Лісце каштанаў
Шрифт:
– Апы-чы-і-хр-і-ашч!!!
Смачны чох, ад якога як не разрываюцца барабанныя перапонкі і ў таго, хто чхае, і ў тых, хто побач. Толькі чох пасілены ў тысячу разоў.
Ваенны здрыгануўся, і тады Ролік пакланіўся і высокім урачыстым голасам, з халаднаватай перабольшанай ветлівасцю сказаў:
– Будзьце здаровы.
Мы гатовыя былі задаць лататы, але нечакана для нас ваенны зарагатаў. У яго з вачэй цяклі слёзы, і ён толькі паўтараў:
– Ну, архараўцы, ну, залатая рота, ну, хуліганнё.
Нельга не зарагатаць самім у адказ на такі смех.
...Калі адсмяяліся, Жэнька, насмеліўшыся, сказаў:
– Таварыш
Лейтэнант здалёк паказаў.
– Гэта і не наган зусім, а "вальтэр", - сказаў Раланд.
– Няўдача - ты і ёсць няўдача, цюця - ты і ёсць цюця. Лопух.
– Правільна, - сказаў лейтэнант.
– "Вальтэр". Трафейны. Мы паселі вакол яго на траве.
– Слухайце, таварыш лейтэнант, - сказаў Ролік, - вось мы тут спрачаліся, ці патрэбныя на фронце рукі? Якія страляць умеюць?
– Яшчэ як.
– То чаму тады...
– Ясна. Чаму маці-Радзіма грэбуе такімі магутнымі рукамі, як вашы? А таму, што і без вас рук хопіць.
– Я ў партызанах быў у сорак першым, - сказаў я.
– Тады, значыць, не хапала, а зараз...
– Тады нявыкрутка была. Проста трапіў ты ў такое становішча. А цяпер нашто ж?
Руіны ляжалі пад намі. Як вока сягае, мёртвы лес руін.
– Мы шмат хто яшчэ памром, - раптам сказаў лейтэнант.
– Калі, скажам, і вам аж да нямогі таго самага хочацца - хто ж тады гэтую праказу, лішаі гэтыя з зямлі саскрабе, хто яе прыкрасіць? І потым, вы думаеце, мы іх пад корань звядзём? Будзем старацца, але нешта не дужа верыцца. Так што хто будзе сачыць, каб у гэтага рака метастазаў не было... Дурні вы, дурні. Мы самае важлівае аддаём вам, а ў вас вочы, як у бычкоў крывёю наліліся і...
Ролік махнуў рукой.
– А-а, зноў тая песня. А нам толькі б да іх дарвацца...
– Ну, і чаго ж бы гэта ты так хацеў дарвацца?
– У кожнага з нас тут свае прычыны. У мяне бандыты брата павесілі, але тут... Ну, пра сябе не буду... Унь няхай скажа... ну хаця Васілько.
– У мяне гэтых прычын сотня, - буркнуў я.
– Ну, я таксама толькі адну скажу. Братаву маю немцы ў лесе спаймалі з вядром солі. Ясна, куды соль. Лупілі тыдзень. Не спіна, а... А яна ціхая была, стрэлаў баялася, кіно з пацалункамі гэтымі саплівымі любіла. Аж плача, бывала. Але тут ані слова... Цётцы спатканне дазволілі. І даведалася яна, што ніхто іх, вязняў, не лячыў, а братаву лячылі. Спіна - адна рана. І ў ране гэтай чэрві завяліся. То гэтыя "дзеля дэзінфекцыі" ёй спіну соллю пасыпалі, той, што яна ў лес несла... На наступнае спатканне цётка прынесла ёй сарочку, а тыя кажуць: "Сваячкі вашай няма, вывезлі..." Ведаем мы, куды яе вывезлі.
Лейтэнант узяў мяне за падбародак, паглядзеў у вочы.
– Ну вось, хлопец, і адказ. Такія, як ты, страшэнна патрэбныя будуць. Як памяць. Сёй-той можа і забудзе, бо на свае вочы не бачыў. А ты не забудзеш. І ўжо ніколі спакойна не заснеш. Цень гэтага пабачыш - у званы біць пачнеш. Пах адчуеш - не супакоішся, пакуль не торкнеш усіх носам... А ты кажаш.
Устаў.
– Кіньце глупствы. Вам, магчыма, для жыцця больш мужнасці спатрэбіцца, чым нам для смерці.
