Лісце каштанаў
Шрифт:
Нешта непамысна мне было на душы (ці, можа, гэта зараз мне так здаецца?). Занадта спакойныя былі і неба, і плынь Дняпра, што ўвабрала ўвесь ягоны блакіт. І ўспаміналася чамусьці, як Карл паскроб пальцам сценку яра і сказаў:
– А гэта, хлопцы, не пясчанік. Гэта звычайны пясок. Ледзь-ледзь сцэментаваны.
– Чым?
– спытала Лізка.
– А чорт яго ведае чым. Вапнай, што ў вадзе бывае.
– Ну, і хрэн з ім, - сказаў Багдан.
3 вышыні я, як на далоні, бачыў яр з усімі яго адгалінаваннямі, "абеліскамі" і "пірамідамі". Увесь
Глядзеў, як рухаюцца, поўзаюць па дне маленькія фігуркі, капаюцца, часам нешта знаходзяць. Адзін раз Ролік паказаў мне нейкую цёмную рысачку. Мабыць, яшчэ аднаго вінтара знайшлі.
Было ціха. Пахнулі травы. Ні на дарозе, ні на беразе нікога не было. Ніхто не збіраўся сачыць за намі. Мабыць, мы так правучылі верхнядворскіх, што яны назаўсёды адмовіліся цягацца з намі.
Бяжыць на вятры лаза, бягуць воды. Шуляк кружляе ў сляпучай вышыні. Узняўся з зарасцяў вялізны, сыты, вугальна-чорны крумкач.
Ворон помнив Остряницю й Хмеля,
Над Полтавським боем кружеляв.
Горка пахне палын, і самі сабою склейваюцца павекі.
Вось Багдан, трымаючыся за карані каштана, вылез і пабрыў па плато. Мабыць, у вяршыні яра нічога не знайшоў і цяпер выконваў другую частку загаду.
Бяжыць пад ветрыкам шызае мора сіўцу і палыну, хістаюцца рэдкія татарнікі.
Твой названы брат
У Царградзе дальнім сеў на палю.
Кліча брат Мушкета у Царград...
Цішыня. Сонца. Мора бягучага сівога палыну. Хіліць у сон.
Выбух!!!
Ён устаў непадалёк ад Багдана, невысокі, сляпуча-чырвоны спадыспаду - такі сабе невялічкі язычок зыркага полымя, - вугальна-чорны зверху. Паляцелі камякі зямлі.
Багдана, відавочна, яе зачапіла. Кінуўся бегчы да яра, у якім замерлі, насцеражыліся маленькія постаці людзей.
Яшчэ выбух! Непадалёк ад першага. Багдан упаў, але хутка ўзняўся і пабег далей.
...Я так і не ведаю - і ніколі ўжо не зведаю, - што там здарылася. Вайна прыдумвала тысячы мінных "сюрпрызаў". Міны скакалі, як жабы, міны рэагавалі на цяжар, цеплыню, на памяншэнне глыбіні і блізкасць берага (калі іх цягнуць на гэты бераг, разбіраць). Міны былі з'яднаныя "ў сець", і кожная чарговая выбухала праз хвіліну пасля выбуху папярэдняй, у шахматным парадку. Міны хаваліся ля "забытых" рэчаў: веласіпедаў, прыёмнікаў, дзіцячых цацак. Адно ведаю: наша пастка была "падключана" да досыць вялікіх схованак, дзе былі таксама міны і, напэўна, снарады. Іначай нельга было растлумачыць тое, што адбылося потым.
Чаму ўсяго гэтага не размініравалі? А чаму адразу не аднавілі руін? Такіх смертаносных месц тады было мільён. Я сам ведаў чалавека, які жыў у пакоі побач з велічэзнай, з добрага кабана, бомбай. Тая прабіла перакрыцці і засела стабілізатарам у арматуры, і чамусьці не выбухнула. Чалавек замураваў яе, аддзяліў цагельным - на палову цагліны - мурам і жыў у гэтым пакоі з жонкай і дзецьмі. Бо няма дзе было жыць. Гэта было ў Віцебску.
