Лісце каштанаў
Шрифт:
Выбух! Корань абарваўся, і нашу малую панесла да тых, каму яна імгненне таму назад хацела падаць дапамогу.
Я ўжо быў побач, калі выбухнула нешта куды больш вялікае, чым адна міна. Можа, некалькі мін і снарадаў, схаваных у адным месцы. Слуп быў высокі, з палову дрэва. Мяне два разы перакуліла ў паветры і ляснула ўсім целам аб зямлю. І адразу стала цемра.
...Калі я ачомаўся, на мяне ўсё яшчэ падалі камякі зямлі. 3 хвіліну я нічога не чуў. Толькі бачыў: вось выбілася на паверхню галава Навума.
Я паспрабаваў устаць.
Навум трымаўся на паверхні, рабіў такія рухі, нібы плаваў, прасоўваўся паволі да Лізкі, галава і плечы якой былі яшчэ над паверхняй пясчаных плыняў, што сыпаліся, круціліся, спляталіся, утваралі варонкі, як водаварот.
– Ліз! Лізхен!
– Хмара пяску ляснула яму на галаву, і ён адказаў ці то кашлем, ці то рыданнем: - Ах-ха!
Твар ягоны быў страшны, здатны на ўсё. Але тут галава дзяўчаці знікла пад чарговай лавінай. На хвіліну з'явілася адтуль тоненькая рука з блакітньмі - я з жахлівай яснасцю бачыў гэта - жылачкамі.
– Лі-із!!!
І тут, якраз у гэты момант, нібы гэты крык нарадзіў яго, грымнуў на ўвесь сусвет самы страшны, самы магутны выбух з усіх, што былі.
Метрах у чатырох ад краю яра ўстаў да нябёс агністы знізу, вугальна-чорны з іскрамі зверху, слуп. Узляцеў, ператварыўся ў вялізнае дрэва, з кроны якога ляцелі камякі, галіны, нейкае шмоцце.
Мяне зноў гэхнула аб дол. Я паспеў толькі разявіць рот, каб канчаткова не аглухнуць.
І тут я з жахам убачыў, як аддзялілася, адкалолася ад схілу на ўсю даўжыню яра, пачала павольна хіліцца, асядаць, а пасля няўхільна, нястрымна падаць у яр махіна ў чатыры метры таўшчынёю, гмах, вышынёю з пяціпавярховы дом.
– Хло-оп-цы! Хлопцы!!!
Усё яшчэ ў выбухах, пачвара асела, нарадзіўшы страшны, гарачы, смярдзючы подзьмух, ураганны, з пяском і камянямі парыў. Нехта поўз каля мяне да амаль засыпанага яра. Нонка. І я з апошняе сілы адштурхнуў яе, рыкнуў:
– Бяжы па дарожнікаў! Хутчэй!
...Пасля я памятаю сябе ўжо на дне шчыліны, у якую з усіх бакоў спадалі пескаспады. Я адкідаў рукамі пясок, гроб яго, як быццам гэта магло камусьці дапамагчы. А мяне цягнула, круціла, засмоктвала, як мурашку ў пастцы-варонцы мурашынага льва. Яна борсаецца, хоча выпаўзці, але ссоўваецца і ссоўваецца, разам з пяском, на дно, дзе ў норцы чакае яе смерць.
Выбухі, здаецца, усё яшчэ грымелі. А пасля нешта грукнула мяне па галаве, і я праваліўся ў змрок.
...Я ляжаў на броўцы яра. Паўсюль у паветры стаяў яшчэ дым, круціўся пыл, і нібы плыло ў ім каламутнае сонца, што яснела, па меры таго як гэты пыл асядаў. 3 носа ў мяне плылі два крывавыя цуркі. І слёзы ліліся з вачэй. Ці ад болю, ці яшчэ ад чаго.
Непадалёк стаялі вайсковы студэбекер і санітарная машына. А каля мяне гаварылі
– Я такога яшчэ не бачыў, - сказаў адзін, сівы здаравіла з пагонамі маёра.
– Сець і некалькі такіх сабе невялі-ічкіх складзікаў з мінамі ды снарадамі. Гэта значыць, лічылі, што сканцэнтруюцца тут нашы салдаты і тады...
– Гэх, мала чаго мы яшчэ не бачылі. Калі да шкуры даходзіць, то падлюга стакрот падлее.
– Якое няшчасце! Божа мой, якое няшчасце!
Я паступова прыходзіў да свядомасці. Бачыў, як прыкацілі яшчэ два студэбекеры, як ляскаюць унізе рыдлёўкі, як падбягаюць яшчэ і яшчэ людзі, як калоціцца ў руках двух сапёраў Нонка:
– Ролік! Ролік! Пусціце! Пусці-іце!
Мне было ўсё адно, каго яна там кліча. Няхай ніколі не паўторыцца мінулы вечар, няхай ніколі не будзе зорак і вершаў - толькі б іх адкапалі... толькі б іх... толькі б іх...
Праз гадзіну аднаго сапраўды адкапалі - Багдана. Праўдзівей, тое, што калісь было Багданам. І ён ляжаў на плашч-палатцы, і на яго з кожным парывам дняпроўскага ветру ападалі жоўтыя змаршчакаватыя лісты з выкарчаванага з корнем старога каштана.
Пасля, калі кроў перастала ісці, а ногі ўжо не так дрыжалі, я спусціўся да сапёраў. Галава мая то ўспухала, то сціскалася да памераў макавага зерня, але я капаў, капаў, капаў.
Яшчэ праз паўгадзіны адкапалі яшчэ аднаго. Гэта быў Карл. Скурчаны, нібы распляснуты. Тое, што было Карлам, сінявокім, бялявым, худым і доўгім хлопцам, які мог - я толькі цяпер зразумеў гэта - зрабіцца маім лепшым сябрам, калі б толькі я не быў такі дурны, калі б не жыў мінулым болем і былой нянавісцю.
Мы капалі да вечара. Рабілася цёмна. Дагарала на захадзе шафранна-залатая стужка зары. Прарочыла ясны сонечны дзень, якога мае хлопцы ніколі ўжо не пабачаць.
Машыны пад'ехалі на край цясніны і запалілі фары. У іхнім мёртвым святле па-ранейшаму завіхаліся на дне людзі э рыдлёўкамі.
Нас з Нонкай адправілі дамоў. У кузаве студэбекера было цёмна. Нас калаціла. Адплывалі назад рэдкія агні ўскраін.
Бязвольнае цела Нонкі хісталася ў маіх руках. Яна не плакала, нічога не казала. Яна, па-мойму, проста не жыла. Як я.
XIII
Навума, Лізку і Раланда не знайшлі ні тады, ні ў наступныя дні. Магчыма, іх зацягнула ў адну з тых пячор - хто ведае, колькі іх там было?
А праз чатыры дні я ад'язджаў на Беларусь. Можаце мне паверыць, я нічога не ведаў, але не было і там дня, у які б я не думаў, што, магчыма, яны і зараз ляжаць там, трох, якіх магла звесці ў іхняй хлапечай непрыміручасці і любві толькі смерць.
Я глядзеў праз акно вагона на перон, бачыў там цётку і, побач з ёю, маленькую, прыбітую горам і жыццём, фігурку Нонкі, і слёзы нястрымна ліліся з маіх вачэй. І я не саромеўся іх.