Лісце каштанаў
Шрифт:
– Дык ты адно гэта і ведаеш?
– з пагардай спытаў "мужычок" Багдан.
– Як кот...
– Не, - азваўся галасок з бур'яну, - я, як прыносіла, чула. Веставы ягонага дзядзькі - татарын, ці бурат, ці алтаец... Патракоў прозвішча...
– Не таранці, - сказаў Ролік.
– Дзела кажы.
– Казаў... Першага Беларускага фронту. Хлопцы зарагаталі.
– Ну вось, - адсмяяўшыся, сказаў Ролік, - ...ваенная тайна. Адкуль?
– Беларус.
– Браты ёсць?
– Былі. Многа. І родных, і траюрадных, і ўсякіх. Па чутках, мала
– Немцаў ненавідзіш?
– Пытаеш яшчэ.
– На фронт уцякаў?
– Два разы. Адзін раз, у сорак другім яшчэ, вярнулі аж з-пад самага Мажайска.
– Я таксама, - уздыхнуў Ролік, - тожа мне яшчэ, выабражалы, лішнія рукі ім непатрэбныя. Як быццам горшыя. Ідуць - хвігай носа не дастанеш. А ў нас толькі ўсяго і няшчасця, што гадоў не дабралі.
Ён у час выказаў свае пачуцці і выліў горкую сваю крыўду. Таму што мне пачалі ўжо абрыдаць гэтыя пытанні і адказы. Як на допыце ў міліцыі. А я гэтых допытаў за гады беспрытульных бадзянняў бачыў болей, чым ён галавамыек ад бацькоў.
– Цябе як клікаць?
– спытаў круглагаловы.
– Васілько Стасевіч, - адказаў я.
– Ну вось. А я Раланд Дзмітрэнка. Па-ўкраінску хаця разумееш?
– А чаго тут разумець?
– Гарно. А оцэ мая гвардыя. Гэты, з лукам, палтаўскі. Та хіба ў Полтаві людэ - у Полтаві ж галушкі.
– Багдан Цар, - адрэкамендаваўся "мужычок".
– А гэта наш ідэолаг. Бацька мой за Махном ганяўся, то казаў, што ў таго ціла тачанка була з ідэолагамі. Вось і мы яму завядзём. Жэнька, адрэкамендавацца паслу дружняй дзяржавы.
– Яўген Кульба, - ляснуў босымі пяткамі прыгожы.
Пяткі былі хаця і босыя, але не парэпаныя, белыя. Відаць, хадзіць босым - гэта было нешта накшталт уніформы на час гульні.
І тут я здзівіўся яшчэ больш. 3 зарасцяў выбралася, нават скочыла, як тыгра, бо джунглі на добрую чвэрць складаліся з крапівы, дзяўчо год пятнаццаці. Схілілася, пачэсваючы вельмі доўгія, падрапаныя ногі шакаладнага колеру, пасля пацерла каленкам аб каленка, ускінула галаву - чорна-бурыя валасы цяжкай хваляй шыбанулі назад - і ўсміхнулася мне, і я ўбачыў цёмна-сінія вочы з ненатуральна велічэзнымі, па-вар'яцку вясёлымі чорнымі зрэнкамі.
– Здароў, хлопцы, здароў, новенькі. А божа ж мой, белы які. Ну, белы які.
– Зноў ты тут, - з прыхаванай пагрозай сказаў Багдан.
– Зноў вяжашся.
– І не да цябе. І зусім-зусім не да цябе. Мне унь на гэтага, пляменніка, зблізу паглядзець хочацца. А месца тут ты не купіў, не купіў, кажу.
Багдан цяжка ўздыхнуў. Хлопцы паціснулі плячамі, нібы пакарыліся лёсу. А яна села насупраць мяне, абхапіла падрапанымі рукамі падрапаныя каленкі і стала бессаромна разглядаць, схіляючы галаву то на адзін, то на другі бок. Засталася, відаць, збольшага задаволеная.
– Я Нонка Юніцкая.
Калі Ролік і Багдан гаварылі на гарадской украінскай, а Жэнька - на рускай мове, хаця і са значным украінскім акцэнтам, то ў гэтай была ўвогуле не мова, а чорт ведае што. Гэта быў той паўдзённы
Дый тып яе, калі разабрацца, быў дзіўны. Тут табе і ўкраінская і малдаўская, а можа, і кропля цыганскай крыві (я пераканаўся ў гэтым, калі пазней убачыў, як яна танцавала).
– Гэты самы, замучыў ён цябе пытаннямі.
– І з чыста дзявочай логікай адразу ж спытала: - Біцца ўмееш?
– Нонка, - пагрозліва ўзвысіў голас Раланд.
– Глядзі-і. Хто тут атаман?
– Хе. Тэж мне, Раланд - атаманд.
– Цыц, - Ролік ліхаманкава стараўся ўтрымаць у руках свой скіпетр.
– Тут я пытаю. Страляць, бегаць умееш?
– Угм.
– Плаваць?
– Збольшага.
– То ходзімо на Дніпро.
– Ролік устаў, пакінуўшы, такім чынам, апошняе слова за сабой.
II
Мы ішлі вуліцамі пустога горада, і рэдкія прахожыя здзіўлена глядзелі на нас: цуд боскі, такая вялікая група падлеткаў. Мусіць, так, са здзіўленнем і лёгкім пабойваннем глядзелі мірныя жыхары Парыжа на вясёлых мушкецёраў, якія вярталіся з начной папойкі.
Усю гэтую мушкецёрскую баладу псавала толькі Нонка. Ніхто, вядома, і не падумаў узяць яе з сабою, але ніхто і не падумаў забараніць цягацца за намі. Гонару зашмат - звяртаць увагу на дзяўчо. І вось яна цягнулася за намі кроках у дзесяці і насвіствала нешта "старарэжымнае", накшталт: "Алёша, ша! Возьми полтоном ниже, к чему Одессу-маму вспоминать?"
Мяне заўсёды здзіўляла, адкуль Чарлі Чаплін узяў гэты матыў, каб на яго аснове стварыць музыку для сваіх "Агнёў вялікага горада"? Можа, ад нейкага п'янага марачка-адэсіта ў партовым шынку?
Мы не звярталі на Нонку ўвагі. Ролік усё яшчэ быў ва ўладзе сваіх цяжкіх думак:
– На фронт цяпер трапіць - і думаць няма чаго. Бацькі падымуць хай. Зловяць, адправяць назад пад цёплы радзінны дах. Гэта яны ўмеюць.
– То што?
– А вось, кажуць, банды ў Заходняй Украіне ходзяць. Вось уцячы б, ды ў "ястрабкі".
– Табе "ўцячы", а мне, відаць, так і так гэтым займацца давядзецца. У сябе. Там, - сказаў я.
– Дый тут не дужа ўцячэш, - уздыхнуў Дзмітрэнка.
– Вернуць і адтуль, як з фронту.
– Так, - сказаў я, - абклалі, як мядзведзяў. Выхаду, бадай што, і няма.
– Чаму няма?
– загадкава ўсміхнуўся Ролік.
– Як пашукаць, то заўсёды яго знойдзеш, выхад.
І раптам кінуў:
– Варочай, хлопцы, на Уладзімірскую. Пройдзем паўз універсітэт.
– І толькі тут "звярнуў увагу" на Нонку.
– Чаго ты цягнешся? Чаго цягнешся, кажу?