Лісце каштанаў
Шрифт:
Гэта была не проста спакуслівая прапанова. Гэта было паветра, будучыня, спаўненне той мары, якой я жыў тры гады.
– Я з вамі, хлопцы, - сказаў я.
– Дабрача, - сказаў Раланд.
– Займелі, значыцца, і беларуса. Я думаю, цяпер трэба і іншых завербаваць, каб, значыцца, інтэрнацыянал.
– У Вялікай Айчыннай вайне дружба народаў сыграла выключную ролю, - паважна сказаў Жэнька.
Як заўсёды, нельга было зразумець, усур'ёз ён гаворыць ці дзяцініцца.
– Прахвесар, - сказаў Ролік.
– Ясна, што ўсёй хеўрай каго хочаш
– Ён нічога, твой дзядзька, - сказаў Багдан.
– Зануда ён, мой дзядзька. Зануда цара нябеснага. Як пачне - ну, дзячок без царквы: "Маладое пакаленне... Ду-ду-ду, ду-ду-ду". Мне як ён нудзіць пачне, то кожную хвіліну ў нужнік бегчы хочацца... па малой патрэбе.
IV
Мы прабіраліся "ў разведку". Ішлі па дахах, спускаліся пажарнымі лесвіцамі ў вузкія цясніны між глухіх муроў, караскаліся на змарнелыя без сонца каштаны і скакалі з іхніх галін на нейкія дрывотні і пунькі. Краліся вельмі асцярожна, бо гэта ўжо была дзяржава хлопцаў з Падвальнай.
Перад апошняй перабежкай селі крыху адпачыць між кастрамі нейкіх дроў.
– То нашто ўсё ж іх біць?
– спытаў я.
– Можа, лепей бы з сабою ўзяць?
Хлопцы пераглянуліся. Багдан нават гыгыкнуў.
– Фашысты, - неахвотна сказаў Ролік.
– Ды вы што, хлопцы, падурнелі?
– А вось хадзем, паглядзіш.
Некалькі разоў у жыцці мне даводзілася бачыць расстрэлы. Калі быў сувязным. Розныя, яны былі ў нечым страшэнна падобныя. Я нават ведаў, чым: пачуццём страшнай безнадзейнасці, адчуваннем уласнага бяссілля, калі нянавісць, здаецца, вось-вось задушыць цябе. Крывёю, якой захлынаюцца тыя, моташнасцю і нудотай, якія горка і ядуча падступаюць да тваёй глоткі.
...Вось пад Дубішчам людзі стаяць на самым краі каркаломнага ўрвішча над Дняпром. Зараз грымнуць стрэлы, і нават толькі параненыя будуць шмат разоў грукацца аб выступы стромы і ўпадуць на жвір унізе ўжо мёртвыя.
А вось барак дарожных рабочых-яўрэяў. Нехта зрабіў дыверсію ў пяці кіламетрах адсюль. І, зрываючы злосць, урываюцца на пляцоўку перад баракам матацыклы, і б'е, б'е кулямёт, і людзі падаюць, падаюць...
А вось шэры двор. Тры глухія муры ў выглядзе літары "П", У іх адны дзверы і пара забраных кратамі акон у сутарэнне. Ля дзвярэй пажарная лесвіца. 3 чацвёртага боку двара - узгорак, зарослы акацыяй, глогам і бур'яном.
Такі сабе змрочны, моцна затравелы двор. Толькі каля аднаго мура невялікі кавалак асфальту з канаўкай (відаць, зрабілі калісьці, каб вада з даўно неіснуючай рыны не плыла ў падвальныя вокны). І на гэтым лапіку стаіць чалавек, дзяўчынка-падлетак. А ў некалькіх кроках ад яе - чацвёра невысокіх чалавекаў са стрэльбамі ў руках.
– Імем закона, - далятаюць да мяне словы, - прысуджаецца... за злачынныя...
У мяне пачынаюць
Тая, каго расстрэльваюць, дастае нешта з кішэнькі дарослай кофты і пачынае есці.
– Хопіць табе жэрці, швайн, - крычыць бялявы - галава канвою.
– Я хлеб з маргарынам, - адказвае з-пад мура галасок.
– А, ферфлюхунг! Ферфлюхтэ ўкраінішэ швайнэ! Да мура!
Дзяўчо пакорліва паварочваецца абліччам да мура. Канвой бярэ карабіны на руку і падраўноўвае штыхі. Усё як трэба. Усё, як належыць рабіць такое ў жыцці.
– Аддзяленне-е!..
Кулакі мае сціскаюцца... Я ўжо не магу, не магу яшчэ раз бачыць гэта...
...І тут на маё плячо кладзецца рука.
– Бачыў?
– пытае Ролік.
– Вось гэта ў іх заўсёды падобныя гульні. На свае вочы, відаць, такога не бачылі. Каб у жыцці. Смажаны певень іх яшчэ ў азадак не дзюбнуў... М-мамчы-ны сынкі.
"Начальнік канвою" не паспеў апусціць руку. Праз зарасці, праз бур'ян з крыкам "ур-ра-а!" пасыпалі на месца пакарання падлеткі. Чалавек восем. Наперадзе бег гнуткі невысокі хлопец. з шалёнымі вачамі і рудаватым чубам.
– Гнат, - з нянавісцю сказаў Жэнька, - дрэнь паскудная! Гніляк!
– Каб жа яшчэ толькі дрэнь, - сказаў Ролік.
– Шкодная дрэнь. Дрэнь, якую хлебам не кармі, а дай іншага ў паняверцы патрымаць.
На пляцоўцы двара кіпела бойка. Мы ляжалі на даху дрывотні і назіралі. Біліся і тыя, і іншыя някепска, але неяк занадта ўжо... ну, па правілах, ці што. Занадта па-гарадскому. Хай сабе б'юцца.
Не біўся толькі адзін дужа высокі хлапчына. Белы бландзін з правільнымі, крыху, можа, занадта суровымі рысамі аблічча. Як убачыў, што робіцца ў двары - так і адышоў, сеў на нейкую скрынку, глядзеў.
Урэшце супраціўленне "карнікаў" было зломлена, і яны кінуліся ўцякаць. Два "інсургенты" кінуліся за імі ў пагоню. На пляцоўцы засталіся Гнат, чацвёра яго ваякаў, бялявы хлопец і дзяўчынка.
Расхрыстаны Гнат, відаць, ашалеў ад бойкі. Вочы блішчалі, твар быў узнёсла-радасны, трохі шалёны:
– Мы цябе адбілі, Лізка. Але не думай, што дзеля тваіх гожых вачэй. Па дадзеных нашай разведкі ты пайшла на чорную здраду, выдала нашы планы і намеры ворагу. Мы адбілі цябе, каб судзіць нашым судом, нашым трыбуналам. Смерць здраднікам.
Ён, відаць, яшчэ не астыў пасля бойкі; шал усё яшчэ жыў у яго вачах. Дзе там было нешта меркаваць, узважваць, стрымлівацца.
– Смерць!
І ён рэзка штурхнуў дзяўчынку прыкладам "карабіна" між худзенькіх лапатак. Тая ўсё яшчэ трымала ў руцэ хлеб, і ад штуршка хлеб гэты выпаў. Упаў на зямлю. Па закону паскудстваў прыроды, ясна ж, маргарынам уніз.
І тут дзяўчо заплакала. Бязгучна. Толькі трэсліся худзенькія лапаткі. А я глядзеў на гэта і не разумеў, што я ўжо стаю на поўны рост.