Лісце каштанаў
Шрифт:
На рагу бульвара і Крашчаціка - я яшчэ здалёк, носам, пачуў гэта - быў хлебны магазін. Цёплы, добры, самы прыемны на свеце пах гарачага, свежага хлеба ляцеў адтуль. Пахнула спелай нівай пад сонцам, млынам, калі з-пад жорнаў зграбаюць гусіным крылом у мяхі рэшткі мукі, боханамі, што астываюць пад ручнікамі - і так прыемна падлезці пад ручнік і адкалупнуць збоку шорсткую гарачую скарынку, якая драпае дзясны, або і адрэзаць скібку, пасаліць яе шэрай буйнай сырой соллю, што храбусціць на зубах. І з'есці.
Нам па картачках належала
Але тут здарылася тое, што абразіла нас, падлеткаў, да глыбіні душы. Дарослыя, праходзячы, усміхаліся або паціскалі плячамі, а мы стаялі, як саляныя слупы, уражаныя, пакрыўджаныя. 3 нас нібы насмяяліся, абняславілі, аганьбавалі. І, галоўнае, не толькі з нас, а і з усіх гэтых нясытых людзей, якія мужна, аддана рабілі сваю справу і не скардзіліся.
Не ведаю, ці дурань быў дырэктар, ці начальства ў яго было дурное. Але паабапал дзвярэй віселі дзве вялізныя рэкламы на шкле. На абедзвюх былі тоўстыя румяныя пекары ў белых халатах і каўпаках.
Яны прытанцоўвалі, і раты іхнія былі расцягнуты ў ідыёцкай усмешцы, а на расстаўленых пальцах правай рукі яны неслі падносы з пляцёнкамі - халамі, рагалікамі, плюшкамі, франзолямі, батонамі і іншым такім. А пад пекарамі было напісана такое:
"Качество хал выше похвал"
І яшчэ:
"Пополнеть скорее чтобы, надо есть побольше сдобы"
– Т-так.
Я зірнуў на Роліка і ўбачыў, што ў таго дрыжаць ноздры.
– С-свалота.
У руцэ ягонай я заўважыў досыць вялікі ўламак цагліны. І тады я, сам не ведаючы нашто, нахіліўся і падабраў другі.
– Ты ў левую, - праз зубы сказаў Дзмітрэнка.
...Дзынкнула, пасыпалася на тратуар шкло. Сівы мужчына на пратэзе кінуў погляд у наш бок і ўбачыў, як мы схаваліся ў бліжнім пад'ездзе.
3 дзвярэй магазіна выбег дзядзька, падобны на "нябожчычкаў"-пекараў. Кінуўся да сівога, нешта загаварыў, зажэстыкуляваў.
– Выдасць зараз, - сказаў Жэнька.
– Цікаемо, хлопцы.
І тут чалавек... паказаў рукою на праспект і павёў ёю направа. "Пекар" кінуўся туды, а дзядзька накіраваўся проста да нашага сховішча. Дыбаў, як жораў. Стаў, углядаючыся ў паўцемру:
– Гэй, шалапуты, вісусы, вылазь!
– А што мы?
– забубнеў Багдан.
– Канчай, - сказаў Ролік, - мы, мы. Ясна, што мы.
І выйшаў на святло.
Сівы доўга разглядаў яго, нават узяў за патыліцу, закінуў галаву і паглядзеў у вочы. Потым пасварыўся пальцам і раптам... усміхнуўся:
– Ну што, наваявалі? Майно дзяржаўнае пабілі, бандзюкі. Закурыў:
– А ўвогуле нішто. Гэта ж столькі людзей хадзіла, і ніхто каменем па гэтай брыдзе не трахнуў... Толькі, хлопцы, гэта ўсё ж не метад: каменем. Словам трэба, дзеяннем
Мы пабеглі. І толькі калі ўскочылі ў руіны, зразумелі, што магло з намі здарыцца.
Так-сяк адсапліся.
– А ты... малайчына, - буркнуў Багдан.
– А я ж казаў, хлопцы, што рашучы, - загарэўся Жэнька.
– Чаго б ён да нас на адхон лез? Маглі ж бы і карак натаўчы ўтрох. А камень як схапіў!..
– Камень я схапіў па дурасці. Гэта не работа. А ты з чаго так азвярэў, Раланд?
І пашкадаваў, што задаў пытанне. Вочы новага сябра, у першы і ў апошні раз, што я яго ведаў, чорныя, бліскучыя вочы былі каламутна-шызыя ад ярасці. Нібы плеўка засцілала іх, нібы дымка. Такая, якая бывае на чорным вінаградзе.
– Хлусню ненавіджу, - выціснуў ён.
– Калі брэшуць - ненавіджу.
– А яшчэ чаго ты ненавідзіш?
– іранічна спытаў Багдан.
– Несправядлівасць ненавіджу, - хлопца нібы крыху адпусціла, і нечакана ён усміхнуўся ранейшай добрай, белазубай усмешкай.
– Хопіць ужо. Занадта хлеб добра пахнуў. І людзі ідуць і глядзяць. Не, хлопцы, гэта мы добра зрабілі. А і сапраўды, пад'есці б чаго.
– Съешьте эти тартинки, мистер Дмитренко, - сказаў Кульба.
– И выпейте стакан этого доброго старого кларета. Это подкрепит ваши силы.
Мы зарагаталі.
– Кларэт - кларэтам, а падмацавацца б трэба, - сказаў Багдан.
– Стоп!
– узняў руку Ролік.
– У руіны, хлопцы.
Праз нейкую хвіліну мы сядзелі ў былым "двары" разнесенага ўдруз дома. Двор увесь зарос вялізнымі, у паўтара чалавечых роста лопухамі, якія даўно пайшлі ў ствол. На вяршынях ствалоў вожыкамі прымасціліся дзяды, якія так зручна ляпіць знаёмым у спіны, здаравенныя дзяды, зялёныя, з малінавымі шапачкамі.
Мы лупілі гэтыя ствалы з самага нізу, здзіралі з іх скуру і агалялі белую пругкую мякаць.
– Гэх, солі б, - уздыхнуў Жэнька.
– Каб яшчэ соль, дык гэта ўвогуле было б поэзі. Наслаждзец суцэльны.
Ролік выцягнуў з-пад сто разоў мытай футболкі бруднаваты вузлік:
– Знойдзем і соль.
Праз хвіліну мы мачалі лопухавыя сцябліны ў буйную соль і апляталі так, што за вушамі пішчала.
– Эх, каб гэта яшчэ хлеба, - уздыхнуў Багдан.
– Распанеў, - пырснуў Жэнька, - а мо вашамосць з'ела б труфеляў з анчоўсамі?
– Ну вось, - сказаў урэшце Ролік.
– А цяпер дэсерт. Той, што за гумном.
Вылезлі мы з руінаў толькі тады, калі напалову абдзерлі шаўковіцу, якая расла тут жа, у закутку між муроў, што зберагліся нейкім дзівам. Раты ў нас былі чорныя, але прынамсі хаця не так смактала ў жываце.
– Набарабаніліся, - залупіўшы футболку і ляскаючы сябе па загарэлым пузе, сказаў Ролік.
– Ну, цяпер і ў дарогу можна. І ведаеце, якую мы яшчэ даброту атрымалі? Га?
– Нонкі няма!
– з захапленнем гікнуў Жэнька.