Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь
Шрифт:
5) Л. Кагановіч, не тоячы намераў СССР, казаў, што адной з першачарговых задач Крамля было «прибрать к рукам» дзяржавы, аднесеныя паводле пакта з Германіяй да сферы інтарэсаў Савецкага Саюза (успомнім і вышэй прыведзеныя словы Сталіна пра распаўсюджванне сацыялістычнай сістэмы на новыя тэрыторыі і насельніцтва). Тым больш, што калі б савецкі бок сапраўды кіраваўся тым, што Рыжскі мірны дагавор несправядлівы, дык аўтаматычна рэанімаваў бы лінію Керзана — этнаграфічную польска-беларускую мяжу, устаноўленую незадоўга да Рыгі міжнароднай палітычнай супольнасцю, што ў такім выпадку з'яўлялася б вельмі карэктным (тое, што да лініі Керзана ўсё ж вярнуліся пры вырашэнні пасляваенных межаў ва Усходняй Еўропе, у пэўнай меры пацвярджае нашу думку [48] ). Аднак на першым месцы тут знаходзілася ленінска-сталінская дактрына распаўсюджвання рэвалюцыі. Бальшавіцкая Расія разам з фашысцкай Германіяй у 1939 г. зрабіла тое самае, што здзейсніла яна ў 1921 г. у «дыялектычным» (адзінства і барацьба супрацьлегласцей) хаўрусе з адроджанай польскай дзяржавай, а менавіта — падзяліла землі суседа [49] (тым больш, што незадоўга да «чацвёртага [50] падзелу Рэчы Паспалітай» яе кіруючыя колы самі стварылі падобны прэцэдэнт, пайшоўшы фактычна (у юрыдычным сэнсе гэта нідзе не замацавана) на хаўрусніцтва з той жа нацысцкай Германіяй стасоўна лёсу Чэхаславакіі [51] ). Аднак калі ў 1921 г. заключаўся мірны дагавор, дык у 1939 г. распачыналася Другая сусветная вайна. Скажыце, што лепш для людзей, мір ці вайна? На Беларусі дагэтуль існуе падставовы крытэрый жыцця — «абы вайны не было» [52] .
48
Чаму
49
Цікава, што такое параўнанне намі знойдзена і ў падставовым падручніку па гісторыі Беларусі для студэнтаў гістарычных факультэтаў беларускіх ВНУ (Гісторыя Беларусі. 2002. с. 439). А вось убачыць сярод аўтараў адпаведнага раздзела У. Ладысева, «барацьбіта за гістарычную справядлівасць», было даволі нечакана.
50
Дарэчы, генезіс тэрміна «чацвёрты падзел» адносна вераснёўскіх падзей 1939 г. нельга прыпісваць цалкам польскаму палітычнаму ды гістарычнаму дыскурсу. Яшчэ да таго, як на даляглядзе тыя падзеі з'явіліся, кіраўніцтва СССР загаварыла пра эвентуальнасць «практики XVIII ст.: произвести вместе (з Германіяй. — А. Т.) четвертый раздел». Стасоўна падзей верасня 1939 г. ідыёма «чацвёрты падзел Польшчы» бескрытычна ўсталявалася ў польскай гістарыяграфіі. Яна мае на ўвазе тры падзелы Рэчы Паспалітай у 1772, 1793 і 1795 гг. Аднак NВ: нельга атаясамляць Рэч Паспалітую і Польшчу (як цэлае і яго частку), хоць адроджаная польская дзяржава і прысвоіла тую назву, пад якой існавалі Каралеўства Польскае і ВКЛ. Пры падзелах канца XVIII ст. дзялілася не толькі этнічна польская тэрыторыя, а і ВКЛ — землі яўна не польскія. А. Латышонак адзначае, што ў кантэксце падзей тагачасся маніпуляцыя тэрыторыяй Беларусі была апрабаваная польскімі элітамі ў якасці абарончай практыкі. Калі гэта так, то Польшча тады выступала не толькі як аб'ект падзелаў, але і як суб'ект. Прычым этнічна беларускія землі (як яны праявіліся ў будучыні) адыходзілі Расіі, як і ў верасні 1939 г. Акрамя гэтага, беларускія землі дзяліліся паміж рознымі бакамі ў перыяд 1915–1921 гг., а таксама падчас заканчэння Другой сусветнай вайны. Канечне, ва ўсіх выпадках галоўную ролю грала Расія. Але і польскія дзяржаўныя дзеячы спрабавалі вырашыць свае праблемы за кошт Беларусі, як у канцы XVIII, так і ў XX ст. Такім чынам, па колькасці падзелаў беларускія землі пераўзыходзяць польскія. Яны не толькі дзяліліся тады, калі дзяліліся польскія, але яшчэ і ў асобных выпадках. Прычым у большасці падзелаў Беларусі XX ст. бралі ўдзел і палякі, як і ў XVIII ст. А вось беларусы, як суб'ект міжнароднага права, у нечым падобным не былі заўважаныя.