На
Дый хто мог спадзявацца, што нехта палезе ў гэтае богам праклятае, бясплоднае месца, дзе ні вады, ні травы, хаця б на казу, ні роўнай пляцоўкі? Трэба было раней думаць пра дарогі і сцежкі, нівы і сады, і дамы.
Нашы, урэшце, маглі проста не ведаць пра тое міннае поле.
А тыя маглі мініраваць яго, спадзеючыся на тое, што нашы будуць фарсіраваць Дняпро і наступаць тут, бо тут было выгадна рабіць гэта, бо ўвесь раён "слупоў" быў амаль суцэльнай мёртвай прасторай, бо кожны яр, слуп, яма маглі схаваць, прыкрыць, зберагчы жыццё.
А нашы сталі фарсіраваць і наступаць не там, а зусім у іншым месцы... Вось і ўся гісторыя.
Ногі мае нібы прыкіпелі да месца. Я не здолеў зрэагаваць адразу, і я дагэтуль кляну сябе за гэта... Хаця... што я мог зрабіць?
Навум выбраўся з яра там жа, ля старога каштана. Пэўна, каб паглядзець, што робіцца наверсе. Чарговы агніста-чорны слуп адкінуў яго назад, у яр, кінуў Багдана на зямлю. Я здалёк бачыў, як рукі ягоныя чапляліся за сухі палын. І яшчэ выбух, і Багдана пакаціла, перакінула ў яр, туды ж, уніз.
Яны караскаліся на схіл. І тут ірванула яшчэ і яшчэ, амаль пад карэннямі каштана. І той нахіліўся, і я ўбачыў, як з-пад каранёў і звонкі, з-за стаўбура дрэва, паплыў на хлопцаў тоўсты - тром чалавекам не абхапіць рукамі - струмень пяску, і апракінуў, і накрыў Роліка.
Толькі тут я здолеў адарваць ногі ад зямлі і кінуцца бегчы туды, да іх. Бег з усіх ног і бачыў, што здалёк, па краі поля, на якім вырастаюць і вырастаюць чорна-дымныя дрэвы, імчыць да яра яшчэ адна постаць. Імчала на дапамогу Нонка.
Бег і бачыў, як падаюць са схілаў яра кавалкі пясчаніку, як яны рассыпаюцца ў пыл (міны былі закладзены па ўсёй кромцы пасткі).
– Багдане, Навуме, - даляцеў да мяне голас Карла, - трымайцеся.
Ссоўваючы нагамі пясок, ён каціўся да іх. Працягнуў руку. Чарговы выбух, чарговая жоўтая, абрыдліва-жывая лавіна. І яшчэ адзін агнявы слуп, з левага боку расколіны, і яшчэ.
На дно цясніны пачалі падаць вялікія брылы. Некаторыя даляталі на дно цэлыя, некаторыя яшчэ ў паветры рассыпаліся ў пясок. Востра смярдзела нечым. А на хлопцаў сплывалі і сплывалі ўсё новыя сыпучыя лавіны.
Мільганула на паверхні белая галава Карла... Пасля Навума... Зноў Карла... Дзмітрэнка падпаўзаў, сплываў, разам з пяском, да іх:
– Руку! Руку! Хлопцы, руку!
Яго накрыла з галавою. І тут я пачуў адчайдушны віск, страшны крык, у якім ужо не было амаль нічога чалавечага. Крычала Лізка:
– Ролік! Ро-о-лік!
Ёй асабіста нічога не пагражала. Яна стаяла наводдаль, на выступе. Але яна кінулася з яго ў пясчаную варонку, туды, дзе борсаліся хлопцы. Трымаючыся рукою за нейкі корань, яна працягнула другую туды, дзе плыў, падаў, ляцеў пясок, дзе зноў з'явілася галава нашага атамана.