
"Kа-f-f-е-е".
Пазней лацінскія літары збілі, тым болей што і кавы ў горадзе днём з агнём было не знайсці. І цяпер шыльда гаварыла па-ўкраінску "Хліб", а два шакаладныя квадраты віселі дарэмна, так сабе.
Дужа хацелася хлеба. Урэшце і яго ў горадзе было не на шмат болей за каву.
За горад я не дужа хадзіў. Там было яшчэ шмат мін. Амаль кожны дзень можна было чуць: "У Галасіеўскім лесе, у Бучы, у Пушчы-Вадзіцы, на Цялічцы падарваліся адзін... два... пяць... сем чалавек".
Хапала і горада. Я адчуваў сябе шчаслівым. І толькі зрэдку - хаця я і не асабліва пакутаваў гэтым - рабілася сумна, што няма ў мяне таварыства. Але равеснікаў не было. Падлеткаў увогуле было дужа, дужа мала ў толькі што вызваленым горадзе.
Наш двор быў вялізны - цяпер на яго месцы два шматпавярховыя будынкі з садкамі вакол іх, - досыць шчыльна абкружаны чатырох- пяці- і двухпавярховымі дамамі, каменнымі і драўлянымі флігелямі. Але гэта толькі здавалася, што вакол - муры. Садкамі, памыйкамі, сям-там цераз платы можна было выйсці на кожную з навакольных вуліц.
Адна палова двара - уздоўж - была значна вышэйшая за другую. Узгорак, што яднаў адну з другой - то стромы, то спадзісты, - зарос дзікай вішняй, рэдкай абламанай акацыяй, нейкімі іншымі хмызамі, і травамі, і паслёнам, які на Паволжы і ў Арэнбургу, з якога я прыехаў, вельмі недасціпна называюць бзнікай.
І вось, калі аднойчы я ішоў пад адхонам, аднекуль зверху, з-за стромы, вылецела страла і, слабая пры канцы лёту, упала ў пыл ля маіх ног. Я падняў яе. Страла была хоць куды: пярэстая, крыж-накрыж апераная, перацягнутая ў гэтым месцы жылкай... Амаль адразу наверсе зашапацеў бур'ян.
– Гэй, аддай стралу.
Я ўзняў галаву. Над урвішчам на кукішках сядзелі тры - аж цэлых тры!
– хлопцы майго ўзросту. Гаварыў адзін, моцны, досыць высокі, з правільна круглай галавой. Усмешка ў яго была - дзіва якая белазубая і прыгожая, вочы - пераспелыя чорныя вішні. Калі яны мокрыя, у іх іскрачкамі адбіваюцца то акно, то лямпа, то проста прамень.
– На, - кінуў я яму стралу.
– Толькі ж вочы трэба мець, хлопцы. Куды пуляеце?
Другі, танклявы і цыбаты, дужа ладны тонкім інтэлігентным абліччам, з сінімі доўгімі вачамі і тонкім, са згорбінкай, носам, сказаў круглагаловаму:
– Я ж казаў, Ролік, каб глядзелі.
Трэці, цельпукаваты і каржакаваты, з тых, каго нават у дзяцінстве завуць "мужыкамі", "дзядзькамі" і "старымі" - ён-та і трымаў у руках доўгі, з яго велічынею, лук, - паглядзеў на мяне невялікімі дрымучымі вочкамі. Сказаў басам:
– Міліцыянеру?
– і паціснуў плячамі.
– У галаву?
– Калі, скажам, дзіцёнку, - сказаў я, - дык, значыць, можна ў галаву, галовы яловыя?
– Ну, занадта разумны, - прабасіў "мужычок".
– Лезь сюды.
Я палез на строму, з каранямі выдзіраючы бур'ян.
Калі ўрэшце, увесь абсыпаны пылам і калючкамі, я ўскараскаўся наверх, сеў і, зняўшы тапачкі, пачаў высыпаць з іх зямлю, круглагаловы Ролік спытаў:
– Адкуль такі? Нешта мы цябе не бачылі.
– Не з Чкалава? Не з яўбаза?
– спытаў гожы,
– Што такое?
– Яўбаз. Яўрэйскі базар... Ясна, не адтуль, - сказаў "мужычок".
– Не з Падвальнай?
– пытаў Круглая Галава.
– Не з Фундуклееўскай?
Я гэтыя конікі ведаў, але што зробіш:
– Што такое Фундуклееўская?
– Ну, цяпер вуліца Леніна.
Ведаў я гэтыя конікі: спецыяльна называць вуліцы іхнімі старымі назвамі, каб зведаць, карэнны ты, вышэйшай ты пароды чалавек або так, збоку прыпёку - з дзесятага ветру. Сам колькі разоў так рабіў.
А яны, відаць, хацелі выпытаць яшчэ, ці не з другога я канца горада, ці быў тут, калі...
– Не з Банкаўскай? А што, на Адольфгітлерштрассе таблічкі паўсюль ужо збілі?
– Кіньце, хлопцы, - сказаў Ролік, - ясна, нетутэйшы. Адкуль?
– Я з гэтага двара.
Хлопцы пераглянуліся. Гэта ўжо была як бы іншая справа. Я нібыта рабіўся прыналежным да іхняга двара, сваім, дваровым.
– А-а, новенькі, - сказаў "інтэлігент". Гэта не таго палкоўніка, які тыдзень таму назад прыехаў?
– Угм. Пляменнік.
– А ён куды адразу з'ехаў? Ён хто?
– На фронт. Ён начштаба аднаго з франтоў.
У вачах новых знаёмых нарадзіўся цень павагі,
– Фф-ю-у. Якога?
– спытаў Ролік.
– Зашмат ведаць хочаш. Гэтага казаць нельга.
– Ваенная тайна? Задавака, - сказаў прыгожы.
– А я вось табе дам, - устаў я.
– Кінь яго, Жэнька, - сказаў "гожаму інтэлігенту" Ролік.
– Кінь яго, Багдане. Не хоча - не трэба.
І тут, цалкам раптоўна для мяне, затаранцеў, засакатаў з бур'яноў паўдзённай гаворачкай галасок дзяўчаняці:
– А я вось і ведаю. Я ката іхнім суседзям прыносіла. "Мышы, кажуць, заелі". То гэты кот, якраз, стаў у апракінутую табурэтку і лапкамі - на перакладзінкі. Яны мілуюцца: "ах-ах", а ён узяў і наваліў туды...