51
У сувязі з гэтым нельга не пагадзіцца з абурэннямі атамана Палескай Сечы (Украінская Паўстанцкая Армія) генерала-харужага Тараса Бульбы-Бараўца: маўляў, палякі, пачынаючы з Рыгі 1920 г., так доўга гандлявалі чужымі землямі то з Масквою, то з Берлінам, пакуль сама Польшча не зрабілася нямецкай і маскоўскай калоніяй.
У пару сацыяльна-палітычнай лібералізацыі польская гістарычная навука праявіла тэндэнцыю не толькі да вытлумачэння логікі падзелу Чэхаславакіі паміж Германіяй, Польшчай і Венгрыяй, але і да канструявання вобразу міжваеннай Польскай Рэспублікі як ахвяры таго акту на той падставе, што яго кантэкст прывёў неўзабаве да агрэсіі супраць самой Польшчы.
52
На пачатку германа-савецкай вайны на запытанне немцаў, якое ўлады хацелі б беларускія сяляне, адзін дзед шчыра адказаў, што такой, якая дала б «спакой нашаму сялу». Звярнем увагу на адсутнасць (прычым тыповую для беларускае вёскі) нейкай дзяржаўніцкай арыентацыі ў селяніна пры патрыятычнасці адносна сваёй малой радзімы.
6) сёння ўжо вядома, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны меркавалася стварыць польскую адміністрацыйную адзінку, да якой эвентуальна маглі б быць далучаны захопленыя Германіяй землі Польскай Рэспублікі (з гэтай мэтай нават пачалася падрыхтоўка да стварэння польскіх «чырвоных легіёнаў»), — такім чынам, ізноў Беларусь разглядалася як аб'ект палітычных маніпуляцый, як сродак чарговай савецкай стратэгічнай кампаніі.
Разам з тым, аб'яднанне Беларусі, хоць і з'яўлялася, можна сказаць, ускосным ці другасным вынікам у кантэксце міжнародных падзей, усё ж было імі дэтэрмінавана. Як ужо было згадана вышэй, кансалідацыя беларускага народа, нацыянальная ідэя эвалюцыянавала насуперак, а часам нават дзякуючы падзелу краіны. Але гэтая кансалідацыя была абумоўлена не столькі высілкамі саміх беларусаў, колькі знешнепалітычнай імперскай сілай. Таму злучэнне дзвюх частак аднаго народа не ёсць плёнам іманентнай [53] нацыянальнай эвалюцыі (хоць і гэты фактар тут адыграў сваю ролю, падрыхтаваўшы адпаведную глебу, па-марксістку кажучы, базіс), а абумоўленае логікай працэсу гісторыі. Вынікі Першай сусветнай вайны (версальска-вашынгтонская сістэма), былі відавочна няўстойлівымі, і многія дзяржавы (у першую чаргу Германія ды СССР) імкнуліся да перабудовы свету паводле сваіх геапалітычных меркаванняў. Аднак імі не былі адэкватна засвоены ўрокі 1914–1918 гг., галоўны з якіх засведчыў, што сусветная вайна бурыць імперыі, а не мацуе. Таму дзяржаватворчы працэс Беларусі, перапынены ў міжваенны перыяд, заканамерна меў працяг падчас чарговай глабальнай вайны (трэба заўважыць, што акрамя нацыянальнай кансалідацыі Беларуская Рэспубліка стала адной з заснавальніц ААН), а вынікам «халоднага» капіталістычна-сацыялістычнага супрацьстаяння, названага трэцяй сусветнай вайной, з'явілася ўтварэнне суверэннай Рэспублікі Беларусь.