III
Мы ляжалі на гарачым пяску, і мяне ўсяго калаціла. Не ад холаду, ад страшэннага нервовага напружання, якое я толькі што перажыў. Ногі ледзь не курчыла, жывот
Дняпро каціў ля нашых ног свае плыні, а непадалёк узвышаліся з вады каменныя быкі старога ланцуговага моста, знішчанага вайной. І унь з таго быка я толькі што скокнуў.
Мяне аж пацёпвала, калі я ўспамінаў, як я лез, чапляючыся за кожную няроўнасць, за кожную выбоіну ў каменнай кладцы. І як стаяў наверсе, і калені дрыжалі, і я разумеў, што злезці не ўдасца. А пада мною Дняпро імкліва рухаў зялёную, шкляную, цяжкую плынь, і хлопцы ўнізе былі з напарстак... ух ты, божа мой!
І як зразумеў, што яшчэ хвіліна і я ніколі не скочу і не злезу... І скочыў салдацікам, і, праз стагоддзі, увайшоў у ваду, і адразу падкурчыў ногі, і ўсё адно мяне так доўга несла да паверхні і паветра, што я ледзь не захлынуўся, а Дняпро цягнуў мяне за ногі, заносіў убок, кідаў.
Я і скочыў толькі таму, што хлопцы глядзелі. Такое са мною ўжо было. На Урале. Там рака Ірэнь бегла, сціснутая высачэзнымі скаламі, як мурамі, і са скалы на скалу быў перакінуты канатны мост. Я пабіўся аб заклад, што скокну з яго. Дваццаць пяць метраў. І ўзлез. І зразумеў, што не здолею. І збіраўся ўжо злезці. Але тут з абодвух канцоў падышлі да моста дзве нашыя дзяўчачыя брыгады. І з адною была выхавацелька. А мы купаліся, ясна ж, без ніякіх плавак. Я ўявіў сабе, як яны сыдуцца ля мяне, і што з гэтага будзе, і як давядзецца, скурчыўшыся, сядзець на кукішках, а то і проста стаяць, прыкрываючы сорам - і скокнуў, бо ганьба была страшнейшая нават за смерць.
Вось так і тут.
– Малайчына, - сказаў Ролік.
– Я чатыры разы спускаўся, пакуль не наважыўся.
– А я з другога разу, - выскачыла Нонка.
– Ну, расхвасталася, - сказаў Багдан.
– Вечна свае тры грошы.
– Чаму? Яна праўду кажа, - сказаў Ролік.
– Гэта таму, што дзяўчо бязмозглае. Небяспекі яны не разумеюць.
Нонка раптам брыкнула Багдана нагою і, калі ён схапіў яе, пачала малаціць яго кулачкамі па грудзях, па галаве, паўсюль. Багдан апешыў.
– Кінь яе, - сказаў Раланд.
– Ды ўжо... сам кінуў.
– Малайчына ты, - паўтарыў Дзмітрэнка.
– І трэба нам - як вы думаеце, казакі-малойцы?
– прыняць яго ў наш курынь.
– Прыняць, прыняць.
– А раз так, то можна яму і таямніцу раскрыць. План такі... Спачатку іхнюю штаб-пячору падарваць. Пасля іх, гадаўцаў, раскалашмаціць. А то заганарыліся занадта, адному праз іхнюю зону хаця й не хадзі. Паставіць іх на месца, загартавацца, вопыт прыдбаць, а пасля - ён зрабіў эфектную паўзу - уцякаць на Заходнюю Украіну. Там па лясах яшчэ і паліцэйскія атрады блукаюць, і... Гадоў прыбавім, дый...
– Не возьмуць.
– Самі возьмемся. Свой атрад. Ды ты зразумей. Ну, сорам жа глядзець, ну, гэта ж усё жыццё сябе паважаць не будзеш, калі прыйдзеш на гатовенькае.
– А зброю што, з калена выламім?
– Ёсць зброя. Ведаю дзе. Не даходзячы да Цялічкі, амаль ля Дняпра, яры і слупы пясчанікавыя. Там нямецкія кропкі былі. Абарона. Думалі, відаць, што нашы могуць і там фарсіраваць раку. А пасля давялося ім уцякаць... Я ўжо сёе-тое знайшоў.. Пакуль што мы туды хадзіць не будзем - гэтыя гады з Падвальнай хвастамі за намі ходзяць. А за пару дзён да ўцёкаў пойдзем, возьмем, дагледзім, і хай яны нам тады солі... І гэта яшчэ лепей, што самі, сваім атрадам. Ніякай гэтай дарослай нудоты, натацый, ніякага гэтага дзярма.