53
Іманентны (ад лац. immanens - уласцівы чаму-небудзь) — унутраны, змешчаны ўсярэдзіне чаго-небудзь — Polochanin72
Еrgо [54] : для Беларусі аб'яднанне 1939 г. з'яўляецца цалкам адэкватным дыялектыцы гісторыі. Таму можна адказаць на запытальныя словы Ю. Туронка — «ці ў выніку ўсіх міжваенных і пасьляваенных выпрабаваньняў існавала б сёньня беларуская нацыя, калі б не адбылося яе ўзьяднаньне, калі б Заходняя Беларусь працягвала заставацца ў межах Польшчы?» — наступнае: згодна з дыялектыкай гісторыі, Беларусь павінна была аб'яднацца, а вось акалічнасці гэтага аб'яднання склаліся такія, што з гэтага самі беларусы пацярпелі больш, чым які іншы народ Еўропы ў Другой сусветнай вайне. І яшчэ: аб'яднанне адбылося, бо адбылося раз'яднанне ў 1921 г. Гісторыя толькі ўстанавіла status quo сваіх законаў. І ў абодвух выпадках (і ў 1921, і ў 1939 гг.) да падзей наўпрост спрычыніўся савецка-расійскі імперыялізм, спярша ў хаўрусе з тагачаснай Польскай Рэспублікай, затым — з III Райхам.
54
Еrgо (лац.) — такім чынам — Polochanin72
Дарэчна таксама будзе згадаць, што 17 верасня 1939 г. з'яўляецца толькі датай вызвалення, паводле савецкай тэрміналогіі, але ні ў якім разе не аб'яднання, бо кіраўніцтва Савецкага Саюза на той час само яшчэ не ведала, ці будуць «крэсы паўночна-ўсходнія» ў адной рэспубліцы. De iure паварот да варыянта, праз які Беларусь урэшце аб'ядналася, пачаўся 28 верасня 1939 г., калі паміж СССР і Германіяй быў падпісаны чарговы дагавор аб дружбе і мяжы, які прадугледжваў новую лінію размежавання на польскай тэрыторыі і сферы ўплыву адносна літоўскай, пакуль тады яшчэ суверэннай, дзяржавы. 29 кастрычніка Народны сход Заходняй Беларусі прыняў дэкларацыю аб далучэнні яе да БССР. 2 лістапада 1939 г. Крэмль афіцыйна задаволіў тую «просьбу», што толькі потым (!), 14 лістапада, прадубліраваў Вярхоўны Савет БССР. Нелігітымнасць, недэмакратычнасць таго сходу, пра што сведчаць многія сёння лёгка даступныя матэрыялы [55] , як і потым выбары у саветы розных ўзроўняў, выклікаюць сумненні сёння хіба адно ў тых беларускіх гісторыкаў, што засталіся ў палоне савецкіх ідэалагічных установак. Дзіўна слухаць такіх навукоўцаў, якія з аднаго боку сцвярджаюць пра мала ні 100-адсоткавую актыўнасць электарату, а з іншага (жадаючы паказаць катастрафічна нізкі ўзровень адукацыі «заходнікаў») — кажуць (у дадзеным выпадку цалкам слушна), што непісьменнасць пры панскай Польшчы даходзіла да 70 % (прынамсі на Палессі). Якім жа чынам, хочацца запытаць у тых даследчыкаў, змаглі прайсці працэдуру выбараў людзі, што й чытаць не ўмеюць? Адказ навідавоку: іх рукою ўпэўнена вадзіла ўлада.
55
Больш таго, месцамі было заўважана, што тэхналогія выбараў
У свой час У. Ленін таму і задумваў палітыку ліквідацыі непісьменнасці, бо разумеў, што іначай масы не ахапіць бальшавіцкім уплывам і тым больш не дабіцца татальнай падтрымкі. Але ён жа і папярэджваў, што «скачками здесь завоевать можно меньше всего, особенно среди масс, стоящих на низком культурном уровне», «мы ни в коем случае не должны спешно нести коммунистические идеи напрямую в деревню», «поспешность и размашистость наиболее вредны». Такім чынам, нават логіка савецкага правадыра абвяргае магчымасць створаных на паперы паказчыкаў падтрымкі савецкай улады на выбарах у Заходняй Беларусі. Відавочнасць гэтага пачынаюць ужо прызнаваць і некаторыя афіцыёзныя гісторыкі Беларусі. Адзначаецца, напрыклад, што каля 400 тысяч чалавек выказаліся супраць дэпутатаў або не прынялі ўдзел у галасаванні ў Народны сход. Але само па сабе выказванне супраць або няўдзел у галасаванні не становіцца сведчаннем адсутнасці дэмакратыі. Можа варта, сказаўшы «А», мовіць і «Б» — прызнаць адсутнасць дэмакратыі на тых савецкіх выбарах?
Карацей кажучы, фармальна аб'яднанне Беларусі адбылося лічы праз два месяцы пасля «вызвалення», post actum [56] . А фактычна sic! [57] яшчэ пазней, можна сказаць, толькі пасля вайны, бо праз старую мяжу не зрабілі вольнага перамяшчэння. «На старой границе имелись свои погранотряды. Это была большая сила». Атрымліваецца, што паспаліты люд займеў большую магчымасць перасякаць былую савецка-польскую мяжу адно пры германскай акупацыі, да якой захоўваўся даваенны стан з жорсткім кантролем той мяжы. Летам 1941 г., ужо пасля нападу Германіі на СССР, мясцовае насельніцтва, якое рушыла на ўцёкі, не прапускалася савецкімі памежнікамі! Нельга стрымацца, каб не працытаваць у гэтай сувязі дзённік аднаго габрэя, які, відаць, разумеючы эвентуальнасць развіцця падзей стасоўна сваёй долі, пісаў: «Как велико было горе тех, кто все же достиг советской границы! Тут по всей линии границы стояли пограничные войска НКВД и угрожали застрелить каждого, кто намеревался пересечь границу. Пропускали только тех, кто имел специальный пропуск или билет коммунистической партии. А так как пропусков нигде нельзя было получить — в воскресенье все учрежденья были закрыты, а в понедельник всюду уже была суматоха, — то число тех, кому удалось пройти дальше на восток, было крайне незначительным. Огромная масса людей должна была вернуться обратно. Их положение было ужасно. Идти обратно означало наверняка попасть в руки немцев, захвативших уже оставшееся пространство, а идти дальше почему-то не позволяли советские пограничные войска…» І яшчэ адно сведчанне: «Пока была Советская власть, Западная Беларусь была изолирована от всего мира. Даже граница между Восточной и Западной Белоруссией была закрыта и местным жителям запрещалось пересекать ее. <…> Только после захвата Белоруссии немцы открыли границы и мы могли навестить родственников — как на востоке, так и на западе». Ад такой інфармацыі ствараецца ўражанне, што былая савецка-польская мяжа ахоўвалася нашмат больш пільна за «першымі Саветамі», чым да іх прыходу, калі яна перасякалася адносна немалой (як для мяжы паміж дзяржавамі-антаганістамі) колькасцю цікаўных паглядзець на «светлую будучыню», якая нерэдка абарочвалася для іх турмой ці нечым яшчэ горшым. (NВ, ахоўвалі былую мяжу, калі верыць крыніцам, менавіта памежныя войскі. Дык хто ж нас, беларусаў, насамрэч аб'яднаў пасля Рыгі?!)
56
Post actum (лац.) — пасля падзеі — Polochanin72
57
Sic (лац.) — «такім чынам», «менавіта так» — Polochanin72
Цікава прасачыць рэакцыю насельніцтва на вераснёўскія падзеі 1939 г. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, беларусы чакалі перамен да лепшага і чырвонаармейцаў называлі не інакш як «нашымі». Бадай, толькі польская частка насельніцтва была па азначэнні настроена варожа да савецкай улады, што праяўлялася як у актыўным супраціве (падпольная барацьба), так і ў пасіўным (так званая ўнутраная эміграцыя). Але ў хуткім часе і беларусы разгледзелі сутнасць вызваліцеляў і бальшавікі ў іх вуснах не без іроніі трансфармаваліся ў «башлыкоў» [58] . Дый пасляваеннае перасяленне беларусаў у Беларусь (ізноў перадзеленую бальшавікамі), а палякаў у Польшчу паказала сапраўдныя адносіны насельніцтва да савецкай улады. Яе ўжо не прызнавалі сваёй, хоць да 1939 г. многія і чакалі Саветаў. Пры магчымасці сяляне імкнуліся застацца па заходні бок мяжы, нягледзячы, што і там існавалі праблемы экзістэнцыйнага характару (напрыклад, нацыянальная нецярпімасць, бандытызм). І наадварот, значная частка кансерватыўных па ладзе жыцця сялян, якія лічыліся палякамі і апынуліся на тэрыторыі, што далучалася да БССР, старалася ўцячы ад калгасаў, непамерных падаткаў, хамскай улады, што неслі нэндзу, паўсядзённы неспакой ды рэпрэсіі.
58
Пра такую трансфармацыю не пабаяліся сказаць, праўда, дастаткова мяккім чынам, беларускія дактары гістарычных навук М. Касцюк і А. Літвін, хоць увогуле беларускі афіцыёз яе стараецца абмінаць або дэклараваць зусім адваротнае.
Такім чынам, ні з прававога, ні з нейкага маральнага, а таксама гістарычнага гледзішча падзеі вакол 17 верасня 1939 г. нельга назваць справядлівымі. Акт 17 верасня — 14 лістапада 1939 г. неабходна прызнаць фармальна аб'яднаўчым для Беларусі (калі не браць пад увагу беларускія этнаграфічныя ўскрайкі на поўначы і на ўсходзе). Таму варта скарэктаваць канатацыю [59] дэфініцыі [60] «аб'яднанне», што паводле савецкай інтэрпрэтацыі атрымала безапеляцыйна станоўчую афарбоўку.
59
Канатацыя (connotatio, ад лац. con - разам і noto - адзначаю, пазначаю) — спадарожнае значэнне — Polochanin72
60
Дэфініцыя (лат. definitio — мяжа) — вызначэнне — Polochanin72
Па-першае, аб'яднанне было далёкім ад дэмакратычнага, яно планавалася ў звышсакрэтных варунках і вузкім колам прадстаўнікоў ІІІ Рыма і ІІІ Райха.
Па-другое, яго праводзілі зусім не тыя, хто аб'ядноўваўся: іх аб'ядналі, не пытаючыся, і толькі потым post factum правялі інсцэніроўку «Народнага» схода.
Як і ў 1921 г. пры падзеле Беларусі, яе прадстаўнікі былі не проста праігнараваныя пры рэалізацыі нібыта аб'яднаўчага працэсу (а насамрэч каланіяльнага захопу) — яны нават не ведалі пра яго падрыхтоўку і маглі толькі меркаваць пра далейшае развіццё лёсу Заходняй Беларусі пасля 17 верасня 1939 г., бо ў Крамля было некалькі варыянтаў (многія інтэлектуалы-«заходнікі», хто б мог стацца тымі прадстаўнікамі, неўзабаве апынуліся за кратамі, а нацыянальная эліта ўсходняй часткі Беларусі практычна ўжо была элімінавана бальшавікамі). Такім чынам, акт, здзейснены кіраўніцтвам Савецкага Саюза ў 1939 г., па форме можна маркіраваць тэрмінам «аб'яднанне», аднак нельга забываць пра яго зместавую напоўненасць: інтэграцыя адбылася шляхам далучэння заходняй часткі беларускіх зямель, аншлюсам на капыл «перад- і ваколмюнхенскіх» дзеянняў фашысцкай Нямеччыны 1937–1938 гг. Думаецца, што менавіта выкарыстанне ў дадзеным выпадку тэрміна «далучэнне» дазваляе канкрэтызаваць гістарычную сутнасць гэтай шматграннай і неадназначнай падзеі як для беларускага народа, так і яго суседзяў. 17 верасня яшчэ не было аб'яднання. Яно такім сталася праз шэраг самых розных падзей, разгорнутых у часе.
Дарэчна будзе давесці, што сучасныя ўкраінскія гісторыкі, кажучы пра «насильницькі методи» «приэднання західноі частини украінських земель до Великоі Украіни в рамках Радянського Союзу», пры гэтым слушна заўважаюць, што аб'яднанне «було найважливішим кроком у формуванні украінськоі соборності». «Однак ця подія, — цытуем іншага ўкраінскага гісторыка, — принесла украінцям не менші страждання, ніж полякам». Карэктна бачыць такое ж (і нават большае) значэнне тых падзей і для распалавіненай перад 1939 г. Беларусі. Яе тагачасная драма заключалася яшчэ і ў тым, што на далучанай частцы адразу пачалася рэалізацыя сцэнара, апрабаванага амаль за два дзясяткі гадоў у БССР. Канечне, са сваёй спецыфікай, самай галоўнай рысай якой з'яўлялася аператыўнасць, а вынік тоесны — саветызацыя і русіфікацыя.